Каментарый да Указа № 327 ад 4 верасня 2019 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 327 "Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў".

    Дакументам вызначаюцца ўмовы і механізмы ўдзелу ўласнікаў жылых і нежылых памяшканняў у фінансаванні энергаэфектыўных мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання цеплавой энергіі ў шматкватэрных жылых дамах, скарачэнні затрат на ацяпленне і павышэнні спажывецкіх характарыстык такіх дамоў.

    Згодна з Указам, рашэнне аб правядзенні названых мерапрыемстваў на добраахвотнай аснове прымае агульны сход удзельнікаў сумеснага домаўладання, калі за яго прагаласавалі ўласнікі, якія маюць больш за дзве трэці галасоў. Прадугледжваецца, што ў фінансаванні энергаэфектыўных мерапрыемстваў магчымы долевы ўдзел бюджэту і ўласнікаў, а таксама прыцягненне на гэтыя мэты іншых крыніц, уключаючы пазыковыя сродкі міжнародных крэдытна-фінансавых арганізацый.

    Уласнікі будуць кампенсаваць затраты толькі пасля завяршэння работ па павышэнні энергаэфектыўнасці дамоў. Памер кампенсацыі будзе вызначацца прапарцыянальна долі кожнага ўласніка ў агульнай плошчы жылых і (або) нежылых памяшканняў.

    Указам устаноўлены парадак такога кампенсавання: для ўласнікаў нежылых памяшканняў, убудаваных у шматкватэрныя жылыя дамы, - у поўным памеры штомесяц роўнымі долямі на працягу 3 гадоў, для ўладальнікаў жылых памяшканняў - у памеры не меншым за 50% ад затрат штомесяц роўнымі долямі на працягу 10 гадоў. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзена права прадаўжаць да 15 гадоў тэрмін кампенсавання затрат сацыяльна слабаабароенымі і малазабяспечанымі грамадзянамі.