Наведванне пляцоўкі будаўніцтва БелАЭС

  • 13

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 9 кастрычніка наведаў пляцоўку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі.

Кіраўнік дзяржавы пабываў на вытворчай базе будаўніцтва БелАЭС, дзе азнаёміўся з тэхналогіяй вырабу спецыяльных металаканструкцый, цыркуляцыйных водаправодаў і трубаправодаў.

Затым Прэзідэнт пераехаў на пляцоўку ўзвядзення будынка рэактара блока нумар 1 Беларускай АЭС. Аляксандру Лукашэнку далажылі аб завяршальным этапе падрыхтоўчых работ і ходзе будавання БелАЭС, а таксама рэалізацыі праекта па выдачы электрычнай магутнасці ад будучай атамнай электрастанцыі.

Як адзначыў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, работы па будаўніцтве Беларускай АЭС вядуцца строга па графіку.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся пытаннямі бяспекі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што пры ўзвядзенні Беларускай АЭС ні ў якім разе не трэба спяшацца. Прэзідэнта запэўнілі, што пры ўсіх работах захоўваюцца чатыры этапы кантролю. Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што будаўніцтва вядзецца ў адпаведнасці са строгім рэгламентам захавання якасці.

Згодна з генеральным кантрактам узвядзенне першага энергаблока павінна завяршыцца ў 2018 годзе, другога энергаблока - у 2020 годзе. Цяпер вядуцца работы на асноўных будынках і збудаваннях энергаблокаў нумар 1 і нумар 2, а таксама дапаможных аб'ектах электрастанцыі. У 2016 годзе плануецца пачаць мантаж ядзернага рэактара, турбіны, парагенератараў, зварцы галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода. Цяпер усё абсталяванне працяглага цыкла вырабу выбрана і заключаны кантракты на яго вытворчасць. Для Беларускай АЭС закантрактавана абсталяванне на суму крыху больш за  $2 млрд. Асноўная пастаўка абсталявання плануецца з 2016 года.

Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў вучэбна-трэніровачны цэнтр Беларускай АЭС, дзе яму было прадстаўлена, як арганізавана работа па камплектаванні і падрыхтоўцы кадраў для атамнай электрастанцыі.

Прэзідэнту далажылі аб тым, як развіваецца неабходная жыллёвая і сацыяльная інфраструктура для будаўнікоў і работнікаў БелАЭС.

Размаўляючы з калектывам БелАЭС, што будуецца, і жыхарамі Астравецкага раёна, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўласная АЭС - гэта зусім іншае аблічча беларускай нацыі.

Сёння, на думку Кіраўніка дзяржавы, няма сумненняў, што ў Беларусі зрабілі правільна, пачаўшы будаўніцтва ўласнай атамнай электрастанцыі. "У нас павінна быць станцыя, гэта танная электраэнергія, новыя тэхналогіі", - сказаў Прэзідэнт. На яго думку, калі нацыя хоча развівацца, то трэба ісці наперад, асвойваць новыя праекты, і будаўніцтва БелАЭС дае магчымасць рушыць наперад па многіх напрамках.

"Мы робім правільна, што будуем такое магутнае прадпрыемства", - перакананы ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі яшчэ захаваўся так званы постчарнобыльскі сіндром, калі з аварыяй на ЧАЭС звязваюць, напрыклад, рост анказахваральнасці. "Каб больш эфектыўна працаваць у гэтым напрамку, а мы тут не адстаём ад вядучых краін, мы пастаянна падцягваем сваю ахову здароўя", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, гэтымі днямі ў Беларусі адкрыўся пазітронна-эмісійны цэнтр у РНПЦ анкалоііі, які забяспечвае раннюю дыягностыку анкалагічных захворванняў.

Прэзідэнт адказаў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы, у тым ліку наконт таго, ці магчыма стварэнне прэферэнцый пры працаўладкаванні для членаў сем'яў замежных спецыялістаў, якія прыехалі будаваць атамную станцыю. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэтыя людзі - "ужо не іншаземцы". Ён паабяцаў, што калі замежныя спецыялісты, якія працуюць на АЭС, унясуць прапановы па гэтым пытанні праз свайго кіраўніка, то па ўсіх пытаннях будзе прынята рашэнне.

Удзельнікі сустрэчы таксама пацікавіліся ў Прэзідэнта, як будзе развівацца інфраструктура Астраўца ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС, гаворачы ў прыватнасці аб развіцці спартыўнага комплексу. Кіраўнік дзяржавы гарантаваў, што такія аб'екты будуць пабудаваны. "Без спартыўных аб'ектаў і аб'ектаў для адпачынку не можа быць тут горада", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў Астраўцы чакаецца прыток вялікай колькасці моладзі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС.