Падпісаны ўказы аб назначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указы № 293 і № 294 аб назначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года.

    Указамі прадугледжана, што Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў у адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі арганізуе правядзенне выбараў і ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах.

    Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы павінны не пазней за 8 кастрычніка 2019 года правесці вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і забяспечыць выкананне іншых аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Савет Рэспублікі.

    У сваю чаргу дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі павінны забяспечыць выкананне аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў.

    Савету Міністраў даручана забяспечыць фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне абодвух выбараў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя агульнадзяржаўныя пытанні.

    Указы ўступаюць у сілу з дня іх афіцыйнага апублікавання.