Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне холдынга "Гарызонт"

5 студзеня 2021 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 5 студзеня ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Гарызонт".

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся паказчыкамі работы арганізацый холдынга, ступенню лакалізацыі выпускаемай прадукцыі, станам і выкарыстаннем вытворчых памяшканняў на розных пляцоўках. У Мінску пакуль застаюцца незадзейнічанымі некалькі такіх аб'ектаў, якія з улікам сучаснага развіцця вытворчасці не запатрабаваны, і ёсць прапанова перадаць гэтыя тэрыторыі пад іншыя мэты, у прыватнасці развіваць на іх сферу паслуг. Аднак Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і прааналізаваць усё на перспектыву, каб потым холдынгу не давялося шукаць сабе дадатковыя вытворчыя плошчы ў якіх-небудзь іншых месцах. "Думаю, трэба самім развіваць гэтыя пляцоўкі, - сказаў ён. - Трэба паглядзець, што больш дасць даходу і што больш выгадна для дзяржавы".

Прэзідэнту далажылі, што холдынг працуе з прыбыткам. Планамерна павышаюць лакалізацыю вырабляемай тэлевізійнай тэхнікі. Закупляюць за мяжой некаторыя кампаненты, якія выпускаюць толькі некалькі кампаній у свеце, і іх не рацыянальна рабіць самім.

Нават ва ўмовах пандэміі ёсць устойлівы попыт і на тэлевізары, і іншую прадукцыю. Абсалютная большасць прадукцыі ідзе на экспарт.

Аб'ёмы вытворчасці за пяць гадоў павялічыліся ў 4 разы, экспарту - у 3,7 раза. Яе ўдзельная вага складае 92%. Прыбытак ад рэалізацыі вырас у 4,6 раза. Пастаўкі растуць як у краіны блізкага, так і далёкага замежжа, асвойваецца выпуск новых відаў прадукцыі. Акцэнт робіцца ў тым ліку на інавацыйную прадукцыю. Яе ўдзельная вага за 5 гадоў вырасла з 17% да 75%. Холдынг развівае такія напрамкі, як аўтамабільная электроніка, авіёніка, інфармацыйныя сістэмы. У інавацыйным цэнтры ў Мінску сканцэнтравалі навуковы патэнцыял.

У час сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву холдынга "Гарызонт" Прэзідэнт падкрэсліў правільнасць прынятага раней рашэння аб захаванні і развіцці прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва адбыўся яго візіт на "Гарызонт", калі давялося вырашаць лёс прадпрыемства, якое апынулася ў цяжкай сітуацыі пасля распаду Савецкага Саюза. "Я ўспамінаю гэты перыяд, калі давялося прымаць складаныя, цяжкія рашэнні, і тое, што мы не прадалі, не аддалі за ваўчары і іншае, жулікам ва ўласнасць не аддалі. Захочаце калі-небудзь (без мяне, вядома) прадацца - прадавайцеся. Але я не маю намеру прадаваць "Гарызонт". Я наадварот лічу, што трэба развівацца, пашыраць вытворчасць. Таму што ў цяжкія часы прыватнік: "А, прыбытак там слабенькі, кінем яго". Людзі - на вуліцы. Калі дзяржава за спінай стаіць, тады ёсць нейкае развіццё", - сказаў Прэзідэнт.

"Гэта вялікая вытворчасць, гэта імідж нашай краіны. "Гарызонт", "Віцязь" у савецкі час... "Гарызонт" - гэта наогул завоблачная была кампанія. Добра, што захавалі яе, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Не шкадую, што захаваў гэту вытворчасць".

Прэзідэнт таксама пазітыўна выказаўся пра з'яўленне на "Гарызонце" інавацыйнага цэнтра, дзе працуюць у тым ліку і ІТ-спецыялісты, распрацоўшчыкі. Пры гэтым яны ствараюць уласную прадукцыю, робячы "Гарызонт" сучаснай прадукцыйнай кампаніяй. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што апошнім часам у сферы ІТ-тэхналогій, разам з Паркам высокіх тэхналогій, з'явіліся і іншыя цэнтры кампетэнцый, і гэта стварае добрыя ўмовы для здаровай канкурэнцыі. Паводле яго слоў, цэлы пласт маладых, перспектыўных спецыялістаў у ІТ з'явіўся і ў Нацыянальнай акадэміі навук, і на вытворчых прадпрыемствах. "Патрэбна была ў краіне альтэрнатыва, і вы з'яўляецеся добрай альтэрнатывай", - сказаў беларускі лідар.

Гаворачы пра фінансава-эканамічную дзейнасць "Гарызонта", Кіраўнік дзяржавы адзначыў наяўнасць у холдынга ўласных рынкаў збыту і добрыя паказчыкі работы нават у няпростай сітуацыі, звязанай з пандэміяй каранавіруса. Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу на правільнасць прынятага ў Беларусі рашэння не спыняць вытворчасць нават у складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы. Некаторыя айчынныя прадпрыемствы скарысталіся сітуацыяй і павялічылі пастаўкі на рынкі іншых краін, дзе заводы вымушана стаялі. Напрыклад, завод "Атлант", куды таксама прыязджаў Прэзідэнт, значна нарасціў пастаўкі халадзільнікаў у Расію. Падобная сітуацыя і на "Гарызонце".

"Крызіс - гэта заўсёды час магчымасцей. Гэта не толькі праблемы і беды. Вы скарысталіся гэтымі магчымасцямі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы працуеце сёння дзень і ноч, попыт ёсць, на складзе ніякіх залежаў няма. І гэта тая вялікая справа, якую вы зрабілі. У гэтым плане мы прайшлі гэты перыяд і аказаліся ў выйгрышы". У адрозненне ад іншых дзяржаў Беларусь, дзякуючы своечасова прынятым рашэнням кіраўніцтва краіны, завяршыла 2020-ы з мінімальным зніжэннем ВУП, ён захаваўся практычна на ўзроўні 2019 года. Паводле слоў Прэзідэнта, валавы ўнутраны прадукт у Беларусі па выніках 2020 года чакаецца на ўзроўні 99,5% да паказчыкаў 2019-га, усяго толькі на паўпрацэнта менш.

Кіраўніка дзяржавы папрасілі пракаменціраваць рашэнне аб'явіць 2021-ы Годам народнага адзінства. "Я проста хачу пацвердзіць, што я гэта рабіў не для таго, каб нешта некаму паказаць. Хоць і ў гэтым, напэўна, ёсць сэнс, каб людзі разумелі, што я не вораг уласнаму народу і сам сабе перш за ўсё. Я хачу, каб у краіне было ціха і спакойна. Напэўна, вы і самі гэтага хочаце. Калі вам не падабаецца цяперашні Прэзідэнт, то толькі выбары могуць вырашыць гэта пытанне. Толькі выбары", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы, асабліва ў Мінску, павінны разумець, што акрамя Мінска ў нас (уся астатняя. - Заўвага) Беларусь. Кажуць, маленькая. Яна вялікая! - падкрэсліў беларускі лідар. - Так, вы (моладзь. - Заўвага) - будучыня. Мы пойдзем. Вам потым берагчы гэту краіну. Вы - будучыня. Але выбары - гэта ж калі і ў маладога чалавека (18 і больш гадоў), і ў старога - бюлетэні аднолькавыя".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не парушаць закон і кожнаму займацца сваёй справай, развіваючы вытворчасці, і ў першую чаргу думаць не пра сябе, а пра сваіх дзяцей, дзе яны ў далейшым будуць працаваць.

"Няхай гэта меншасць, але гэта мае людзі, як бы ні пафасна гучала", - сказаў Кіраўнік дзяржавы пра тых, хто процістаіць дзеючай уладзе.

"Калі нехта аблудны быў, я таксама хачу, каб яны пачулі: іншага кавалка зямлі ў нас не будзе. І не забывайце, мы (вось гэта імгненне важнейшае) можам страціць усё. Незваротна. Мы ўжо ніколі не вернемся да гэтага", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У Кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся пытаннямі пераводу жыллёвага фонду на абаграванне электрычнасцю. Справа ў тым, што на "Гарызонце" наладзілі выпуск даступных і канкурэнтных электрычных воданагравальнікаў.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў гэтым напрамку ў краіне ўжо вядзецца работа, будуюцца новыя дамы з электраабагрэвам, электраплітамі. "Поўнасцю на электрычнасць пераводзім. І вы бачыце, што электрамабілі свае мы пачынаем ужо вырабляць. Не толькі купляць. Вельмі стымулюем", - адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, у сферы гарадскога транспарту ўжо актыўна выкарыстоўваюцца электробусы.

"У сваім пасланні (навагодні зварот. - Заўвага) я электрамабілі згадваў, але галоўны пасыл быў, што Гасподзь нас, напэўна, каранавірусам і пакараў, што мы проста па-хамску ставімся да прыроды. Калі ў нас не будзе гармоніі з прыродай, мы будзем нездаровыя, і дзеці нашы будуць бедныя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў шэрагу еўрапейскіх краін ужо вызначаны тэрміны, калі з вуліц павінны знікнуць аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання. "У нас ёсць шанц раней гэта зрабіць, і мы гэта будзем рабіць", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт растлумачыў, што ў гэтых мэтах у тым ліку будзе выкарыстоўвацца электраэнергія БелАЭС. Станцыя таксама дасць магчымасць значна сэканоміць на закупцы імпартнага прыроднага газу.

Тэгі: Паездкі
© 2021, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь