Перагаворы з членам Дзяржсавета КНР, Міністрам грамадскай бяспекі Кітая Го Шэнкунем

  • 1

Беларусь і Кітай ва ўмовах новых сусветных выклікаў маюць намер наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі ведамствамі. Такі асноўны вынік праведзенай 10 красавіка сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з членам Дзяржсавета КНР, Міністрам грамадскай бяспекі Кітая Го Шэнкунем.

Кіраўнік дзяржавы назваў знакавым гэты візіт, які падкрэслівае высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Так, у мінулым годзе статус беларуска-кітайскіх сувязей узрос да ўзроўню давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Прэзідэнт растлумачыў важнасць наладжвання кантактаў у праваахоўнай дзейнасці з улікам сучасных рэалій і пагроз.

"Час змяніўся, свет стаў вельмі цесным, злачыннасць - інтэрнацыянальнай. Таму перад намі вельмі вялікія задачы, якія мы павінны вырашаць разам, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Ідзе сур'ёзны ператок людзей: беларусы едуць у Кітай, кітайскія грамадзяне - у Беларусь. Мы будуем шмат сумесных прадпрыемстваў у Кітаі, і тут, у Беларусі, працуе шмат грамадзян з Кітая. Зразумела, што з усімі станоўчымі і негатыўнымі тэндэнцыямі ў нашых краінах ідзе ператок праблем. Таму ўзнікае неабходнасць больш актыўнай і цеснай работы паміж праваахоўнымі ведамствамі".

Беларусі вельмі цікавы вопыт Кітая ў падрыхтоўцы да маштабных спартыўных спаборніцтваў, паколькі ў хуткім часе ў Мінску пройдуць II Еўрапейскія гульні.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок удзяляе вялікую ўвагу новым выклікам і некаторым старым праблемам, што абвастрыліся, - экстрэмізму, тэрарызму, сепаратызму. Гэта зло, супраць якога актыўную барацьбу вядзе Кітайская Народная Рэспубліка, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы ў ліку іншых актуальных сусветных праблем сучаснасці кіберзлачыннасць, актыўную міграцыю. Па гэтых напрамках Беларусі і Кітаю яшчэ трэба будзе выпрацаваць сур'ёзныя мерапрыемствы для актыўнага супрацоўніцтва.

У сваю чаргу Го Шэнкунь перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне і самыя добрыя пажаданні ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Кітайскі міністр упершыню наведвае Беларусь, і ў яго ўжо склалася самае добрае меркаванне аб краіне. Го Шэнкунь адзначыў добрыя тэмпы развіцця беларускай эканомікі, а таксама стабільнасць у грамадстве. "Як сябры і партнёры, мы рады гэтаму", - сказаў кітайскі госць.

Ён выказаў меркаванне, што асновай існуючых добрых кантактаў паміж Беларуссю і КНР сталі пастаянныя сустрэчы на вышэйшым узроўні і "моцная асабістая дружба паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Сі Цзіньпінам, якія вызначылі вектары двухбаковага супрацоўніцтва".

Гэтыя перагаворы Прэзідэнта Беларусі з Міністрам грамадскай бяспекі Кітая адбыліся напярэдадні плануемай у бліжэйшыя месяцы сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна, у час якой трэба будзе разгледзець увесь комплекс беларуска-кітайскага парадку дня, у тым ліку і пытанні бяспекі.