Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі

31 снежня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 снежня наведаў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце РНПЦ і перспектывах яго развіцця, расказалі аб існуючай матэрыяльнай базе і структуры ўстановы. Ён цікавіўся, якая дынаміка ў захваральнасці дзяцей.

"Сярэднегадавы прырост у нас ідзе такі ж, як у еўрапейскіх краінах, - менш як 1%. Штогадовы прырост - 0,76%", - расказала дырэктар РНПЦ Анжаліка Сонцава. Яна са шкадаваннем канстатавала, што прыкладна палавіна тых, хто ўпершыню захворвае, гэта дзеці ранняга ўзросту і першых чатырох гадоў жыцця. "Тут ёсць і генетычная паломка. Але генетыка без уплыву фактараў знешняга асяроддзя можа не выявіцца так рана", - адзначыла дырэктар установы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падрабязна цікавіўся навуковай работай у РНПЦ. І па гэтым напрамку ёсць значныя дасягненні. "Ёсць чым ганарыцца. Створаны высокатэхналагічныя метады лячэння. Напрыклад, спецыяльная вакцына для лячэння пацыентаў з некаторымі анкалагічнымі захворваннямі. Для тых пацыентаў, якія рэзістэнтныя да звычайнай тэрапіі, што праводзіцца. Поспехі вельмі добрыя", - расказала Анжаліка Сонцава.

Тым не менш, для далейшага развіцця і дасягнення вялікіх поспехаў у лячэнні пацыентаў неабходны ўдасканаленне матэрыяльнай базы РНПЦ, абнаўленне інжынерных камунікацый. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба вызначыцца, што неабходна зрабіць.

Пазней, у час сустрэчы з Прэзідэнтам, работнікі цэнтра запыталі яго аб магчымасці будаўніцтва тут новага хірургічнага корпуса. Паводле слоў медыкаў, яны могуць рабіць намнога больш, калі ў іх будуць адпаведныя магчымасці. "Мы ўважліва падыдзем да гэтага пытання, таму што вы дзяцей лечыце. Вы лечыце будучае нашай нацыі. Вядома, для іх трэба стварыць добрыя ўмовы, - адказаў Кіраўнік дзяржавы. - Збяром усіх, хто хоча дапамагчы, самі далучымся і падумаем, як гэта зрабіць на высокім узроўні".

Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністру аховы здароўя, губернатару Мінскай вобласці і іншым адказным службовым асобам не зацягваць з падрыхтоўкай праекта, пры неабходнасці вывучыць замежныя аналагі. "Нам нават трэба ў прыярытэт паставіць гэты корпус, а не інфекцыйную або шматпрофільную бальніцу, якую мы вырашылі пабудаваць у Навінках. Або ж, калі будзе магчымасць, паралельна. Але, калі мы пачнём гэты корпус будаваць, трэба добры праект. Гэта трэба рабіць імгненна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У цэлым, адзначыў ён, у краіне значна перагледзелі і перабудавалі сістэму аховы здароўя, і за наступную пяцігодку яе мадэрнізацыя будзе завершана.

Кіраўнік дзяржавы ў РНПЦ азнаёміўся з арганізацыяй аказання медыцынскай дапамогі дзецям з анкалагічнымі захворваннямі.

У лабараторыі генетычных біятэхналогій Прэзідэнту расказалі аб асаблівасцях даследаванняў, якія тут праводзяцца. Лабараторыя стваралася на месцы старога басейна за кошт спонсарскай дапамогі Белаграпрамбанка. Адкрылі яе ў чэрвені 2019 года. Кошт такіх лабараторый з базавым абсталяваннем - 1 млн еўра. Тут у тым ліку займаюцца CAR-T-тэрапіяй - лячэннем пухліны з дапамогай уласных мадыфікаваных клетак. Сабекошт такога метаду складае $5 тыс. Але калі б беларускія медыкі выкарыстоўвалі замежныя рэагенты і тэхналогіі, цана вырасла б да $200 тыс.

У аддзяленні трансплантацыі касцявога мозга Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся і паразмаўляў з маленькімі пацыентамі, якія перанеслі аперацыі і хіміятэрапію. Дзяцей чакалі падарункі ад Прэзідэнта. Навагоднія прэзенты Кіраўнік дзяржавы ўручыў і пацыентам анкалагічнага аддзялення, пажадаўшы ім хутчэйшага выздараўлення. Некаторыя з іх выпісваюцца ўжо сёння.

"Толькі пазітыў павінен быць", - даў наказ хлопчыкам і дзяўчынкам Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што добры настрой - адзін з залогаў хуткага выздараўлення.

Адзін з пацыентаў - чацвёртакласнік Міхаіл - расказаў Кіраўніку дзяржавы, што захапляецца каратэ і веславаннем. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў арганізаваць яму адразу ж пасля выздараўлення трэніроўку з прафесійнымі спартсменамі.

Праходзяць лячэнне ў Бараўлянах і дзеці з іншых краін. Адзін з хлопчыкаў ужо трэці год прыязджае сюды з мамай з Азербайджана.

Кіраўнік дзяржавы таксама не застаўся без падарункаў - дзеці ўручылі яму навагоднія сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.


На заканчэнне свайго візіту ў РНПЦ Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з супрацоўнікамі цэнтра і растлумачыў мэту сваёй паездкі сюды: "Самі разумееце, Новы год - як я магу не павіншаваць вас. А самае галоўнае, у вашай асобе ўсіх, хто сёння лечыць людзей. Другое - дзеці. Я, вядома, вельмі хваляваўся - больш, чым за свае ранейшыя наведванні, таму што, калі дзіця хварэе, для мяне гэта нясцерпна. Але тым не менш гэта ж дзеці,  нашы дзеці. Таму я вырашыў паглядзець, як вы іх лечыце, і на тыя ўмовы, у якіх вы знаходзіцеся. Для мяне было вельмі важна ўбачыць усё на свае вочы".

Прэзідэнту было зададзена пытанне адносна размоў аб магчымасці скарачэння дэкрэтнага водпуску.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінулыя гады ў Беларусі ўжо была праведзена работа па ўпарадкаванні розных ільгот, якія прадастаўляюцца тым ці іншым катэгорыям грамадзян. "Цяпер мы ўжо добра разумеем і ведаем, якія ў нас ільготы. І Урад унёс прапанову па некаторым упарадкаванні льгот. Я сказаў: не, мы цяпер не кранаем ільготы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш пайшлі размовы, што камусьці льготы ліквідуюць. "Аб гэтым размовы не ідзе, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Што датычыцца дзяцей, то наўрад ці мы на гэта пойдзем, таму што самая вялікая праблема ў краіне - дэмаграфічная. Таму ўсё для дзяцей".

Прэзідэнт адзначыў, што нядаўна ў Беларусі было прадоўжана прадастаўленне сямейнага капіталу, вырашаецца пытанне па аператыўным будаўніцтве жылля для шматдзетных.

"Гэта будзе катастрофа, калі мы не будзем прыбаўляць з насельніцтвам, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы - Таму не думаю, што мы будзем кранаць ільготы, звязаныя з дзецьмі. А пакуль аб гэтым размовы сапраўды не было - дэкрэтны водпуск скасаваць, скараціць".

Журналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта палітычнымі і эканамічнымі прыярытэтамі на наступны год. Гаворачы пра Усебеларускі народных сход, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніякія канстытуцыйныя нормы мяняць не ўпаўнаважаны і не будзе.

"Мяне папракаюць, што я там хачу такім чынам уладу сваю прадоўжыць. Слухайце, глупства поўнае. Калі я захачу сваю ўладу прадоўжыць, дык у мяне ёсць усе магчымасці застацца Прэзідэнтам. Што там ужо (гавораць. - Заўвага), на Усебеларускім народным сходзе, я буду старшынёй. Той, хто баіцца, што Лукашэнка застанецца на чале ўлады, павінен маліцца, каб я стаў нейкім там старшынёй гэтага сходу. Ніхто паўнамоцтвы шалёныя на Усебеларускі народны сход адпраўляць не будзе. Кіраўнік дзяржавы будзе - Прэзідэнт. Гэта вы яго выбераце. Прэм'ер-міністр будзе, парламентарыі і іншыя", - заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што гэта пакуль нявырашанае пытанне, каб зрабіць УНС канстытуцыйным органам: "Гэта ў Канстытуцыі будзе ў праекце прапісана і на рэферэндуме вы будзеце вырашаць. Ніхто на Усебеларускім сходзе не будзе прымаць канстытуцыйных рашэнняў, каб вы ведалі. Ніхто! Сход павінен акрэсліць арыенціры на пяцігодку".

"Усебеларускі народны сход ніякія канстытуцыйныя нормы, Канстытуцыю мяняць не ўпаўнаважаны і не будзе. І мы націскаць на гэта не будзем. Гэта будзе несумленна. Але абмяркуем усе пытанні, якія на дыялогавых пляцоўках абмеркавалі, якія ўсплылі і стаяць перад беларускім народам", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запэўніў, што УНС будзе праведзены сумленна і адкрыта. "Усё будзе так, як трэба. І на Усебеларускім народным сходзе будуць самыя актыўныя патрыёты нашай краіны. Гэта не значыць, што там будуць адны "ябацькі", ці як вы іх называеце... Там будуць тыя людзі, якіх вы туды накіруеце", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што тэму Усебеларускага народнага сходу цяпер раскручваюць на фоне няпростага часу ў грамадска-палітычных адносінах.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць устойлівага эканамічнага развіцця, каб забяспечыць спакой і стабільнасць у грамадстве. "Справімся з эканомікай - ніякія пратэсты нам не страшныя. Паходзяць, паходзяць, як цяпер, калі паходзяць. Не пяройдуць чырвоную рысу - будуць хадзіць. Пяройдуць - атрымаюць. Павінен быць закон і парадак", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Усе мы гэта перажывём. Трэба, каб была эканоміка", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў адыходзячым няпростым годзе Беларусь, якая не мае вялікіх рэсурсаў, страціць менш як 1% ВУП.

"Галоўнае пытанне для мяне - эканоміка. Будзе эканоміка - нічога не страшна. Але будзе вельмі цяжка. Таму што COVID, усе краіны закрыліся. Перажывём, калі будзем галаву ў руках трымаць", - адзначыў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, як правядзе надыходзячае свята. "Новы год я правяду як звычайна. Я ўжо шмат разоў гаварыў: калі ўсе п'юць (а на Новы год усе п'юць), хоць адзін чалавек, адказны за краіну, дзяжурны па краіне, павінен быць цвярозым, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мне проста: я чалавек непітушчы".

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта ні ў якім разе не піяр: ён заўсёды ў галоўныя святочныя дні на пасту. "Калі вытрымаю гэтыя некалькі сутак (я ўжо забыў, калі нармальна спаў), то пагляджу ўласны зварот да беларускага народа", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ён запісваўся ў незвычайным фармаце, і яму цікава, што атрымалася ў выніку.

Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі і супрацоўнікамі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, падзяліўся з імі сваім пераднавагоднім жаданнем.

"Жаданне ў мяне адно: каб народ калі-небудзь сказаў дзякуй за тое, што мы зрабілі за гэты перыяд часу. А зрабілі ж нямала - вялікае бачыцца на адлегласці, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Нам пашанцавала, што менавіта мы з вамі пабудавалі першую суверэнную і незалежную дзяржаву".

На думку Прэзідэнта, цяпер некаму гэта падзея можа здавацца нязначнай, маўляў, што ў тым такога: пабудавалі і пабудавалі. "Пройдзе час - будзем гаварыць дзецям і ўнукам: "Глядзіце, мы гэта зрабілі". Інакш кажучы, мы планку паднялі даволі высока, таму вам давядзецца скокнуць", - падкрэсліў ён.


Тэгі: Паездкі
© 2021, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь