Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы

  • 16
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі павінна выступаць як магутная платформа для развіцця ўсяго спектра ўзаемнага супрацоўніцтва, а таксама аказаць дзейсную падтрымку станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 лютага, падводзячы вынікі пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Да пачатку ВДС лідары дзвюх дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі сустрэчу сам-насам, а таксама з удзелам членаў дэлегацый, абмеркаваўшы актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, а таксама міжнароднай праблематыкі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў свайму расійскаму калегу за падтрымку і дапамогу, якую Расія заўсёды аказвала і аказвае Беларусі, а таксама за тое, што ў Мінск прыехаў не толькі Прэзідэнт Расіі, але і прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем канстатаваў, што ўсе пытанні парадку дня вельмі сур'ёзна прапрацаваны на этапе падрыхтоўкі пасяджэння.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што саюзнае будаўніцтва Беларусь і Расія вядуць у няпростых умовах. "Нашу інтэграцыю выпрабоўваюць на трываласць глабальная эканамічная нестабільнасць, крызіс даверу ў міжнародных адносінах, эскалацыя ўзброеных канфліктаў і абвастрэнне інфармацыйных войнаў", - адзначыў беларускі лідар.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя, якая склалася, не павінна ўплываць на расстаноўку прыярытэтаў у рабоце Саюзнай дзяржавы. І важнейшы з іх - усебаковае супрацоўніцтва дзеля дабрабыту народаў.

"Залогам дасягнення агульных мэт інтэграцыі прадаўжае заставацца канструктыўны дыялог у палітыцы, эканоміцы, бяспецы, сацыяльнай і культурнай сферах", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён упэўнены, што для гэтага ў дзвюх краін ёсць усе ўмовы.

"Нядаўна, сустракаючыся з Прэзідэнтам Расіі ў Сочы, мы пацвердзілі наша імкненне ўмацоўваць беларуска-расійскае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках, вырашаць любыя ўзнікаючыя праблемы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што на абмеркаванне ВДС выносяцца найбольш актуальныя пытанні саюзнага будаўніцтва, якія не датычацца двухбаковых адносін, дзе яны вырашаюцца ў бягучым рэжыме.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што дзве краіны не ў поўнай меры рэалізуюць патэнцыял гандлёва-эканамічных адносін. "У сітуацыі агульнасусветнага пагаршэння эканамічнай кан'юнктуры гэта наўрад ці апраўдана", - лічыць беларускі лідар.

У час сустрэчы сам-насам прэзідэнты дамовіліся, што бакі павінны прадумаць, як узаемавыгадна задзейнічаць і максімальна выкарыстаць рэсурсы дзвюх краін.

"Ужо трэці год, на жаль, адзначаецца падзенне ўзаемнага тавараабароту. У 2015 годзе ён знізіўся больш як на чвэрць. Гэту негатыўную тэндэнцыю мы можам і павінны пераламаць сумеснымі намаганнямі", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што любыя дысбалансы ў адносінах паміж краінамі, няўзгодненасць у правядзенні эканамічнай палітыкі адчувальныя для ўзаемнага гандлю. "Таму ўстараненне бар'ераў, забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання адзінага рынку тавараў, паслуг і капіталу, а таксама ўзаемная падтрымка - зоны нашага агульнага інтарэсу", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў максімальна задзейнічаць усе пляцоўкі і фарматы Саюзнай дзяржавы для далейшага развіцця супрацоўніцтва і прыняцця эфектыўных рашэнняў. "Думаю, вы згодзіцеся, што ў рамках створанай намі інтэграцыі ёсць усе ўмовы, каб працаваць узгоднена, зладжана, як гаворыцца, з дакладнасцю гадзіннікавага механізма", - сказаў беларускі лідар.

"Вядучыя сусветныя дзяржавы і краіны-суседзі ўдзяляюць пільную ўвагу знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі і Расіі, ваенным аспектам нашага супрацоўніцтва", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Ваенна-палітычныя крызісы, якія захоўваюцца, вяртанне шэрага краін да блокавага мыслення, паўсюднае выкарыстанне санкцый як інструмента палітычнага націску вымушаюць нас трымаць порах сухім. Таму асаблівая ўвага ўдзелена абароннаму будаўніцтву", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што ключавым фактарам росту эканомікі Саюзнай дзяржавы павінна стаць развіццё прамысловай кааперацыі, у першую чаргу высокіх тэхналогій. На думку Прэзідэнта Расіі, трэба нарошчваць вытворчасць больш навукаёмістай прадукцыі, замяшчаць выпуск замежных камплектуючых, перш за ўсё ў адчувальных галінах, ад якіх непасрэдна залежыць бяспека абедзвюх краін. У гэтай сферы ўжо ёсць нядрэнныя задзелы. Стратэгічны характар мае расійска-беларускае супрацоўніцтва ў энергетыцы. Поўным ходам ідзе будаўніцтвам Беларускай атамнай электрастанцыі. "Безумоўна, гэта адзін з флагманскіх нашых праектаў", - сказаў расійскі Прэзідэнт. Ён нагадаў, што аб'ём расійскіх капіталаўкладанняў тут складае $10 млрд.

Расійскі Прэзідэнт лічыць, што больш высокую аддачу для развіцця гаспадарчых сувязей можа прыносіць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Уладзімір Пуцін выказаў удзячнасць беларускаму калегу за тое, што ён удзяляе гэтаму напрамку супрацоўніцтва вялікую ўвагу, і пацвердзіў свае планы прыняць удзел у III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Мінску ў чэрвені.

За час існавання Саюзнай дзяржавы ўдалося многага дабіцца. У прыватнасці, умацаваць гандлёва-эканамічныя, навукова-тэхналагічныя, адукацыйныя і культурныя сувязі, нарасціць дагаворна-прававую базу ў розных галінах супрацоўніцтва. Кіраўнік расійскай дзяржавы падзякаваў Аляксандру Лукашэнку як палітычнаму дзеячу, які стаяў разам з першым Прэзідэнтам РФ Барысам Ельцыным ля вытокаў Саюза. Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Расія настроена і далей паслядоўна рухацца па шляху ўзаемавыгаднай раўнапраўнай інтэграцыі з Беларуссю ў агульнай Саюзнай дзяржаве.

На пасяджэнні былі прадметна разгледжаны ўсе актуальныя пытанні, якія датычацца розных напрамкаў супрацоўніцтва.

Па яго выніках прэзідэнты Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка зацвердзілі пералік рашэнняў.

У прыватнасці, Беларусь і Расія дамовіліся прыкласці максімум намаганняў для ліквідацыі бар'ераў і выключэнняў на адзіным рынку, для нарошчвання ўзаемнага тавараабароту, умацавання кааперацыйных сувязей, фарміравання адзінай прамысловай палітыкі. "І я абсалютна ўпэўнены, што, дзейнічаючы ў новых умовах, мы ўсё роўна пераадолеем і тыя праблемы, якія сёння рэальна ўзніклі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Вялікая ўвага была ўдзелена вынікам гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі за 2015 год.

У бягучай няпростай фінансава-эканамічнай сітуацыі быў зацверджаны бюджэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на 2016 год у памеры больш як 6 млрд расійскіх рублёў. Значная частка гэтых сродкаў прадугледжана для фінансавання саюзных праграм і мерапрыемстваў у ключавых сферах двухбаковага ўзаемадзеяння.

На пасяджэнні ВДС разгледжаны таксама ход выканання Прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014-2017 гады), вызначаны дакладныя арыенціры для далейшых крокаў, накіраваных на захаванне дадатнай дынамікі саюзнага будаўніцтва.

Былі абмеркаваны таксама вынікі выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2014-2015 гады і зацверджана новая праграма работы знешнепалітычных ведамстваў на 2016-2017 гады.

"Адсутнасць якога-небудзь недастатковага разумення, недаверу ва ўзаемадзеянні нашых краін на міжнароднай арэне як мага лепш дэманструе беларуска-расійскае адзінства і стратэгічнае партнёрства ў гэты няпросты час", - адзначыў беларускі лідар.

Увага на ВДС была ўдзелена пытанням міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, выпрацаваны дакладны план дзеянняў рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, якія адпавядаюць сучасным стандартам.

"Мы выказаліся за ўмацаванне ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках, перш за ўсё па пашырэнні і развіцці інтэграцыйных працэсаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяперашняе пасяджэнне ВДС чарговы раз пацвердзіла выключную значнасць саюзнага парадку дня. "Час, гісторыя ўсё расстаўляюць на свае месцы, і мы яшчэ мацней усведамляем каштоўнасць беларуска-расійскай дружбы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, прэзідэнты дзвюх краін у свой час прынялі правільнае рашэнне, захаваўшы праект Саюзнай дзяржавы. "Ён жа нікому і тады не перашкаджаў, а мы ішлі ў авангардзе з гэтым праектам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што на Саюзнай дзяржаве адпрацоўваюцца многія пытанні, якія спатрэбяцца любой інтэграцыі, у тым ліку ЕАЭС.

"Спадзяюся, што дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці дадуць нам магчымасць дынамічна нарошчваць наша супрацоўніцтва, а таксама пераадольваць любыя супярэчнасці і рознагалоссі па-партнёрску, у духу сапраўды саюзніцкіх адносін, як гэта і належыць у Саюзнай дзяржаве", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт Беларусі.