Наведванне завода дакладнай электрамеханікі ў Дзяржынскім раёне

  • 4

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 лістапада ў час наведвання РВУР "Завод дакладнай электрамеханікі" ў Дзяржынскім раёне паставіў перад беларускімі ваеннымі задачу выйсці на новы этап у стварэнні сучаснай ракетнай тэхнікі.

Так, Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт павінен аснасціць армію больш дасканалымі ракетнымі комплексамі ў 2016-2017 гадах. Раней Прэзідэнтам былі дадзены даручэнні па стварэнні айчыннага ракетабудавання і аснашчэння Узброеных Сіл сучаснай ракетнай тэхнікай. У час наведвання завода яму было даложана аб выкананні гэтых задач.

Аляксандр Лукашэнка пабываў у шматпрофільным універсальным цэху завода, дзе азнаёміўся з ходам работ па лакалізацыі вытворчасці ракет рэактыўнай сістэмы залпавага агню (РСЗА). Кіраўніку дзяржавы былі прадстаўлены машыны РСЗА "Паланэз" і абсталяванне для выпрабавання ракетных рухавікоў. "Далей павінен быць новы этап, мы не павінны на гэтым спыняцца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны ісці далей у рамках міжнародных пагадненняў і дагавораў і ствараць больш сучасную ракетную тэхніку".

У Беларусі, як было даложана Прэзідэнту, паспяхова асвоілі тэхналогіі прадаўжэння тэрміну службы ракет. "10 тыс. у год - гэта вельмі добра. Трэба - значыць паскорымся", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, адобрыўшы такі гаспадарлівы падыход.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў магчымыя домыслы аб тым, што Беларусь бразгае зброяй або іграе мускуламі. "У нас сёння, заўтра таксама, выключна абаронная стратэгія. Мы ні на кога не збіраемся нападаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы будзем абараняцца ад тых, хто паставіць за сваю мэту на нас нападаць, весці супраць нас вайну".

Гэта, падкрэсліў ён, выключна абарончая стратэгія. Сутнасць яе ў тым, каб праціўнік задумаўся, перш чым весці супраць Беларусі вайну або ж ствараць нейкі канфлікт. "Мы павінны нанесці яму непрымальны ўрон, калі ён вырашыць нас атакаваць. Непрымальны ўрон, непрымальныя страты - вось галоўнае. І гэта выключна абарончая тактыка", - дадаў Прэзідэнт.

У час наведвання завода Аляксандру Лукашэнку было даложана таксама аб вытворчай структуры, фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах завода дакладнай электрамеханікі. Кіраўнік дзяржавы даў шэраг даручэнняў па развіцці прадпрыемства і ваенна-прамысловага комплексу краіны ў цэлым.