Пасяджэнне Савета Бяспекі Беларусі

  • 1

У Беларусі павінны быць забяспечаны ваенная бяспека і сацыяльна-палітычная стабільнасць у грамадстве. Такую задачу паставіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета Бяспекі Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сітуацыя вакол Беларусі істотна змянілася, кардынальна зведалі трансфармацыю формы і спосабы вядзення не толькі барацьбы, але і вайны. "Мабыць, ніколі яшчэ ў сучаснай гісторыі погляды на ваенную справу не змяняліся так радыкальна і хутка. І ніколі яшчэ канфлікты не ўспыхвалі і не развіваліся так непрадказальна і імкліва. Гэта, на жаль, наша рэальнасць, у якой мы жывём і на якую мы не проста павінны рэагаваць, а рабіць адпаведныя вывады і практычныя крокі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, усё часцей даводзіцца сутыкацца з сітуацыямі, якія раней не мелі аналагаў. "Узнікаюць так званыя гібрыдныя пагрозы, размываецца паняцце тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы. Шырокае распаўсюджванне атрымлівае распрацаваная заходнімі экспертамі стратэгія не прамых дзеянняў, у якой асаблівая роля ў дасягненні мэт прадастаўляецца няўрадавым арганізацыям радыкальнай накіраванасці і іншым такім арганізацыям, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым актыўна выкарыстоўваецца патэнцыял прыватных ваенных кампаній, а потым ваенная магутнасць арміі. Вялікае значэнне набываюць інфармацыйныя войны, актывізацыя так званых пятых калон і фарміраванне негатыўнай грамадскай думкі з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і інтэрнэту".

Кровапраліцце, якое не спыняецца ва Украіне, з'яўляецца павучальным урокам для любой суверэннай дзяржавы. "Супярэчнасці ўнутры яе палітычнага ўкладу, карупцыя і разлажэнне ўлады, слабасць сістэмы забеспячэння бяспекі дзяржавы прывялі да Майдана і грамадзянскай вайны - да тысяч загінуўшых, хаосу ў эканоміцы. Краіна разадрана на часткі, церпяць бязвінныя людзі. І ў той жа час там назапашваецца патэнцыял нянавісці і экспарту "каляровай рэвалюцыі", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы. "Мы не можам быць абыякавыя да гэтага канфлікту. Наша пазіцыя ў гэтых адносінах заяўлена дакладна і выразна. Пакуль няма неабходнасці змяняць нашу пазіцыю, час даказаў правільнасць нашых учынкаў", - дадаў ён.

Не менш насцярожвае нарошчванне ваеннага патэнцыялу НАТА ўздоўж заходніх граніц Беларусі. "Узрастаючая колькасць мерапрыемстваў падрыхтоўкі сіл Паўночнаатлантычнага саюза, узмацненне разведвальнай дзейнасці, разгортванне ваенных аб'ектаў на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі даюць магчымасць зрабіць вывад аб тым, што Захад мэтанакіравана прадаўжае рабіць стаўку на ваенную сілу для забеспячэння сваіх геапалітычных інтарэсаў", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле яго слоў, усё гэта сведчыць аб тым, што Беларусі неабходна развіваць і ўмацоўваць сваю абараназдольнасць.

"Пры гэтым я не хачу ўтойваць і ўсходняга напрамку ў гэтай сітуацыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Паводзіны нашага ўсходняга роднага брата не могуць не насцярожваць. Але мы пакуль не робім з гэтага нейкіх вывадаў, я ў тым ліку, да размовы з Прэзідэнтам Расіі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. "Я хачу ўсё ж такі высветліць: навошта патрэбна такая палітыка Расійскай Федэрацыі адносна Беларусі", - дадаў ён.

"Але не ўлічваць гэта, вядома ж, нельга, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы не драматызуем сітуацыю. Мы проста хочам яснасці".

"Мы з вамі некалі канстатавалі, што галоўныя пагрозы для нашай краіны крыюцца ў эканоміцы, іншай нейкай пагрозы, у тым ліку з боку няўрадавых арганізацый, нейкай радыкальнай апазіцыі, яшчэ чаго-небудзь, няма і быць не можа. Прынамсі, улады яшчэ адпавядаюць інтарэсам народа, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нягледзячы на тое, што ў нас некаторыя крылы апусцілі і перасталі працаваць, народ церпіць гэту ўладу".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што эканоміка для любой дзяржавы - вельмі небяспечны напрамак удару, асабліва для экспартна арыентаванай і асабліва ў цяперашняй сітуацыі.

"Усе павінны разумець, што нікому не будзе дазволена размаўляць з нашай краінай з пазіцыі сілы. Мы не гіганцкая дзяржава, не маем сілы ядзернай зброі, але наша армія дастаткова баяздольная, каб адказаць на любую пагрозу. І не толькі армія - увесь народ", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Мы не хочам хадзіць пад бізуном і каб нас папіхалі дзень пры дні, кожную гадзіну. Таму мы будзем берагчы свой кавалак зямлі, сваю дзяржаўнасць і сваю незалежнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мы ясна разумеем, што стабільнасць і бяспека краіны - гэта тое, што ў першую чаргу забяспечвае ўстойлівае развіццё дзяржавы. Мы не ставім сабе за мэту развязаць вайну, але абавязаны рабіць усё, што ад нас залежыць, каб забяспечыць ваенную бяспеку і сацыяльна-палітычную стабільнасць у грамадстве", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, "калі нехта думае, што мы спецыяльна нагнятаем абстаноўку ўнутры нашага грамадства і дзяржавы, калі нехта думае, што мы спецыяльна шукаем нейкіх знешніх ворагаў, то глыбока памыляецца". "У нас якраз такі перыяд развіцця і існавання дзяржавы, калі нам не патрэбны ні знешнія ворагі, у выглядзе нейкага пудзіла, ні нейкая ўнутраная насцярожанасць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нам патрэбны мір і спакой. Толькі ў гэтай сітуацыі мы зможам дастойна развівацца і процістаяць любым выклікам".

Прэзідэнт дадаў, што "калі ў некага ўзнікне думка прыйсці да нас з мячом, то ён таксама павінен быць упэўнены, што ад гэтага мяча і атрымае".

Кіраўнік дзяржавы цікавіўся ва ўдзельнікаў пасяджэння, наколькі ўлічаны сучасныя тэндэнцыі, формы, спосабы вядзення ўзброенай барацьбы, як ацэнена з пункту гледжання забеспячэння бяспекі Беларусі існуючая ваенна-палітычная і стратэгічная абстаноўка, а таксама як будуць уплываць тыя ці іншыя пагрозы на краіну. Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць ацэньваць сітуацыю рэальна і прапаноўваць рашэнні з улікам існуючых магчымасцей.

На пасяджэнні быў дэталёва разгледжаны план абароны Беларусі на наступную пяцігодку. План распрацаваны з улікам глыбокага аналізу абстаноўкі, якая складваецца цяпер у свеце і ў краіне.

Прэзідэнт заслухаў даклады шэрага службовых асоб па забеспячэнні гэтага плана, дэталёва ўнікаючы ва ўсе пытанні, і паставіў шэраг задач, якія датычацца пэўных нюансаў забеспячэння плана на розных этапах абстаноўкі.Па выніках пасяджэння Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь - Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі падпісаў рашэнне і Дырэктыву на абарону дзяржавы.