Пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы

  • 13
Беларусь і Расія разам пераадолеюць любыя цяжкасці. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 сакавіка па выніках праведзенага ў Маскве пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.

Да пачатку пасяджэння ВДС лідары Беларусі і Расіі правялі двухбаковую сустрэчу, на якой абмеркавалі перспектывы развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што перспектывы ўзаемадзеяння неаднаразова разглядаліся не толькі ў двухбаковым фармаце, але і на пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага саюза. Адпаведныя пытанні ўзнімаліся і на нядаўняй сустрэчы ў Сочы, дзе закраналася ў тым ліку ўкраінская праблематыка. "Тады вамі з Парашэнкам было прынята рашэнне аб сустрэчы ў Мінску "нармандскай чацвёркі". Многія жартавалі. Але сёння ўсе перакананы ў тым, што гэта сустрэча была патрэбна, прынятыя рашэнні рэалізуюцца", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у СМІ з'явілася інфармацыя, што Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ аб стварэнні канстытуцыйнай камісіі. "Гэта значыць пачынаецца прапрацоўка Канстытуцыі - тое, аб чым вы гаварылі ў Сочы. У рамках гэтага працэсу можна вырашыць усе пытанні. Гэта вельмі вялікі прарыў", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін узнагародзіў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ордэнам Аляксандра Неўскага. Гэтым ордэнам узнагароджваюцца вядомыя расійскія і замежныя палітычныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дзелавой супольнасці замежных дзяржаў за заслугі ў супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй і аказанні садзейнічання ў яе сацыяльна-эканамічным развіцці.

Адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета, Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што ў Беларусі і Расіі ёсць безумоўнае разуменне неабходнасці далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы і, самае галоўнае, бачанне яе перспектыў.

"Мы рушылі настолькі далёка, што будзе недаравальна, з пункту гледжання народаў нашых дзяржаў, страціць тэмпы руху наперад, тым больш ствараць штучна нейкія разборкі", - падкрэсліў беларускі лідар.

У гэтым кантэксце, на думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, пасяджэнне ВДС павінна стаць этапным, паколькі адно з цэнтральных пытанняў парадку дня - зацвярджэнне прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву. "Нашы ўрады доўга працавалі над гэтым дакументам, каб вызначыць тыя пункты апоры, адштурхоўваючыся ад якіх саюзны праект атрымае новую дынаміку і выразныя арыенціры далейшага руху", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на пункце парадку дня, што датычыцца вынікаў двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў 2013-2014 гадах. "На жаль, у нас ужо два гады крыху зніжаецца тавараабарот, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Безумоўна, важкая прычына таго - неспрыяльная знешнеэканамічная кан'юнктура. Але ў многім і мы недапрацоўваем: ствараем напружанасць у гандлёвых адносінах, дысбаланс у эканамічнай палітыцы паміж нашымі краінамі, з-за чаго ўзнікаюць штучныя бар'еры для свабоднага перамяшчэння тавараў. Усе гэтыя бар'еры трэба здымаць, і мы гэта зробім, фарміраваць адзіную прамысловую палітыку і адзіны рынак. Гэта ў нашых агульных інтарэсах і вельмі важна для іншых інтэграцыйных праектаў".

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў важнасць разглядаемых на ВДС бюджэтных пытанняў і ў прыватнасці неабходнасці ўліку пры выкананні бюджэту 2015 года рэкамендацый, абазначаных кантрольнымі ведамствамі дзвюх краін па выніках праверкі справаздачы аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2013 год. "Бюджэт, які мы павінны сёння зацвердзіць, дасягае амаль 5 млрд расійскіх рублёў, 85 % расходаў бюджэту будзе накіравана на фінансаванне 36 сумесных праграм і мерапрыемстваў. У цэлым саюзная бюджэтная палітыка павінна быць больш гібкай і эфектыўнай, даваць магчымасць канцэнтраваць рэсурсы на прыярытэтных напрамках", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Яшчэ адзін пункт парадку дня - вынікі выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2014-2015 гады. "На ўзросшыя знешнія выклікі, рэгіянальную нестабільнасць мы павінны адэкватна рэагаваць, перш за ўсё ў мэтах забеспячэння стабільнага развіцця нашых дзяржаў. У гэтым кантэксце важнасць каардынацыі дзеянняў беларускага і расійскага знешнепалітычных ведамстваў узрастае ў разы", - перакананы беларускі лідар.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць унясення ў парадак дня пасяджэння ВДС дадатковага пытання, якое датычыцца плана мерапрыемстваў урадаў Беларусі і Расіі па паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Гэта рэакцыя на рэаліі сённяшняга эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў. Гэта пытанне разгледжана і зацверджана нашымі ўрадамі, што з'яўляецца добрым сігналам", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Па выніках пасяджэння прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2015 год. "Важна, што ў бягучай няпростай сітуацыі мы гэты бюджэт павялічылі. Значная частка гэтых сродкаў пойдзе на саюзныя праграмы. Гэта энергетыка, будаўніцтва, транспарт, сельская гаспадарка. Такіх у нас чатыры дзясяткі праектаў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Зацверджаны таксама прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву да 2017 года ўключна - правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі, фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, развіццё АПК, стварэнне адзінай міграцыйнай прасторы, агульнага рынку працы, забеспячэнне сацыяльнай абароны грамадзян.

Удзельнікі пасяджэння ВДС разгледзелі ход выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі.

Па выніках пасяджэння таксама падпісаны шэраг міжнародных дакументаў, якія непасрэдна закранаюць інтарэсы грамадзян Беларусі і Расіі.

У прыватнасці, бакі ўмовіліся прадоўжыць работу па стварэнні адзінай візавай прасторы. У гэтых мэтах плануецца падрыхтаваць пагадненне аб узаемным прызнанні віз, выдадзеных грамадзянам замежных дзяржаў.

Па выніках пасяджэння падпісана некалькі пагадненняў у сацыяльнай сферы і міграцыйнай палітыцы. Акрамя рашэнняў ВДС па пытаннях парадку дня падпісаны чатыры двухбаковыя дакументы. У іх ліку пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў; пагадненне аб узаемным прызнанні і парадку выканання рашэнняў аб адмове ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы; пагадненне аб парадку абмену звесткамі аб грамадзянах Беларусі і Расіі, у адносінах да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд; пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы ад 24 студзеня 2006 года.

Падводзячы вынікі пасяджэння ВДС, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Саюзная дзяржава пацвердзіла асаблівую значнасць у сучасных умовах і ў перспектыве двухбаковых адносін.

"Уступленне ў сілу з 1 студзеня 2015 года дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, як паказала сённяшняе пасяджэнне ВДС, не зніжае актуальнасці і перспектыў развіцця Саюзнай дзяржавы. Яна застаецца найбольш прагрэсіўным інтэграцыйным утварэннем, у рамках якога ўпершыню сумесна адпрацоўваюцца і рэалізуюцца многія пытанні. Няхай не так хутка, але мы акуратна ўдасканальваем раней прынятыя рашэнні, і працэсы, што адбываюцца на тэрыторыі нашай Айчыны, пастаянна знаходзяцца ў полі зроку ўрадаў і кіраўніцтва нашых краін", - падкрэсліў беларускі лідар.

"У многім дзякуючы Саюзу Беларусі і Расіі мы не апынуліся на задворках сусветных і рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў. Ён стаў прыкладам пры стварэнні Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, а затым Еўразійскага эканамічнага саюза, што дазваляе цяпер ставіць пытанне аб магчымасці "інтэграцыі інтэграцый", а магчыма, і пашырэнні ЕАЭС, маючы на ўвазе яго функцыі і паўнамоцтвы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб падпісанні 15 гадоў таму дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што гэта быў лёсавызначальны крок, які не толькі ўмацаваў стратэгічнае партнёрства брацкіх дзяржаў. "Ён таксама аказаў вялікі ўплыў на развіццё працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы. Намі створаны ўмовы для забеспячэння роўнасці правоў грамадзян, правядзення сумеснай абароннай палітыкі, узгодненага знешнепалітычнага ўзаемадзеяння, рэалізацыі маштабных эканамічных і навукова-тэхнічных працэсаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Па-рознаму ставяцца да нашых адносін. Гэта невялікая частка грамадства і ў нас, і ў Расіі. Але тыя, хто думаюць, што мы маем неадольныя праблемы, няхай супакояцца, мы іх расчаруем. Мы ў гэтай складанай сітуацыі ведаем, што рабіць, і мы дамовіліся, што з яе будзем выходзіць разам, як і належыць брацкім народам", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Ведаю, што вам, ураду не проста ў гэтыя часы. Але мы адчуваем вашу падтрымку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Ён падкрэсліў, што размова ідзе не проста пра падтрымку, а пра сумесную рэалізацыю маштабных праектаў у перадавых галінах эканомікі, такіх як атамная энергетыка, касмічная сфера. Атамная электрастанцыя - дзесяць мільярдаў долараў. Павінен вам сказаць, што на два месяцы мы ўжо апярэджваем праект. Беларусы і расіяне будуюць яе разам, поплеч. І ў нас ёсць вельмі буйны касмічны праект, высокія тэхналогіі", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Упэўнены: мы разам пераадолеем любыя цяжкасці. Нічога экстраардынарнага не адбылося. Мы проста працуем у новых умовах. Да іх трэба спакойна адаптавацца і далей дзейнічаць, што мы сёння і прадэманстравалі. Вы можаце быць упэўнены, што беларусы дастойна пройдуць сваю частку шляху", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і Расія дамовіліся, што правядуць серыю сумесных мерапрыемстваў да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

"Мы вельмі актыўна працуем, асабліва нашы вучоныя, па процідзеянні спробам фальсіфікацыі гісторыі і скажэння гістарычнай праўды аб Другой сусветнай вайне. Што называецца, на злобу дня, асабліва апошнім часам. Хто б мог падумаць, што на прасторах былога СССР, народы якога поплеч ваявалі супраць агульнага ворага, праз 70 гадоў з'явяцца людзі, якія, мякка кажучы, не разумеюць і не ведаюць гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Таму нам ужо ў агульным доме даводзіцца абараняць вынікі Вялікай Айчыннай вайны і не дапусціць фальсіфікацый", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за паважлівае стаўленне і выразную пазіцыю адносна агульнай Перамогі, 70-годдзе якой святкуецца ў гэтым годзе.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі адзначыў вялікі ўклад Аляксандра Лукашэнкі ва ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу і выказаў словы ўдзячнасці. "Сёння мы гаварылі і аб міжнародных праблемах, у тым ліку і аб сітуацыі ва Украіне, - сказаў Уладзімір Пуцін. - Адзначу актыўныя намаганні Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі па садзейнічанні ва ўрэгуляванні гэтай праблемы. Удзячны за арганізацыю вельмі няпростых, але абсалютна неабходных перагавораў у "нармандскім фармаце" ў Мінску".