Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы з наследным прынцам Абу-Дабі шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам

13 верасня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў далейшым развіцці дружалюбных адносін з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Аб гэтым ён заявіў 13 верасня на перагаворах з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам, які ўпершыню наведвае Беларусь з афіцыйным візітам.

"Нас звязваюць даўнія добрыя адносіны, больш таго - дружалюбныя адносіны. І я шчыра рады сустракаць Вас у Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што паміж дзвюма краінамі, эканоміка гэта ці палітыка, няма ніякіх праблем або спрэчных пытанняў. "Думаю, нашы адносіны будуць развівацца ў такім жа дружалюбным напрамку. Фундаментам любых палітычных адносін з'яўляецца эканоміка, гандаль. Тут нам ёсць над чым працаваць. Упэўнены, што ваш візіт у Беларусь надасць сур'ёзную дынаміку ў гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным плане", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы знойдзем напрамкі нашага супрацоўніцтва. Тым больш што закрытых тэм і закрытых сфер для адносін паміж Эміратамі і Беларуссю няма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што гэта першы візіт у Беларусь наследнага прынца. "Вы толькі што сказалі, што Вам спадабалася ў Беларусі і спадабаліся нашы людзі. У любы час на любы тэрмін прыязджайце да нас адпачыць. Тым больш лета, ды і пачатак восені ў вас (у ААЭ. - Заўвага) з нашага пункту гледжання час гарачы - пад 40 градусаў, а часам і вышэй. Таму мы гатовы прадаставіць усе паслугі, каб Вы маглі гэты час правесці ў Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

"Вы былі ў многіх краінах. У Беларусі першы раз. Але ведайце, што гэта не чужая Вам зямля. Тым больш у Вас тут свой дом", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Наследны прынц Абу-Дабі шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян у сваю чаргу выказаў словы асаблівай удзячнасці за гасціннасць і цёплы прыём, аказаныя яму ў краіне. "Сказаць проста "дзякуй" недастаткова, каб выказаць усе мае пачуцці. Я сапраўды вельмі ўдзячны за цёплы прыём, які нам аказаны, - сказаў наследны прынц. - Я пабываў у многіх дзяржавах, але, паверце мне, тут я адчуваю сябе як дома". Асабліва шэйх адзначыў гасціннасць, дабрыню і сардэчнасць людзей у Беларусі.

Пасля завяршэння сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы наследны прынц Абу-Дабі пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей ля Палаца Незалежнасці.

Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь