Перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі

  • 37

Беларусь і Егіпет маюць намер распрацаваць дарожную карту развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва. Такі вынік перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі, якія адбыліся 15 студзеня ў Каіры.

"Мы надаём велізарнае значэнне развіццю ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін з Арабскай Рэспублікай Егіпет. Аб гэтым сведчыць і тое, што візіт прадстаўнічай беларускай дэлегацыі ў Каір праходзіць напярэдадні 25-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі дзяржавамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час перагавораў кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб далейшым нарошчванні гандлёва-эканамічных сувязей, павелічэнні беларускага экспарту з улікам патрэбнасцей егіпецкага боку і наладжванні двухбаковай вытворчай кааперацыі з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій і вопыту. "Беларусь падтрымлівае зацікаўленасць Егіпта ў стварэнні зоны свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам і гатова аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтага пытання. Мы маем намер таксама пашыраць кантакты ў гуманітарнай сферы, уключаючы навуку, адукацыю, ахову здароўя, культуру, турызм і спорт", - адзначыў Прэзідэнт.


На сустрэчы была дасягнута дамоўленасць, што ў бліжэйшы час члены міжурадавай беларуска-егіпецкай камісіі сустрэнуцца ў Мінску і распрацуюць дарожную карту развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі па самых розных напрамках.

Яшчэ адной тэмай перагавораў лідараў дзвюх краін стала знешнепалітычная сфера і ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі высока ацэньваюць палітычны курс Егіпта, накіраваны на забеспячэнне бяспекі ў рэгіёне і ўмацаванне пазіцый дзяржавы на міжнароднай арэне. "Мы з Прэзідэнтам пацвердзілі блізкасць нашых пазіцый па галоўных пытаннях міжнароднага парадку дня. Беларусь і далей мае намер умацоўваць узаемадзеянне з Егіптам у гэтым напрамку. Асабліва з улікам той важнай ролі, якую адыгрывае ваша краіна як член Савета Бяспекі ААН", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Егіпецкаму народу, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, пашанцавала з лідарам. "У Егіпце сапраўдны, мужны чалавек стаў Прэзідэнтам. І трэба зрабіць усё для таго, каб рэалізаваць яго формулу, захаваць і абараніць егіпецкі народ. У рэалізацыі гэтай мэты вы можаце разлічваць на Беларусь, мы будзем заўсёды побач з вамі. Мы гатовы падставіць плячо. І калі дамовіліся, мы ніколі вас не падвядзём - гэта адметная асаблівасць паводзін нашай дзяржавы на міжнароднай арэне. Мы заўсёды былі канкрэтнымі і абавязковымі людзьмі", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Па выніках сустрэчы бакі падпісалі пакет дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў розных галінах. Сярод іх мемарандумы аб узаемаразуменні ў сферах культуры, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, аховы і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў. Акрамя таго, падпісаны дарожная карта па рэалізацыі мемарандума ў гандлёва-эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферах паміж Мінскай вобласцю і Паўднёвым Сінаем, дагаворы аб выдачы і ўзаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і эканамічных справах, пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы фізічнай культуры і спорту.

Кіраўнікі дзяржаў таксама прынялі сумесную дэкларацыю, у якой падкрэслілі агульнае імкненне пашыраць беларуска-егіпецкае ўзаемадзеянне.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсе падпісаныя дакументы нацэлены на ўмацаванне адносін паміж краінамі. Яны адыграюць важную ролю ў развіцці дагаворнай базы двухбаковых адносін. "Мы вельмі станоўча ацэньваем праведзеныя перагаворы. Я запрасіў майго сябра і калегу Прэзідэнта Егіпта зрабіць візіт у адказ у Мінск у любы зручны для яго час. Мы з вялікім задавальненнем будзем прымаць яго ў Мінску і прадэманструем усё, на што здольны ў інтарэсах вашай прыгожай і старажытнай краіны, вашага працавітага народа", - сказаў на заканчэнне беларускі лідар.