Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС у Мінску

28 ліпеня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 28 ліпеня вайсковую часць 3214 унутраных войскаў МУС, якая базіруецца ва Уруччы ў Мінску.

У брыгадзе спецназа Кіраўніка дзяржавы сустрэлі Міністр унутраных войскаў Юрый Караеў, яго намеснік - камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка, камандзір вайсковай часці 3214 Уладзімір Жызнеўскі, камандзір САХРа Аляксандр Быкаў і камандзір АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба.

Аляксандр Лукашэнка, прывітаўшы ваеннаслужачых, адзначыў, што бачыў кадры адной з вулічных акцый у Мінску, дзе людзі нападаюць на міліцыю і некаторыя з іх б'юць праваахоўнікаў нагамі. "Вось гэтага вы не павінны дапускаць. Праваахоўнікі павінны разумець, што яны ў сваім доме і нікому не дазволена іх штурхаць нагамі. Ні ў якім разе на правакацыі не ісці, але не крыўдзіць хлопцаў. А то мы хутка даскачамся, будзем няньчыцца, як у дзіцячым садзе", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да камандзіра АМАПа Дзмітрыя Балабы.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі ваеннай тэхнікі, якія знаходзяцца на ўзбраенні ўнутраных войскаў і АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама. Яму паказалі спецыяльныя аўтамабілі "Ліс-ПМ", "Волат", "Драпежнік", "Цунамі", спецыяльны штурмавы загараджальны комплекс "Рубеж". Гэтыя машыны могуць выкарыстоўвацца для правядзення контртэрарыстычных і спецыяльных аперацый, выканання задач тэрытарыяльнай абароны. Затым Прэзідэнту прадэманстравалі тактыка-спецыяльныя заняткі з батальёнам спецыяльнага прызначэння.

Аляксандр Лукашэнка таксама пабываў у нядаўна пабудаваным на тэрыторыі часці інтэрнаце. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, яго плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ўжо ў жніўні. Тут 116 аднапакаёвых і 26 двухпакаёвых кватэр. У інтэрнаце пераважна будуць пражываць ваеннаслужачыя, якія пакуль не паспелі стварыць сям'ю. Магчыма, тут таксама размесцяць курсантаў чацвёртага курса факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі.

"Трэба арыентавацца на такое жыллё, - сказаў Прэзідэнт, аглядаючы кватэры. - Людзям гэта падабаецца, і яны будуць тут жыць".

Паводле слоў Юрыя Назаранкі, ва ўнутраных войсках у спісах маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзяцца 1,8 тыс. ваеннаслужачых. З 2015 года з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі пабудаваны 472 кватэры ў розных рэгіёнах краіны, па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме ўведзены ў эксплуатацыю 331 кватэра і гэты інтэрнат. Насупраць інтэрната плануецца таксама пабудаваць шматкватэрны жылы дом.

У час наведвання часці Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам і асабовым складам ведамстваў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

"Я прашу выбачэння за свой голас. Апошнім часам даводзіцца вельмі шмат гаварыць. Але, самае дзіўнае, вы сёння сустракаецеся з чалавекам, які на нагах умудрыўся перанесці каранавірус. Такое ўчора заключэнне ўрачы зрабілі. Бессімптомна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Як я і гаварыў, 97% насельніцтва ў нас пераносяць гэту заразу бессімптомна. Дзякуй богу, што мне ўдалося трапіць у гэту кагорту бессімптомных, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Нарэшце і я трапіў у залаты фонд Беларусі, перанёсшы гэты вірус".

Прэзідэнт у час сустрэчы адзначыў правільнасць курсу на стварэнне надзейнай сістэмы нацыянальнай бяспекі. "Пабываўшы нядаўна ў 38-й дэсантна-штурмавой і 103-й паветрана-дэсантнай брыгадах, 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння, я ўбачыў добра аснашчаныя мабільныя воінскія падраздзяленні, якія адпавядаюць духу часу. Чарговы раз пераканаўся ў правільнасці курсу на стварэнне надзейнай сістэмы нацыянальнай бяспекі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра пачатак 90-х гадоў, развал Савецкага Саюза і першыя крокі Беларусі да суверэнітэту і незалежнасці. "Тады бяздумна разбураліся сілавыя органы і ператваралася ў металалом баявая тэхніка, масава звальняліся высакакласныя ваенныя прафесіяналы, вымушаныя дзеля пражыцця сваіх сем'яў згаджацца на самую нізкааплатную работу. Грашовае забеспячэнне афіцэраў, якія засталіся ў армейскім страі, скарацілася ў некалькі разоў. Камандзір узвода ў тыя гады атрымліваў да $15, камандзір палка - $35", - адзначыў Прэзідэнт.

"Было цяжка, складана, але мы пераадолелі гэты перыяд і выстаялі. Мы выбралі правільныя арыенціры і можам сказаць, што сістэма нашай нацыянальнай бяспекі створана намаганнямі ўсяго нашага народа. Нам ніхто нічога не падарыў, і мы нікому нічым не абавязаны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларуская армія сёння - гэта кампактныя Узброеныя Сілы, створаныя па прынцыпе абароннай дастатковасці і здольныя самастойна забяспечыць ваенную бяспеку дзяржавы.  Ён адзначыў, што абаронны патэнцыял краіны пастаянна ўмацоўваецца.

"Створана нацыянальная ваенная школа, наладжаны працэс падрыхтоўкі спецыялістаў. Вы гэта ведаеце, і не выпадкова паводле даных штогадовага міжнароднага рэйтынгу ваеннай магутнасці (рэйтынг Global Firepower. - Заўвага) армія Беларусі займае 53-е месца з амаль 140 краін. Гэта значна вышэй за большасць дзяржаў СНД", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за мінулыя гады вельмі шмат зроблена для Узброеных Сіл і гэты падыход робіць краіну больш магутнай і моцнай.

"Мы паспяхова процідзейнічаем незаконнай міграцыі, наркатрафіку, кантрабандзе і гэтак далей. Дзейнасць органаў унутраных спраў і іншых структур забеспячэння грамадскай бяспекі дазваляе падтрымліваць у краіне законнасць і парадак", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама заявіў аб далейшай падтрымцы ваеннаслужачых з боку дзяржавы: "Я не стану вам расказваць пра квадратныя метры, грашовае забеспячэнне і іншае. Калі эканоміка будзе працаваць не горш, значыць жыць таксама будзем не горш. Абяцаць вам нейкія верталётныя грошы я не стану. Таму што трэба ж будзе потым з верталёта іх раскідваць. У нас няма верталётных грошай. Але максімальна будзем старацца вас падтрымаць для таго, каб у вас было нармальнае грашовае забеспячэнне".

"Першае месца ў забеспячэнні жыллём у будучай пяцігодцы будзе: А - шматдзетным, Б - ваеннаслужачым, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Будзем рабіць усё для таго, каб вы жылі не горш".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта сустрэча для яго важная. "Мне хацелася б убачыць, як жывуць нашы ваеннаслужачыя. А наогул з гэтым падраздзяленнем у Прэзідэнта з даўніх часоў блізкія адносіны", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, калі пасяліўся ў рэзідэнцыі ў Драздах, як чалавек вясковы бачыў шмат закінутых месцаў і запрасіў ваеннаслужачых якраз з гэтага падраздзялення, каб пасадзіць сад. "З году ў год вашы хлопцы прыязджалі, збіралі там ураджай. Такая чалавечая нотка ў нашых адносінах", - заўважыў Прэзідэнт.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь