Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне ЗАТ "Атлант"

10 ліпеня 2020 года
Наведванне ЗАТ "Атлант"
глядзіце таксама: відэа
10 ліпеня 2020 года
Наведванне ЗАТ "Атлант"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня наведаў ЗАТ "Атлант".

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб вытворчай дзейнасці прадпрыемства і перспектывах развіцця, а таксама аб рэалізацыі міжнароднага праекта "Атлант-2020". Прэзідэнт азнаёміўся з арганізацыяй работы вытворчых цэхаў і працэсам вырабу халадзільнікаў. Аляксандр Лукашэнка таксама правёў сустрэчу з байцамі студэнцкіх атрадаў - удзельнікамі праекта "Атлант-2020" і работнікамі прадпрыемства.

У час наведвання Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў вынікі работы прадпрыемства ў перыяд пандэміі: "У любой крызіснай сітуацыі ёсць і станоўчыя моманты, і імі трэба скарыстацца".

Як далажылі Прэзідэнту, у 2020 годзе прадпрыемства апынулася ў няпростай сітуацыі, звязанай з увядзеннем абмежаванняў на знешніх рынках з-за пандэміі. Тым не менш, службы закупкі і лагістыкі змаглі ў гэтых няпростых умовах забяспечыць вытворчасць матэрыяламі і камплектуючымі, не дапушчана прастояў. Акрамя таго, зроблена стаўка на продажы праз інтэрнэт. "Паколькі мы не спыніліся ў гэты час, то ў такіх умовах сталі адзіным вытворцам, які вырабляў халадзільнікі і пральныя машыны на нашым рынку. Таму мы змаглі задаволіць узросшы попыт, устанавілі менавіта ў сакавіку 2020 года рэкорд па продажах. Мы прадалі 90 тыс. халадзільнікаў. За ўсе 60 гадоў гісторыі "Атланта" ў сакавіку 90 тыс. не прадавалі", - сказаў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Сакалоўскі.

Пасля сакавіка "Атлант" таксама актыўна рэалізуе тэхніку. Усе прынятыя меры далі магчымасць па выніках шасці месяцаў 2020 года выйсці на рэнтабельнасць продажаў 2,4 працэнта, прадпрыемства адчувае сябе ўпэўнена і разлічвае завяршыць год з дадатнымі паказчыкамі.

"За гэта - малайцы! Зрабілі тое, што павінны былі зрабіць усе. І гэта прыклад для іншых. Я ж гаварыў, што калі адкрыюцца, паглядзяць, а ўжо нічога няма. А мы ў гэты час можам прапанаваць свой тавар. Вось яскравы прыклад: мы ў гэты момант прапанавалі свой тавар, людзі купілі. Калі кіраўнікі разгарнуліся своечасова", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць асваення новых відаў прадукцыі з акцэнтам на імпартазамяшчэнні. "Для нас вельмі важным, адным з асноўных напрамкаў на пяцігодку будзе імпартазамяшчэнне, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - З нашага боку мы можам гарантаваць (падумаем, як гэта зрабіць) абарону спажывецкага рынку ўнутры".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час было прынята правільнае рашэнне аб арганізацыі вытворчасці айчынных кампрэсараў. "Гэтак жа трэба па імпартазамяшчэнні рухацца ўсім прадпрыемствам. Але Атланту, МАЗу, БЕЛАЗу, МТЗ - гэта флагманы - яны абавязкова па два новыя тыпы прадукцыі павінны вырабляць", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнта праінфармавалі аб напрацоўках "Атланта" па арганізацыі вытворчасці пасудамыечных машын.

Што датычыцца перспектыў развіцця "Атланта", то, як далажыў генеральны дырэктар Дзмітрый Сакалоўскі, цяпер рэалізуюцца два інавацыйныя праекты, абодва ў Баранавічах - па арганізацыі вытворчасці высокаэфектыўных кампрэсараў і па ўкараненні высокапрадукцыйнага тэхналагічнага працэсу чыгуннага ліцця.

Кіраўніку дзяржавы былі прадстаўлены ўзоры як найноўшых мадэлей халадзільнікаў і пральных машын "Атлант", так і тых, што карыстаюцца найбольшым попытам. "Па меры павелічэння аб'ёмаў продажаў новых мадэлей мы будзем праводзіць паступовую мадэрнізацыю ўчасткаў", - расказаў Дзмітрый Сакалоўскі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў скарэліраваць зарплаты на прыватных прадпрыемствах з сярэдняй на вядучых 10 прадпрыемствах.

"Я прашу рэалізаваць, каб узялі на кантроль. Урад павінен рэалізаваць. Я думаў пра зарплату, як будзем рухацца далей. Трэба ўзяць прыкладна 10 вядучых прадпрыемстваў краіны. Дапусцім, "Атлант", МАЗ, БЕЛАЗ, якія маюць самы высокі ўзровень зарплат. Наверсе - самая высокая, дзясятае - ніжэй. Узяць сярэднюю зарплату гэтых 10 і давесці да выканання ўсіх прыватнікаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Прыватныя прадпрыемствы не могуць плаціць зарплату ніжэйшую сваім работнікам і падначаленым спецыялістам, чым 10 вядучых прадпрыемстваў. Такім чынам мы пракантралюем і заработную плату ў тых, хто сябе лічыць "свабодным ад усяго", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У бягучым годзе ўзгоднена стратэгія развіцця ЗАТ "Атлант" па 2025 год. Аснову складае захаванне і ўмацаванне пазіцый прадпрыемства ў тых сегментах, дзе яно мае кампетэнцыі. Гэта, у прыватнасці, развіццё вытворчасці халадзільнікаў і пральных машын. Плануецца забяспечыць істотны рост экспарту і заработных плат. Пры гэтым рост зарплат як у бягучым, так і ў наступныя гады пяцігодкі будзе забяспечвацца за кошт павелічэння прадукцыйнасці працы. "Па выніках 2020 года мы чакаем, што выйдзем на выручку на аднаго работніка Br100 тыс.", - сказаў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Сакалоўскі.

Асобна ішла размова аб прыцягненні ўдзельнікаў студатрадаўскага руху для работы на прадпрыемстве. Як растлумачыў гендырэктар, у летні перыяд, калі назіраецца пік продажаў бытавой тэхнікі, "Атланту" асабліва патрэбны дадатковыя кадры, каб задаволіць узрастаючы попыт на прадукцыю. Таму было наладжана супрацоўніцтва з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. У мінулым годзе на прадпрыемстве працавалі амаль 300 удзельнікаў студэнцкіх атрадаў, у бягучым годзе іх колькасць павялічана да 800-900. Акрамя заработнай платы "Атлант" забяспечвае ім пражыванне і харчаванне. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, усяго па краіне плануецца забяспечыць работай у студатрадах амаль 30 тыс. чалавек - гэта на 4 тыс. больш, чым у мінулым годзе.

Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і ўдзельнікамі студатрадаў, Прэзідэнт пазітыўна ацаніў іх работу і яшчэ раз падкрэсліў правільнасць выбранага ў Беларусі шляху барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Хоць спачатку не ўсе ў гэта верылі, былі сумненні, але цяпер большасць пераканалася, што прынятыя рашэнні былі правільнымі. "Калі б мы тады закрылі вытворчасць, мы б ніколі як не адкрылі. Вы ў сакавіку ўпершыню ў гісторыі завода ўстанавілі рэкорд. Вы ніколі столькі не прадавалі, колькі ў сакавіку. У красавіку, маі і чэрвені таксама высокія паказчыкі. Чаму? Таму што калі ўвесь свет у паніцы закрыў вытворчасць, мы працавалі. І аказалася, што ў гэтыя месяцы на прылаўках магазінаў была ў асноўным прадукцыя Беларусі, у гэтым выпадку халадзільнікі і пральныя машыны.  Вось у чым мы мелі рацыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, да вопыту Беларусі ўжо выказваюць цікавасць замежныя партнёры.

"Галоўнае заключаецца ў тым, што мы выстаялі, не закрылі вытворчасці, і сёння можам прадаваць сваю прадукцыю, мы займаем свабодныя рынкі. Галоўнае - іх потым утрымаць і нікому не аддаваць, а ад гэтага - развіццё вытворчасці і ваша заработная плата. Вы ў гэтым плане малайцы. Вы яркае пацвярджэнне правільнасці таго курсу, які мы ў свой час выбралі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім намеры наведаць прадпрыемства, аб якім ён заяўляў пры ўзгадненні назначэння новага гендырэктара "Атланта". "Калі я назначаў сюды кіраўніка, я яму сказаў, што ў бліжэйшы час мы сустрэнемся і паглядзім, якія станоўчыя зрухі адбыліся на заводзе. Я не хачу сказаць, што ранейшае кіраўніцтва было дрэнным або добрым. Але неяк вы пачалі кульгаць, застываць на месцы. Хацелася новай дынамікі. Для таго каб была дынаміка, трэба было паглядзець і на кіраўніцтва завода, што я і зрабіў. Для мяне важна сёння было ўбачыць, што вы ў гэтай складанай сітуацыі, правільна сарыентаваўшыся, выстаялі і прыбавілі. Малайцы!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па просьбе ўдзельнікаў студатрада Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім вопыце ўдзелу ў студатрадах, прызнаўшыся, што ён быў як станоўчы, так і негатыўны. "Першы мой студэнцкі атрад быў пасля першага курса ў мяне. Мы паехалі на будоўлю і будавалі ў вёсцы школу. Нейкі час я там працаваў, але арганізацыя была такая, што нам і не плацілі, і арганізацыі не было ніякай. Я плюнуў і паехаў, - расказаў ён. - Паехаў працаваць да сябе дадому і стварыў атрад са школьнікаў. На мясцовым сельгаспрадпрыемстве сабраў дзяцей 9-10 класаў (дзесяцігодка была), і мы на збожжаскладах у адной з гаспадарак бетанавалі падлогу".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта быў для яго добры вопыт узаемадзеяння з хлопцамі і дзяўчатамі, як для будучага педагога, ды і падлеткі, а іх у атрадзе было каля двух дзясяткаў, былі задаволены. "Быў добры вопыт, і зарабілі добрыя грошы. Але за гэта я вельмі моцна атрымаў ва ўніверсітэце - за тое, што кінуў (першапачатковае месца работы ў студатрадзе. - Заўвага) і паехаў працаваць у калгас", - падзяліўся Прэзідэнт.

Але асабліва яму запомнілася работа ў меліярацыйным студатрадзе, і дагэтуль ён помніць усю тэхналогію. "Каласальны вопыт. Нават з таго першага студэнцкага атрада я вынес галоўнае - навучыўся рабіць кладку цэглы, прытым роўна, з адвесам. Але вось з меліярацыйнага атрада я ўсё помню ў дэталях... Мы зарабілі тады вельмі шмат", - прызнаўся беларускі лідар.

Паводле яго слоў, калі перавесці ў долары па тым курсе, то гэта было каля $300. На гэтыя грошы Аляксандр Лукашэнка змог тады купіць сабе неабходнае адзенне і абутак да пачатку новага навучальнага года. "Адзеўся, абуўся і кніжак яшчэ накупіў", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што паколькі яго маці працавала даяркай, то вялікіх грошай у сям'і ніколі не было, а таму ў студатрадах ён стараўся як мага больш зарабіць грошай, каб самастойна сябе забяспечыць. "Каб 1 верасня, шчыра кажучы, прыйсці ў аўдыторыю і каб я знешне не адрозніваўся ад дзяцей заможных бацькоў", - падзяліўся ўспамінамі Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама станоўча адазваўся аб рашэнні кіраўніцтва прадпрыемства прыцягнуць да работы студэнцкія атрады і прапанаваў абавязкова стымуляваць моладзь за работу як матэрыяльна, так і маральна. У сваю чаргу прадстаўнікі працоўнай моладзі падарылі кіраўніку дзяржавы ганаровы знак беларускіх студэнцкіх атрадаў. "Дзякуй. Поспехаў вам, добрага настрою, беражыце свой кавалачак зямлі - сваю краіну", - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы Прэзідэнта спыталі, ці карыстаецца ён дома бытавой тэхнікай "Атлант". У адказ Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што сам, безумоўна, не займаецца выбарам бытавой тэхнікі, але ў яго ёсць пральная машына "Атлант", якую Прэзідэнту падарылі на прадпрыемстве, калі запускалі вытворчасць гэтага віду прадукцыі. Да гэтага часу, паводле яго слоў, яна працуе спраўна і без рамонту. "Я вельмі адданы сваёй дзяржаве і народу чалавек, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я за тое, каб халадзільнікі, пральныя машыны былі з нашага завода "Атлант", вельмі ганаруся гэтай прадукцыяй і даўно, некалькі дзясяткаў гадоў, знаёмы з ёю".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на такую значную перавагу айчыннай тэхнікі, як хуткае і эфектыўнае гарантыйнае абслугоўванне. Гэта датычыцца як бытавой тэхнікі, так і больш складанай - сельскагаспадарчай, легкавых аўтамабіляў. Раней узнікалі складанасці з іх сэрвісным абслугоўваннем, але па меры таго як павялічваецца лакалізацыя вытворчасці і запчасткі і камплектуючыя вырабляюцца ў Беларусі, гэтыя праблемы вырашаюцца.

Адказваючы на пытанне, калі ў Беларусі можа з'явіцца айчынны электрамабіль, Прэзідэнт сказаў: "Я заўзяты прыхільнік электрамабіляў. Гэта - будучае. Добра, што ў свеце выпрацаваўся такі трэнд, я гэта даўно ўжо адчуў. Узоры (беларускага электратранспарту. - Заўвага) ёсць. Я нядаўна быў на палігоне, бачыў іх. Гэта не толькі легкавы транспарт, але і як грузавічкі. Мы навучыліся іх рабіць. Нам трэба цяпер іх зрабіць прыгожымі і даступнымі па цане".

Ён расказаў, што сам карыстаецца розным электратранспартам і актыўна садзейнічае развіццю такога напрамку ў Беларусі. Гэта важна яшчэ і з улікам маючага адбыцца запуску БелАЭС. "Мы будзем менш спажываць прыроднага газу, будзем замяшчаць на электрычнасць. Таму лішку не будзе, але будзе дадатковы аб'ём электрычнасці. І мы яго павінны спажыць перш за ўсё ў сябе на рынку, - адзначыў беларускі лідар. - За гэтым будучае. Атамная энергія - гэта, па-першае, чысціня. Зразумела, бяспека павінна быць гарантавана. Гэта адна з самых лепшых станцый у свеце (што будуецца ў Беларусі. - Заўвага), чаму мы яе і выбралі".

"Я ўпэўнены, што ў гэтай пяцігодцы (наступнай. - Заўвага) мы будзем мець свой добры электрамабіль. Плюс да таго на "Джылі" з кітайцамі мы будзем вырабляць свой электрычны аўтамабіль. Гэта ўжо рэаліі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларускіх электрамабілях пакуль толькі адна асноўная праблема - імпартныя батарэі. "Але нашы спецыялісты знайшлі нават новыя прынцыпы стварэння гэтых батарэй (не традыцыйныя ліційіонныя, а графенавыя. - Заўвага), якія ў свеце невядомы".

Сустракаючыся з работнікамі завода і байцамі студэнцкіх атрадаў - удзельнікамі праекта "Атлант-2020", беларускі лідар таксама расказаў аб планах развіцця эканомікі Беларусі на бліжэйшую будучыню.

"Наша бліжэйшая будучыня якраз будзе залежаць ад гэтых планаў. Мы павінны скласці пералік - дзяржаўную праграму, дзе будуць прапісаны новыя вытворчасці. Гэта будзе пералік новых прадпрыемстваў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што разумее рэформы менавіта як развіццё і ўдасканаленне тых напрамкаў, якія ўжо ёсць у краіне, і на іх аснове стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцей. Яшчэ адзін з галоўных акцэнтаў на наступную пяцігодку - імпартазамяшчэнне. "Я хачу, каб вы разумелі, што рэформы ў Беларусі, аб якіх цяпер шмат гавораць у перадвыбарную кампанію, будуць не столькі ў стварэнні новага і зусім не ў тым, каб разбурыць і на гэтым месцы потым нешта ствараць. Мы будзем удасканальваць тое, што ў нас ёсць. І ў гэтым сутнасць будзе рэформ у Беларусі", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: будзе дастаткова, калі кожнае прадпрыемства, дзе ёсць кампетэнцыі, канструктары, за пяцігодку створыць і наладзіць вытворчасць хаця б аднаго новага прадукту. "За пяць гадоў - тысяча прадпрыемстваў па адным прадукце за ўласныя ў асноўным грошы, плюс крэдытамі недзе дапаможам, і нам больш нічога не трэба. Плюс некалькі высокатэхналагічных вытворчасцей мы павінны стварыць для таго, каб было відаць, што краіна рухаецца наперад і выходзіць на больш высокі ўзровень развіцця", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Будзем і пяцігодкі планаваць, як і раней. І пяцігадовы план стане проста законам. Прапішам усё, што трэба рабіць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: такі падыход не з'яўляецца рэтраградным, паколькі дакладнае планаванне прысутнічае і ў іншых дзяржавах, уключаючы сусветных лідараў. "Японія - суперрыначная краіна, гэта адна з буйнейшых эканомік свету. У іх вытворчасці некалькі тысяч планаў, пачынаючы зверху і да вытворчасці. Там усё плануецца", - адзначыў беларускі лідар.

"А вазьміце Airbus. Там розныя краіны наогул. Трэба своечасова, мінута ў мінуту, паставіць камплектуючыя, каб сабраць самалёт. Як тут без плана? Да шрубы ўсё плануюць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што ў Беларусі ў свой час, каб дагадзіць рыначным тэндэнцыям, крыху адышлі ад планавання на карысць прагназавання. "На пяцігодку мы прагназуем. А цяпер будзем планаваць. Таму што план - гэта закон. Калі планавалі, запланавалі за два гады завод "Атлант" пабудаваць і пабудавалі. І яшчэ было сацыялістычнае спаборніцтва: "Даеш датэрмінова!". І давалі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што за пяцігодку ў Беларусі пабудаваны і мадэрнізаваны многія прадпрыемствы, уключаючы БелАЭС, другую чаргу ПВТ, заводы ў Светлагорску і Гродне, першую вытворчую чаргу Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Краіна таксама значна рушыла наперад у развіцці касмічных тэхналогій, ваенна-прамысловым комплексе.

Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь