Наведванне раёна жылой забудовы Міхалова-2 у Мінску

  • 6
Аб'ёмы будаўніцтва, у тым ліку жыллёвага, у існуючых межах Мінска неабходна скарачаць, аддаючы прыярытэт кропкавай забудове пакуль невыкарыстоўваемых участкаў, развіццю фонду арэнднага жылля і гарадоў-спадарожнікаў. Гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў час наведвання Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам раёна жылой забудовы Міхалова-2 у Мінску.

Наведванне Кіраўніком дзяржавы аднаго з новых дамоў у гэтым мікрараёне было прымеркавана да мерапрыемстваў, прысвечаным 20-годдзю Службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі. Менавіта ў гэтым доме за ўласныя сродкі пры дзяржаўнай падтрымцы кватэры для сваіх сем'яў пабудавалі супрацоўнікі гэтай службы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з планіроўкай жылога дома, сустрэўся з членамі сем'яў супрацоўнікаў Службы бяспекі Прэзідэнта.

"Маё патрабаванне аб скарачэнні як у цэлым будаўніцтва ў Мінску, так і будаўніцтва жылля застаецца нязменным. Абавязкова трэба скарачаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, паводле слоў Прэзідэнта, гэта не азначае, што горад Мінск у існуючых межах МКАД замрэ, і ў ім нічога не будзе будавацца. "Не - тут таксама будзе ўзводзіцца, няхай мінімум нейкага жылля. Але вы не чакайце, што заўтра вам дадуць землі з сельскагаспадарчых угоддзяў або ляснога фонду", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў Мінску трэба паступова наводзіць глянец, асвойваць і добраўпарадкоўваць тыя ўчасткі, якія з-за іх рэльефу і размяшчэння пакуль застаюцца незадзейнічанымі і адначасова не могуць выкарыстоўвацца для патрэб сельскай гаспадаркі. "Разлічвайце на тыя ўчасткі, дзе немагчыма ні араць, ні сеяць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама. - Трэба забудоўваць гэтыя месцы, добраўпарадкоўваць, ствараць паркі, зоны адпачынку. Мы не можам людзей загнаць у "бетонныя мяшкі", дзе няма ні зелені, ні травы".

Адначасова Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць празмернага ўшчыльнення забудовы, што выклікае абгрунтаваныя прэтэнзіі грамадзян. "Ушчыльняць некаторыя тэрыторыі трэба, але ні ў якім разе нельга там "ціснуць" людзей, каб ім было немагчыма выйсці на вуліцу", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць комплекснай планіроўкі жылых раёнаў, дзе нараўне з жыллём павінны быць у дастатковай колькасці розныя сацыяльныя ўстановы, спартыўныя пляцоўкі. Адначасова Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што многія такія аб'екты пакуль будуюцца па старых савецкіх схемах, што, напрыклад, датычыцца і дзіцячых садоў. "Гэта дорага. Трэба рабіць функцыянальна, прыгожа, каб дзецям было цёпла, але не трэба размахвацца, як мы гэта робім цяпер. Гэта датычыцца і матэрыялаў, і плошчаў. Падумайце аб тым, каб сацыяльныя аб'екты, якія фактычна будуюцца за кошт дзяржавы, былі аптымальнымі па цане", - адзначыў Прэзідэнт. "На дзецях не трэба эканоміць, але ў нас шмат празмернасцей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, нават пабудаваўшы той ці іншы сацыяльны аб'ект, асабліва з дадатковым наборам паслуг, дзяржава не павінна поўнасцю несці на сабе расходы па яго ўтрыманні. У гэтых мэтах варта больш актыўна задзейнічаць іншыя крыніцы, у тым ліку сродкі насельніцтва.

Гаворачы аб арэндным жыллі, Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў больш актыўна прыцягваць да яго будаўніцтва розныя прадпрыемствы і арганізацыі. "Арэнднае жыллё - не толькі клопат дзяржавы. Усіх трэба напружыць і давесці кожнаму прадпрыемству план, - заявіў беларускі лідар. - Большасць, вядома, пакуль будзе будаваць дзяржава, але і прадпрыемствы павінны ўкласціся. Калі ты кіраўнік, то неабходна думаць аб перспектывах прадпрыемства, перш за ўсё працоўных рэсурсаў". Паводле слоў Прэзідэнта, аналагічны падыход можна прымяніць і ў сельскай мясцовасці. "Сёння ў нас поўная "разбэшчанасць": цяжка, складана, крызіс, - таму мы нічога не будуем. Мы на трактар, на запчастку грошы знойдзем, а каб у чалавека ўкласці - у нас грошай няма", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька далажыў, што ў 2014 годзе пабудавана ўжо больш за 700 арэндных кватэр. Яшчэ каля 1,4 тыс. знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. Ад здачы арэндных кватэр толькі ў гэтым годзе будзе атрымана Br12 млрд., і гэтыя сродкі можна накіраваць на праектаванне двух дзясяткаў новых шматкватэрных дамоў, ужо не прыцягваючы на гэтыя мэты бюджэтныя сродкі або крэдытныя рэсурсы. Такім чынам, па меры будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю дадатковых дамоў і пашырэння фонду арэнднага жылля гэты эканамічны эфект будзе нарастаць.

Мікалай Ладуцька таксама далажыў, што ў бліжэйшыя гады аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва ў існуючых межах горада Мінска плануецца значна скараціць. Так, згодна з прадстаўленай інфармацыяй, калі ў 2014 годзе ў сталіцы павінна быць пабудавана 1 млн 100 тыс. кв.м жылля, то ў 2015 годзе гэты паказчык складзе ўжо 900 тыс. кв.м, а ў 2016 і 2017 гадах зменшыцца да адпаведна 750 тыс. кв.м і 600 тыс. кв.м. Пры гэтым адначасова ў некалькі разоў павялічыцца будаўніцтва арэнднага жылля.

Разам з тым, Мікалай Ладуцька адзначыў, што зніжэнне планаў па будаўніцтве жылля ў Мінску не значыць, што сталіца не будзе забяспечваць праграму па жыллёвым будаўніцтве. У гэтым плане прыярытэт будзе аддавацца развіццю гарадоў-спадарожнікаў. І адной з найбольш прыярытэтных тэрыторый, паводле слоў Мікалая Ладуцькі, стане горад Рудзенск, улічваючы яго забяспечанасць сур'ёзнымі энергетычнымі магутнасцямі. Ужо ў наступным годзе павінен быць зацверджаны план дэталёвай планіроўкі адносна гэтага населенага пункта, а ў 2016 годзе плануецца пачаць будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры для гэтай тэрыторыі. "Гэта дасць магчымасць у 2017 годзе пачаць будаўніцтва жылых дамоў", - удакладніў старшыня Мінгарвыканкама. Акрамя таго, у Рудзенску на прылеглай да жылой забудовы тэрыторыі прадугледжана развіццё вытворчых магутнасцей.

Для больш эфектыўнага развіцця адпаведных тэрыторый прапанавана перадаць Рудзенск пад кіраванне Мінска па аналогіі з тым, як гэта цяпер існуе адносна пасёлка Сокал за 25 км ад сталіцы. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэту прапанову.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька далажыў, што ў гэтым годзе за сродкі жыльцоў адрамантавана амаль 20 працэнтаў пад'ездаў і добраўпарадкавана прыкладна 10 працэнтаў дваровых тэрыторый.

Размова ідзе аб тым, што дзяржава ў асобе мясцовых улад бярэ на сябе выкананне пэўных мінімальных сацыяльных патрабаванняў і стандартаў, а дадатковыя работы і паслугі павінны аплачвацца самімі жыльцамі.

Акрамя таго, добра зарэкамендавала сябе практыка замацавання тэрыторый за суб'ектамі гаспадарання, у абавязкі якіх уваходзіць іх прыбіранне, утрыманне і бягучы рамонт. Гэта ў асноўным участкі, якія прымыкаюць да магазінаў і ўстаноў, розных офісных памяшканняў на першых паверхах будынкаў.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым адзначыў, што станоўчы вопыт прыцягнення грамадзян і арганізацый да работы па добраўпарадкаванні неабходна і ў далейшым паступова пашыраць.