Пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета

  • 17

У Еўразійскім эканамічным саюзе неабходна сфарміраваць уласны высокаразвіты адзіны рынак, без чаго гэта інтэграцыйнае аб'яднанне не зможа эфектыўна рэалізоўваць як унутраную, так і знешнюю палітыку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 мая ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

У сваім выступленні Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што за два гады з моманту падпісання дагавора аб ЕАЭС былі прыняты сур'ёзныя канцэптуальныя рашэнні. Закладзены асновы лібералізацыі транспартных паслуг, фарміравання адзінага рынку электраэнергіі, экспартнай палітыкі. Разам з тым, не ўсё развіваецца так, як планавалася першапачаткова. "Праблемы яшчэ застаюцца. Самыя вострыя з іх мы сёння абмеркавалі. Перш за ўсё неабходна перавесці тэарэтычныя напрацоўкі ў практычную плоскасць", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Паводле яго слоў, трэба пазбавіцца ад унутраных выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. "Як бы наша аб'яднанне ні эвалюцыяніравала (спачатку Мытны саюз, затым Адзіная эканамічная прастора і, нарэшце, Еўразійскі эканамічны саюз), колькасць гэтых выключэнняў і абмежаванняў не змянілася. Так і засталася на ўзроўні шасці соцень", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Роўныя эканамічныя ўмовы для дзяржаў - удзельніц ЕАЭС і безбар'ернае асяроддзе да гэтага часу не створаны. Больш таго, пасля падпісання дагавора аб ЕАЭС унутраны гандлёвы абарот саюза толькі падае. У 2012 і 2013 гадах ён быў на ўзроўні $65 млрд, у 2015 годзе - усяго $45 млрд. "Відаць, не ўсе пазіцыі дагавора адпавядаюць сучаснай сітуацыі ў эканоміцы і нашым чаканням", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пакуль нерэалізаванай застаецца ініцыятыва аб выпрацоўцы механізма функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў - членаў аднабаковых мер абароны рынку адносна трэціх краін.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў верасні мінулага года на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета прыняты Асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва. Бакі вызначыліся з параметрамі ўзгодненых мер па падтрымцы нацыянальных вытворцаў, намецілі арыенціры ўзаемадзеяння ў развіцці экспарту прамысловай прадукцыі. "Цяпер неабходна актыўна пачаць практычную рэалізацыю пастаўленых намі ж задач", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, у ЕАЭС зроблены першыя крокі па інтэграцыі ў энергетычнай сферы. Выпрацавана і зацверджана канцэпцыя фарміравання агульнага рынку электраэнергіі. На цяперашнім пасяджэнні ў Астане бакі разгледзелі такія ж планы па газе, нафце і нафтапрадуктах. "Але ад канцэпцый да іх ажыццяўлення шлях часам бывае вельмі доўгі. І прычына таго - мы самі. Таму Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходна ўзмацніць работу ў гэтым напрамку і прыняць вычарпальныя меры для рэалізацыі гэтых праектаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым, прадоўжыў беларускі лідар, даўно абмяркоўваецца пытанне аб стварэнні адзінага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Аднак і тут далей за размовы справа не пайшла.

На парадку дня саміту ў Астане многія пытанні былі звязаны з вызначэннем месца ЕАЭС у сусветнай эканамічнай сістэме. Прэзідэнт Беларусі ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што для ўпэўненага дыялогу са знешнімі партнёрамі ў ЕАЭС неабходна сфарміраваць уласны высокаразвіты адзіны рынак. "Нам трэба самім быць моцнымі, усяляк умацоўваць свой саюз. Тады нам лягчэй будзе весці дыялог і з Еўрапейскім саюзам, і з КНР, і з іншымі. Тады мы будзем моцнымі і будзем выступаць з адзіных пазіцый. Пакуль гэтага няма. А без гэтага Еўразійскі эканамічны саюз не зможа эфектыўна рэалізоўваць як унутраную, так і знешнюю палітыку", - упэўнены Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Усяго на пасяджэнні бакі разгледзелі паўтара дзясятка пытанняў. У іх ліку зацверджаны канцэпцыі фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Плануецца, што энергетычныя кампаніі саюзных краін атрымаюць недыскрымінацыйны доступ да нафтавай інфраструктуры партнёраў і змогуць закупляць нафту і нафтапрадукты па рыначнай цане без колькасных абмежаванняў і экспартных пошлін. На аналагічных прынцыпах будзе фарміравацца і агульны рынак газу.

Прэзідэнты таксама зацвердзілі асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў - членаў ЕАЭС на 2016-2017 гады. Дакумент з'яўляецца антыкрызісным. Ён вызначае найбольш важныя кароткатэрміновыя і сярэднетэрміновыя задачы, што стаяць перад эканомікамі краін саюза.

Асобны блок пытанняў датычыўся паглыблення эканамічных адносін ЕАЭС з трэцімі краінамі і ключавымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. У іх ліку Еўрасаюз, Кітай, Камбоджа, В'етнам і Сербія.

Былі таксама разгледжаны і некаторыя іншыя пытанні, звязаныя з функцыянаваннем Еўразійскага эканамічнага саюза і яго органаў.