Наведванне храма Праабражэння Гасподняга ў горадзе Барань

  • 8
  • 2:21

Беларусь здолее пераадолець складанасці, і гэты год стане пераломным. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 красавіка, наведваючы ў свята Вялікадня храм Праабражэння Гасподняга ў горадзе Барань Аршанскага раёна.

"Мы ўсё можам і мы з гэтымі складанасцямі, пра якія толькі што гаварылі (складанасці больш за ўсё прыўнесеныя на нашу зямлю), справімся, пераадолеем. У нас няма іншага выйсця. І гэты год будзе пераломным", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім свяшчэннаслужыцелям і мітрапаліту Паўлу за тую працу, якую яны ажыццяўляюць у імя беларускага народа і яго суседзяў.

Знаходзячыся ў праваслаўным храме, Кіраўнік дзяржавы прапанаваў ад імя самай шматлікай рэлігійнай канфесіі ў Беларусі паслаць прывітанне і хрысціянам - католікам, якія таксама святкуюць Вялікдзень у гэты дзень. "Гэта сапраўды вялікае і светлае свята, як бы ні спрабавалі яго зацямніць ў нашай гісторыі. І нават у нядаўняй. Не атрымалася. Таму што ўвесь народ, ад малога да вялікага, заўсёды з найвялікшай павагай і душэўнасцю чакаў гэтых дзён", - адзначыў Прэзідэнт.

У сваю чаргу архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый падкрэсліў важнасць захавання сапраўдных каштоўнасцей і звароту да веры, асабліва з улікам шматлікіх цяжкасцей, якія адбываюцца ў свеце. Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку і кіраўніцтву краіны ў цэлым за намаганні па падтрыманні добрых адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавай і царквой, а таксама за захаванне ў Беларусі міру і згоды.  

Кіраўнік дзяржавы запаліў свечку і перадаў у дар храму абраз "Ісус Хрыстос Уседзяржыцель". Прэзідэнту падарылі абраз Аляксандра Неўскага.

Пасля наведвання храма Аляксандр Лукашэнка цёпла паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі, расказаўшы аб перспектывах развіцця ўсяго Аршанскага раёна.

"Вы, напэўна, ведаеце, часам бачыце, што я, калі прыязджаю, абавязкова гляджу на гэтыя цудоўныя месцы. Яны мне не чужыя. Я вельмі добра ведаю праблемы, якія складваюцца тут - Балбасава, Барань, Орша - у гэтым рэгіёне. Гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў у Беларусі па працаўладкаванні, занятасці насельніцтва. Так быць не павінна, - сказаў Прэзідэнт. - І ў бліжэйшы час ва ўрадзе мы вельмі сур'ёзна разгледзім пытанні развіцця гэтага рэгіёна, асабліва гэтых населеных пунктаў ".

"Некалі гэта быў адзін з развітых раёнаў. Тут базіравалася савецкая авіяцыя стратэгічнага прызначэння. Але здарылася так, як здарылася. І з таго часу, не скажу, што мы ўжо шмат зрабілі, але неяк стараліся людзей заняць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць перспектывы для развіцця малых населеных пунктаў у Аршанскім раёне і самой Оршы. Размова ідзе як аб вытворчым сектары, прыцягненні інвестыцый, так і аб будаўніцтве жылля, транспартнай інфраструктуры. "Будзем развіваць гэты рэгіён. І на працягу года-двух, паверце, мы ў асноўным здымем тыя праблемы, якія сёння існуюць", - заявіў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў і да актыўнасці саміх грамадзян: "Трэба прывыкаць да таго, што людзі павінны ісці за работай. Не работа да людзей, а так, як прынята ва ўсім свеце".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што трэба будзе ўдзяліць увагу развіццю менавіта малых населеных пунктаў, асабліва дзе ёсць добрая інфраструктура. А за кошт удасканалення транспартных зносін жыхары змогуць даволі хутка дабірацца на работу ў суседнія, больш буйныя населеныя пункты.

"І хачу вам публічна сказаць, што і начальнікі тут мясцовыя вельмі павольна варушацца. Пасяджэнне ўрада мы правядзём тут, на месцы. Але да гэтага часу вы (кіраўніцтва на месцах) паварушыцеся", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што месцамі па-ранейшаму застаюцца незадзейнічанымі некаторыя аб'екты, якія пустуюць яшчэ з савецкіх часоў.

"Гэта не справа, што самыя добрыя прыгожыя месцы, прыдатныя для жыцця людзей, мы не можам прывесці ў парадак. Не скажу, што яны не ў парадку, але яны павінны быць яшчэ лепшымі, і людзі павінны мець тут работу. Вось гэта галоўнае пытанне, якое мяне хвалюе. Справа не ў тым, што гэта мая радзіма. Мая радзіма сёння - уся Беларусь. Але гэта месца заслугоўвае свайго развіцця, таму што інфраструктура тут адпаведная ", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Паверце, мы ўмеем рабіць усё. Часам і людзі нашы не вельмі актыўныя, чакаюць чагосьці ад Госпада, але і ўлады не заўсёды варушацца так, як трэба. Я гэта прызнаю. Жывіце доўга, моцнага вам здароўя. Усе праблемы, паверце, мы вырашым ", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.