Наведванне спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13

  • 9
  • 4:37

Дзяржава павінна зрабіць усё магчымае, каб дзеці з асаблівасцямі развіцця не адчувалі сябе лішнімі ў грамадстве. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 верасня ў час наведвання спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 горада Мінска для дзяцей з парушэннем слыху.

"Я вельмі шмат разоў бываў у такіх школах. Але сёння я ўпершыню для сябе адкрыў такую рэч: ніякія вы не інваліды або людзі з абмежаванымі здольнасцямі і магчымасцямі. Вы такія ж, як і мы, проста крышачку адрозніваецеся ад нас, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да выхаванцаў школы-інтэрната. - Хоць я і гэта стаўлю пад сумненне, убачыўшы тое, што вы сёння можаце. І самае галоўнае, што ў вас свабодныя стасункі з выкладчыкамі і адзін з адным".

"Вядома, нас турбуе, які вы далей выбераце шлях і як ён складзецца. Я вам абяцаю, што тут праблем у вас не будзе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы дамовіліся, што Урад яшчэ раз вывучыць праблему занятасці, каб вы ўсе знайшлі сваё месца ў жыцці, каб маглі працаваць і зарабляць для сябе і сваіх дзяцей".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ёсць факты, калі кіраўнікі арганізацый не хочуць браць на работу маладых людзей з асаблівасцямі развіцця. "Мне канкрэтных фактаў не назвалі, але гавораць, яны ёсць. Мы абавязкова знойдзем і ліквідуем гэтыя бар'еры. Таму што мы не можам не падтрымліваць вас - вы так моцна імкняцеся ў гэта жыццё", - адзначыў беларускі лідар.

Наведваючы школу-інтэрнат, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы адукацыі, умовамі навучання, выхавання і пражывання навучэнцаў. Прэзідэнту далажылі аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і развіцці спецыяльнай адукацыі ў Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што не лічыць прафесію выкладчыка непрэстыжнай або нецікавай. "Выкладчык - гэта верх, самая цікавая работа. Што датычыцца школы, усё ж такі настаўнік мае больш свабоды, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - На вытворчасці трэба адпрацаваць цэлы дзень, а ў школе, нават калі чатыры-пяць гадзін выкладаеш, то ты ўсё роўна (так, заняты сшыткамі, падрыхтоўкай) больш свабодны для творчасці або самарэалізацыі".

Разам з тым, лічыць Прэзідэнт, педагогам неабходна падняць зарплату. Рабіць гэта трэба пераважна за кошт рэзерваў у самой сістэме адукацыі. "Хаця б на чвэрць трэба за нейкі час падняць зарплату настаўнікам, і я ўпэўнены: са школы ніхто не пойдзе, нават той, які не па прызванні туды прыйшоў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Ва ўрадзе, як дамаўляліся, ужо зрабілі крок, таму давайце паспрабуем на працягу кароткага часу падняць зарплату настаўнікам. Але першая мая ўмова: сістэму адукацыі трэба поўнасцю аптымізаваць, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі і заканчваючы школай, але не на шкоду дзецям".

Кіраўнік дзяржавы таксама прысутнічаў на святочным канцэрце да Дня ведаў, у час якога выступілі калектывы ўзорнага дзіцячага тэатра пантамімы "Спадарожнік" і студыі жэставай песні "Гаворачыя рукі". Пасля мерапрыемства выхаванцы школы-інтэрната ўручылі Аляксандру Лукашэнку памятны падарунак.

Першакласнікам ад Прэзідэнта перадалі навучальныя дапаможнікі "Беларусь - наша Радзіма", а школе - шматфункцыянальную інтэрактыўную панэль вытворчасці ААТ "Гарызонт", аснашчаную вучэбнымі праграмамі для работы з дзецьмі з парушэннямі слыху.