Пасяджэнне шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

  • 9

Моцная сацыяльная палітыка, клопат аб чалавеку, увага да моладзі, стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей - былі, ёсць і будуць вышэйшымі мэтамі беларускай дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пры прадстаўленні на пасаду прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Андрэй Кабякоў зможа дакладна арганізаваць работу і забяспечыць сістэмнасць і комплекснасць рашэнняў, што прымаюцца Саветам Міністраў. У дапамогу прэм'ер-міністру быў абноўлены асноўны касцяк урада, істотна ўмацаваны эканамічны блок.

Аляксандр Лукашэнка спыніўся на агульных патрабаваннях да арганізацыі дзейнасці Савета Міністраў, падкрэсліўшы, што чакае ад абноўленага складу ўрада свежых ідэй для збалансаванага развіцця эканомікі і павышэння дабрабыту народа.

"Перш за ўсё ўрад павінен быць калегіяльным органам, дзе галоўнае звяно - гэта міністр. Яго асноўная зона адказнасці ў прамысловасці - стварэнне ўмоў для работы прамысловых прадпрыемстваў, у сельскай гаспадарцы - сельскагаспадарчых арганізацый, у адукацыі - школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ, у ахове здароўя - бальніц і гэтак далей. Зоны адказнасці вызначаны. Трэба дзейнічаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Важнейшая задача прэм'ер-міністра - дакладная каардынацыя ўсёй работы. Прасцей кажучы, развесці міністраў і віцэ-прэм'ераў так, каб намеснік прэм'ер-міністра не мог дзейнічаць па-старому, калі даваліся вытворчыя ўказанні і міністр быў гэтым павязаны па руках і нагах, не мог дзейнічаць самастойна", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што па яго даручэнні ва ўрадзе ўжо рыхтуюцца адпаведныя змяненні ў нарматыўна-прававую базу. "Таму патрабую ў бліжэйшыя тэрміны прадставіць гэтыя змяненні, калі гэта патрэбна. У нас часу на разварушванне няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён падкрэсліў: "Рашэнні міністра павінны выконвацца неадкладна. Любое рашэнне, якое ён прыме, законнае. Але і адказнасць за яго нясе ў першую чаргу міністр. Калі гаварыць сцісла, то міністр не мае права, даючы справаздачу ў парламенце або дакладваючы Прэзідэнту, сказаць, што ў яго не хапала паўнамоцтваў або не хапала нейкай нарматыўна-прававой базы". Кіраваць эканомікай павінен менавіта ўрад, сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работа ўрада павінна будавацца на некалькіх простых прынцыпах: ініцыятыўнасці, роўнасці ўсіх форм уласнасці, неўмяшанні ў добрасумленную канкурэнцыю, адкрытасці (асабліва пры распрацоўцы стратэгічных дакументаў), падзеле функцый уласніка і рэгулятара ў кіраванні прадпрыемствамі з доляй дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў рабоце ўрада не павінна быць ніякіх лішніх пасяджэнняў і нарад. "Прычым так павінна настроіцца на работу і ўся вертыкаль улады. Ад раёна, вобласці да рэспубліканскага ўзроўню. Нам трэба адысці ад бясконцых нарад, справаздач і дакладаў, сканцэнтраваўшыся на галоўным. Рашэнні прымаць аператыўна, браць на сябе ініцыятыву і адказнасць. Менавіта гэтага я чакаю ад членаў урада", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт акрэсліў першачарговыя задачы, якія стаяць перад урадам у цэлым і мясцовымі органамі ўлады.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна не толькі стабілізаваць сітуацыю ў эканоміцы, але і стварыць умовы для ўстойлівага развіцця краіны на аснове росту прадукцыйнасці працы, эфектыўнага выкарыстання дзяржаўнай уласнасці, стымулявання дзелавой актыўнасці і ініцыятывы грамадзян.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў другой палавіне 2014 года Беларусь сутыкнулася са знешнімі выклікамі, аб узнікненні якіх яшчэ ў пачатку года ніхто не мог і падумаць. "Санкцыі, контрсанкцыі, парад дэвальвацый нацыянальных валют у нашых суседзяў, сцісканне рынкаў і абвал сусветных цэн на нафту. Вайна ва Украіне і шэраг іншых негатыўных фактараў. Адкрытая эканоміка Беларусі балюча рэагуе на вынікі такіх падзей", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, як з гэтым змагацца, вядома. "Рэцэпты эканамічнага росту вызначаны: скарачэнне затрат і прыцягненне інвестыцый. Іншых рэцэптаў няма. А для гэтага неабходна на ўзроўні прадпрыемстваў фінансавы стан паставіць у аснову", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў Беларусі з гэтага года будуць дзейнічаць новыя падыходы да аказання дзяржаўнай падтрымкі ў эканоміцы. Паводле слоў Прэзідэнта, існуючыя рэсурсы сканцэнтруюцца выключна на прыярытэтных напрамках развіцця. "Галоўныя прынцыпы - конкурсны падыход, роўны доступ, акупнасць праекта і адказнасць за рэалізацыю і дасягненне заяўленых параметраў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асноўнае ў сферы падаткаабкладання - гэта прадаўжэнне работы па ўдасканаленні падатковай сістэмы. Яна павінна быць простай, празрыстай і найменш затратнай. Тут ёсць рэзервы, і гэтыя пытанні ў бліжэйшы час будуць разгледжаны на нарадзе ў Прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў ад чыноўнікаў уважлівага стаўлення да людзей: "Ні ў якім разе нельга зневажаць або крыўдзіць людзей". Разам з гэтым Прэзідэнт адзначыў: трэба рашуча змагацца з утрыманствам, каб усе разумелі - дабрабыт кожнага ў яго руках.

"У мінулым годзе нам удалося змяніць тэндэнцыю апераджальнага росту заработнай платы над ростам вытворчасці працы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І мы павінны няўхільна гэтага прытрымлівацца. Кожны рубель павінен быць рэальна зароблены. Патрабую ад урада замацаваць гэты вынік".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што прыярытэтам нумар адзін для ўсіх дзяржаўных органаў з'яўляецца дыверсіфікацыя рынкаў збыту, паколькі залежнасць ад аднаго рынку робіць эканоміку слабаабароненай. Прэзідэнт запатрабаваў, каб урад, Міністэрства замежных спраў шукалі новыя рынкі, стваралі камфортныя ўмовы для актыўнай работы прадпрыемстваў за межамі краіны. Прадпрыемствы ж павінны аператыўна рэагаваць на спецыфіку рынкаў, вырабляць тое, што сапраўды сёння мае попыт і прыносіць рэальны прыбытак.

"Удасца вырашыць гэтыя задачы, тады мы будзем абаронены на ўсе выпадкі жыцця", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што ў гэты складаны час можна і трэба разлічваць толькі на сябе. "Калі хто-небудзь збоку нам зможа дапамагчы - гэта будзе толькі плюс. Але не трэба разлічваць ні на Захад, ні на Усход, ні на Расію, ні на Украіну - ні на каго. Зыходзіць трэба толькі з уласных рэсурсаў, і для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу звярнуў на пытанні рэалізацыі вытворчай прадукцыі. "Калі мы вырашым толькі адно пытанне - дыверсіфікацыі экспарту (у плане выпадаючых продажаў нашых тавараў у Расію і пераарыентуем прадукцыю на іншыя рынкі), то мы адыдзем ад абвалаў у эканоміцы, у фінансах. Таму пытанне нумар адзін - дыверсіфікацыя экспарту", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што гэты працэс ужо ідзе, у прыватнасці члены ўрада едуць за мяжу, заключаюць кантракты для далейшай рэалізацыі беларускай прадукцыі.

На яго думку, неабходна маментальна арыентавацца на кан'юнктуру рынку і неадкладна прымаць адпаведныя рашэнні.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці больш актыўна працаваць на знешніх рынках, асабліва з улікам дружалюбных адносін з многімі замежнымі дзяржавамі. "Аўтарытэт Беларусі даволі высокі, перш за ўсё ў нашых сяброў - у Кітаі, Індыі, Іране, арабскіх і афрыканскіх краінах, Лацінскай Амерыцы, ды і ЗША па многіх напрамках зрабілі крокі насустрач. Давайце скарыстаемся гэтым і прададзім туды хаця б прадукцыю, якую мы сёння не можам рэалізаваць на традыцыйных рынках - у Расіі і Украіне - з-за існуючых тэндэнцый", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Выказваючыся на тэму беларуска-расійскіх адносін, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Расію нам ніхто не заменіць. І калі мы вядзём дыялог з Захадам, з ЕС, з Амерыкай, іншымі, мы задаём адно пытанне, і я аб гэтым адкрыта кажу, - вы нам заменіце Расію? Не. Тады навошта вы нас у гэта цягніце? На прыкладзе брацкай Украіны мы пераканаліся ўжо, у што гэта выліваецца ў крайнім выпадку".

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь, устанавіўшы шматфарматныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, прадоўжыць супрацоўніцтва з ёю як з вельмі блізкай, брацкай дзяржавай.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь вельмі цесна звязана з Расіяй гістарычна і эканамічна. "І калі нам было цяжка, як бы там ні было, чаго б гэта нам ні каштавала, Расія заўсёды падстаўляла сваё плячо. Але не без праблем, якія, дарэчы, ствараліся на роўным месцы", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь заўсёды адкрыта заяўляе аб сваёй пазіцыі і ніколі не паводзіла сябе па-здрадніцку ў адносінах да Расіі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нараўне з прадаўжэннем супрацоўніцтва з Расіяй Беларусь будзе мэтанакіравана імкнуцца да нармалізацыі адносін з краінамі Еўрасаюза і ЗША. Ён звярнуў увагу на той факт, што ў Беларусі вялікі тавараабарот з еўрапейскімі краінамі і Амерыкай. "Чаму мы не павінны супрацоўнічаць з імі? Адносіны з імі ў нас крыху іншыя. Але мы павінны іх выбудоўваць. Няхай ніхто не напружваецца ні ў нас, ні ў Расіі наконт таго, што Беларусь будзе настойліва ісці да нармалізацыі адносін з ЕС і ЗША", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым ён выказаў разуменне наконт таго, што замежныя дзяржавы чакаюць, як пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што прэзідэнцкія выбары пройдуць выключна сумленна, на аснове Канстытуцыі, якая не супярэчыць міжнародным стандартам.

"Нам намякаюць, што трэба прымусіць Беларусь правесці выбары на прынцыпах міжнародных стандартаў. Супакойцеся - выбары ў Беларусі пройдуць выключна сумленна, на аснове Канстытуцыі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Я ўжо не раз гаварыў: мы не будзем падстройвацца пад час, кан'юнктуру, абставіны, што, маўляў, восенню будзе вельмі цяжка, вясной - зусім лёгка, таму трэба хутчэй правесці выбары, каб атрымаць больш галасоў". Прэзідэнт запэўніў, што ў гэтым няма ніякай неабходнасці. "Калі нам народ давярае - ён падтрымае нас у самыя цяжкія часы. Але такіх часоў у Беларусі не будзе. Я ўсіх магу запэўніць - мы зробім усё, каб мінімізаваць вынікі тых катаклізмаў, якія створаны не намі і не на нашай тэрыторыі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Гаворачы аб старшынстве Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўраду рэалізацыі курсу на паслядоўнае паглыбленне еўразійскай інтэграцыі пры цвёрдым і папераджальным адстойванні нацыянальных інтарэсаў.

"Механізмы адзінага рынку Еўразійскага саюза пакуль не наладжаны. Прадаўжаюць існаваць выключэнні і абмежаванні ў розных сферах дзейнасці. Не забяспечваецца ў поўным аб'ёме выкананне дасягнутых дамоўленасцей. Назіраюцца абуральныя выпадкі аднабаковых дзеянняў краін-удзельніц у абход прынятых пагадненняў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны выкарыстоўваць нашы канкурэнтныя перавагі, не ўпусціць патэнцыяльныя магчымасці, што адкрыліся, і заняць выгадныя нам нішы".

"Трэба на ўсіх узроўнях паслядоўна праводзіць палітыку стварэння раўнапраўнага саюза, без выключэнняў і абмежаванняў свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мяне таксама часта крытыкуюць, у тым ліку і ў Расіі, што Лукашэнка дзейнічае з пазіцый выгады беларускай дзяржавы. Ну, хіба не абсурдны папрок?! А я з якіх інтарэсаў павінен дзейнічаць?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы не супраць імпарту, але абараніць уласнага таваравытворцу мы павінны. І як я разумею, урад пачаў ужо ў гэтым напрамку дзейнічаць. Зыходзіць трэба з уласных інтарэсаў, не ствараючы лішніх праблем для нашых суседзяў, партнёраў і гэтак далей. Трэба дзейнічаць, прынамсі, на ўзаемнай аснове", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе фарміруецца агульны спажывецкі рынак. "Гэта пераходны перыяд, і ён мае пэўныя выдаткі. Мы ўжо з гэтым сутыкнуліся. У сувязі з гэтым нашы людзі павінны быць абаронены. Чалавек мае законнае права прыйсці ў магазін або на рынак і купіць неабходны яму тавар - добрай якасці і па справядлівай цане", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму стан спажывецкага рынку краіны павінен быць на асаблівым кантролі, - адзначыў Прэзідэнт. - Усе даручэнні ў гэтай частцы мной дадзены. Неабходныя рашэнні на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы прыняты. Патрабую іх няўхільнага выканання. Шырокія паўнамоцтвы для гэтага членам урада і губернатарам прадастаўлены".

"Больш таго, мы ўжо апрабавалі гэтыя метады работы. Атрымалася. Нармальна. Але пры гэтым я хачу вас папярэдзіць: мы не павінны зрабіць так, асабліва ў сферы цэнаўтварэння, гэта галоўнае, каб загубіць бізнес. Ні ў якім разе!", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі мы дзе-небудзь уручную пачалі нешта рэгуляваць, дык знайдзіце час пагаварыць з бізнесменамі, асабліва гэта датычыцца гандлю, каб яны вам расказалі, дзе якія праблемы, і ў вас ёсць усе паўнамоцтвы для таго, каб там пасунуцца, - сказаў Прэзідэнт. - Хоць я тут не бачу таксама ніякіх праблем. Прымаючы гэта рашэнне, я перш за ўсё меў на ўвазе тое, што ў нас непараўнальна з мінулымі крызісамі таннейшыя рэсурсы. Таму нічога страшнага няма, калі мы пратрымаемся на гэтым узроўні цэн. Мы іх не зніжаем, але, можа недзе і ўручную давядзецца іх адрэгуляваць на асобныя групы тавараў. У гэтым няма ніякага страху".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў час апошняга візіту ў Расійскую Федэрацыю ў кулуарах абмяркоўвалася гэта тэма. "Я кажу: ну, вы ж такія рыначнікі, так рушылі наперад, а сёння - глядзіце, пачалі рэгуляваць цэнаўтварэнне ў гандлі, а мяне ж за гэта білі і нагамі тапталі!  Аб мяне хто толькі не выціраў у Расіі ногі, калі мы ў цяжкую хвіліну браліся за гэтыя рычагі і іншыя! А цяпер адзін к аднаму паўтараюць тое, што было ў нас, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Правільна робяць. Таму што галоўнае - не пагоршыць сітуацыю, але і не парушыць асноўныя прынцыпы і законы функцыянавання эканомікі. Я не кажу, рыначныя або адміністрацыйныя метады - няважна. Не парушыць, каб гэта не паўплывала на работу прадпрыемстваў, каб яны не закрыліся і не выкінулі на вуліцу людзей".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што паставіў задачу ўраду пачаць працаваць над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што важнейшыя прыярытэты дзяржаўнай эканамічнай палітыкі застаюцца ранейшымі.

"У цэнтры ўвагі павінны быць развіццё чалавечага патэнцыялу, стымуляванне дзелавой ініцыятывы, прадпрымальніцтва, рост і збалансаванасць знешняга гандлю, устойлівае развіццё рэгіёнаў, якаснае даступнае жыллё і прадукты харчавання, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Нічога новага, усё гэта мы праходзілі ўжо".

"Моцная сацыяльная палітыка, клопат аб чалавеку, увага да моладзі, стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей - былі, ёсць і будуць вышэйшымі мэтамі нашай дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Разам з тым, падкрэсліваю, ад абноўленага складу ўрада чакаю свежых ідэй па сучасных механізмах дасягнення пастаўленых мэт. Вы - штаб па вызначэнні метадаў і шляхоў збалансаванага развіцця беларускай эканомікі і павышэння дабрабыту народа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіна перажывае складаны перыяд і цяперашняму ўраду будзе няпроста. Аднак, на думку Кіраўніка дзяржавы, ёсць і станоўчыя моманты. "Тое, што нам сёння не трэба думаць аб выпрацоўцы нейкіх новых напрамкаў. У нас перад урадам няма праблемы: а як быць, а як працаваць? Мы ўжо ўсё паспрабавалі не проста тэарэтычна, у букварах недзе, у кніжках пачыталі і думаем: падыдзе - не падыдзе. Мы гэта на практыцы праверылі. Выбірай сёння любы інструмент і дзейнічай. Мы ведаем, куды ісці, як ісці, што трэба рабіць у працэсе гэтага шляху - усе органы ўлады і кіравання гэта ведаюць. І гэта вялікае дасягненне. Але гэта яшчэ не ўсё. Трэба яшчэ браць інструменты і пачынаць працаваць. І трэба ісці, а не стаяць. Ні ў якім разе нельга спыняцца! Я часта кажу ў больш цесным асяроддзі: лепш ісці і недзе дапусціць памылку, чым стаяць на месцы", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што ўраду трэба больш увагі ўдзяляць аналізу тэндэнцый развіцця праз прызму сусветных і рэгіянальных эканамічных працэсаў, ствараць прагнозныя мадэлі дзеянняў і магчымых рашэнняў. "Прадбачыць, а не проста даводзіць заданні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама папрасіў мець гэта на ўвазе пры падрыхтоўцы праграмы дзейнасці ўрада, якая згодна з Канстытуцыяй у двухмесячны тэрмін павінна быць прадстаўлена парламенту.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама тэму аптымізацыі дзяржаўнага апарату.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што даручыў Андрэю Кабякову прадоўжыць работу па аптымізацыі функцый дзяржаўных органаў і ўнесці на разгляд цэласныя сістэмныя прапановы.

"У чым іх сутнасць? Гэта, перш за ўсё, нарэшце пазбавіць дзяржорганы ад дубліруючых і неўласцівых ім функцый. Вось гэта галоўнае! У выніку дзяржаўны апарат павінен стаць нешматлікім, добра аплатным і высокапрафесійным", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Больш таго, неабходна ў цэлым забяспечыць адкрытасць і празрыстасць усіх органаў улады, асабліва на мясцовым узроўні, дзе ўлада бліжэй за ўсё сутыкаецца з насельніцтвам", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба, у тым ліку пад эгідай Савета дэпутатаў, пашыраць практыку грамадскіх абмеркаванняў важнейшых рашэнняў, уключаючы тым самым грамадзян у кіраванне дзяржавай, ствараючы надзейны бар'ер карупцыі.

Гаворачы аб кадравай палітыцы, Прэзідэнт адзначыў, што яна павінна арыентавацца на пошук і выхаванне новых, перспектыўных людзей, здольных па-сучаснаму мысліць і генерыраваць эфектыўныя рашэнні.

"Сёння жыццё патрабуе максімальнай сабранасці, аператыўных і зладжаных дзеянняў усіх дзяржаўных органаў па ключавых напрамках унутранай і знешняй палітыкі. Калі не аб'яднаемся, не аб'яднаем нашы рэсурсы, здольнасці, магчымасці, таленты - мы не выстаім!" - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"Самая вялікая пагроза - не пятая калона, не апазіцыя, не вайна з боку Усходу, Захаду, як тут нас некаторыя палохаюць. Самая вялікая небяспека для нас тоіцца ў нас саміх, эканоміцы", - адзначыў Прэзідэнт. Ён удакладніў, што для таго, каб пазбегнуць нейкіх нечаканасцей, і фарміруе перш за ўсё моцнае эканамічнае ядро.

"Агульнымі намаганнямі мы зможам пераадолець любыя перашкоды, якія б ні існавалі перад намі, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Нічога асаблівага ў гэтым выпадку і складанага для нас няма. Мы вырашалі і ведаем, як вырашаць гэтыя задачы. І я ўпэўнены, што мы іх вырашым. Ёсць толькі адно - крыху змяніліся ўмовы. Нам гэта таксама знаёма. Таму трэба прыстасавацца да новых умоў, яны не ўсюды, не па ўсім фронце новыя, прыстасаваць нашу эканоміку, перш за ўсё фінансы, і наша сацыяльна-эканамічнае жыццё ў дзяржаве".