Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы з Прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам

5 чэрвеня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці 5 чэрвеня правёў перагаворы з Прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, які наведвае Беларусь з першым афіцыйным візітам.

У час сустрэчы Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што Беларусі і Венгрыі неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва.

"Хачу вас павіншаваць. Вы адкрываеце ўсяму свету старыя-новыя маршруты пасля гэтай страшнай, як нам здавалася, эпідэміі. І я хачу вам падзякаваць, што гэты маршрут вы адкрылі, прыбыўшы ў Беларусь. Думаю, нам няма сэнсу шмат слоў гаварыць у плане знаёмства. Мы хоць завочна, але добра ведаем адзін аднаго, не раз сустракаліся на міжнародных форумах і канферэнцыях", - сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў Беларусі вельмі добра ведаюць блізкую Венгрыю, паколькі яшчэ ў савецкі час краіны цесна супрацоўнічалі. "Я добра ведаю магчымасці, патэнцыял і тую ступень супрацоўніцтва паміж СССР і Венгрыяй, якая была ў мінулым стагоддзі. Гэта краіна (Венгрыя. - Заўвага) з найвышэйшым узроўнем развіцця. І з прычыны гэтага - велізарнага патэнцыялу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што існуючы цяпер узровень гандлёва-эканамічных і палітычных адносін паміж Беларуссю і Венгрыяй абсалютна не адпавядае патэнцыяльным магчымасцям бакоў. "Тавараабарот у памеры $255 млн - гэта не той, які павінен быць паміж Венгрыяй і Беларуссю. Нам трэба выкарыстоўваць усе магчымасці Венгрыі і Беларусі для таго, каб пашырыць тавараабарот не толькі паміж дзвюма краінамі, але і дзвюма магутнымі эканамічнымі арганізацыямі: з аднаго боку - ЕС, з другога - Еўразійскім эканамічным саюзам.

"Хачу, каб вы ведалі, што мы гатовы да гэтага. Калі мы аб нечым дамовімся, Беларусь свята будзе выконваць гэтыя дамоўленасці", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Віктар Орбан у сваю чаргу падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць наведаць Мінск. "Для мяне вялікі гонар, што я магу быць першым Прэм'ер-міністрам Венгрыі, які робіць афіцыйны візіт у Беларусь", - сказаў ён.
 
Кіраўнік Урада Венгрыі таксама растлумачыў прычыны выбару менавіта Беларусі ў якасці краіны для візіту пасля працяглай адсутнасці замежных паездак: "Калі я задумаўся пра свае замежныя паездкі пасля пандэміі, куды паехаць упершыню, я падумаў: паедзем туды, куды даўно абяцалі. Гэтым візітам мы вам абавязаны ўжо даўно. Такім чынам, я па многіх прычынах магу радавацца, што я тут".

Ён таксама нагадаў аб сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Стамбуле. "Там нам пашчасціла пагаварыць, таму ў мяне ёсць прыемныя асабістыя ўспаміны", - адзначыў ён.

Паводле яго слоў, паміж Беларуссю і Венгрыяй няма неўрэгуляваных спрэчак. "Я не бачу ніякіх палітычных сутыкненняў. Мы не помнім, каб Беларусь калі-небудзь непаважліва аднеслася да Венгрыі, і не помнім такога, каб мы вам не аддалі даніну павагі. Інакш кажучы, у прынцыпе ўсё добра, але, на жаль, вы маеце рацыю, што мы вельмі мала з гэтага пачарпнулі. Нашы палітычныя кантакты недастаткова цесныя. Мы мала размаўляем адзін з адным, і аб'ём эканамічнага супрацоўніцтва таксама невялікі", - заўважыў Прэм'ер-міністр.

Віктар Орбан падкрэсліў, што Беларусь - развітая краіна, асабліва ў сферах прамысловасці. Ён таксама адзначыў дасягненні ў галіне культуры, спорту. "Я вельмі спадзяюся, што сустрэча стане значным крокам наперад (у напрамку развіцця адносін. - Заўвага). Я прыехаў са шчырым намерам аб супрацоўніцтве", - сказаў Прэм'ер-міністр Венгрыі.

Пазней, падводзячы вынікі перагавораў, Кіраўнік беларускай дзяржавы яшчэ раз падзякаваў венгерскаму лідару за візіт у Мінск. "Гэта смелы крок (у гэтай, здавалася б, няпростай псіхалагічнай і медыцынскай сітуацыі, імя якой пандэмія), які дазволіў нам з вамі перапыніць так званы міжнародны каранцін і адрадзіць фармат жывых стасункаў паміж еўрапейскімі дзяржавамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Праведзеную размову Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў як вельмі канструктыўную, якая паказала, што беларуска-венгерскае супрацоўніцтва знаходзіцца на ўздыме. "Мы адкрыта і змястоўна абмеркавалі розныя тэмы двухбаковага парадку дня і сітуацыю ў свеце. Адзначылі падабенства поглядаў па многіх актуальных праблемах", - заявіў беларускі лідар.



Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Венгрыя з'яўляецца самым блізкім для Беларусі партнёрам у Еўрасаюзе. "Як ніхто іншы, разумее нас і садзейнічае паглыбленню нашых адносін з ЕС, - адзначыў ён. - За апошнія гады яны (адносіны. - Заўвага) значна палепшыліся, сталі больш прагматычнымі, раўнапраўнымі і, самае галоўнае, плённымі. Вялікая заслуга ў гэтым нашых сяброў з Будапешта і асабіста Віктара Орбана".

"Нашы краіны зацікаўлены ў развіцці "Усходняга партнёрства" як стваральнай ініцыятывы, арыентаванай на эканамічны рост. Прычым ініцыятывы, якая не ўшчамляе нічыіх інтарэсаў", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён адзначыў, што Венгрыя займае канструктыўную пазіцыю і ў рамках Паўночнаатлантычнага альянсу, адносіны з якім у Беларусі становяцца ўсё больш давернымі. "Беларусь гатова да далейшага развіцця дыялогу ва ўзаемапаважлівым ключы і на раўнапраўнай аснове", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў ходзе перагавораў бакі абмяняліся меркаваннямі адносна ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. "Тлеючы там канфлікт з'яўляецца дэстабілізуючым фактарам еўрапейскай бяспекі і выклікам для ўсяго рэгіёна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што Беларусь і Венгрыя дамовіліся прадоўжыць узаемадзеянне ў розных шматбаковых фарматах. "Венгрыя для нас - блізкая краіна геаграфічна, гістарычна і культурна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае на рост тавараабароту з Венгрыяй у бліжэйшыя гады да 500 млн еўра. "Калі б мы ў бліжэйшыя два-тры гады дасягнулі паўмільярднага тавараабароту, было б нядрэнна. Мы завоблачныя лічбы не ставім. Пакуль нам трэба дасягнуць 500 млн еўра. І будзем лічыць, што такі першы этап нашых інтэнсіўных кантактаў прынясе адчувальны поспех", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, асноўная частка перагавораў была прысвечана пытанням эканомікі. Бакі адзначылі, што цяперашні тавараабарот, які складае каля $255 млн, абсалютна не адпавядае патэнцыялам Венгрыі і Беларусі. "Гэта не той тавараабарот, які павінен быць паміж намі", - упэўнены беларускі лідар.

"Мы вельмі зацікаўлены ў вашых будаўніках, фармацэўтах, якія вырабляюць вельмі добрыя лякарствы і прэпараты", - пералічыў Кіраўнік дзяржавы толькі некаторыя са сфер, якія ўяўляюць сабой інтарэс для развіцця супрацоўніцтва.

Акрамя таго, ёсць добрыя магчымасці для развіцця ўзаемадзеяння, напрыклад, у сферы сельскай гаспадаркі. "Гэта значыць, мы па ўсіх напрамках гатовы з вамі супрацоўнічаць. Сфер вельмі шмат", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што многія венгерскія брэнды шырока вядомы ў Беларусі. Пастаўлена задача зрабіць так, каб і брэнд "Зроблена ў Беларусі" стаў не менш папулярным у Венгрыі. Эканамічныя сувязі дзвюх краін паступальна развіваюцца і маюць шырокі ахоп.

Аляксандр Лукашэнка прывёў адзін з прыкладаў эфектыўнага супрацоўніцтва ў прамысловасці - гэта праект беларуска-венгерска-швейцарскай кааперацыі па вытворчасці электрапаяздоў "Штадлер". "Мы паставілі ў Венгрыю вырабленыя ў Беларусі саставы, першыя з якіх пратэсціраваны ўжо і хутка выйдуць на лінію. З улікам планаў Венгрыі па пераходзе на зялёныя тэхналогіі асабліва перспектыўнай бачыцца кааперацыя ў вытворчасці аўтобусаў, электробусаў, магчыма, іншай тэхнікі", - расказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён упэўнены, што пры ўзаемным інтарэсе ёсць усе магчымасці для выхаду на сумесныя маштабныя праекты.

"Беларусь і Венгрыя зноў пацвярджаюць, што не прымаюць спроб аказання націску звонку пад рознымі прычынамі. Нашы краіны сутыкнуліся з абсалютна беспрэцэдэнтнымі і нахабнымі спробамі процідзеяння рэалізацыі суверэннага права на развіццё ядзерных праграм (у Венгрыі пры ўдзеле расійскага боку рэалізуецца праект па ўзвядзенні двух новых энергаблокаў АЭС "Пакш". - Заўвага)", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, краіны дамовіліся, што разам будуць даваць на іх адэкватны, але жорсткі адказ. "Беларускі бок не дапусціць, каб нехта звонку спрабаваў уплываць на нашу энергетычную палітыку. Разам з тым мы гарантуем, што гэта палітыка заўсёды будзе арыентавана на максімальную бяспеку, адкрытасць і празрыстасць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Больш таго, мы будзем рабіць усё, каб не толькі палітыка, а новая АЭС у Беларусі працавала не толькі на Беларусь, але і на ўсе зацікаўленыя краіны".

Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці прыняць экспертаў МАГАТЭ, ЕС, іншых міжнародных структур, каб яны пераканаліся ў тым, што Беларуская атамная электрастанцыя не пагражае ні самім беларусам, ні суседзям.



"Мы пацвердзілі зацікаўленасць у абмене вопытам у ядзерна-энергетычнай сферы, эксплуатацыі АЭС, бяспечнага абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь гатова падзяліцца сваім вопытам у будаўніцтве атамнай электрастанцыі. "Вы будуеце такую ж атамную станцыю, як мы пабудавалі і заканчваем будаўніцтва ў Астраўцы. Першы блок будзе ўведзены літаральна днямі. Гэта (будаўніцтва новых энергаблокаў. - Заўвага) вельмі важна для Венгрыі. У нас ёсць каласальны вопыт сумеснага будаўніцтва АЭС з расіянамі. Скажу больш: нашы будаўнікі яе ўзвялі самі пад патранатам і інжынірынгавым кантролем Расіі. Таму ў нас ёсць вопыт. Расіяне вельмі задаволены нашымі будаўнікамі і запрашаюць нас будаваць такія станцыі за мяжой, перш за ўсё ў Егіпце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прапанаваў, што, калі Венгрыі будзе патрэбна кансультацыя і дапамога ў гэтым пытанні, беларускі бок гатовы яе аказаць. "Думаю, у вас сваіх хапае, прытым класных будаўнікоў. Вы самі справіцеся. А вось па нюансах будаўніцтва такой станцыі, думаю, вы скарыстаецеся нашай дапамогай і падтрымкай", - адзначыў ён.

На заканчэннем Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў беларуска-венгерскага супрацоўніцтва ва ўсіх без выключэння галінах вялікая будучыня.

"Для сумеснага пераадолення выклікаў, якія стаяць перад нашымі эканомікамі, нам трэба максімальна скаардынаваць намаганні там, дзе гэта неабходна. Сённяшнія канструктыўныя і плённыя перагаворы яшчэ больш умацавалі ў гэтым маю ўпэўненасць і ўсіх беларусаў", - адзначыў беларускі лідар.

Сустракаючыся з прадстаўнікамі СМІ пасля перагавораў, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што пандэмія многае зменіць, але захаваецца націск з боку тых, хто ў гэтых умовах хоча змяніць свет.

"Пандэмія вельмі многае зменіць. Вы ведаеце, што я ў Беларусі два ці тры месяцы таму, калі толькі ўзніклі гэтыя працэсы, сказаў, што некаму гэта трэба. Зразумела, што калі гэта нават нерукатворнае стварэнне, гэты каранавірус, то многія краіны захочуць скарыстацца гэтым вірусам, каб змяніць свет. Зразумела, краіны, якія лічаць сябе найважнейшымі і якія бачаць сваю ролю па пераўладкаванні свету, - заявіў беларускі лідар. - Таму пандэмія сапраўды многае зменіць. Але націск не знікне. Мы павінны быць да гэтага гатовы. Націскаць будуць з усіх бакоў, і вытрымае толькі моцны. Моцны не толькі ў эканамічных, ваенных, палітычных адносінах, але перш за ўсё, у маральных адносінах".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час перагавораў з Віктарам Орбанам яму спадабалася тэма, узнятая Прэм'ер-міністрам, у плане ідэнтычнасці ў добрым сэнсе нацыяналізму і патрыятызму народаў. "Гэты фактар будзе адыгрываць немалаважную ролю пасля гэтай пандэмічнай гісторыі. І мы да гэтага гатовы. Венгрыя тым больш, нягледзячы на тое, што яна знаходзіцца ў цесным Еўрапейскім саюзе. Мы гэта вітаем. І гэта адна з асноў нашага будучага супрацоўніцтва", - сказаў Прэзідэнт.

Пасля завяршэння перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Віктар Орбан абмяняліся падарункамі. Беларускі лідар падарыў Прэм'ер-міністру Венгрыі імянную майку зборнай Беларусі па футболе. Майка з нумарам 2 - менавіта пад ім перыядычна гуляе Віктар Орбан. "З нашым гербам. Можа, калі-небудзь паспрабуеце", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін падарунак венгерскаму лідару - кніга "Спадчына Беларусі". "Гэта кніга вам, каб вы лепш ведалі культуру Беларусі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Віктар Орбан адзначыў, што яго жонка не раз бывала ў Беларусі: "Яна працавала тут з хрысціянскай дабрачыннай арганізацыяй, у іх былі розныя праграмы. Вельмі шмат добрага мне расказвала".

Кіраўнік дзяржавы таксама падарыў Прэм'ер-міністру эксклюзіўны набор шакаладу "Прэзідэнт".

У сваю чаргу Віктар Орбан прэзентаваў Аляксандру Лукашэнку кафейны і чайны фарфоравы сервіз ручной работы, выраблены на вядомай у Венгрыі фабрыцы. Беларускі лідар высока ацаніў падарунак, адзначыўшы, што ў Беларусі ёсць вытворчасць аналагічнага профілю. "Вы нашы канкурэнты, таму што ў нас таксама такая магутная фабрыка. Нам трэба неяк падзяліць рынак і працаваць разам", - прапанаваў ён.

На заканчэнне Прэм'ер-міністр пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Палаца Незалежнасці.


© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь