Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Наведванне Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак

28 лютага 2017 года

Прысуджэнне дзяржаўных узнагарод за навуковыя працы не павінна мець фармальны характар. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лютага ў час наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак, які функцыянуе на базе 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

Пры наведванні навукова-практычнага цэнтра Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з распрацоўкамі, вылучанымі ў 2016 годзе на саісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што прысуджэнне дзяржузнагарод за навуковыя працы не павінна быць фармальным, інакш можна страціць па-сапраўднаму каштоўныя распрацоўкі і дасягненні.

"Я хачу дзейнічаць у рамках сумленнасці і справядлівасці, а яны заснаваны на аб'ектыўнасці, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - У нас наперадзе сур'ёзная нарада па навуцы. Трэба паглядзець на ўсіх распрацоўшчыкаў, мы павінны на іх звярнуць сур'ёзную ўвагу. Калі мы не змаглі ім прысвоіць лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі, адбярыце гэтыя работы (калі відаць, што эфект каласальны і яна заслугоўвае прынамсі ўвагі), падумайце і ўнясіце мне прапановы, што мы будзем рабіць з гэтымі людзьмі і работамі. Так, усе не павінны дзяржпрэміі атрымліваць, таму што гэта ўжо будзе абязлічванне. Але яны заслугоўваюць іншага заахвочвання".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта прааналізаваць, які эфект для краіны прынеслі навуковыя работы, што атрымалі дзяржпрэміі ў папярэднія гады.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што ў ліку аўтараў многіх навуковых работ часта можна ўбачыць і саміх кіраўнікоў прадпрыемстваў або арганізацый. "Я паглядзеў - вакол начальнікі. Толькі не разумею, калі ў дырэктара прадпрыемства ёсць вольны час, каб сесці і стварыць цуд, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я хачу, каб быў аўтар, сапраўдны аўтар, які гэтага заслугоўвае. А прымазвацца да славы не трэба".

Знаёмячыся з распрацоўкамі, вылучанымі ў 2016 годзе на саісканне Дзяржпрэміі, Прэзідэнт зацікавіўся цыклам навуковых работ "Вытокі беларускай дзяржаўнасці: Полацкая і Віцебская землі ў IX-XVIII стагоддзях". У іх па-новаму раскрываецца працэс фарміравання тэрыторый усходнеславянскіх раннедзяржаўных утварэнняў і іх цэнтраў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер ідзе работа над новымі падручнікамі і пытанні станаўлення беларускай дзяржавы ў іх абавязкова трэба адлюстраваць. "Трэба прапісаць і ўкараніць у розумы нашых людзей праўду, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тут калі і ёсць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм разумны".

Кіраўнік дзяржавы таксама правёў паралель з сучаснасцю. "Мы сапраўды сябе стварылі, і з намі лічыліся тады. Усё гэта сугучна і актуальна цяпер, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Сёння некаторыя пад выглядам "дармаедства", яшчэ чагосьці спрабуюць гэту лодку разгайдаць і даказаць нам, што гэта не нашы землі, а нечыя. Таму для нас гэта вельмі актуальна".

"Дармаеды" павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёння выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсць, знішчыць тое, што мы адрадзілі, каб не даць нам замацавацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з кожнай работай, якая была вылучана ў 2016 годзе на саісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Гэта распрацоўкі і праекты ў сферах прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтаздабычы, будаўніцтва, тэхналогій і гісторыі. Многія з іх сталі добрым прыкладам імпартазамяшчэння.

У ліку намінантаў і работа па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій трансплантацыі органаў у дзяцей і дарослых. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з новымі медыцынскімі тэхналогіямі, укаранёнымі ў работу РНПЦ, агледзеў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, трансплантацыі, лабараторыю клетачных тэхналогій.

Як расказаў кіраўнік цэнтра Алег Румо, стварэнне РНПЦ садзейнічала істотнаму росту колькасці аперацый па трансплантацыі органаў у Беларусі. Агульная іх колькасць у параўнанні з 2005 годам павялічылася больш як у 60 разоў (з 8 да 502 аперацый), пры гэтым значна пашырыўся іх спектр. Укараняюцца ўласныя перадавыя навуковыя распрацоўкі ў галіне трансплантацыі органаў. Распрацаваны прынцыпова новыя спосабы, алгарытмы і тэхналогіі. У канчатковым выніку ўсё гэта дае магчымасць вяртаць пацыентаў да паўнацэннага жыцця. Пры гэтым Беларусь уваходзіць у дзясятку сусветных лідараў па ўзроўні развіцця органнага донарства, апярэджваючы многія развітыя дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб мэтазгоднасці стварэння ў Беларусі асобнага новага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак. "Трэба паглядзець, колькі будзе каштаваць самы сучасны на перспектыву цэнтр", - сказаў ён.

У час наведвання цэнтра Кіраўнік дзяржавы таксама цёпла пагутарыў з пацыентамі, сярод якіх і дзеці, уручыў ім сувеніры, пажадаў здароўя і поспехаў у далейшым жыцці.


© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь