Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам

12 лістапада 2019 года
Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ
глядзіце таксама: відэа
12 лістапада 2019 года
Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ
Перагаворы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам
Ускладанне вянка да помніка савецкім воінам-вызваліцелям у Вене
глядзіце таксама: відэа
11 лістапада 2019 года
Ускладанне вянка да помніка савецкім воінам-вызваліцелям у Вене
Афіцыйны візіт у Аўстрыю
глядзіце таксама: фота
11 лістапада 2019 года
Афіцыйны візіт у Аўстрыю
66 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада ў Вене правёў афіцыйныя перагаворы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам. Сустрэча прайшла ў вузкім і пашыраным фарматах.

Перагаворам лідараў краін папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы ва ўнутраным двары палаца Хофбург з удзелам ганаровай варты, выкананнем гімнаў дзвюх краін, а таксама прадстаўленне членаў афіцыйных дэлегацый і фатаграфаванне сумеснага рукапаціскання.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Аляксандру Ван дэр Белену за цёплы прыём і адкрытую, змястоўную размову. "Аўстрыя - важнейшы і надзейны партнёр Беларусі ў нашай агульнай Еўропе. Мы надаём вялікае значэнне развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ў поўнай меры задаволены пазітыўнай дынамікай беларуска-аўстрыйскіх адносін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў беларускага лідара, праведзеныя перагаворы зноў прадэманстравалі, што падыходы краін па асноўных праблемах даволі блізкія. "Нам цікавы аўстрыйскі вопыт у многіх сферах, які цалкам можа быць прыменены ў Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Беларускі бок высока цэніць намаганні Вены, накіраваныя на навядзенне мастоў паміж асноўнымі геапалітычнымі цэнтрамі, зніжэнне напружанасці ў Еўропе і свеце. Мінск ставіць такія ж мэты ў сваёй знешнепалітычнай дзейнасці. "Канстатуем, што разам здольны ўнесці важкі ўклад у аднаўленне стабільнасці і ўмацаванне міжнароднай бяспекі. Беларусь будзе ўдзячная аўстрыйскаму кіраўніцтву за падтрымку нашых ініцыятыў у гэтым напрамку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы паведаміў, што бакі дамовіліся прадаўжаць сумесную работу ў рамках міжнародных арганізацый. Беларусь падтрымае кандыдатуру Аўстрыі на выбарах у склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН на 2027-2028 гады.

Прадметна абмеркавана тэматыка аховы навакольнага асяроддзя, процідзеяння негатыўным змяненням клімату. Беларусь падтрымлівае ініцыятыву па павышэнні кліматычных амбіцый, якая вылучана Прэзідэнтам Аўстрыі, аб неабходнасці канкрэтных дзеянняў для прадухілення глабальнага кліматычнага крызісу. "Дарэчы, Мінск паслядоўна ў аднабаковым парадку ўзнімае для сябе планку па скарачэнні выкідаў парніковых газаў", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў падтрымку Аўстрыяй намаганняў беларускага боку па развіцці адносін з Еўрасаюзам, які з'яўляецца для Беларусі другім па значнасці гандлёвым партнёрам. "А апошнім часам, у тым ліку дзякуючы актыўнай рабоце аўстрыйскага старшынства ў 2018 годзе, ЕС становіцца для нас таксама важкім палітычным і інвестыцыйным партнёрам. Толькі за апошнія два гады аб'ём фінансавай падтрымкі Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця праектаў у беларускім дзяржсектары дасягнуў 700 млн еўра", - сказаў Прэзідэнт.

Беларусь актыўна працуе з ЕС у рамках шматлікіх праграм у сферах экалогіі, энергаэфектыўнасці, уладкавання граніц, рэгулявання міграцыі, падтрымкі дзяржкіравання. "У гэтым годзе Беларусь з Еўрасаюзам зацвердзілі праекты пагадненняў па многіх пытаннях, у тым ліку спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі. Спадзяёмся падпісаць іх у бліжэйшы час", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь з Аўстрыяй аб'ядноўвае імкненне да развіцця "Усходняга партнёрства" як цэласнага, гібкага і эфектыўнага інструмента супрацоўніцтва ў рэгіёне, якое садзейнічае ўстойліваму развіццю і бяспецы суседзяў Еўрапейскага саюза. Пры гэтым яно не накіравана супраць інтарэсаў трэціх краін. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў гэтым праекце і нядаўна агучыла свае прапановы па развіцці гэтай ініцыятывы пасля 2020 года.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі і Аўстрыі даўнія традыцыі паспяховага эканамічнага ўзаемадзеяння. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза аўстрыйскі бізнес прысутнічаў у Беларусі. "Яскравы прыклад - удзел Аўстрыі ў стварэнні Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, які і сёння застаецца адным з флагманаў нашай прамысловасці", - дадаў Прэзідэнт.



Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што і ў сучаснай Беларусі аўстрыйскі бізнес займае даволі трывалыя пазіцыі. Каля пяцісот кампаній з Аўстрыі супрацоўнічаюць з беларускімі прадпрыемствамі, амаль сто з іх у той ці іншай форме прадстаўлены непасрэдна ў Беларусі. "Гэта сведчыць аб высокім узроўні даверу аўстрыйскага бізнесу да нашай краіны. Аўстрыя даўно і трывала ўвайшла ў лік лідараў па аб'ёме інвесціравання ў эканоміку Беларусі. Капіталаўкладанні ў нашу краіну штогод вылічваюцца сотнямі мільёнаў долараў. Напрыклад, у мінулым годзе гэта лічба склала амаль $300 млн", - сказаў Прэзідэнт.

Ён заявіў, што з удзелам аўстрыйскіх кампаній прапрацоўваюцца новыя праекты на агульную суму звыш $1 млрд.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны і народы звязвае не толькі эканоміка. "Безумоўна, мы гаварылі і аб Малым Трасцянцы. Гэты лясны масіў пад Мінскам увайшоў у гісторыю як месца масавага знішчэння людзей нацысцкімі злачынцамі. Сярод ахвяр Трасцянца - больш за 10 тыс. аўстрыйскіх грамадзян, - сказаў ён. - Мы разумеем, якое вялікае значэнне мае захаванне памяці аб ахвярах халакосту для аўстрыйскага грамадства. Таму аказалі падтрымку ініцыятыве Аўстрыі аб устаноўцы ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец" манумента "Масіў імёнаў" у памяць аб аўстрыйскіх грамадзянах, знішчаных там гітлераўцамі ў гады Другой сусветнай вайны".

"Толькі што Прэзідэнт (Аляксандр Ван дэр Белен. - Заўвага) сказаў, што гэты канцлагер менш вядомы ў Аўстрыі, чым іншыя вялікія канцэнтрацыйныя лагеры Другой сусветнай вайны. Хачу вам сказаць, што нам ён вельмі быў вядомы. І мы ў гонар памяці тых загінулых грамадзян, і не толькі з Аўстрыі (там нямала было забіта грамадзян іншых краін, у тым ліку беларусаў), і не дзеля нашай дружбы з аўстрыйцамі, а задоўга да візіту кіраўнікоў вашай дзяржавы, стварылі там мемарыял", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці Прэзідэнту Аўстрыі аб ініцыятыве ўстанаўлення ў Малым Трасцянцы асобнага помніка загінулым грамадзянам Аўстрыі. "За тое, што ён паказаў прыклад адказнасці і прыстойнасці ў адносінах да тых, хто загінуў тады. Паказаў прыклад тым, хто павінен быў даўно гэтак жа зрабіць, як аўстрыйскае кіраўніцтва", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб важнасці прадаўжаць такое супрацоўніцтва, пашыраць кантакты навуковых і музейных устаноў, гісторыкаў, якія займаюцца тэмай Трасцянца. Ён таксама расказаў аб перадачы беларускім бокам Дому гісторыі Аўстрыі прадметаў, якія належалі аўстрыйскім грамадзянам, забітым нацыстамі ў лагеры смерці "Трасцянец". Гэтыя артэфакты былі нядаўна знойдзены ў час археалагічных раскопак.

Пры абмеркаванні гуманітарнай тэмы Аляксандр Лукашэнка ад сябе асабіста і народа Беларусі падзякаваў у асобе Федэральнага прэзідэнта ўсім аўстрыйцам, якія маюць дачыненне да аздараўлення дзяцей з рэгіёнаў Беларусі, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. "Гэта высакародная дзейнасць прадаўжаецца ўжо больш як 25 гадоў і стала важным складнікам нашых дружалюбных адносін", - сказаў Прэзідэнт.

На заканчэнне ён падкрэсліў, што Беларусь шчыра зацікаўлена ў паглыбленні супрацоўніцтва з Аўстрыяй ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу.

"Паверце, я ведаю розныя тэндэнцыі ў ЕС у плане Беларусі. Хачу сказаць, спадар Прэзідэнт, можа, не сёння, не заўтра, але паслязаўтра дакладна вы будзеце ганарыцца тым, што некалі прыехалі ў Беларусь, паглядзелі на гэту краіну, пераканаліся, што гэта не чужая для Еўропы краіна (вы аб гэтым мне гаварылі, калі былі са сваёй жонкай) і сказалі, што тут жывуць дастойныя людзі. Вы ніколі не пашкадуеце аб гэтым. Беларусь - гэта цэнтр Еўропы, гэта еўрапейская краіна, і яе палітыка накіравана на выключна мірныя, дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны не толькі з суседзямі, але і з нашымі даўнімі, праверанымі сябрамі, якой з'яўляецца ваша цудоўная і багатая краіна", - рэзюмаваў беларускі лідар.


Пасля перагавораў з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам Кіраўнік беларускай дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў.

"Мы абсалютна адкрытая краіна. Смею запэўніць, больш, чым вы. Грамадзяне прыкладна 90 дзяржаў маюць магчымасць без віз уязджаць у аўтарытарную, як вы сказалі, Беларусь. Мы абсалютна адкрытыя для ўсіх", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

Ён параіў журналісту, які задаў пытанне і раней ні разу не бываў у Беларусі, перш чым даваць ацэнкі, наведаць краіну і ацаніць сітуацыю сваімі вачамі.

Што датычыцца элемента аўтарытарнасці ўлады, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сапраўды гэта сфера ў Беларусі вельмі адрозніваецца ад сістэмы кіравання дзяржаўнымі інстытутамі, функцыянавання грамадства і эканомікі ў Аўстрыі. "І калі б вы мяне спыталі: а на гэтым этапе развіцця Беларусі што лепш, мы з вамі не знайшлі б агульнага разумення", - выказаў меркаванне Прэзідэнт, звяртаючыся да журналіста.

Ён адзначыў, што часам незразумела, што маецца на ўвазе, калі задаецца пытанне на тэму захавання правоў чалавека: "Што вам не падабаецца ў Беларусі ў плане правоў чалавека? Ёсць права на жыццё. Гэта галоўнае права. Права на работу - чалавек павінен мець гарантыю працаваць у сваёй краіне. А калі ёсць жаданне паехаць у Аўстрыю, Польшчу ці іншыя краіны. Вы хочаце сказаць, што мы камусьці забараняем гэты выезд? Не скажаце".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама, што ёсць агульнапрызнанае права на атрыманне адукацыі. "І не проста адукацыя, а за кошт дзяржавы - бясплатная адукацыя для чалавека. Яна ў вашай краіне так развіта, як у Беларусі? Я адразу магу даць адказ: далёка не так", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу ў Беларусі ўсе атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, а каля паловы потым атрымліваюць бясплатную вышэйшую адукацыю. Акрамя таго, у краіне бясплатная ахова здароўя для ўсіх грамадзян.

"Я хацеў бы, каб вы назвалі хаця б адну краіну ў Еўрасаюзе, якая змагла б пахваліцца гэтымі дасягненнямі, - заўважыў беларускі лідар. - Я магу пералічваць многае. Але калі журналіст мне задае пытанне па некаторых правах чалавека, я адразу ў яго вачах чытаю адно нямое пытанне: СМІ і іншае... Вы калі-небудзь чулі, што ў Беларусі забаранілі інтэрнэт? Напэўна, гэтыя папрокі ўжо даўно канулі ў Лету. Адышлі ў нябыт. Сёння немагчыма нешта забараніць, асабліва ў СМІ".

Гаворачы пра свабоду інфармацыі, Кіраўнік дзяржавы дадаў: "Адкрывайце любы мэсэнджар, тэлефон, планшэт, камп'ютар, і вы атрымаеце любую інфармацыю. Што датычыцца мяне, аўтарытарнага лідара, як вы сказалі, пачытайце, што за апошні месяц пра мяне напісалі, і вы жахняцеся - прадстаўнік дэмакратычнай краіны і дэмакратычнай прэсы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанне журналіста на тэму правоў чалавека традыцыйнае, але абсалютна нічога не мае агульнага з рэчаіснасцю ў Беларусі. "Яшчэ раз запрашаю вас, як многіх журналістаў, пабываць у нас у Беларусі. Падстаў для гэтага было шмат, у тым ліку II Еўрапейскія гульні. У будучым чэмпіянат свету (па хакеі ў 2021 годзе. - Заўвага) мы разам з латышамі праводзім. Можаце раней прыехаць, каб азнаёміцца", - запрасіў ён.



"Упэўнены, калі раней прыедзеце, то ў 2021 годзе вы прыедзеце ўсёй сям'ёй і са сваімі сябрамі ў Беларусь. Гэта краіна, куды хочацца вярнуцца любому чалавеку, які нарадзіўся ў Беларусі. І гэта краіна, дзе можна ціха і бяспечна адпачыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што нядаўна прачытаў у аглядзе меркаванне аднаго аўстрыйца, які ўпершыню наведаў Беларусь і быў уражаны бяспекай, адкрытасцю людзей і тым жыццём, якім жывуць у краіне.

"Я спадару Прэзідэнту сказаў: так, мы пакуль не такія багатыя матэрыяльна. Але вы ведаеце, багацце - гэта не толькі матэрыяльнае, гэта перш за ўсё духоўнае, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Наша краіна ў гады апошняй вайны была сцёрта з зямлі. І калі б мы не мабілізаваліся, не выбудавалі вось гэту аўтарытарную, як вы сказалі, уладу, мы сёння не мелі б суверэннай і незалежнай Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на няпростую сітуацыю вакол Беларусі: "Мы сёння заціснуты, як у цісках, паміж Усходам і Захадам. І нам часам бывае вельмі няпроста. А вы ў свой час (такія дэмакратычныя) закрылі для нас Еўропу і хацелі, каб мы выжылі. І для таго каб выжыць, мы выкарыстоўвалі розныя метады. Але ніхто не скажа, што яны не былі дэмакратычнымі, што яны былі на шкоду нашаму народу".

"Беларускі народ для мяне, ды і для Еўропы - найвялікшая каштоўнасць. І інтарэсаў гэтага народа мы будзем заўсёды прытрымлівацца", - запэўніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі таксама адказаў на пытанне аб магчымасці адмены ў Беларусі смяротнага пакарання.

"Адказваючы прама на ваша пытанне: рэферэндум вырашыў гэту праблему. Толькі рэферэндум можа яго  адмяніць. Мы ў гэтым напрамку рухаемся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ЕС ад Беларусі патрабуе ўжо адмены смяротнага пакарання. "І, вядома, мы да гэтага абыякава ставіцца не можам, калі ўжо зусім шчыра. І вельмі часта праводзім апытанні наконт адмены смяротнага пакарання. Нічога з таго часу, як пытанне было вырашана на рэферэндуме, не змянілася. Ці варта гэта пытанне сёння выносіць на рэферэндум, каб атрымаць адмоўны адказ. Думаю, не варта. Таму мы дамовіліся некалі з палітыкамі ў Бруселі ў гэтым напрамку працаваць разам. І выпрацавалі нейкі план, дарожную карту па рабоце з беларускім грамадствам. Мы ў гэтым напрамку рухаемся. Спешка тут можа толькі нашкодзіць", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне ўзняўшай гэту тэму аўстрыйскай журналістцы, якое меркаванне грамадзян гэтай краіны наконт смяротнага пакарання. "Не ведаеце... У гэтым і сутнасць вашай дэмакратыі, з аднаго боку, - заўважыў ён. - Каб вось так патрабаваць ад некага, разважаць на гэту тэму, трэба ведаць, што ў цябе думае грамадства па гэтым пытанні".

Аляксандр Лукашэнка таксама прывёў прыклад, што Аўстрыя падтрымлівае добрыя адносіны з ЗША, Кітаем. "Пры сустрэчах з імі вы ім задавалі аналагічнае пытанне? Думаю, не. Няхай гэта будзе таксама рытарычным пытаннем", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца Савета Еўропы і нашага членства (тут у якасці ўмовы вылучаюцца патрабаванні адмены або ўвядзення мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання. - Заўвага): прымеце - дзякуй, не - пацерпім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь