Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Мінску

  • 33
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку насцярожваюць дэзынтэграцыйныя тэндэнцыі ўнутры СНД. Аб гэтым ён заявіў 10 кастрычніка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Мінску.

"На жаль, цяпер нярэдка можна пачуць сцвярджэнне аб бесперспектыўнасці СНД як інтэграцыйнай структуры. Беларусь не раз выказвала свой пункт гледжання, не без крытыкі, наконт важнасці для ўсіх нас Садружнасці Незалежных Дзяржаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Выбарачны ўдзел дзяржаў СНД у тых напрамках супрацоўніцтва, якія іх цікавяць, надае Садружнасці гібкасць і падкрэслівае яе ўнікальнасць, аднак такая селектыўнасць аслабляе арганізацыю, робіць яе менш эфектыўнай", - лічыць беларускі лідар.

"Унутры Садружнасці ўзмацняюцца, на жаль, дэзынтэграцыйныя працэсы, і гэта таксама не можа не насцярожваць. Асабліва з улікам спроб асобных добразычліўцаў пахаваць СНД, як непатрэбны рудымент. Беларусь не з'яўляецца прыхільніцай такога песімістычнага падыходу. Мы заўсёды выступалі за развіццё двухбаковага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, менавіта таму Беларусь паўторна ўзяла на сябе старшынства ў СНД у бягучым годзе.

"Мы прадоўжылі рэалізацыю нашых канцэптуальных падыходаў па развіцці СНД. Мы зрабілі ўсё, што ад нас залежыць, для захавання накопленага больш як за 20 гадоў патэнцыялу", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, падзякаваўшы за падтрымку ў гэтай рабоце Выканаўчаму камітэму СНД і краінам, прыхільніцам інтэграцыі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гісторыя інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы пачалася менавіта з СНД. "СНД - гэта фундамент, які фарміруе ўмовы і вызначае зацікаўленасць кожнай краіны ў ступені інтэграцыі", - адзначыў беларускі лідар. Ён дадаў, што вопыт СНД актыўна выкарыстоўваецца ва ўсіх іншых арганізацыях, створаных на постсавецкай прасторы. Яна адыграла сваю станоўчую ролю ў далейшым аднаўленні і развіцці міждзяржаўных сувязей на постсавецкай прасторы. На думку Прэзідэнта Беларусі, у многім дзякуючы Садружнасці гандлёва-эканамічныя адносіны атрымалі новы імпульс, аднак не без праблем апошнім часам. Акрамя таго, наладжаны пастаянны палітычны дыялог, супрацоўніцтва ва ўмацаванні бяспекі, гуманітарнай сферы.

На думку Прэзідэнта Беларусі, прысутнасць на сённяшнім пасяджэнні амаль усіх кіраўнікоў дзяржаў СНД красамоўна пацвярджае жыццяздольнасць Садружнасці. "Нам усім неабходна такая аб'яднальная платформа. Тут няма абыякавых. Настаў час адкрыта, па-мужчынску пагаварыць аб далейшым лёсе Садружнасці", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што апошнім часам усіх хвалююць пытанні бяспекі на прасторы СНД.

"Шчыра кажучы, гэта не толькі мой пункт гледжання. Мы павінны тут больш у рамках СНД удзяляць увагі гэтым праблемам. Таму што куды ўжо далей, калі вайна ідзе на тэрыторыі аднаго з нашых партнёраў, члена Садружнасці Незалежных Дзяржаў", - адзначыў беларускі лідар.

"Я сказаў, што гэта не мой пункт гледжання, але, упэўнены, што амаль усіх: недапушчальна, напэўна, калі хвалюючыя пытанні, якія датычацца такой краіны, як Украіна, вырашаюцца недзе далёка, не то ў Берліне, не то ў Мілане. Тады паўстае пытанне: чаму да нас звяртацца па іншых пытаннях - эканамічных, палітычных, дыпламатычных? Трэба іх, напэўна, вырашаць там - у Берліне або Мілане", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Абсалютна недапушчальна сітуацыя, калі тут у нас практычна ў цэнтры Еўропы вядуцца баявыя дзеянні. Спадзяюся, што ўсе прысутныя падтрымаюць мяне ў думцы аб неабходнасці хутчэйшага спынення сутыкненняў на паўднёвым усходзе Украіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да калег. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што цяпер важна ўсведамляць, што Украіна - не проста лакальны ачаг напружання, баявыя дзеянні ўплываюць непасрэдна на бяспеку і падрываюць эканамічнае развіццё як Украіны, так і ўсяго постсавецкага рэгіёна.

На думку беларускага лідара, бакі канфлікту ва Украіне павінны не проста знайсці агульныя інтарэсы, а спыніць кровапраліцце і выканаць дамоўленасці, дасягнутыя ў Мінску.

"Усе спрэчныя пытанні трэба вырашаць толькі мірным шляхам. Нельга дазволіць і далей ліцца крыві нашага брацкага народа", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў парадку дня прадстаўлены шэраг пытанняў па супрацоўніцтве праваахоўных органаў, якія маюць важнае практычнае значэнне. У прыватнасці, пытанні процідзеяння незаконнай міграцыі, гандлю людзьмі, узаемадзеяння органаў фінансавай разведкі і генеральных пракурораў. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ўчора на сесіі Генеральнай асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі выступіла ад імя дзяржаў - удзельніц СНД на тэму барацьбы са злачыннасцю.

Прэзідэнт Беларусі акцэнтаваў увагу на Канцэпцыі далейшага развіцця СНД, у рамках якой  выкананы значны аб'ём работ па развіцці навуковай і навукова-тэхнічнай сфер. Тым не менш, на яго думку, узровень супрацоўніцтва паміж навуковымі арганізацыямі Садружнасці недастатковы. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць неабходным звярнуць асаблівую ўвагу менавіта на практычную работу ў гэтым напрамку.

Падводзячы вынікі саміту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што былі падрабязна абмеркаваны канцэптуальныя пытанні, праблемы і перспектывы развіцця Садружнасці. "Праведзеная размова чарговы раз пацвердзіла нашу гатоўнасць да канструктыўнага супрацоўніцтва і ўзаемаразумення", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Па выніках саміту кіраўнікі дзяржаў - удзельніц СНД падпісалі 15 дакументаў. У прыватнасці, прынялі зварот да сусветнай грамадскасці ў сувязі з 70-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Лідары краін СНД дамовіліся, што ў 2015 годзе старшынства ў Садружнасці пераходзіць да Казахстана, і чарговы саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД пройдзе ў верасні - кастрычніку наступнага года ў Астане. Кіраўнікі дзяржаў таксама дамовіліся аб’явіць 2016 год Годам адукацыі ў СНД.