Пасяджэнне Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўных органаў не захапляцца ведамаснай статыстыкай. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 27 лютага на пасяджэнні Савета Бяспекі Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на агульнае паляпшэнне крымінагеннай сітуацыі ў краіне, зніжэнне колькасці загінулых і пацярпелых ад злачынстваў і правапарушэнняў, назбіралася нямала праблемных пытанняў па забеспячэнні правапарадку і абароне грамадзян. Іх трэба дэталёва абмеркаваць.

Пры гэтым, паводле слоў Прэзідэнта, неабходна разумець, што на злачынную сітуацыю ў краіне ўплывае і тое, што адбываецца за межамі дзяржавы. "Калі гаварыць аб'ектыўна, нам няпроста змагацца са злачыннасцю, таму што ўсе мы бачым і разумеем, што адбываецца вакол нашай краіны. І яшчэ трэба разумець тое, што Беларусь засталася адзіным бяспечным, спакойным калідорам для перамяшчэння людзей, грузаў, напэўна, і капіталаў з Усходу на Захад і з Захаду на Усход", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы найбольш актуальныя напрамкі ў барацьбе з крыміналам, Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу адзначыў вялікую колькасць бытавых злачынстваў. "Мною не раз акцэнтавалася ўвага на яўна недастатковых мерах па папярэджанні і спыненні бытавой злачыннасці, асабліва насілля ў сям'і. Удумайцеся, амаль трэць забойстваў учыняецца на бытавой глебе", - сказаў Прэзідэнт.

Ён упэўнены, што гэта адзін з галоўных паказчыкаў работы міліцыі. "Калі мы не можам у быце да парадку прыцягнуць дэбашыраў і забойцаў, аб якой міліцыі наогул можна тады весці размову? Ды і аб пракуратуры ў тым ліку", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Любы чалавек у краіне павінен адчуваць сябе абсалютна абароненым ад такіх злачынстваў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Без гэтага ні аб якім прававым дабрабыце грамадства гаварыць не даводзіцца.

Асаблівую трывогу, звярнуў увагу Прэзідэнт, выклікаюць трагічныя здарэнні, у тым ліку на дарогах, якія ўчыняюцца пад уздзеяннем алкаголю. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што МУС ужо некалькі разоў прапаноўвала ўвесці пэўныя забароны і абмежаванні ў гандлі спіртнымі напіткамі. "Хацелася б пачуць пазіцыю Урада наконт гэтага і канкрэтныя прапановы, як вырашаць праблему п'янства", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён заўважыў, што не з'яўляецца прыхільнікам празмерных забарон, і, хутчэй за ўсё, дадаткова яны ўводзіцца ў краіне не будуць. Прэзідэнт растлумачыў, што любое абмежаванне заўсёды можна абмінуць, што толькі можа ўскладніць сітуацыю ў гэтай сферы. Не дапаможа і павышэнне ўзросту продажу алкаголю да 21 года, перакананы ён. "Так, не трэба прадаваць спіртное каля школ і гэтак далей, нельга прадаваць на аўтобусных прыпынках. Мы прынялі гэтыя рашэнні. Засталося толькі забараніць алкаголь наогул - але мы таксама гісторыю помнім. Гэта пры нашым жыцці было, калі забаранілі алкаголь. Да чаго гэта прывяло?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ўзмацніць пакаранні за правапарушэнні і злачынствы, учыненыя ў нецвярозым стане. "Павінны быць строгія меры адказнасці, пачынаючы ад з'яўлення ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах там, дзе не павінен з'яўляцца, і заканчваючы, калі ты сеў у аўтамабіль і забіў чалавека", - лічыць Прэзідэнт.

Магчыма, трэба і больш узважана падыходзіць да выдачы вадзіцельскіх правоў. Паколькі шмат аварый на дарогах адбываецца па віне безадказных або дрэнна падрыхтаваных вадзіцеляў, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Пры падрыхтоўцы вадзіцеляў трэба ўзмацняць адказнасць. Але асабліва за тое, калі ты п'яны сеў за руль", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Павінна быць адпаведная строгая мера адказнасці. І з гэтага пункту гледжання я чакаю прапаноў ад пракурора і Адміністрацыі Прэзідэнта. Трэба разбірацца з такімі з'явамі. П'янства - гэта самая страшэнная сёння праблема грамадства. Ва ўсіх сацыялагічных апытаннях насельніцтва ўжо на першае месца ставіць п'янства. Асобна трэба паглядзець на гэту праблему з пункту гледжання закона, прыняцця мер маральнай і іншай адказнасці", - даручыў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзяржава рэалізуе цэлы комплекс мер па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і процідзеянні наркаманіі. МУС дакладвае аб паспяховай рабоце ў гэтым напрамку. Аднак Кіраўнік дзяржавы ўсумніўся, ці не працуюць адпаведныя падраздзяленні ўнутраных спраў выключна на статыстыку.

"Ці не хаваецца за дасягнутымі поспехамі барацьба з дробнымі збытчыкамі наркотыкаў або тымі, хто сеў на гэту іглу? Мы змагаемся супраць наркаманаў, а дзе тыя, хто сёння партыямі пастаўляюць гэту наркату ў Беларусь? Вось хто галоўны злачынец, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Клапоцячыся толькі аб паказчыках, ніякай размовы аб эфектыўнай ліквідацыі каналаў паступлення наркотыкаў у краіну ісці не можа. Вядома, значна лягчэй атрымаць хуткі вынік за кошт "драбязы", а сітуацыя на самай справе будзе толькі пагаршацца".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў ад праваахоўных органаў не захапляцца ведамаснай статыстыкай, а вырашаць канкрэтныя праблемы. На яго думку, выкарыстоўваць ведамасную статыстыку трэба для аналізу, а не для самазаспакаення. "Неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Таксама Аляксандра Лукашэнку насцярожыла дэкларуемае зніжэнне крымінальных праяў на 7% у год: "Можа, у нас хутка наогул злачыннасці не будзе? Узнікаюць сумненні ў аб'ектыўнасці гэтай карціны, хоць Міністр унутраных спраў мне пастаянна гаворыць, што яго мэта - выключыць гэту "палачную" статыстыку. Так павінна і быць. Патрэбны вынік".

Акрамя таго, Прэзідэнт зноў адзначыў хібы ў барацьбе з карупцыяй. "На жаль, не ўсе праваахоўныя органы працуюць эфектыўна. Паборы, хабары, паднашэнні, махінацыі з бюджэтнымі сродкамі да гэтага часу не выкаранены ў Беларусі", - выказаў нездавальненне Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў Міністру ўнутраных спраў і Генеральнаму пракурору грунтоўна далажыць па гэтых пытаннях.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што важную задачу па абароне грамадзян вырашаюць органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Іх дзейнасць павінна і далей развівацца і ўдасканальвацца, упэўнены ён. "Дзяржава накіроўвае значныя сродкі на падрыхтоўку прафесійных кадраў і матэрыяльнае забеспячэнне ведамства. Неабходна адпаведная аддача, рацыянальнае і мэтанакіраванае выкарыстанне фінансавых сродкаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў канкрэтных прапаноў ад членаў Савета Бяспекі па ўсіх агучаных пытаннях. "Ніякіх самасправаздач. У агульных рысах - што зроблена. А галоўнае - што не ўдалося зрабіць і што будзем рабіць, якія меры трэба ў далейшым прыняць. Нам трэба тут, на пасяджэнні Савета Бяспекі, выявіць самыя небяспечныя тэндэнцыі ўнутранай бяспекі нашай краіны і дамовіцца аб мерах, якія мы павінны прыняць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Таму ніякай самасправаздачнасці і самалюбавання, што вы чагосьці тут дасягнулі. Дасягнулі - добра. Цяпер давайце думаць, як далей будзем рухацца".