Наведванне Свята-Духава кафедральнага сабора

  • 9
  • 2:12

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запаліў калядную свечку каля Мінскага абраза Божай Маці ў Свята-Духавым кафедральным саборы.

Кіраўніка дзяржавы сустрэў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У храме таксама прысутнічалі прадстаўнікі праваслаўных брацтваў і сястрыцтваў, навучэнцы нядзельнай школы, прыхаджане.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па дарозе ў храм падумаў аб тым, што ў жыцці ёсць шмат розных свят. "І крытэрый гэтай рознасці - стаўленне людзей да гэтых свят", - сказаў ён. Так, хтосьці адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі або 1 Мая, а хтосьці проста выкарыстоўвае гэтыя дні, каб заняцца сваімі справамі. "Але ёсць святы, якія святкуем усе мы. Гэта ўсеагульныя святы - і сямейныя, і агульнанародныя. І на вуліцу мы выходзім для таго, каб іх адсвяткаваць. Гэта і свецкія святы, і, як у нас прынята гаварыць, духоўныя. Хоць і свецкія святы, аб якіх я скажу, пранізаны найвышэйшай духоўнасцю. Дапусцім, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, 8 Сакавіка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што такія духоўныя святы, як Раство Хрыстова або Вялікдзень, святкуе ўвесь народ. "Гэтыя святы - дні натхнення ўсяго народа", - сказаў Прэзідэнт. Ён асабліва адзначыў, што іх у розныя дні адзначаюць усе, незалежна ад веравызнання.

"І гэта вялікае наша дасягненне, што нашы людзі гэта свята адзначаюць усе, нягледзячы на тое, што належаць да іншых канфесій. Таму што яны належаць адной адзінай нашай краіне, гэтаму кавалачку зямлі, імя якому - Беларусь", - дадаў беларускі лідар.

Мітрапаліт Павел павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з Раством. "Мы гаворым сёння аб тым, што Раство Хрыстова з'яўляецца святам не толькі планетарнага значэння, але на векі вякоў. Пакуль будуць жыць людзі на зямлі, для іх гэта будзе сапраўды вялікае свята", - сказаў ён.

Кіраўніку дзяржавы Мітрапаліт пажадаў "дапамогі Божай у працы, добрага здароўя і доўгіх гадоў жыцця".

"Асноўная мэта майго сюды візіту - падзякаваць нашаму Уладыку, свяшчэннаслужыцелям, усім, хто нясе гэты Божы крыж у імя духоўнасці нашага народа, за служэнне нашаму народу і дзяржаве. У міралюбнасць, спакой і стабільнасць, якія існуюць на гэтым няпростым кавалку зямлі, на скрыжаванні ўсіх дарог, вялікі ўклад нашай царквы. Усіх нашых канфесій, асабліва свяшчэннаслужыцеляў Праваслаўнай царквы. Усё ж такі гэта самая вялікая канфесія ў нашай дзяржаве, - сказаў Прэзідэнт. - Адпаведна, і народ вам адказвае мірам і дабром. Давайце гэта дабро, гэты мір будзем берагчы як зрэнку вока".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная каштоўнасць - гэта мір і спакой, якія не бяруцца ніадкуль, а грошы заўсёды можна знайсці і зарабіць. "І ён (Гасподзь) бачыць усё. Калі мы не будзем гэта берагчы, пакарае абавязкова. Таму давайце берагчы гэты мір. Ён для нас вельмі важны", - заклікаў беларускі лідар.

"Як сказаў наш Уладыка, сын Божы прыйшоў, каб узнесці нас на нябёсы. Вось пакуль ён нас туды пакліча, давайце на гэтай зямлі зробім максімум, каб там нам не было сорамна", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Галоўнай падзеяй 2017 года ў Беларусі ён назваў пераадоленне негатыўных тэндэнцый у эканоміцы. "Мы пражылі вельмі складаны год. Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці, ужо шмат гаварыў і ў канцы года, і ў сваім навагоднім звароце. Але галоўная ўсеагульная падзея гэтага года - што нам, як мы і марылі год таму (я ў тым ліку, стоячы тут, гаварыў пра гэта), удалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў нашай эканоміцы, і гэта неадкладна паўплывала на ўсё наша грамадства", - заявіў Прэзідэнт.

"Жыццё ў нас не цудоўнае, я гэта разумею, яно цярпімае. У гэтым годзе мы павінны зрабіць крок наперад, падняцца на ступеньку вышэй, каб гэта жыццё было не проста цярпімым, а нармальным. Асаблівасць цяперашняга моманту ў тым, што ў нас усё для гэтага ёсць. І мы абавязкова павінны разам з вамі зрабіць гэты крок, на гэту ступеньку падняцца. І тады ў нас праз год будзе пра што гаварыць, і ў нас зусім іншы будзе настрой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што пастараецца зрабіць усё для таго, каб на беларускай зямлі людзі жылі добра і каб госці краіны адчувалі, што беларусы - моцныя людзі, якія жывуць нядрэнна і гатовы любога госця з удзячнасцю прымаць.

"Мы жывём надзеямі на будучае, і я ўпэўнены, што гэтыя надзеі ў наступным годзе здзейсняцца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Ён перадаў у дар Беларускай праваслаўнай царкве абраз Раства Хрыстовага, напісаны ва ўнікальнай тэхніцы васковай тэмперы. Іканаграфія блізкая да Полацкай фрэскі і традыцыйная для беларускай школы іканапісу ХІІ стагоддзя. Абраз уяўляе сабой шматфігурную кампазіцыю з тонкай, мініяцюрнай дэталізацыяй.

Мітрапаліт Павел падарыў Аляксандру Лукашэнку абраз "Збавіцель". Ён прывезены Мітрапалітам з Іерусаліма і асвячоны на Труне Гасподняй.