Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храма

19 красавіка 2020 года
Наведванне Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храма
глядзіце таксама: відэа
19 красавіка 2020 года
Наведванне Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храма
Наведванне Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храма
глядзіце таксама: фота
19 красавіка 2020 года
Наведванне Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храма
17 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў свята Вялікадня запаліў свечку ў Свята-Благавешчанскім Лядзенскім храме ў Смалявіцкім раёне.

На Вялікдзень у адрозненне ад калядных свят Аляксандр Лукашэнка звычайна наведвае невялікія цэрквы. Як правіла, яны размешчаны за межамі сталіцы.

Свята-Благавешчанскі Лядзенскі храм знаходзіцца на тэрыторыі мужчынскага манастыра ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Малыя Ляды. Кіраўнік дзяржавы прыехаў у царкву разам са сваім малодшым сынам Мікалаем. Коратка паразмаўляўшы з прыхаджанамі, Прэзідэнт запаліў свечку і павіншаваў вернікаў са святам Вялікадня.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Вялікдзень адкрывае серыю добрых і светлых, неаспрэчных свят. Ён падзякаваў прыхаджанам за тое, што, нягледзячы на "нагнятанне сітуацыі" ў грамадстве, яны ўсё ж прыйшлі ў храм. "Беларусы проста малайцы - без панікі, без гвалту. Каму трэба паберагчыся - той сябе беражэ, застаецца дома або проста выйдзе адзін дзе-небудзь, з роднымі падыхае свежым паветрам. Хто мацнейшы, выпрацаваў імунітэт - той смялейшы і ў храмы прыходзіць", - адзначыў Прэзідэнт.

З храма Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх беларусаў з Вялікаднем, паводле яго слоў, самым светлым святам у жыцці. "Як бы ні было ў нашай гісторыі, ніхто не змог закрыць, прыкрыць, забараніць гэта свята, - падкрэсліў ён. - Я заўсёды прыходзіў і буду прыходзіць у храм. Як бы ні складваліся абставіны, гэта святое. Гэта прынцып майго жыцця. Хачу, каб і вы кіраваліся самымі добрамі і светлымі прынцыпамі. І тады Ён, убачыўшы гэта, абавязкова дапаможа".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, размаўляючы з прыхаджанамі ў цэрквах, ніколі і нічога не ўтойвае. Паводле яго слоў, у палітыцы гэта ў прынцыпе рабіць складана. "Павінен вам сказаць, што я не вітаю тых, хто закрыў людзям дарогу да храма. Я не вітаю такой палітыкі. Больш таго, вы ведаеце маю пазіцыю: мы гэтыя вірусы перажываем кожны год", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што мільёны людзей моляцца Госпаду, многія з іх надзелены ўладай. "Я ведаю многіх такіх. Але як толькі настаў гэты псіхоз (нават не хвароба), усе рванулі не ў храм, а ад храма. Нядобра. Але гэта мая пазіцыя, я яе нікому не навязваю. Гэта вам вырашаць, як будзеце жыць вы, як будуць жыць вашы дзеці. Я толькі зыходжу з таго, што заўсёды трэба дзейнічаць у адпаведнасці з абставінамі: калі трэба надзець маску - надзеньце, калі трэба іншым чынам паберагчыся - беражыце сябе. Але дзейнічайце згодна з тым, як складваюцца абставіны", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што людзі прыходзяць у храм, каб папрасіць дапамогі ў Бога. Толькі не ўсе паводзяць сябе, як завешчана: не берагуць прыроду, адышлі ад прынцыпаў маралі, гатовы на ўсё дзеля грошай. "Гэта ненармальна. Так і думаю, што, напэўна, Ён нам па заслугах стукнуў па галаве. Каму больш, каму менш - вы мяркуйце самі, паглядзіце на свет, як развіваецца гэты псіхоз і хвароба. Больш таго, пажывём - убачым, хто і як скарыстае гэту сітуацыю ў сваіх мэтах. Я ўжо раней быў вымушаны канстатаваць, каб звярнуць увагу органаў улады і нашага народа, што каранавірус сёння ўжо стаў палітыкай. Людзі не думаюць аб хваробе - як дапамагчы адзін аднаму, у лепшым выпадку - як закрыцца, адгарадзіцца. Гаворым, што разам лягчэй пераадолець, а дзейнічаем наадварот. Таму вы бачыце, што адбываецца і як выкарыстоўваюць асобныя дзяржавы ў сваіх інтарэсах гэтыя праблемы. Але ці тое яшчэ будзе", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз агучыў сваю пазіцыю: каранавірус пройдзе, таму цяпер трэба падумаць, як пераадольваць яго наступствы. "Аднаму цяжка ў свеце, асабліва ісці супраць цячэння. Але я ўсё ж такі прыняў рашэнне, што мы не павінны закрывацца, мы павінны працаваць. А як можна закрыцца і не працаваць, калі ў вёсцы сяляне сеюць? І калі не пасеюць, есці не будзе чаго. І тыя, хто сёння закрыліся, магутныя дэмакратычныя, пачалі працаваць, адкрываць свае заводы, фабрыкі, дзіцячыя дамы, школы. А ў гэты час у іх яшчэ гінуць: да шасцісот чалавек у суткі. Навошта было спыняць жыццё?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі вырашылі не мяняць рэзка лад жыцця: калі ў вёсцы пачалі пасяўную - няхай сеюць, калі рабочыя ідуць на фабрыку - няхай працуюць. "Гэта значыць стыль жыцця не трэба мяняць у гэтых умовах, - перакананы Прэзідэнт. - Таму я не забараняў працаваць на зямлі, на заводах, фабрыках, не закрываў граніцы. Мы вызначылі калідоры - не без праблем, але тысячы аўтамабіляў возяць неабходныя грузы праз нас і нам, з Захаду на Усход".



У Беларусі выбралі правільную тактыку барацьбы з каранавірусам. "Я цяпер не бачу, што мы ў нечым памыліліся. Пакуль. Усякае можа быць. Але нават вы, людзі не настолькі ўцягнутыя ў гэты працэс, бачыце, што беларусы зрабілі правільна. Я зыходзіў з таго, што вы самі трымаеце сваё жыццё ў сваіх руках і лепш ім распарадзіцеся, чым я або, магчыма, Гасподзь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што беларусы пройдуць гэты перыяд дастойна. "Уваскрэсенне Хрыстова - гэта сведчанне перамогі дабра над злом, гэта прыклад самаахвяравання. І таму мы не павінны хавацца за сценамі храма і баяцца зайсці ў храм. Таму што Ён не баяўся, а ахвяраваў дзеля людзей. Чаму ж мы схаваліся? Гэта пытанне жыццё перад некім з часам паставіць. І гэта трэба помніць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што вырашыў адысці ад традыцыйных святочных слоў, паколькі многіх людзей хвалюе сітуацыя ў краіне. "Давайце гаварыць адкрыта: па нашай Канстытуцыі ўсё ж такі ад Прэзідэнта ў нашай краіне многае залежыць. І я вам шчыра і сумленна гавару аб той палітыцы, якая будзе ў далейшым праводзіцца пры цяперашняй уладзе. А хто мае рацыю, хто вінаваты, стане зразумела літаральна праз чатыры-пяць месяцаў, калі вы будзеце вызначацца, хто будзе вамі кіраваць, якая будзе ў вас улада. І ніхто над вамі стаяць не будзе, гэта вы вырашыце самі. Але я вам гарантую, што чарговыя выбары ў нашай краіне пройдуць абсалютна сумленна. Мы сумленна і адкрыта будзем гаварыць вам аб будучыні, будзем расказваць аб тым, як развіваецца наша краіна і як будзе развівацца", - заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што пнеўманіі, пра якія сёння так шмат гавораць, - гэта толькі малая частка ад усіх існуючых не менш небяспечных хвароб. "У нас шмат людзей, у якіх сардэчна-сасудзістыя захворванні, якія пакутуюць на анкалогію, цукровы дыябет, атлусценне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што смяротнасць ад пнеўманіі, якая развіваецца на фоне каранавіруснай інфекцыі, зусім малая. Паміраюць людзі, здароўе якіх падкасілі многія іншыя захворванні. У сувязі з гэтым ён заклікаў пажылых людзей, асабліва з хранічнымі захворваннямі, звяртацца да медыкаў пры першых жа сімптомах інфекцыі і не чакаць да апошняга, займаючыся самалячэннем. "Паберажыце сябе, падумайце аб гэтым, - заклікаў Кіраўнік дзяржавы. - Нашы ўрачы малайцы ў гэтым плане: яны ўжо сарыентаваліся, выцягваюць самых цяжкіх хворых".

"Калі вы зробіце маленькі крок насустрач свайму здароўю, у нас з заўтрашняга дня будзе лепш. Усё залежыць ад нас з вамі. Я вам абяцаю, што наша ўлада - яна камусьці падабаецца, не падабаецца - зробіць усё для таго, каб вы былі абаронены. Толькі вы зрабіце маленькі крок насустрач свайму здароўю, таму, аб чым вы марыце. Калі мы будзем разам, усё будзе добра", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перадаў словы падтрымкі расіянам і ўкраінцам, якія таксама змагаюцца з пандэміяй. "Яны, як і мы, перажываюць няпросты час. Можа, у іх сёння нават складаней, чым у нас. Хачу ад усіх беларусаў пажадаць ім здароўя. Я хачу, каб Гасподзь пачуў і дапамог ім пераадолець гэту бяду, часта створаную намі самімі. Няхай нашы браты жывуць у міры і згодзе", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў хутчэйшага выздараўлення палякам, літоўцам і латышам, жыхарам іншых еўрапейскіх краін, амерыканцам і грамадзянам КНР.

У храме Аляксандру Лукашэнку ўручылі копію цудатворнага візантыйскага абраза "Заступніца". Ён выкананы на палатне з прымяненнем унікальнай тэхналогіі, якая дазваляе перадаць якасную шаўкаграфію ручной працы.

У адказ Прэзідэнт перадаў храму абраз "Уваскрэсенне Хрыстова. Анёл ля Труны Гасподняй". Абраз адлюстроўвае сюжэт, апісаны ў кананічных тэкстах: "З'яўленне анёла жанчынам-міраносіцам". Ён стаў самым раннім ўвасабленнем вобраза Уваскрэсення і быў вядомы яшчэ ў IV стагоддзі. Абраз выкананы ў тэхніцы васковай тэмперы. Яго аўтар - іканапісец Андрэй Жараў.



Перад прыбыццём у царкву Аляксандр Лукашэнка паспеў паразмаўляць з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Ігарам Сергяенкам і старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Турчыным. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як развіваецца сітуацыя з каранавірусам у цэлым па краіне і ў цэнтральным рэгіёне ў прыватнасці. Як далажылі Прэзідэнту, сітуацыя стабільная, рэзкага ўсплёску захваральнасці не адзначаецца.

"Спадзяёмся, што тэндэнцыя будзе да зніжэння. У мяне літаральна за суткі працэнтаў на трыццаць менш тых, хто захварэў на пнеўманію", - праінфармаваў губернатар. Паводле яго слоў, у абласныя ўстановы паступілі ўжо кітайскія медпрэпараты, якія пры лячэнні каранавіруса на ранніх стадыях даюць добры эфект.

"Будзем спадзявацца, што сітуацыя будзе развівацца вось так, як цяпер", - ацаніў абстаноўку Прэзідэнт.

У той жа час ён лічыць неабходным перавесці інфіцыраваных COVID-19 з раённых цэнтраў у абласныя - гэта дапаможа лепш кантраляваць сітуацыю і аказваць хворым больш кваліфікаваную дапамогу. Да таго ж з'явіцца магчымасць прывесці ў парадак раённыя бальніцы, зыходзячы з ужо існуючага вопыту.

"Людзей лепш трымаць у абласных цэнтрах, не ў раёне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь