Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Агляд сучасных узораў айчыннага ўзбраення і ваеннай тэхнікі

5 кастрычніка 2018 года
Агляд сучасных узораў айчыннага ўзбраення і ваеннай тэхнікі
глядзіце таксама: відэа
5 кастрычніка 2018 года
Агляд сучасных узораў айчыннага ўзбраення і ваеннай тэхнікі
Размова са СМІ: стан і перспектывы беларускага ВПК
глядзіце таксама: відэа
5 кастрычніка 2018 года
Размова са СМІ: стан і перспектывы беларускага ВПК
Размова са СМІ: пра прэстыж воінскай службы
глядзіце таксама: відэа
5 кастрычніка 2018 года
Размова са СМІ: пра прэстыж воінскай службы
Агляд сучасных узораў айчыннага ўзбраення і ваеннай тэхнікі
глядзіце таксама: фота
5 кастрычніка 2018 года
Агляд сучасных узораў айчыннага ўзбраення і ваеннай тэхнікі
15 фота

Стварэнне ў Беларусі сучасных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама глыбокая мадэрнізацыя ўжо існуючай з'яўляюцца адным з галоўных фактараў забеспячэння абараназдольнасці краіны. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 кастрычніка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне ў ходзе агляду ўзораў айчыннай зброі і тэхнікі.

"Мы тут сабраліся не для таго, каб некаму пагражаць або разгарнуць нейкую піяраўшчыну. Гэта наша звычайнае жыццё", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за апошнія гады ў незалежнай Беларусі давялося некалькі разоў мадэрнізаваць і прыстасоўваць узброеныя сілы да сучасных умоў. Таксама быў улічаны вопыт войнаў і лакальных канфліктаў у свеце, развіццё тэхнічных сродкаў.

"Па-мойму, мы ўжо чацвёрты раз спрабуем мадэрнізаваць у цэлым свае ўзброеныя сілы - усе, не толькі армію", - сказаў Прэзідэнт.

На першым этапе трэба было вызначацца ў тым ліку з колькасцю арміі ў такой кампактнай краіне, як Беларусь. Тады было прынята рашэнне, што неабходна армія не 250-300 тыс. чалавек, а крыху менш як 100 тыс. "Мы былі вымушаны спакойна скарачаць Узброеныя Сілы. Тады не стаяла пытанне аб тым, што мы будзем нешта мадэрнізаваць, ствараць новае. Тады стаяла пытанне, як захаваць тое, што засталося ад СССР. І многія памятаюць, што нашы дамарослыя, якія цяпер нібыта хочуць быць на чале ўлады, пачалі рэзаць усё. Немцам прадавалі парэзаную, падрыхтаваную бранятэхніку для таго, каб там маглі пераплавіць і зрабіць у НАТА сваю зброю. Гэта было маё першае рашэнне - калі гэты разбой быў спынены, - дадаў Прэзідэнт. - Гэта быў першы крок незалежнай суверэннай арміі".

Паводле яго слоў, далей пачаліся войны, у тым ліку на Блізкім Усходзе. У Беларусі на гэтым фоне былі створаны навукова-даследчыя групы, якія вывучалі вопыт сучаснай вайны, каб зразумець яе асаблівасці. "І нам трэба было, рэфармуючы ўжо створаныя Узброеныя Сілы, на маршы перастройвацца. Але мы ж не будзем ваяваць у пустыні, у нас зусім іншыя ўмовы. Стаяла пытанне, як прыстасаваць армію і ўзбраенне да нашых умоў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Потым былі чарговыя войны. Гэта быў трэці этап. Мы вымушаны былі ствараць сілы спецыяльных аперацый. Мы зразумелі, што фронт на фронт нідзе ваяваць не будуць, патрэбна высокадакладная зброя, спецыяльна падрыхтаваныя сілы, каб абараніць краіну і нанесці праціўніку непапраўны ўрон".

"Цяпер мы бачым, што адбываецца недалёка ад нас, што адбываецца ў Сірыі. Вывучаючы сітуацыю, мы ўжо абсалютна разумеем, якая будзе, не дай бог, вайна, як мы павінны абараняцца, якая колькасць нашых Узброеных Сіл павінна быць. Усё вызначана ад жыцця. І мною была пастаўлена задача, каб мы пачалі распрацоўку новых узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. І паколькі стварэнне новага вельмі затратна і дорага, нам трэба было са старога зрабіць самае сучаснае, - сказаў Прэзідэнт. - Для нашай Беларусі не танкі галоўнае, не самалёты, а спецыяльныя войскі. Мы павінны ў любой кропцы Беларусі (калі нешта раптам здарыцца) хутка з'явіцца, нанесці ўдар па бандытах і тых, хто адважыцца да нас сунуцца, і пайсці. Гэта значыць, скорасць, манеўранасць. І пад гэтыя войскі - сілы спецыяльных аперацый і іншыя - мы павінны былі ствараць у тым ліку і новую зброю. Але толькі тую, якая патрэбна".

"Нам не патрэбны авіяносцы, мы не будзем весці свае самалёты да чужых берагоў. Мы не збіраемся ваяваць за краем свету. Нам трэба абараніць Беларусь. І пад гэта трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць менавіта айчыннае ўзбраенне. "Не факт, што нам дапамогуць, калі раптам нешта здарыцца. Прыкладаў дастаткова. Мы бачым паводзіны некаторых тут саюзнікаў. Ну, акрамя Расіі, напэўна, нам разлічваць няма на каго. І нават на Расію мы не можам на 100 працэнтаў спадзявацца. Добра, сёння Пуцін і іншыя, ён разумее нас, я разумею яго. Мы разам неяк дзейнічаем (і тое не заўсёды). А што будзе заўтра? Таму трэба мець самую неабходную сваю зброю - стралковую, для мабільных войскаў тэхніку - тое, што мы можам ствараць. І мадэрнізаваць да сучаснага ўзроўню тую тэхніку, якая ў нас ёсць", - сказаў Прэзідэнт.

"Самалёт для нас ужо не зброя. Любы самалёт на ўзлёце бачаць натаўцы. Паразіць сёння самалёт, знішчыць ніякіх праблем няма. Яны могуць, і мы можам. Мы бачым за тысячу кіламетраў любы самалёт, які паднімаецца на аэрадроме. 50 мільёнаў (размова пра кошт ) адзін самалёт. Ракета С-300, і яго няма", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш ён адзначыў, што авіяцыя патрэбна для кантролю паветранай прасторы, своечасовага рэагавання.


"Патрэбны беспілотныя лятальныя апараты, высокадакладная зброя (мы яе стварылі - сваю ракету). Калі некаму захочацца з намі паваяваць, ён падумае, што ў акно атрымае гэту ракету. Ну і сілы спецыяльных аперацый трэба аснасціць так, каб яны маглі ваяваць на сваёй тэрыторыі. І калі хтосьці адважыцца, значыць (мы не ўтойваем гэта), дыверсійныя групы нанясуць удар і на той тэрыторыі, з якой пойдзе нападзенне на Беларусь", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго даручэнні па стварэнні новых узораў узбраення выконваюцца, і некалькі месяцаў таму было прынята рашэнне пасля мерапрыемстваў, звязаных з эканомікай краіны, завяршэння сельгасработ, азнаёміцца з сучаснымі айчыннымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ваенныя людзі нават у мірны час кожны дзень павінны быць гатовы да вайны. "А паколькі мы не ваюем і ваяваць недзе штучна не збіраемся, трэба вучыцца тут. Паколькі будзем ствараць узбраенні, усё ў нас будзе, а людзі ваяваць не навучацца. Вось сутнасць сённяшняга мерапрыемства, - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы. - Таму давайце паглядзім, пачынаючы з мадэрнізацыі і заканчваючы маім даручэннем, што мы павінны стварыць не толькі беспілотныя лятальныя апараты-разведчыкі, а мы павінны стварыць ударныя БПЛА".

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб баявых магчымасцях і асноўных тактыка-тэхнічных характарыстыках прадстаўленых узораў. Дэманстрацыю ўзбраення пачалі з мадэрнізаванай тэхнікі. Першым Прэзідэнту паказалі танк Т-72БМЭ. На ім распрацоўшчыкі ўстанавілі новы прыцэльны комплекс з рознымі датчыкамі, узмацнілі браню і зрабілі больш магутны рухавік. Акрамя таго, танк навучылі страляць кіруемымі ракетамі.

"Вядома, можна было купіць Т-90, але гэта вялікія грошы - $11 млн. А ў баі ён, можа, нават і тры мінуты не пражыве, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму трэба стары добры, надзейны танк, які мы ведаем, давесці да ўзроўню імпартнага Т-90".

Кіраўнік дзяржавы пагаварыў з экіпажам танка - ваеннаслужачымі, якія прадстаўлялі краіну на Армейскіх гульнях і ў дысцыпліне "Танкавы біятлон" занялі трэцяе месца. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся не толькі іх асабістымі ўражаннямі ад тэхнікі, але і падрыхтоўкай да спаборніцтваў. Прэзідэнт выказаў надзею, што наступны раз экіпаж зможа заваяваць перамогу.

Наступнай Кіраўніку дзяржавы прадставілі браніраваную баявую машыну "Кайман". Яны ўжо стаяць на ўзбраенні ў беларускай арміі. Да ліпеня 2019 года будзе выраблена яшчэ каля 30 машын для механізаваных брыгад, разведвальных і спецыяльных падраздзяленняў.

Аляксандра Лукашэнку таксама зацікавіла станцыя радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі "Навальніца". Гэта ўнікальная беларуская распрацоўка ўмее збіваць беспілотнікі з маршруту і непрыкметна браць іх пад сваё кіраванне.

"Гэта значыць, вы можаце любы аэрадром, напрыклад, абараніць ад беспілотнікаў, і яны не спрацуюць? Неабавязкова іх збіваць? - удакладніў Прэзідэнт, на што атрымаў сцвярджальны адказ. - Добрая зброя. Гэты напрамак трэба развіваць. Для нас, для абароны ад лятальных апаратаў, калі яшчэ гэта ўздзейнічае і на самалёт, гэта суперзброя".

Кіраўніку дзяржавы таксама прадэманстравалі цэлы набор беларускіх беспілотнікаў розных памераў і прызначэння. Асаблівая ўвага была ўдзелена ўдарным лятальным апаратам, якія могуць не толькі весці разведку, але і атакаваць праціўніка.

Беларускія прадпрыемствы прадставілі снайперскія вінтоўкі, стрэльбы, аўтаматы і пісталеты, вытворчасць якіх у краіне яшчэ трэба будзе развіваць. "Вы малайцы, што гэта робіце. Калі пачняце вырабляць, адстраляеце сваю зброю, ваенныя скажуць, што не горшая, чым АК, я буду ўдзячны", - заявіў Прэзідэнт.

Увазе Кіраўніка дзяржавы быў прадстаўлены і рабатызаваны агнявы комплекс "Берсерк", вынікі практычнага прымянення якога заслужылі асаблівую пахвалу: "Гэта найвышэйшая дакладнасць. Гэты робат - добрая тэхніка. Мы іх будзем вырабляць, удасканальваць і ставіць на ўзбраенне. І за мяжой попыт на іх ужо ёсць".

Азнаёміўшыся з тэхнічнымі характарыстыкамі новых узораў узбраення, Кіраўнік дзяржавы вырашыў убачыць іх на справе, і яму прадэманстравалі іх баявыя магчымасці.


Прэзідэнт у час наведвання палігона таксама адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Ён падкрэсліў важнасць стварэння новых узораў беларускай зброі і мадэрнізацыі існуючай тэхнікі ўласнымі сіламі. "Незалежнасць у вытворчасці і мадэрнізацыі для любой краіны - пытанне нумар адзін", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка раскрыў гэту тэму на прыкладзе Расіі. "Для Прэзідэнта Расіі больш важнай праблемы няма, хоць ім і так з часу Савецкага Саюза спадчына дасталася немалая. Але для сучаснай зброі яны шмат куплялі. Цяпер пытанне нумар адзін у Расіі - адысці наогул ад куплі імпартнай. Напрыклад, нават маючы з намі самыя цесныя і блізкія адносіны, будуючы адзіную Саюзную дзяржаву, тым не менш яны на КамАЗе ствараюць транспарт для перавозкі ядзерных ракет", - канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што наконт гэтага ў яго была размова з Уладзімірам Пуціным і расійскі лідар растлумачыў такія дзеянні тым, што Расія ў перспектыве хоча поўнасцю забяспечыць сабе назалежнасць у гэтым пытанні. "Ён мне прама кажа: добра, сёння ў Беларусі Лукашэнка, улада і іншае, мы бачым і купляем у вас, але ў перспектыве павінны быць абсалютна перакананы, асабліва для ядзернай зброі, мы павінны быць незалежныя", - перадаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці размовы з расійскім калегам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і ў Беларусі была пастаўлена задача самастойна вырабляць тое ці іншае ўзбраенне, неабходнае для забеспячэння абараназдольнасці краіны. У гэтым пераліку, у прыватнасці, стралковая зброя, якой у выпадку ваеннага часу можна будзе забяспечыць значную частку насельніцтва. "Не дай бог, вайна, мы раздадзім у кожную сям'ю. І мы будзем абараняць сваю тэрыторыю. Але для гэтага трэба мець сваё (узбраенне)", - сказаў Прэзідэнт.

Аднак задзейнічаць мірнае насельніцтва ў абароне краіны можна толькі ў крайнім выпадку, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. "Армія павінна быць падрыхтавана, колькасць гэтай арміі павінна быць адпаведнай, і яна павінна быць узброена той зброяй, якая нам патрэбна", - заявіў ён.

Так, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусі абсалютна не патрэбны, напрыклад, авіяносцы, стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі і іншая такая тэхніка, якая выкарыстоўваецца далёка за межамі краіны. "Нам патрэбна тая зброя, якую мы будзем выкарыстоўваць выключна для абароны, выключна на нашай тэрыторыі і для нанясення тым, хто захоча з намі ваяваць, непапраўнага ўрону. Гэта высокадакладная ракетная зброя з далёкасцю да 300-350 км. У нас гэта ўсё ёсць", - адзначыў Прэзідэнт.

Сярод запатрабаваных у сучасных умовах навінак айчыннага ВПК Аляксандр Лукашэнка назваў беспілотныя лятальныя апараты, таксама ўдзелена ўвага магчымасцям па мадэрнізацыі існуючай тэхнікі. "У гэтай частцы зроблена нямала, але ёсць над чым працаваць. Вы бачылі гэтых "камікадзэ" (спецыяльныя беспілотнікі), якія не зусім былі дакладныя, але ўзрыў адбыўся побач, а гэта ўжо таксама паражэнне нават бранятэхнікі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Таму я бачу, што за гэтыя два гады (нават двух гадоў не мінула, з той пары як я паставіў ім задачу зрабіць гэта) ВПК зроблена нямала".

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што самае галоўнае - гэта не тэхніка, бо нават самымі дасканалымі тэхнічнымі ўстройствамі павінны кіраваць падрыхтаваныя людзі. "Іх трэба вучыць. Тэхніка нармальная, - адзначыў беларускі лідар. - Будзе час, мы яшчэ раз паўторым гэтыя трэніроўкі. Па "камікадзэ" патрэбны добрыя аператары. Але не факт, што мы будзем ужо моцна выкарыстоўваць беспілотнікі-камікадзэ".

Паводле слоў Прэзідэнта, у частцы распрацоўкі беспілотных лятальных апаратаў вырашана аб'яднаць намаганні, а не ствараць мноства цэнтраў. "Трэба аб'яднаць намаганні і стварыць той ударны беспілотнік, які нам патрэбны. Беспілотнікі-разведчыкі ў нас добрыя, і мы навучыліся іх выкарыстоўваць. У гэтай частцы беспілотных лятальных апаратаў і стварэння больш магутных, якія будуць несці нагрузку ў адну тону і больш, пытанне ўжо вырашана. Тым больш, ёсць попыт на гэта. Для ўнутранага спажывання, нашай арміі, і для экспарту мы гэта будзем вырабляць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што галоўнае - навучыць людзей, а тэхніка са сваімі задачамі справіцца. "Самае галоўнае для мяне - не тое, якія мы малайцы і што мы тут стварылі. Выснова галоўная сёння ў тым, што мы на правільным шляху. У гэтым напрамку будзем рухацца: і свая стралковая зброя, і свае боепрыпасы, і беспілотнікІ, і мадэрнізаваная тэхніка, бранятэхніка, "Кайман", "Волат", якія мы стварылі ў сябе ў Беларусі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Адно з пытанняў, што прагучала, датычылася прэстыжу ваеннай службы і таго, што неабходна зрабіць, каб яго павысіць. "Я крыху рэзкі пры выказваннях на гэту тэму. Таму што гэта мяне як мужчыну, не толькі Прэзідэнта, вельмі закранае", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён у сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі амаль 80% з ліку тых, хто падлягае прызыву на тэрміновую ваенную службу, прадастаўляюцца адтэрміноўкі па тых ці іншых падставах. "Амаль 80% па законе ў адтэрміноўцы. Камусьці па вучобе, камусьці па сямейных абставінах... Гэта значыць, мы самі прынялі такія рашэнні, што людзі па законе могуць не служыць. Гэта не нармальна. Ведаеце, мы выміраем як клас, мы выміраем як мужчыны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пры цяперашнім стане спраў у выпадку ваеннага канфлікту многія проста не будуць умець карыстацца зброяй. "Мы вельмі сур'ёзна, і гэта наша задача, на працягу бягучага года і бліжэйшага паўгоддзя падумаем над тым, як зрабіць так, каб навучыць мужчыну абараніць хаця б сябе і сваю сям'ю, не гаворачы ўжо аб тым, што ён Радзіму павінен абараняць. Мы самі тут нахамуталі шмат пытанняў і сёння ахкаем, вохкаем, што ў нас недзе не хапае ваеннаслужачых", - заявіў Прэзідэнт.

Гаворачы аб прэстыжы ваеннай службы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён захоўваецца, і для многіх служба ў арміі па-ранейшаму з'яўляецца ганаровым абавязкам. Аднак часам з-за тых ці іншых адзінкавых негатыўных фактаў і шуму вакол іх можа скласціся ўражанне, што людзі не хочуць служыць у арміі і нават пабойваюцца яе. "Не трэба баяцца гэтага. Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Наша такая доля, асабліва мужчын, - Радзіму абараняць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў пытанні прэстыжу часта недапрацоўваюць ідэолагі, ды і сама армія, пачынаючы з першых крокаў ваеннаслужачых у армейскім калектыве.


Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт выказаў максімальна адкрытыя меркаванні аб сітуацыі ў беларускай арміі, фактах дзедаўшчыны, а таксама адзінкавых выпадках гібелі ваеннаслужачых. "Добрая ў нас армія, не без гэтых розных праблем, як у Пячах былі падзеі. Гэта армія, гэта было заўсёды", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што армія створана першапачаткова для вайны і правядзення вучэнняў. "А што было б у Беларусі, калі б недзе загінулі 25 беларускіх грамадзян. Мы б, напэўна, на вушы сталі і гвалтам крычалі. Але ж не бывае так, каб у ваюючай арміі не гінулі людзі", - правёў паралелі Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што факты гібелі ваеннаслужачых, на жаль, здараюцца нават у час вучэнняў. Ён з уласнага вопыту прывёў прыклад аднаго выпадку на вучэнні ў Віцебскай вобласці ў часы Савецкага Саюза. "На маіх вачах. Ішла страляніна. Як яны гаварылі, снарад надламаўся - не пайшоў па траекторыі - і трапіў у БТР. Восем чалавек у ім было. Усе загінулі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. "Катастрофа. Не дай бог", - дадаў ён.

"Нам яшчэ маліцца трэба за тое, што Бог нас убярог і што мы ў арміі не нясём такіх страт. Але гэта не апраўданне падзеям у Пячах, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Прыкра тое, што ў нас ёсць, няхай і адзінкавыя, факты дзедаўшчыны. У мяне ўнутры ўсё пераварочваецца. Таму што, калі я служыў у пагранвойсках, мы наогул не ведалі, што такое дзедаўшчына".

"Для мяне гэта (дзедаўшчына) наогул непрымальна, як для чалавека, які служыў. І нават потым, будучы афіцэрам Савецкай арміі, для мяне гэта наогул было недапушчальна. Таму я як Прэзідэнт успрымаю гэта з вялікім хваляваннем. Дзедаўшчына, калі здзекуюцца з чалавека, - гэта ганьба для арміі. Гэта мы будзем выпальваць гарачым жалезам. Міністру абароны і ўсім ім я сказаў аб гэтым", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца фактаў гібелі ваеннаслужачых, Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што такое здараецца нават з вопытнымі людзьмі. Недзе можа падвесці тэхніка або парашут, як у адным з нядаўніх выпадкаў. "Тое, што мы страчваем часам людзей... Мы вучымся, ваюем, рыхтуемся абараняць Радзіму. Гэта недапушчальна (гібель людзей), але, паверце, гэта непазбежна ў любой арміі, - адзначыў беларускі лідар. - Армія ёсць армія. Гэта справа сур'ёзная, справа нежартоўная. Таму ўсе павінны разумець, што Радзіму павінны абараняць ад малога да вялікага, і не толькі ў арміі".

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым прызнаў, што, магчыма, яго разважанні наконт гэтага не вельмі папулярныя. "Ведаю, колькі гэта выкліча цяпер шуму, што я ледзь ці не адабраю гібель. Я выказаўся дакладна: не дай бог, калі гіне чалавек, але, на жаль, бывае ўсякае. І тое, што нам удалося ўберагчы сваіх хлопцаў, ваеннаслужачых, сваю краіну ад гэтых войнаў, на мінімуме трымаць негатыўныя праблемы ў арміі, - гэта вялікае наша дасягненне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Не засталіся ўбаку і іншыя актуальныя тэмы ў жыцці краіны. Так, журналісты пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта адносна абмяркоўваемай канцэпцыі закона аб процідзеянні дамашняму насіллю.

"Усё гэта дур, узяты перш за ўсё з Захаду. Вы можаце не перажываць, і народ няхай не хвалюецца - мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага вопыту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Недзе хтосьці сказаў - аб процідзеянні насіллю ў сям'і. Гэта цяпер модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка сем'яў не будзе: мужык з мужыком жэніцца або выходзіць замуж. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх пераймаем нейкія нормы паводзін у сям'і", - дадаў Прэзідэнт.

Законапраект аб процідзеянні дамашняму насіллю распрацоўвала Міністэрства ўнутраных спраў. На думку Кіраўніка дзяржавы, гэтым дакументам павінны займацца іншыя структуры: у першую чаргу прадстаўнікі органаў улады на месцах, грамадскія арганізацыі, Урад, Адміністрацыя Прэзідэнта. Але меркаванне міліцыі пры гэтым, вядома, трэба ўлічваць, падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што не прыхільнік таго, каб караць дзяцей. Але часам, на яго думку, гэтага не атрымліваецца пазбегнуць. "Трэба зыходзіць з той сітуацыі, якая ў нас складваецца. Добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома, - адзначыў Прэзідэнт. - Віктару, як старэйшаму, часта даставалася ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю пападала, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў".

"Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба. Пажаданні міліцыі мы ўлічым. Можа, нават не законам, а абыдземся ўнясеннем змяненняў у існуючыя законапраекты. У нас ёсць адпаведная Дырэктыва Прэзідэнта, якая датычыцца гэтых праблем, - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы. - А таму, што гэта людзі абмяркоўваюць і іх абурае некаторае глупства ў праекце закона, я рады. Абвастраючы гэту праблему, яны звяртаюць на яе маю ўвагу. Таму будзе так, як трэба і выгадна нам, зыходзячы з нашых традыцый і вопыту".


Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэта не адзінкавы выпадак, калі праблему прапаноўвалася вырашыць на падставе падыходаў органа ўлады, які не валодае паўнатой кампетэнцыі ў канкрэтным пытанні. Ён прывёў у прыклад уведзеную нядаўна ў якасці эксперымента забарону на продаж спіртнога ў начны час. Яе Прэзідэнту давялося адмяняць у тэрміновым парадку.

Пазней высветлілася, што міліцыя звярнулася ва Урад, і ён рэкамендаваў правесці эксперымент. "Які эксперымент? Яго праводзяць, калі не ведаеш, што будзе на выхадзе, каб паспрабаваць. Але мы ж гэта спаўна паспрабавалі. Гэта неабдуманае рашэнне Урада ў выглядзе эксперымента. Напэўна, каб дагадзіць міліцыі і гэтак далей. Міліцыю я папярэдзіў. Яна павінна працаваць у тых сацыяльна-эканамічных умовах, якія складваюцца ў дзяржаве", - падкрэсліў беларускі лідар.

"У свой час узнімалася гэта пытанне, і я катэгарычна забараніў без майго ведама закранаць гэту праблему. Мы ж некалькі разоў перажывалі гэта, пачынаючы ад забароны і высечкі вінаграднай лазы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я ж памятаю, як праводзілі камсамольскія вяселлі "без спіртнога": ставілі чайнік, а туды налівалі віно, гарэлку. І начальнікі, і падначаленыя, і партыйныя дзеячы пілі і ўсміхаліся ў час гэтых безалкагольных законаў".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што забарону на продаж спіртнога ў начны час абміне любы жадаючы. "Гэта было на маіх вачах: калі было забаронена. У работнікаў органаў улады ў раёне, пракурораў, міліцыі не было праблем: яны закуплялі і нават перапрадавалі. Нам гэта трэба? Нам трэба, каб таксісты прадавалі гэта спіртное? - спытаў Прэзідэнт. - І справа тут не ў бюджэце, хоць гэта таксама важна".

У якасці ілюстрацыі таго, як далёка можна пайсці, уводзячы тыя ці іншыя забароны, Прэзідэнт адзначыў вялікую колькасць смярцей у дарожна-транспартных здарэннях: "Давайце забаронім на аўтамабілях ездзіць. Добра будзе?"

У Кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся асабістымі падыходамі да выхавання дзяцей. "Пры выхаванні як атрымаецца: калі не разумее - магу строга сказаць. Я ўсё ж такі Прэзідэнт, таму, напэўна, і дзеці ўлічваюць, што бацьку лепш не хваляваць, і калі ён так гаворыць - гэта ўжо закон. Таму я не ўзор у выхаванні дзяцей і не прыклад для пераймання. Ды і дзеці разумеюць, што бацьку падвесці нельга. Я вельмі рады, што яны не сталі залатой моладдзю, як модна цяпер гаварыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я думаю, што вы паверыце ў маю шчырасць, таму што вы маіх дзяцей нідзе "распальцаванымі" не бачыце. А калі бачыце - скажыце, нават напішыце. Я імгненна адрэагую, - запэўніў Прэзідэнт. - Я іх прывучаю жыць так, як жывяце вы, як жывуць простыя людзі".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што кожны з яго старэйшых сыноў узяў пад сваё крыло навучальную ўстанову і аказвае ёй дапамогу напярэдадні навучальнага года. Падтрымаў вучняў сваёй школы і малодшы сын Прэзідэнта: некалькім дзясяткам дзяцей дапамаглі ў набыцці школьных прылад і адзення. "Сабралі тое, што ён за лета зарабіў, старэйшыя яму крыху далі, я два месячныя аклады ў гэту касу паклаў, мае дамашнія пакрыху сабралі - і пяцідзесяці чалавекам у школе аказалі дапамогу. Гэта яго выхаванне: калі ў цябе ёсць - дапамагі таму, хто мае патрэбу", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён успомніў свае школьныя гады, калі падручнікі загортвалі ў хустку, таму што не было магчымасці купіць партфель. "Трэба дапамагаць. І на гэтым трэба выхоўваць", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца стаўлення да вучобы, Прэзідэнт лічыць, што дзіця павінна не толькі добра вучыцца, але і мець нейкія захапленні. "Так, ён павінен асвоіць праграму, быць адукаваным. Але ён абавязкова павінен быць і спартсменам, каб наогул сімпатычным мужчынам рос і потым сваіх дзяцей выхоўваў і для таго каб здаровым быў. Не трэба быць чэмпіёнам свету, калі не стаяць такія мэты, проста трэба займацца спортам. Калі ёсць здольнасць да мастацтва, музыкі, то ты таксама павінен гэтым займацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні Дня настаўніка ў Кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся, якія прадметы ён любіў больш за ўсё ў школьныя і студэнцкія гады. "Я не матэматык, не фізік, я гуманітарый. Таму гуманітарныя прадметы, перш за ўсё літаратура і гісторыя, потым грамадазнаўства (для мяне філасофія - гэта ўсё), адыгралі галоўную ролю", - расказаў Прэзідэнт.

Ужо ў дарослыя гады, атрымліваючы эканамічную адукацыю, яму давялося зноў сутыкнуцца з матэматыкай, пачынала развівацца інфарматыка. "Гэта была бяда, але давялося асвойваць. Паколькі я ўжо быў дарослым чалавекам, галава, як камп'ютар, адбірала толькі тое, што мне потым патрэбна для работы ў эканоміцы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Тэгі: Паездкі
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь