Наведванне прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Мінатор-Сэрвіс"

  • 6
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў падтрымліваць прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 21 студзеня ў час наведвання вытворча-гандлёвага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Мінатор-Сэрвіс".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава, урад, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў "не павінны бачыць у прыватніках нейкіх ворагаў, сапернікаў, а павінны ставіцца да іх, як і да дзяржаўных прадпрыемстваў".

Пры гэтым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што прыватнікам трэба развівацца зыходзячы з патрабаванняў часу і на карысць людзям. "Калі з чагосьці малога пачыналі, то развівайцеся далей", - перакананы Прэзідэнт. Ён бачыць добрыя перспектывы для істотнага развіцця прыватных прадпрыемстваў.

Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў дзейнасць "Мінатор-Сэрвіса": "Перспектыва вашага і іншых прыватных прадпрыемстваў - каб яны выраслі ў магутныя структуры абароннага сектара, якія будуць працаваць не толькі на ўнутранае спажыванне, але і на знешняе".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што істотная частка бюджэту краіны сёння фарміруецца за кошт прыватных прадпрыемстваў.

Прэзідэнту расказалі аб тым, што ПУП "Мінатор-Сэрвіс" утворана на базе занядбанага прадпрыемства. За ўласныя грошы прыватніка была створана новая вытворчасць, якая стала выпускаць прадукцыю. Такім чынам, з'явіліся новыя рабочыя месцы, прычым на гэтым прадпрыемстве людзі атрымліваюць добрую зарплату. Прадпрыемства выплачвае падаткі, вырабляе прадукцыю, ёсць планы па пашырэнні вытворчасці.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці, яму расказалі аб перспектыўных праектах прадпрыемства.

Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб рабоце Дзяржкамваенпрама па ўключэнні ў абаронны сектар эканомікі прадпрыемстваў прыватных форм уласнасці і павышэнні эфектыўнасці іх дзейнасці.