Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Наведванне прадпрыемства "Мінскінтэркапс"

26 студзеня 2018 года
Наведванне прадпрыемства "Мінскінтэркапс"
глядзіце таксама: відэа
26 студзеня 2018 года
Наведванне прадпрыемства "Мінскінтэркапс"
Наведванне прадпрыемства "Мінскінтэркапс"
глядзіце таксама: фота
26 студзеня 2018 года
Наведванне прадпрыемства "Мінскінтэркапс" 7 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць пад строгі кантроль сістэму абароту і вытворчасці ў краіне лекавых сродкаў. Адпаведнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў 26 студзеня, наведваючы фармпрадпрыемства "Мінскінтэркапс".

"Поўнасцю павінна быць створана ў бягучым годзе ў першым паўгоддзі манапалізаваная сістэма - поўнасцю празрыстая і падкантрольная вам - сістэма вытворчасці і рэалізацыі лекавых тавараў: і айчынных, і імпартных", - даручыў Прэзідэнт адказным за гэту сферу чыноўнікам.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сістэма ў гэтай сферы павінна быць выбудавана па аналогіі з вытворчасцю, абаротам і імпартам алкагольнай або тытунёвай прадукцыі. "Я не гавару, што вы цэны будзеце ўстанаўліваць, яшчэ штосьці, але вы поўнасцю возьмеце пад кантроль усе гэтыя працэсы ў краіне па вытворчасці, продажах унутры і імпарце звонку. Усё трэба ўзяць пад кантроль", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што абарот лякарстваў, магчыма, трэба кантраляваць нават больш строга, чым алкагольнай або тытунёвай прадукцыі. "Якую вы схему прапануеце мне ў першым паўгоддзі, гэта я пагляджу ўжо. Тут нам жартаваць няма чаго", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў канчаткова разабрацца з праблемай пасрэдніцтва як у фармгаліне, так і ў іншых сферах. "Гэта датычыцца ўсёй краіны. Пасрэднікі нас абдзіраюць дагала, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Давайце разбірацца з гэтай праблемай. Гэта праблема не толькі ў іх (у сферы фармгаліны), я ўжо дзесяць разоў казаў аб пасрэдніцтве".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што заработак пасрэднікаў часам складае палавіну ад цаны тавару. "Гэта робіць даражэйшым тавар. Чаму мы не займаемся гэтым пытаннем? Гэта пытанне нумар адзін", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на пэўным этапе быў гатовы прыняць рашэнне, забараніўшы ўсякае пасрэдніцтва. "У Шуневіча спытайце або ў Вакульчыка. Яны вам раскажуць, адкуль усе праблемы. Праблемы ў пасрэдніках. Купляюць за рубель - прадаюць за дзесяць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.


"Калі мы дазваляем нейкае пасрэдніцтва, няхай міністр або губернатар паставіць свой подпіс", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. У выпадку ўзнікнення пытанняў з боку праваахоўных і кантралюючых структур менавіта гэтыя чыноўнікі потым і будуць несці адказнасць за прынятае рашэнне, падкрэсліў ён.

"Мы вялізныя грошы губляем. Тут (пры пасрэдніцтве) самая карупцыя. Адсюль бяруць грошы на хабары і іншае", - упэўнены Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пэўных выпадках без пасрэднікаў не абысціся, але гэта зноў жа павінен вырашаць кіраўнік высокага ўзроўню.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што вырашэнне праблем у гэтым напрамку асабліва актуальна ва ўмовах, калі ў свеце ідзе жорсткая барацьба за рынкі і цэнавая канкурэнцыя.

У час наведвання фармпрадпрыемства Кіраўнік дзяржавы даручыў у перспектыве дасягнуць парытэту па аб'ёмах паставак лекавых сродкаў на экспарт і ўнутраны рынак Беларусі.

"Нам трэба выходзіць на суадносіны 50/50, і ў той жа час, каб айчынны рынак рос", сказаў беларускі лідар.

Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, у мінулым годзе на экспарт беларускія вытворцы адправілі лекавых сродкаў на суму каля $150 млн. Пры гэтым усяго за 2017 год, паводле папярэдняй ацэнкі, выраблена фармпрадукцыі на Br1 млрд, што складае ў эквіваленце больш як $500 млн.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу і на пытанне цэнаўтварэння на лекавыя сродкі, падкрэсліўшы, што кошт адпаведнай прадукцыі павінен быць адэкватным і не завышацца. Для гэтага ў тым ліку неабходна прадоўжыць актыўную работу з вытворцамі і пастаўшчыкамі, старацца максімальна выключыць магчымасць удзелу разнастайных пасрэдніцкіх структур. "Хацелася б, каб вы не па ўказцы Прэзідэнта правяралі цэны на лякарствы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы разбяромся ў бліжэйшы час. Гэта нядобра, што спецслужбы будуць займацца цэнамі на лякарствы".


Прэзідэнт таксама цікавіўся аб'ёмамі вытворчасці айчынных лякарстваў, функцыянаваннем галіны ў цэлым, існуючай працэдурай закупкі імпартных лекавых сродкаў, станам канкурэнтнага асяроддзя. Аляксандру Лукашэнку падрабязна далажылі аб рабоце холдынга "Белфармпрам" і прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яго склад.

Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб выкананні даручэнняў па развіцці фармацэўтычнай прамысловасці і забеспячэнні ўнутранага рынку айчыннымі лекавымі сродкамі. Абмяркоўвалася рэалізацыя інвестпраектаў па мадэрнізацыі фармпрамысловасці, у тым ліку на прадпрыемстве "Мінскінтэркапс", фінансава-эканамічны стан і перспектывы развіцця галіны.

Прэзідэнт азнаёміўся з найноўшымі медпрэпаратамі, якія вырабляюцца на айчынных прадпрыемствах, наведаў вытворчыя ўчасткі "Мінскінтэркапса", лабараторыі кантролю якасці лякарстваў.

Па дарозе на фармпрадпрыемства Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на стан тэрыторый у прамысловай зоне Мінска і паставіў задачу кіраўніцтву сталіцы па навядзенні парадку.

"Беспарадак поўны! Мы агароджы ў калгасах рамантуем, робім, каб глядзелася. Паглядзіце на гэтыя прадпрыемствы", - сказаў беларускі лідар.

"У вас адзін год застаўся. У сярэдзіне 2019 года ўся краіна, перш за ўсё Мінск, павінны быць у ідэальным парадку", - запатрабаваў Прэзідэнт.

У прыватнасці, ён акцэнтаваў увагу на ўтрыманні тэрыторый вакол вытворчасцей, устаноўцы агароджаў і падтрыманні іх у належным стане. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб адпаведныя работы выконваліся бюджэтна без траты лішніх сродкаў. "Не трэба гэтых жалезабетонных канструкцый", - сказаў ён.

"Усё трэба прыводзіць у парадак", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нараўне з гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на некаторыя недабудаваныя аб'екты ў межах Мінска. Ён запатрабаваў рашучых дзеянняў у гэтым пытанні з боку ўлад.

Тэгі: Паездкі
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь