Наведванне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета

  • 8

Нацыянальныя дасягненні ў розных сферах неабходна актыўней папулярызаваць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 сакавіка ў час наведвання Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.

У тэатры Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з выстаўкай творчых работ намінантаў на саісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2016 года. "Я ехаў і думаў, што мы ў сродках масавай інфармацыі зусім мала гаворым аб гэтых дасягненнях", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы цікавіўся работай тэатра, наколькі якасна ў свой час была праведзена рэканструкцыя. Аляксандра Лукашэнку запэўнілі, што ніякіх праблем няма - як опера, так і балет развіваюцца на вышэйшым узроўні.

Сустрэча Прэзідэнта з прадстаўнікамі культуры і мастацтва прайшла ў душэўнай атмасферы. Не абышлося і без імправізацыі: заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко па просьбе Кіраўніка дзяржавы выканаў на цымбалах некалькі нацыянальных матываў, у тым ліку з творчасці Уладзіміра Мулявіна.

Размова аб важнасці папулярызацыі дасягненняў у сферы нацыянальнага мастацтва і культуры прадоўжылася ў час знаёмства з творчасцю кінарэжысёра Анатоля Алая, які займаецца стварэннем дакументальных фільмаў. Прэзідэнт выказаў долю крытыкі ў адрас айчынных кінематаграфістаў. Паводле яго слоў, у галіне ігравога кіно за апошні час у Беларусі не было сапраўды моцных і запатрабаваных работ. Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў кінарэжысёру зняць дакументальныя фільмы аб цяперашніх намінантах. "Але трэба хутка, каб людзі не забылі, што ў нас прадстаўляюць восем калектываў, мастакоў", - адзначыў беларускі лідар.

У час сустрэчы з яшчэ адным намінантам - кампазітарам Уладзімірам Кандрусевічам - размова таксама зайшла аб кінематографе. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў выпадак, калі некалькі гадоў таму наведваў здымачную пляцоўку аднаго з фільмаў, дзе прапанаваў творчай моладзі прадставіць асабіста яму моцны сцэнарый, каб потым зняць фільм. "Да гэтага часу пішуць сцэнарый..., - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Хацелася б, каб мы знялі, - я не кажу фільм, мюзікл або оперу паставілі, - можа, гістарычнае або сучаснае. Але такое, каб народ валам ішоў. Трэба так, каб захапіла і моладзь. Трэба такое стварыць".


Пасля агляду выстаўкі Прэзідэнт прагледзеў канцэрт-прэзентацыю намінантаў на дзяржпрэмію і цёпла паразмаўляў з артыстамі, якія падрыхтавалі паказ. Пры гэтым было падкрэслена, што шкадаваць грошай на развіццё мастацтва ў Беларусі не будуць. "У чым я пераканаўся: шкадаваць грошай на вас не трэба. Я даўно гаварыў, што няма такой сітуацыі, што няма грошай на творчасць. Не. У мяне да гэтага іншы падыход: грошы трэба плаціць тым, хто іх заслугоўвае. А вялікія грошы тым, хто гэтага ўдвайне заслугоўвае, - сказаў беларускі лідар. - Для гэтага мы заўсёды знойдзем грошы".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мастацтва аказвае станоўчы ўплыў на грамадства, адухаўляючы грамадзян. Вялікае значэнне яно мае ў жыцці моладзі, і дзейнасць работнікаў культуры ў гэтым напрамку асабліва важна. "Моладзь павінна выходзіць з вашай залы адухоўленай. Нават прыйшоўшы сюды, нічога не разумеючы ні ў балеце, ні ў оперы, ні ў мюзіклах, ні ў класічнай музыцы. Адсюль яна павінна выйсці разумеючай. Амаль так, як вы разумееце сваю творчасць", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што ў Беларусі трэба актыўней папулярызаваць нацыянальныя дасягненні ў розных галінах, у тым ліку ў культурнай сферы. "У нас ёсць людзі, якія сапраўды заслугоўваюць і пашаны, і ўвагі, і матэрыяльнага заахвочвання, і падтрымкі", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.