Наведванне рэспубліканскага цэнтра па зімовых відах спорту "Раўбічы"

  • 7
  • 3:05

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 лютага азнаёміўся з падрыхтоўкай рэспубліканскага цэнтра па зімовых відах спорту "Раўбічы" да маючага адбыцца чэмпіянату Еўропы па біятлоне.

Аляксандр Лукашэнка таксама асабіста разам з камандай апрабаваў трасу.

"Калі ўлічваць цяперашнія ўмовы надвор'я (гавораць, гэта не анамалія, а нестандартныя, атыповыя ўмовы), то трэба аддаць належнае тым, хто здолеў, калі быў невялікі мінус, нарыхтаваць горы снегу, выкласці трасу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што нават у паўночных краінах няма снегу, і міжнародны саюз біятланістаў звярнуўся з просьбай, каб спаборніцтвы правялі ў Беларусі. Не толькі чэмпіянат Еўропы, але і этап Кубка IBU.

"Шчыра кажучы, вельмі перажываю за гэта, кантралюю. Практычна кожную раніцу мне дакладваюць, што зроблена. А сёння я вырашыў нечакана сваю трэніроўку перанесці сюды і паглядзець. Вядома, траса разбіта, цяпер ужо нуль (градусаў. - Заўвага). Таму цяжкавата, асабліва для аматараў. А спартсмены трэніруюцца нармальна. Мы зробім трасу. Снегу вунь, бачыце, горы настралялі - цэлы дывізіён гармат (снежных. - Заўвага) стаіць, і нашых, і не нашых", - выказаў упэўненасць Кіраўнік дзяржавы.

"Таму калі дажджу не будзе, чэмпіянат Еўропы і этап Кубка мы правядзём на належным узроўні. Не падвядзём міжнароднікаў, якія проста нас папрасілі выратаваць іх, таму што нідзе няма снегу", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
 
"Яны (міжнародны саюз біятланістаў IBU. - Заўвага) аплачваюць поўнасцю нашу падрыхтоўку (да правядзення спаборніцтваў. - Заўвага). Я ўжо не лічу, што прыедуць сюды тысячы чалавек, якія будуць харчавацца, жыць - і ў Мінску, і тут, як гэта было мінулыя гады. Таму ў фінансавых адносінах гэта ўсё практычна акупна, і з вялікім прыбыткам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым беларускі лідар падкрэсліў, што для яго галоўнае нават не фінансавы аспект. "Галоўнае - заява кіраўніка IBU, што за тое, што вы нас падтрымалі, выратавалі, фактычна кажучы, мы падумаем аб тым, каб у бліжэйшы час перадаць у "Раўбічы" этап Кубка свету - ужо вядучых, самых топавых спартсменаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.