Наведванне вайсковай часці спецназначэння ўнутраных войскаў МУС

  • 9
  • 1:47
Сілавыя структуры з'яўляюцца важным фактарам нашай нацыянальнай бяспекі, міру і спакою ў дзяржаве. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка на сустрэчы з кіруючым складам органаў унутраных спраў, унутраных войскаў МУС і курсантамі факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі.

Кіраўнік дзяржавы ў час наведвання вайсковай часці ўнутраных войскаў МУС заслухаў даклад аб выкананні даручэнняў па ўдасканаленні спецыяльных падраздзяленняў, павышэнні якасці і эфектыўнасці выканання імі службова-баявых задач.

Прэзідэнт азнаёміўся з узорамі ваеннай тэхнікі, што выкарыстоўваецца для выканання службова-баявых задач, а таксама з узорамі формы і экіпіроўкі ваеннаслужачых унутраных войскаў. Ён наведаў  вучэбны корпус факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі Беларусі, размешчаны на тэрыторыі вайсковай часці, а таксама спартыўныя заняткі ваеннаслужачых, заняткі на страявым пляцы.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб забеспячэнні ваеннаслужачых жыллём, у тым ліку аб будаўніцтве новых дамоў.

На сустрэчы з кіруючым складам органаў унутраных спраў, унутраных войскаў МУС і курсантамі факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта сустрэча не выклікана нейкімі надзвычайнымі абставінамі.

"У планавым парадку я буду наведваць і наведваю розныя аб'екты, аналізую дзейнасць нашых сілавых структур. Нядаўна мы разглядалі актуальныя пытанні развіцця Узброеных Сіл Беларусі, задачы павышэння абараназдольнасці нашай дзяржавы ў цяперашніх няпростых геапалітычных умовах, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не менш важная задача - забяспечыць правапарадак і сацыяльна-палітычную стабільнасць унутры краіны, не дапусціць хаосу, росту злачыннасці і любой дэстабілізацыі абстаноўкі".

"Нельга не ўлічваць, што сучасны свет імкліва змяняецца, становячыся ўсё менш бяспечным для жыцця людзей, а шэраг дзяржаў апусціўся ў бездань грамадзянскіх войнаў і міжнацыянальных канфліктаў. І гэтыя з'явы ўжо ўшчыльную падышлі да нашых граніц", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведныя негатыўныя праявы ні ў якім разе не павінны пераступіць граніцу Беларусі. "Гэта наша задача перад дзяржавай, абавязак перад нашымі сем'ямі, дзецьмі і ўсімі людзьмі, якія маюць патрэбу ў абароне", - заявіў ён.

Паводле яго слоў, фактычна зонай баявых дзеянняў з'яўляюцца Блізкі Усход, Паўночная і Цэнтральная Афрыка, многія еўрапейскія краіны сталі аб'ектамі тэрарыстычных атак, а розныя каляровыя рэвалюцыі ставяць за сваю мэту дэстабілізаваць не толькі асобныя дзяржавы, але і цэлыя рэгіёны.

"Сёння ёсць надзея, што сусветная супольнасць на аснове мінскіх пагадненняў па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу прыкладзе намаганні для спынення братазабойчай вайны. Гэта трэба ў першую чаргу ўкраінскаму народу, гэта трэба Еўрапейскаму саюзу, і Беларусі, і Расіі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"У нашай краіне, на шчасце, захаваны мір і згода, няма канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе. Беларускі народ за сваю гісторыю спаўна пазнаў трагедыю войнаў, што прайшлі па нашай зямлі. І мы нікому не жадаем зведаць жахі ваеннага часу", - адзначыў Прэзідэнт.

"Я ўжо неаднаразова гаварыў, але лічу неабходным яшчэ раз падкрэсліць: ніякім "плошчам" у Беларусі не бываць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Правапарадак, як і сваю краіну, мы павінны поўнасцю захаваць".

Прэзідэнт адзначыў, што ў сучасных умовах існуе пагроза экспарту ў Беларусь нацыяналістычных і радыкальных ідэй і дактрын. "У гэтых умовах пры захаванні і ўзмацненні рэальных і патэнцыяльных пагроз нацыянальнай бяспецы Беларусі мы павінны прымаць усе меры, каб забяспечыць сваю незалежнасць і сваё дастойнае будучае, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Менавіта гэта настойліва патрабуе падтрымання на высокім узроўні абараназдольнасці краіны, абароны яе тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу. Сілавыя структуры з'яўляюцца важным фактарам нашай нацыянальнай бяспекі, міру і спакою ў дзяржаве. Таму мы ўдзяляем асаблівую ўвагу сучаснаму стану і перспектывам развіцця ўсяго нашага сілавога блока".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, нягледзячы на няпростыя эканамічныя ўмовы, у Беларусі ўдаецца своечасова аснашчаць праваахоўныя органы і армію самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення і баявой тэхнікі, праводзіць планавую вучобу. У краіне створаны надзейная сістэма тэрытарыяльнай абароны і неабходныя рэзервы на выпадак узнікнення канфліктаў і непрадбачаных сітуацый.

"Нам удалося самае галоўнае - захаваць кадравае ядро ўсяго сілавога блока ў цэлым, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы ўдзяляем пэўную ўвагу і сацыяльнай абароненасці нашых ваенных. І нам трэба падумаць, якія канкрэтныя меры трэба прыняць, захаваўшы кадравае ядро, па замацаванні маладых афіцэраў у органах унутраных спраў, скарачэнні цякучасці кадраў".

"Беларускі народ даверыў супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ваеннаслужачым абарону сваіх жыцця і маёмасці, правоў і свабод. І гэты давер давядзецца апраўдваць! Ва ўмовах нестабільнай міжнароднай абстаноўкі мы ганарымся тым, што Беларусь сёння - адна з найбольш бяспечных краін. І правапарадак на вуліцах - гэта вялікая ваша заслуга", - дадаў Прэзідэнт.

"Вы заўважылі, што апошнім часам вельмі высокага ўзроўню прадстаўнікі заходніх дзяржаў наведваюць Беларусь. Па-рознаму на гэта рэагуюць. Мяне больш за ўсё засмучае тое, што некаторыя гавораць: гэта Лукашэнка на карысць перад выбарамі і гэтак далей. Гэта абсалютна мяне не кранае. Галоўнае заключаецца ў тым, што гэта на карысць нашай дзяржаве. Нам выказваюць удзячнасць і Украіна, і Расія, і Захад", - сказаў беларускі лідар.

"Яны (прадстаўнікі краін Захаду) прыязджаюць да нас з вельмі прагматычнай мэтай. І я іх у гэтых адносінах падтрымліваю. Яны цяпер зразумелі, што такое бяспека ў Еўропе, якую ролю Беларусь можа адыграць у гэтай сістэме бяспекі ў нашым агульнаеўрапейскім доме. Гэта еўрапейцы разумеюць, і яны гатовы з намі супрацоўнічаць, у тым ліку і ў імя бяспекі ў Еўропе. Мы ім гаворым, што заўсёды для гэтага адкрыты", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь паслядоўна выступае за развіццё раўнапраўных і ўзаемавыгадных адносін з рознымі дзяржавамі. "Мы нікому не выстаўляем ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій, не ствараем ніякіх праблем у прыгранічных зонах, з'яўляемся надзейным партнёрам у забеспячэнні бяспекі, добрасуседства і супрацоўніцтва, выконваем прынятыя абавязацельствы і міжнародныя пагадненні. Мы паважаем суверэнныя правы ўсіх народаў і такога ж стаўлення чакаем да сваёй краіны з боку іншых дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, эканамічная слабасць ператварае нацыю ў заложніцу міжнародных фінансавых арганізацый. Гэта адбываецца, калі бюджэтныя рэсурсы краіны не дазваляюць дзяржаве эфектыўна функцыянаваць, выконваць у поўнай меры сацыяльныя абавязацельствы. "Таму цяпер першараднай задачай урада і ўсіх органаў улады з'яўляецца ўздым эканомікі. Скажу дакладней - прамысловасці, літаральна некалькіх нашых гіганцкіх прадпрыемстваў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб рабоце работнікаў праваахоўных органаў, кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі ўдалося дабіцца станоўчых зрухаў у спыненні адной з найбольш небяспечных праяў злачыннасці - карупцыі. "Я не хачу сказаць, што мы вырашылі гэту праблему. Але вы ведаеце, як мы змагаемся з карупцыянерамі. І тут літасці нікому не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў аб Украіне, дзе менавіта карупцыя стала галоўнай прычынай крызісу і разбурэння краіны.

"Гідру гэту (карупцыю) перамагчы вельмі складана, але трымаць яе на мінімальным узроўні мы заўсёды зможам", - сказаў беларускі лідар, дадаўшы, што ў гэтым немалая заслуга органаў унутраных спраў. Ёсць і шэраг іншых момантаў, якія сведчаць аб умацаванні правапарадку, - самыя неабароненыя жыхары краіны - людзі пажылога ўзросту - усё радзей фігурыруюць у зводках як ахвяры злачынстваў.

Прэзідэнт лічыць, што Міністэрства ўнутраных спраў адыгрывае вядучую ролю ў выяўленні і спыненні злачынстваў. "Аднак меры, што прымаюцца па спыненні карупцыі і эканамічных злачынстваў, не заўсёды адэкватныя існуючай абстаноўцы, - лічыць Прэзідэнт. - Пакуль гэтым з'явам не пастаўлена надзейная заслона пры рэалізацыі значных інвестыцыйных праектаў, мерапрыемстваў дзяржаўных праграм па мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Такой заслоны няма". Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў вырашэнні гэтых праблем павінны больш актыўна і сістэмна прымаць удзел адпаведныя праваахоўныя органы.

 Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што па ініцыятыве МУС лакалізаваны шэраг узнікшых знешніх і ўнутраных выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспецы дзяржавы. Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што рашучыя і ўсебакова абгрунтаваныя прапановы МУС садзейнічалі новаму, больш высокаму ўзроўню работы па барацьбе з наркаманіяй.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць аператыўнага прыняцця рашэнняў у галіне міграцыйнай палітыкі. "Падзеі, якія адбываюцца ў нашага паўднёвага суседа, прадвызначылі патрэбнасць аператыўнага прыняцця рашэнняў у галіне міграцыйнай палітыкі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Задача ў тым, каб не дапусціць пранікнення да нас баевікоў і злачынных элементаў, але ў той жа час паважліва прымаць тых, хто едзе да нас з адкрытым сэрцам і добрымі намерамі".

На думку Прэзідэнта, "пахвальна, што меры, прымаемыя нашымі дзяржаўнымі органамі, далі магчымасць максімальна хутка вырашыць пытанні аказання садзейнічання людзям, якія пацярпелі ў выніку ўзброенага канфлікту ва Украіне".

"У цэлым, ацэньваючы рэзультатыўнасць дзейнасці органаў унутраных спраў, можна канстатаваць, што іх намаганні даюць магчымасць забяспечыць належны ўзровень грамадскай бяспекі ў краіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён выказаў меркаванне, што супакойвацца і спыняцца на дасягнутым недапушчальна. "Праяўленне самазаспакоенасці і інертнасці непазбежна вядзе да зніжэння эфектыўнасці работы ведамства і ўзнікнення новых праблем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення барацьбы са злачыннасцю і яе прафілактыкі ў сельскай мясцовасці.

"Распаўсюджанасць п'янства і алкагалізацыі асобных слаёў насельніцтва застаецца адной з умоў ускладнення крымінагеннай абстаноўкі ў сферы сямейна-бытавых адносін, якая характарызуецца ўзросшай цяжкасцю ўчыненых дзеянняў. У мінулым годзе больш як на чвэрць павялічылася колькасць забойстваў, учыненых у быце", - адзначыў Прэзідэнт. На яго думку, з поля зроку органаў правапарадку фактычна выпала сітуацыя, якая складваецца ў сельскай мясцовасці, дзе ўзровень асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў у сферы бытавых адносін у два разы вышэйшы, чым у гарадах. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш зладжанай работы ўчастковых у барацьбе са злачыннасцю.

"Патрабуецца забяспечыць больш поўнае прымяненне магчымасцей агульнай і індывідуальнай прафілактыкі, прадугледжаных заканадаўствам Беларусі і ведамаснымі нарматыўнымі актамі. Неабходна прааналізаваць і ўстараніць прычыны недаглядаў у арганізацыі і ажыццяўленні прафілактычнага ўздзеяння на раней судзімых грамадзян, грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, не занятых грамадска карыснай працай, спажыўцоў наркотыкаў і іншыя катэгорыі сацыяльна небяспечных асоб, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дзейнічаць трэба больш рашуча. Вы як прадстаўнікі сілавога блока павінны паставіць любога на сваё месца".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на актывізацыю проціпраўных памкненняў асобных маладзёжных аб'яднанняў, у прыватнасці футбольных фанатаў. "Спакой у краіне - гэта галоўнае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку Кіраўніка дзяржавы, становішча ў няўдалых сем'ях у многім стымулюе проціпраўныя паводзіны падлеткаў. Нягледзячы на прымаемыя мэтанакіраваныя меры, у рэспубліцы амаль у тры разы павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі пад уздзеяннем наркотыкаў. "Тут павінны быць сур'ёзныя жорсткія дзеянні. Міністр задачу атрымаў, яна павінна быць выканана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што не так даўно ў краіне быў прыняты Дэкрэт нумар 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый". "Ён павінен быць рэалізаваны і ў Міністэрстве ўнутраных спраў, і ва ўнутраных войсках", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць выкараненню негатыўных праяў, дыскрэдытуючых органы ўнутраных спраў у вачах грамадскасці. "Недапушчальны праявы пагарды, высакамернасці, зняважлівага стаўлення да людзей", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. "Як гэта раніць, калі чалавек, маючы ўладу, а яшчэ сілавога падраздзялення, пагардлівы і непаважлівы ў адносінах да людзей. Не дапускайце гэтага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы штодзень вырашаеце важныя адказныя задачы, а служба з'яўляецца сапраўды баявой, таму трэба дастойна выконваць свае абавязкі і падтрымліваць гонар мундзіра", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым годзе ўсе праваахоўныя органы чакае сур'ёзны экзамен.

"Мы адзначаем 70-годдзе Вялікай Перамогі. Гэта важнейшае свята для кожнага беларуса. Але, на жаль, ёсць у нашай краіне невялікая кучка людзей, нехта іх называе "апазіцыяй", або яны так сябе называюць, якія не толькі скажаюць гісторыю, узвялічваючы фашысцкіх памагатых крывавых спраў, але і ўсімі сіламі спрабуюць дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадстве. Агрэсіўныя формы палітычнай барацьбы яны дэманструюць і ў ходзе розных палітычных кампаній, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму існуе пэўная верагоднасць правакацыйных дзеянняў, якія павінны быць у адпаведнасці з заканадаўствам спынены на пачатковай стадыі".

Унутраныя войскі, як і ўсе Узброеныя Сілы, з'яўляюцца школай патрыятычнага выхавання маладых людзей, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што надзённай задачай унутраных войскаў з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці і рэзультатыўнасці выканання службова-баявых задач. "Кожны ваеннаслужачы павінен ведаць і разумець, што на яго баку закон, што ён абаронены дзяржавай. Унутраныя войскі, як і ўсе Узброеныя Сілы, - гэта школа патрыятычнага выхавання маладых людзей. Упэўнены, што словы "абавязак", "гонар", "Айчына" для кожнага, хто прайшоў службу ва ўнутраных войсках, будзе арыенцірам, які вызначае яго справы і ўчынкі ў грамадзянскім жыцці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да курсантаў факультэта ўнутраных войскаў, да заўтрашніх афіцэраў, Прэзідэнт адзначыў: "Вы выбралі нялёгкую, вельмі адказную і пачэсную прафесію. Ва ўсе часы афіцэра вызначалі высакароднасць, здольнасць праяўляць асаблівую мужнасць і стойкасць у хвіліны, калі ідзе размова аб абароне сваёй Радзімы, сваёй сям'і, тых, хто мае патрэбу ў абароне. Высокія маральныя якасці, сумленнасць, прыстойнасць, прафесіяналізм - гэтага чакаюць жыхары краіны ад супрацоўнікаў органаў правапарадку".

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх з Днём міліцыі, які адзначаўся напярэдадні, і падзякаваў за адданасць воінскаму і грамадзянскаму абавязку, вернасць традыцыям унутраных войскаў.