Пасяджэнне Выканкама НАК

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе Нацыянальны алімпійскі камітэт на больш актыўную работу. Адпаведную заяву Кіраўнік дзяржавы зрабіў 15 красавіка на пасяджэнні Выканкама НАК.

"На жаль, апошнім часам НАК крыху збавіў абароты. Калі раней у гэтым будынку кіпела жыццё, праводзіліся рэзанансныя мерапрыемствы па алімпійскай адукацыі, падтрымцы дзіцяча-юнацкага спорту, то цяпер гэтай работы амаль не відаць і не чуваць. Павеяла нейкім халадком у адносінах з федэрацыямі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, НАК займае асаблівае месца ў сістэме фізічнай культуры і спорту. Сярод важнейшых напрамкаў яго работы - развіццё алімпійскага руху ў цесным узаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і мясцовымі ўладамі, каардынацыя дзейнасці рэспубліканскіх федэрацый па відах спорту.

"Важна, каб менавіта НАК быў цэнтрам прыцягнення для спартсменаў і трэнераў, нашых праслаўленых чэмпіёнаў і падрастаючага пакалення. Гэта і іх дом таксама", - сказаў беларускі лідар.

На пасяджэнне Выканкама, у прыватнасці, вынесены пытанні гатоўнасці краіны і беларускіх спартсменаў да маштабнай спартыўнай падзеі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што маючыя адбыцца Еўрапейскія гульні стануць важнейшым грамадска-палітычным мерапрыемствам у гісторыі суверэннай Беларусі. "Да нас у гэтыя дні будзе прыкавана пільная ўвага сусветнай супольнасці. Задача не толькі правесці Гульні на самым высокім узроўні. Мы павінны чарговы раз паказаць, што на нашай зямлі створаны камфортныя і, што немалаважна, бяспечныя ўмовы для жыцця і самарэалізацыі чалавека", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што для падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў створаны аргкамітэт на чале з Прэм'ер-міністрам, выдзяляюцца неабходныя фінансавыя сродкі. "Спартыўныя аб'екты, тэлекамунікацыі, дарожная сетка, пасажырскі транспарт, студэнцкая вёска - усё павінна адпавядаць самым высокім стандартам. Як мне дакладваюць, пытанні вырашаюцца аператыўна. Мадэрнізацыя задзейнічанай інфраструктуры ідзе згодна з планам. Разам з тым хацелася б на гэту тэму сёння прадметна пагаварыць", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чакае канкрэтных прапаноў па ўсіх незавершаных будоўлях, закупках інвентару і абсталявання, прыцягненні дадатковых сіл і сродкаў. "Была пастаўлена задача строга кантраляваць расходы, забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне ўсяго закупленага абсталявання, аўтапарка, пабудаваных аб'ектаў пасля завяршэння Гульняў. Як выконваюцца гэтыя патрабаванні?" - пацікавіўся беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў важнасць паспяховага выступлення беларускіх атлетаў на маючых адбыцца II Еўрапейскіх гульнях. "Да якога спартыўнага выніку мы імкнёмся? Медальныя планы на Гульні публічна не агучваліся, тым не менш задача стаіць канкрэтна: не менш, чым у Баку", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што спаборнічаць трэба будзе дома, на сваіх арэнах, пры роднай публіцы. "Падтрымка ўсяго беларускага народа, зразумела, будзе забяспечана. Таму ў нас няма права выступаць на гэтых Гульнях дрэнна. Хацелася б, каб гэта патрабаванне было даведзена да спартсменаў і трэнераў. Настройвайце іх на барацьбу, нацэльвайце на перамогу", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што беларускія атлеты здольны перамагаць і паказваць высокія вынікі на сусветнай спартыўнай арэне, што прадэманстраваў нядаўні чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы. "Ёсць і адваротны прыклад - наш біятлон. Грошы патрацілі немалыя, а што паказалі, вы таксама ведаеце... Тое ж самае футбол, хакей. Сур'ёзна давядзецца падумаць. Але гэта размова пасля чэмпіянату свету ў той групе, куды мы з вамі зваліліся, - хакеісты. Па біятлоне і іншых зімовых відах спорту мы яшчэ разбяромся", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што медалі - не толькі спартыўны вынік, але таксама гонар і слава Радзімы: "Спорт сёння не проста нейкае забаўнае відовішча. Гэта бітва, калі хочаце - вайна, толькі не гарачая. Гэта найвышэйшая ідэалогія, якая ўзнімае дух народа ў любой дзяржаве".