Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым

25 кастрычніка 2019 года
Афіцыйны візіт у Казахстан
глядзіце таксама: фота
24 кастрычніка 2019 года
Афіцыйны візіт у Казахстан
48 фота

Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Казахстана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 кастрычніка на перагаворах з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым.

Перагаворам па пратаколе папярэднічала афіцыйная сустрэча Кіраўніка беларускай дзяржавы. Яна прайшла ў зале ўрачыстых цырымоній з удзелам роты ганаровай варты і Прэзідэнцкага аркестра.

"Нашы адносіны з Казахстанам ідуць углыб дзесяцігоддзяў, стагоддзяў. Мы заўсёды, асабліва ў савецкі перыяд, былі блізкія. Нашы эканомікі заўсёды былі ўзаемадапаўняльныя, гэта стварае новыя магчымасці для нас і цяпер. Ва ўсім, што мы вырабляем, мае патрэбу наш дружалюбны Казахстан. Што вырабляеце вы, мы гатовы купляць з вялікім задавальненнем. Склалася добрая перспектыва. Існуючы фундамент, які створаны за гады незалежнасці, дарагога варты", - заявіў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах у вузкім фармаце.

Ён запэўніў, што Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Казахстана. "Мы як блізкія людзі, блізкія сябры заўсёды знойдзем развязкі па ўсіх пытаннях", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Беларусь і Казахстан разам з Расіяй знаходзяцца ў цэнтры інтэграцыйных працэсаў. І без Казахстана, дадаў ён, сёння не абыходзіцца ні адзін напрамак інтэграцыі. "Тым больш што Казахстан у часы першага Прэзідэнта з'яўляўся ініцыятарам многіх інтэграцыйных працэсаў, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - І мне вельмі прыемна канстатаваць, што вы ў вельмі няпросты час прынялі руль кіравання гэтай велізарнай рэспублікай, прытрымліваецеся курсу інтэграцыі ў эканоміцы нашых краін, дружбы нашых народаў".

Касым-Жамарт Такаеў у сваю чаргу падкрэсліў, што візіт беларускага лідара - жаданая падзея для Казахстана і добрая магчымасць пацвердзіць абсалютна дружалюбны характар узаемаадносін паміж краінамі, надаць сур'ёзны імпульс дзелавому супрацоўніцтву, сфера эканомікі гэта, гуманітарныя сувязі ці міжнароднае супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што беларуска-казахстанскія адносіны, стратэгічнае партнёрства дзвюх дзяржаў, безумоўна, адпавядаюць нацыянальным інтарэсам народаў абедзвюх краін.

У час перагавораў у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўзровень беларуска-казахстанскіх адносін у поўнай меры адпавядае стратэгічным інтарэсам дзвюх краін. "Гэта вынік карпатлівай шматгадовай работы, які дае магчымасць будаваць сур'ёзныя планы на будучае", - падкрэсліў ён.

Беларускі лідар адзначыў, што Мінскам і Нур-Султанам напрацаваны станоўчы вопыт узаемадзеяння на ўсіх узроўнях, а ступень даверу такая, што краіны адкрыта абмяркоўваюць любыя пытанні. "Добрую аснову для маштабнага супрацоўніцтва ствараюць падабенства прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўзаемнае імкненне ўмацоўваць рэальны сектар эканомікі. Таму мы зрабілі асаблівы акцэнт на пашырэнні дыялогу менавіта ў эканамічнай сферы, таму што іншых праблемных пытанняў - у сферах палітыкі, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, дыпламатыі - у нас практычна няма, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Нашы погляды на асноўныя праблемныя пытанні міжнароднага парадку дня аднатыпныя або падобныя".



Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што Казахстан - адзін з ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі. За тры гады тавараабарот паміж краінамі павялічыўся больш як у два разы. У 2018 годзе ён дасягнуў $900 млн. "Мы блізкія да таго, каб пераадолець мільярдную планку тавараабароту. Так, ёсць пэўны дысбаланс у гандлі на карысць Беларусі, але за апошнія гады - і гэта добрыя тэмпы - істотна вырас імпарт з Казахстана", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь гатова разгледзець прапановы казахстанскага боку па дасягненні збалансаванага тавараабароту, заявіў Прэзідэнт. "Па ўсіх пытаннях, якія ў нас стаяць у двухбаковым парадку дня, дасягнуты пагадненні. Мы сёння гатовы рухацца далей - ад простага гандлю да стварэння большай колькасці сумесных прадпрыемстваў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Касым-Жамарт Такаеў адзначыў, што Беларусь і Казахстан выходзяць на вельмі сур'ёзныя дамоўленасці. "Ва ўзаемаадносінах нават самых блізкіх дзяржаў, як бы там ні было, узнікаюць тыя ці іншыя пытанні, якія патрабуюць абмеркавання, удакладнення і, самае галоўнае, вырашэння, - канстатаваў ён. - Я лічу, што ўжо ў выніку пачатых перагавораў мы выходзім на вельмі сур'ёзныя дамоўленасці, якія, упэўнены, будуць рэалізаваны ў самым бліжэйшым будучым".

Прэзідэнт Казахстана падкрэсліў, што яго краіна зацікаўлена ў павелічэнні аб'ёмаў гандлю з Беларуссю, пашырэнні сувязей у гуманітарнай сферы і актыўным узаемадзеянні ў міжнародных арганізацыях.

Па выніках перагавораў кіраўнікоў дзяржаў быў падпісаны пакет двухбаковых пагадненняў: па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне міграцыі, абмену данымі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а таксама ў знешнепалітычнай, прававой і аператыўна-тэхнічнай сферах. Аляксандр Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў таксама прынялі сумесную заяву.

"У якасці прыярытэтнага напрамку вызначылі далейшае развіццё прамысловай кааперацыі. Мы ад простага гандлю, які ў нас даволі шырока прадстаўлены і развіты, пераходзім да кааперацыйных сувязей. Сёння тут паспяхова функцыянуюць сумесныя прадпрыемствы па зборцы беларускай тэхнікі: камбайнаў, трактароў, грузавых аўтамабіляў, прычапной і навясной сельскагаспадарчай тэхнікі. Мы дамовіліся аб павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці камбайнаў, а таксама вызначылі стратэгію далейшай работы па выпуску тэхнікі Мінскага трактарнага завода ў Казахстане", - расказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі пасля перагавораў.

Ён адзначыў, што разам з прамысловай кааперацыяй краіны валодаюць неабходным патэнцыялам для нарошчвання эфектыўнага супрацоўніцтва ў іншых галінах эканомікі: сельскай гаспадарцы, транспарце і лагістыцы, дарожным будаўніцтве, высокіх тэхналогіях, мірным асваенні Космасу. Традыцыйна беларускі бок цікавяць вырабляемыя ў Казахстане металы, збожжа, баваўнянае валакно, нафтапрадукты. "Як вы ведаеце, Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу пытанню дыверсіфікацыі паставак нафты. Таму мы зацікаўлены ў імпарце гэтай сыравіны з вашай краіны", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што для Беларусі Казахстан з'яўляецца адным з асноўных партнёраў па аб'ёме тавараабароту сярод краін СНД. За апошнія гады ўзаемны гандаль значна вырас і па выніках 2018 года дасягнуў амаль $900 млн. У гэтым годзе пазітыўная дынаміка прадоўжылася. "І ўсё ж відавочна, што гэта лічба не адпавядае ні маштабам Казахстана, ні магчымасцям Беларусі. Перакананы, пераадолець сумеснымі намаганнямі планку ў памеры мільярд долараў - рэальна. І мы намецілі такія перспектывы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час правядзём кансультацыі з Расійскай Федэрацыяй, паколькі транзіт, калі гэта будзе магчыма, казахстанскай нафты будзе ажыццяўляцца трубаправодным транспартам праз тэрыторыю Расіі. Думаю, дамовімся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"З улікам развіцця сферы высокіх тэхналогій адкрываюцца добрыя магчымасці для двухбаковага інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Мы дамовіліся прапрацаваць пытанне аб стварэнні ў нашай краіне сумеснага венчурнага фонду, які зоймецца развіццём перспектыўных кампаній і стартапаў. Вопыт у Казахстана вялікі", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Касым-Жамарт Такаева наведаць з афіцыйным візітам Беларусь у 2020 годзе. Беларускі лідар адзначыў, што гэта дасць магчымасць пракантраляваць выкананне сённяшніх дамоўленасцей і выкананне падпісаных у Нур-Султане пагадненняў. "Казахстан для нас - важны, правераны часам сябар, з якім Беларусь выбудоўвае стратэгічныя, саюзніцкія і братэрскія адносіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Падагульняючы перагаворы, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму казахстанскаму калегу за канструктыўны падыход і гатоўнасць прыкласці ўсе намаганні на карысць дзвюх краін і народаў.

"А казахстанскаму народу хачу сказаць: вы правільна зрабілі, што звязаліся з Беларуссю. Мы людзі абавязковыя, ніколі нікога не падводзілі і вас таксама ніколі не падвядзём. Ведайце, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць і ваша зямля", - заявіў Прэзідэнт.


© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь