Бел
Галоўная   /  Падзеі

Назначэнне памочнікаў Прэзідэнта па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

29 кастрычніка 2020 года

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка назначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і горадзе Мінску.

Валерый Вакульчык назначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Брэсцкай вобласці. Юрый Караеў назначаны на адпаведную пасаду па Гродзенскай вобласці, а Аляксандр Барсукоў - у Мінску.

"Публічна хачу давесці да ўсіх прысутных: мною прынята кадравае рашэнне і вы ўтраіх накіроўваецеся не тое што на асабліва небяспечныя ўчасткі, але вельмі адказныя ўчасткі нашай краіны. У сувязі з тымі падзеямі, перш за ўсё, якія адбыліся (яны яшчэ не скончаны, мы яшчэ не ведаем, у што гэта можа выліцца). Чаму вы? Вы людзі ваенныя, інфармаваныя, вас не трэба ўводзіць у курс справы і вучыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць і ўдасканаліць нарматыўна-прававую базу, якая датычыцца памочнікаў. "Таму што паўнамоцтвы іх будуць значна шырэйшыя. Я не хачу цяпер канкрэтызаваць іх экспромтам. Мы пра гэта яшчэ павінны пагаварыць. Але традыцыйна застаюцца падбор кадраў на гэтых напрамках, зразумела, разам з губернатарам. І кантроль за дзейнасцю кадраў. Поўнасцю. Усіх кадраў у вобласці. Ад старшыні сельскага савета, кіраўніка прадпрыемства да губернатара, - сказаў Прэзідэнт. - Але па падборы і іншых пытаннях, сацыяльна-эканамічнага развіцця, вядома, гэта вельмі тонкая работа. У іх вопыт ёсць. Гэта работа з кіраўнікамі рэгіёнаў - Брэсцкай вобласці, Гродзенскай вобласці і Мінска. Таму кантакт з губернатарам - гэта вельмі тонкая работа. І я абсалютна ўпэўнены, што, маючы такі вопыт, яны гэта змогуць зрабіць".

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці выпрацаваць сістэму работы памочнікаў з Прэзідэнтам: "Адзін раз у месяц, раз у два месяцы, у квартал... Гэта яны павінны прапанаваць. Памочнікі ад Прэзідэнта не павінны быць адрэзаны. Бягучая работа - у Адміністрацыі Прэзідэнта з Кіраўніком Адміністрацыі, як гэта было ўстаноўлена пры Вас (размова пра Наталлю Качанаву. - Заўвага). Вы гэта ведаеце, таму дапамагаць у гэтым плане будзем".

Кіраўнік дзяржавы паставіў перад памочнікамі шэраг задач, уключаючы сферу грамадскай бяспекі, выказаўся па знешнепалітычных аспектах. "Давайце шчыра: у Гродне вывешвалі польскія сцягі. Ну, калі іх сёння знялі, гэта ж не значыць, што там у кагосьці ў галаве нешта не блукае. Вы бачыце паводзіны некаторых клірыкаў нашых цэркваў - і каталіцкай, і праваслаўнай. Таму гэта таксама зона вашай адказнасці, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І наогул вы павінны разумець, што за межамі нашай краіны НАТАўцы не ўціхамірыліся, што б яны ні гаварылі".

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым згадаў пра сваю нядаўнюю тэлефонную размову з Дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа. "У нас (Валерый Паўлавіч ведае) з ім вельмі добрыя адносіны. Усё, што пішуць у Telegram-каналах, - гэта фігня. Нічога ён ад мяне не патрабаваў, была вельмі цёплая, добрая такая размова. Але я яму адкрыта сказаў, па-сяброўску: "Майкл, нягледзячы на гэта, я ж разумею, што адбываецца". І я яго папярэдзіў: калі толькі там ірвануцца з боку Польшчы, Літвы і, можа, Украіны (гэта нават не абмяркоўваецца, ім не да гэтага), а вось палякі і літоўцы, у асноўным палякі (што там літоўцы - арміі няма), - ну, мы будзем адказваць", - заявіў Прэзідэнт.

"Ён мяне запэўніў, што гэтага не можа ніколі быць і не будзе. Я гавару: добра, я пачуў. Мы гэта чуем, але мы павінны рэагаваць. Я пакуль пра Мінск не гавару, я гавару пра гэтыя заходнія вобласці", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта наяўнасцю важных участкаў работы на адпаведных напрамках Кіраўнік дзяржавы растлумачыў назначэнне Валерыя Вакульчыка і Юрыя Караева на пасады памочнікаў па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. "Таму ў мяне іншых больш надзейных няма. Я разглядаў іншыя ўчасткі работы. Але ўсё ж такі думаю, што гэта важнейшыя. Там ёсць над чым працаваць, - сказаў беларускі лідар. - Асабліва, Валерый Паўлавіч, заходні напрамак. З'яўляючыся супрацоўнікам і Старшынёй КДБ, заўсёды гэтаму ўвагу ўдзялялі. І тым не менш бачыце, як  атрымалася. Таму ўсе гэтыя веды трэба Юрыю Хаджымуратавічу перадаць".

"Таму нельга супакойвацца і наконт вось гэтых мэт, што ім, палякам, патрэбна ўся Беларусь. Вы ведаеце, нават калі ўсё НАТА ўвойдзе ў Беларусь, у іх гэта не атрымаецца. Нават калі мы адны будзем, у іх гэта не атрымаецца. Мы за сваю краіну загінем усе. Не дай бог, вядома. Яны павінны гэта ведаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб пытаннях пагранічнай бяспекі. "Я не хачу публічна гаварыць аб тым, якія мерапрыемствы мы праводзім і будзем праводзіць на граніцы. І мне патрэбны там ваенныя людзі. Вядома, Валерыю Паўлавічу (Валерый Вакульчык, які назначаны памочнікам па Брэсцкай вобласці. - Заўвага прасцей, таму што ён у свой час займаўся граніцай. Я думаю, што з Юрыем Хаджымуратавічам (назначаны памочнікам па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. - Заўвага) яны падзеляцца вопытам. У гэтага вопыт больш па бяспецы і навядзенні парадку. У Валерыя Паўлавіча больш тонкая была работа. У іх ёсць агульная мова. Яны разам працавалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у сферу адказнасці новых памочнікаў у тым ліку будуць уваходзіць мерапрыемствы на граніцы. "Нам трэба сёння яшчэ раз паглядзець, мы многае зрабілі, калі я гаварыў: мы павінны закрыць граніцу. Закрыць граніцу - не зрабіць яе жалезнай заслонай, гэта нікому не патрэбна. Граніца - гэта зона дружбы народаў. Вы бачыце, нам кінулі выклік. Якая тут дружба... Але народы не вінаватыя", - заявіў Прэзідэнт.

"Мы заўсёды былі надзейнай заслонай для палякаў, літоўцаў, латышоў і нават украінцаў на граніцы. Мы не прапускалі нікога, нічога. Што ім яшчэ трэба ад нас?" - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пагранічнай тэматыцы ўдзяляецца асаблівая ўвага і ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса ў свеце. "Вы бачыце, якая ўспышка шалёная адбылася ў разы ў Еўропе. Ды і ў нас ужо рост пад тысячу (выяўленыя выпадкі ў выніку тэсціравання. - Заўвага). Дзякуй богу, няма шалёнага росту кавід-пнеўманій", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што для барацьбы з інфекцыяй у Беларусі ёсць усё неабходнае, уключаючы апараты ШВЛ. Разам з тым расслабляцца нельга, лічыць ён.

Аляксандр Лукашэнка перад новымі памочнікамі ў рэгіёнах паставіў задачу па ўдзеле ў пытаннях арганізацыі грамадскай бяспекі. "Гэта вельмі важна вам як ваенным людзям - парадак у абласцях", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб несанкцыянаваных акцыях, якія праходзяць, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў асноўным бадзяюцца ў Мінску, але супакойвацца не трэба і ў рэгіёнах. "Няхай невялікія там былі гэтыя акцыі - 1-2 тыс., але тым не менш. Асабліва ў Гродне. Гэта што такое - заклікаюць спыніць "Гродна Азот" або арганізаваць забастоўку. А калі ўзрыў... Там жа высокатэхналагічная небяспечная вытворчасць. Не дай бог што здарыцца - Гродна побач, накрые цалкам. А ружа вятроў заходняя. Там круціць гэты вецер, над Гроднам разнясе воблака, загінуць тысячы і тысячы людзей. З гасцямі амаль паўмільёна ў Гродне знаходзіцца. Таму пытанне грамадскай бяспекі - найважнейшае пытанне", - заявіў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў кампетэнцыю памочнікаў, у прыватнасці Валерыя Вакульчыка ў Брэсцкай вобласці і Юрыя Караева ў Гродзенскай, будзе ўваходзіць армейскі складнік: "Дэсантна-штурмавая брыгада ў Брэсце на гэта арыентавана ў адпаведнасці з законам. І велізарная мотастралковая брыгада разгорнута ў Гродне. Гэта апора ваша і сілавікоў, губернатараў там. Сілавы складнік. Я гэта адкрыта гавару і не ўтойваю. Усе павінны гэта разумець".

Прэзідэнт таксама паставіў задачу па ўзаемадзеянні памочнікаў з Міністэрствам абароны, МУС, КДБ у цэнтры. "Асабліва з Мінабароны. Каб вы бачылі, чулі і разумелі, што адбываецца на граніцы і за мяжой. Каб вы своечасова мяне праінфармавалі. І калі трэба вас падперці Узброенымі Сіламі, як гэта было летам, мы гэта зробім. Гэта ў маёй кампетэнцыі. І дапамога ўпраўленням КДБ і МУС на месцы. Вы ведаеце, якія задачы мы тут вырашалі (раней вырашалі, у жніўні пасля выбараў). Ім трэба аказаць дапамогу, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - Зноў жа гавару: вельмі тонкая грань, вы не павінны нікога падмяняць. Вы не павінны камандаваць і кіраваць непасрэдна начальнікамі УУС і УКДБ на месцах. Таму што ў іх ёсць свае начальнікі. А ў вас ёсць свой начальнік - Прэзідэнт".

"Вы павінны мяне трымаць у курсе справы, і разам, калі трэба, мы будзем дзейнічаць. Вы ад мяне будзеце атрымліваць распараджэнні, як дзейнічаць па тых ці іншых напрамках. Вы людзі ваенныя і разумееце, што такое падначаленасць па вертыкалі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асаблівы перыяд і ў сталіцы - горадзе Мінску. Гэтым у тым ліку тлумачыцца назначэнне на пасаду памочніка Аляксандра Барсукова: "Таму што ён ведае Мінск як свае пяць пальцаў. Ні Вакульчык, ні Караеў, ні я і нават ні Качанава - ніхто так не ведае Мінск, як ён. Ён ведае ўсё. І цяпер яго задача - таксама арганізаваць поўную бяспеку сілавымі структурамі ў горадзе-героі Мінску. Перш за ўсё - грамадская бяспека. Ён усё жыццё гэтым займаўся".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што поўнасцю ў адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі прымае рашэнні па абароне міру і спакою грамадзян. "Вы ж паглядзіце, што адбываецца. Сёння я чытаю агляды: ах, Лукашэнка аддаў каманду працаваць у мінулую нядзелю прыцемкам, як я гаварыў, у спальных раёнах. Слухайце, я на тое і галоўнакамандуючы. Я які закон парушыў? Гэта мая справа. І Караеву (Юрыю Караеву - новаму памочніку па Гродзенскай вобласці, а да гэтага дня - Міністру ўнутраных спраў. - Заўвага) не трэба тут апраўдвацца. Ён правільна сказаў учора: а як інакш міліцыі было зрабіць, калі яны (удзельнікі несанкцыянаваных акцый. - Заўвага) паперлі, узломлівалі дзверы і рынуліся ў кватэры людзей. Мы ж не ведалі, з якой мэтай яны туды прыйшлі. Мы зыходзілі з горшага, і мы абаранялі сем'і", - сказаў беларускі лідар.

"Хтосьці хоча, каб міліцыя і ваенныя пайшлі з Мінска? Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта мае функцыі і паўнамоцтвы - абараніць спакой і мір нашых грамадзян. Так будзе і ў далейшым. Яны павінны гэта ведаць", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам трэба не фармальнай зрабіць работу народных дружын. Яны пачалі працаваць, але яшчэ на поўную сілу не разгарнуліся. Вы бачылі, як было ў Кыргызстане: хаос страшэнны, усе сілавікі разбегліся, няма каму абараняць краіну. Хто ўзяў на сябе адказнасць? Народныя дружыны. Яны падцягнулі міліцыянераў, якія разбегліся, яны спецслужбы падцягнулі да сябе і ваенных. І стварылі моцныя народныя дружыны. І на працягу сутак пагасілі ўсе пажары", - адзначыў беларускі лідар.

"Таму народныя дружыны павінны працаваць. Яны ў рэшце рэшт павінны страпянуцца і абараняць. Не трэба краіну, мы з вамі - генералы і іншыя людзі, амапаўцы, унутраныя войскі, армія - забяспечым абарону краіны. Няхай забяспечаць абарону сваіх дамоў", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў мабільныя атрады трэба прыцягваць былых ваеннаслужачых. "Паглядзіце, колькі зваротаў гэтых былых ваеннаслужачых, афганцаў. Колькі мужыкоў, а жанчын..., яшчэ больш, чым мужыкоў: вазьміце нас, мы будзем у дружынах, мы будзем у атрадах, мы многае можам! Чаму не прыцягнуць нам, аж да ўзбраення, у гэтыя лятучыя атрады былых ваеннаслужачых? Яны могуць нам здорава дапамагчы. І трэба, каб кожны чалавек адчуў, што ён абараняе сваю сям'ю і сваю зямлю", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам трэба абараніць працоўныя калектывы. Гэта датычыцца і Гродна, і Брэста. Вось, кажуць, на "Гродна Азоце" аж пад сотню чалавек выйшла. Пачалі разбірацца, а там жа прышлых колькі, - сказаў Прэзідэнт. - Таму трэба абараніць тых рабочых, якія хочуць працаваць. І не толькі рабочых - настаўнікаў, урачоў і гэтак далей".

"Усіх, хто не хоча, дэманстраваць хочуць... Я ўчора або пазаўчора ўжо сказаў - на вуліцу, мы з імі лепш будзем на вуліцы разбірацца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння ў нас вельмі цяжкая сітуацыя. Як ва ўсім свеце, людзей трэба лячыць. Мала кавіду, у нас жа акрамя яго іншыя рэспіраторныя захворванні, сезон пачаўся, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі кажуць мне, што ўрач недзе разгарнуў гэты калабарацыянісцкі сцяг, мне дрэнна становіцца. Не гаворачы пра настаўнікаў ужо (я, праўда, апошнім часам не чую)".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на акцыі ў тэатрах: "Людзі прыйшлі оперу паслухаць, спектакль паглядзець. Яны (пратэстуючыя. - Заўвага) загадзя скупляюць білеты, дзве-тры хвіліны, здымак зрабілі і разбегліся".

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць увагу на работу тых, хто адказвае за бяспеку ў адпаведных установах культуры. "Чым яны там займаліся, чаму яны гэтага не бачылі? Ну а калі ўбачылі, якія меры прынялі? Ніякіх", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся і аб сітуацыі ў некаторых студэнцкіх калектывах, даручыўшы арганізаваць бяспеку і даць магчымасць спакойна вучыцца тым, хто гэтага хоча. "Вельмі важнае пытанне - бяспека студэнтаў. Мы ўсе цяпер: вось, студэнты такія-сякія і іншае. Але трэба ж разумець, што там ёсць 10-15 чалавек... А астатнія нармальныя людзі. Мы ж былі студэнтамі. Адзін пайшоў, а іншыя ідуць, думаюць: ну як застацца - штрэйкбрэхерамі абзавуць, адшчапенцамі, здраднікамі. Ну і ідуць натоўпам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў намер некаторых студэнтаў паехаць вучыцца за мяжу. "Нехта хоча паехаць за мяжу вучыцца. Аб'яўляюць там палякі, літоўцы і іншыя. Не пытанне. Заўтра выпішам білеты, няхай едуць. Але толькі ў лінгвістычным універсітэце вучаць замежным мовам. Паверце, у Польшчы, Чэхіі і нават у Літве людзей, якія ўмеюць размаўляць на замежных, англійскай або нямецкай, мовах, дастаткова, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Кагосьці там пакінуць - аднаго-двух чалавек, і тое фізікаў, матэматыкаў, таленавітых".

"Калі яны думаюць там вучыцца, ім там мазгі прамыюць, як гэта робяць палякі нашым маладым людзям, якія там вучацца, і яны нам іх падкінуць як пятую калону... Гэтага не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Я даручыў Ураду. У бліжэйшы час будуць прыняты меры аб непрызнанні дыпломаў, атрыманых за мяжой", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што так адкрыта гаворыць, каб студэнты разумелі, што можа быць. "Таму дала магчымасць дзяржава ім атрымаць адукацыю - ідзіце вучыцеся. Але яшчэ раз гавару: трэба арганізаваць бяспеку студэнтаў, якія хочуць вучыцца, а іх 95% і больш, і асабліва рэктарам, кіраўніцтву і выкладчыкам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы людзі ваенныя. Цяпер вы разумееце маю задуму. Яе, Наталля Іванаўна (Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. - Заўвага), трэба фармалізаваць. Так будзе ва ўсіх абласцях. Пачынаем мы з захаду і Мінска. Тое ж самае будзе і ва ўсходніх абласцях. Нам расслабляцца нельга, нам трэба абараніць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Абараніць гэты кавалачак зямлі, каб, сыходзячы з гэтых сваіх пасад з часам (няхай не думаюць, што мы заўтра кінем і пойдзем), пакінуць дзецям, унукам нармальнае жыццё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На завяршэнне ён аб'явіў аб прысваенні Юрыю Караеву і Аляксандру Барсукову спецыяльнага звання генерал-лейтэнанта міліцыі.


Тэгі: Кадры
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь