Падпісаны Указ аб рэспубліканскім фондзе універсальнага абслугоўвання сувязі і інфарматызацыі

    У Беларусі ствараецца рэспубліканскі фонд універсальнага абслугоўвання сувязі і інфарматызацыі. Адпаведны Указ № 13 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Дакумент прыняты для далейшага развіцця ў краіне дзейнасці ў галіне тэлекамунікацый, інфарматызацыі, інфармацыйных тэхналогій і ўніверсальных паслуг сувязі.

    Рэспубліканскі фонд універсальнага абслугоўвання сувязі і інфарматызацыі ствараецца ў складзе рэспубліканскага бюджэту і з'яўляецца дзяржаўным мэтавым бюджэтным фондам. Яго даходы будуць фарміравацца за кошт адлічэнняў аператараў электрасувязі ў памеры 1,5% іх даходаў ад аказання паслуг электрасувязі.

    Ад адлічэнняў па 31 снежня 2020 года будуць вызвалены аператары электрасувязі, якія эксплуатуюць адзіную рэспубліканскую сетку перадачы даных, каардынуюць работы па яе стварэнні і развіцці, а таксама выступаюць заказчыкамі па праектаванні, будаўніцтве, аснашчэнні апорнай сеткі перадачы даных.

    У гэтым годзе рэспубліканскі фонд універсальнага абслугоўвання і інфарматызацыі будзе сфарміраваны ў суме Br45 млн. Распарадчыкам сродкаў фонду стануць Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, а таксама дзяржаўныя органы, якія з'яўляюцца заказчыкамі дзяржпраграм інфарматызацыі.