Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы з Прэм'ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам

8 лютага 2018 года
Перагаворы з Прэм'ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам
глядзіце таксама: відэа
8 лютага 2018 года
Перагаворы з Прэм'ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам

Беларусь і Латвія могуць значна палепшыць свае адносіны па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 лютага на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам.

"Шчыра скажу, мне прыемна бачыць Вас у Беларусі. Добра, што Вы прыехалі. Прынята лічыць (прынамсі, усё пазнаецца ў параўнанні з іншымі нашымі суседзямі), у нас з Латвіяй добрыя адносіны. Але мяне не пакідае думка аб тым, што яны могуць быць значна лепшыя. Мы шмат нашых магчымасцей не рэалізуем. І ў гэтым плане Ваш візіт у Беларусь вельмі жаданы і знакавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, Беларусь і Латвія пры жаданні могуць значна рушыць наперад па ўсіх напрамках супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемавыгадны інтарэс. Прычым як у палітычнай, так і эканамічнай сферах. "Нам не хапае зусім крыху, таму вельмі спадзяюся, што пасля гэтага візіту мы шмат што зможам зрабіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы маеце рацыю, калі мяне крытыкуеце, што я вельмі савецкі чалавек. Так, я савецкі чалавек. Я як ставіўся да Латвіі і лічыў Рыгу не чужым мне горадам, так і стаўлюся. Гэта не чужыя нам людзі, мы разам жылі. Больш таго, мы суседзі і не маем прэтэнзій адзін да аднаго. Такое ў мяне стаўленне і да літоўцаў, эстонцаў. Таму вы павінны разумець, што, нягледзячы на тое, што ў мяне такі светапогляд, палітычныя погляды, вы павінны быць упэўнены: Латвія для нас не чужая краіна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларускі бок гатовы развіваць адносіны з Латвіяй на аснове кампрамісаў. "Мы гатовы будаваць з вамі адносіны, каб і мы, і вы былі больш незалежныя па вуглевадародах. Вы маеце прамы выхад да мора - у гэтым плане можам дамовіцца і па пастаўках. Асабліва актуальна аднаўляемая энергія, электраэнергія", - сказаў Прэзідэнт.

У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў адносіны Беларусі з суседнімі краінамі, у прыватнасці, з Расіяй. "Мы прытрымліваемся практыкі і палітыкі не ствараць праблем нашым суседзям. Не трэба, каб суседзі на цябе скоса глядзелі. Мы з гэтага зыходзім і ў адносінах да Літвы, Латвіі, Эстоніі. Мы ніколі вас не папракнулі ў тым, што вы ўступілі ў Еўрапейскі саюз. Наадварот, спрабуем з гэтага атрымаць карысць, мы рады, калі ў вас атрымліваецца. Але вы павінны дакладна разумець, што Расія для нас не проста дружалюбная краіна - там жыве брацкі нам народ", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаў, што Беларусь і Расія не без праблем будуюць свае адносіны. "Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Гэта не адносіны народа Беларусі і народа Расіі, гэта адносіны дзвюх улад - Прэзідэнта Расіі і Прэзідэнта Беларусі. Калі мы часам не ўмеем нешта будаваць і наладжваць, гэта нельга перакладаць непасрэдна на адносіны нашых народаў", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Беларусі выгадныя адносіны з Расіяй і з эканамічнага пункту гледжання. "Эканоміка ў Беларусі даволі магутная. Паводле розных ацэнак, ад $75 млрд да $100 млрд мы тут ствараем. Вынікі эканомікі, як вы разумееце, павінны рэалізоўвацца ў гандлі. Еўрасаюз і Расія - наш асноўны рынак", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі народна-гаспадарчы комплекс да гэтага часу вельмі цесна звязаны з расійскім. Беларусь закупляе ў суседняй краіне шмат сыравіны, каб потым вырабіць у сябе тавар. "На прадпрыемствах у Расіі, у якіх мы купляем тавар, працуе амаль 10 млн чалавек. І яны ад нас у гэтым плане залежныя: не станем мы купляць камплектуючыя, металы, вуглевадароды ў іх - гэта скарачэнне вялікае. Таму тут узаемная залежнасць у эканоміцы", - сказаў беларускі лідар.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт удзяліў тэме будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. "Гэта станцыя беларуская. Мы ідзём да глабалізацыі, межы ўсё больш сціраюцца. Настане час, калі гэта будзе здабытак агульны - Беларусі і Латвіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў латвійскаму боку за тое, што ён не крытыкуе Беларусь за будаўніцтва ўласнай атамнай станцыі. На думку Прэзідэнта, яна прынясе карысць не толькі цяперашняму, але і будучым пакаленням.



Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сваю АЭС таксама хоча ўзвесці Польшча, аднак супраць гэтага ніхто не выступае. "Мы станцыю ўсё роўна пабудуем. Мы ж яе будуем на прынцыпах міжнароднага права. І я часта кажу: давайце будзем разам думаць, як яе выкарыстоўваць", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць магчымым прыцягнуць да работы на БелАЭС спецыялістаў з Літвы, якія раней былі задзейнічаны на Ігналінскай атамнай станцыі, аднак страцілі работу пасля закрыцця аб'екта.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь зацікаўлена ў бяспецы сваёй атамнай станцыі больш, чым іншыя дзяржавы. "Мы нясём за гэта адказнасць. Чамусьці ўсюды будуюць станцыі, і ніхто асабліва не абураецца. І Расія будуе мноства гэтых станцый і блокаў па ўсім свеце. Таму мы яе пабудуем, і нам з гэтага трэба атрымліваць узаемныя выгады", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз адзначыў, што Беларусь разлічвае на развіццё супрацоўніцтва з Латвіяй. "Адчуваю, што дзякуючы гэтаму візіту мы зможам шмат аб чым дамовіцца. І вам не будзе сорамна перад латышамі, і нашаму Прэм'еру перад беларусамі. Адзінае толькі прашу помніць, што мы ніколі не будзем дружыць з любой краінай супраць Расіі, як з іншымі краінамі супраць Латвіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць захавання ў рэгіёне міру і спакою. Хопіць таго, што і так ужо некалькі гадоў не можа вырашыцца канфлікт ва Украіне. "Дай бог, каб гэта не атрымала сваё негатыўнае развіццё. Таму давайце захаваем у гэтым краі, геаграфічным цэнтры Еўропы мір і спакой. У гэтым плане вы можаце на Беларусь разлічваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Марыс Кучынскіс выказаў упэўненасць, што яго візіт надасць некаторае паскарэнне двухбаковым адносінам. "Калі гаварыць аб эканамічных, думаю, што вельмі многае мы не выкарысталі з таго, дзе можна знайсці агульны інтарэс", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Ён звярнуў увагу на той факт, што ў Латвіі добра ведаюць пра Беларусь, і бакі могуць размаўляць на адной мове, што таксама садзейнічае развіццю кантактаў. "Можам шукаць (магчымасці для развіцця супрацоўніцтва) не толькі па транзіце, лагістыцы. Учора мы з Прэм'ерам дамовіліся яшчэ на працягу месяца абмеркаваць канкрэтныя пункты, над якімі будзем працаваць", - адзначыў Марыс Кучынскіс.

Паводле слоў кіраўніка латвійскага ўрада, краіны маюць магчымасці для развіцця ўзаемадзеяння ў сферах высокіх тэхналогій, сельскай і лясной гаспадаркі, адукацыі і навукі. Не менш важна, што Беларусь і Латвія развіваюць палітычнае ўзаемадзеянне, у тым ліку ў фармаце ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства".

 

Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь