Наведванне мінскай сярэдняй школы № 93

  • 35

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў першы дзень навучальнага года 2 верасня прыехаў у школу-новабудоўлю - мінскую СШ № 93.

Вітаючы вучняў, настаўнікаў і бацькоў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што месца, дзе размешчана новая школа, звязана з яго асабістымі ўспамінамі. "Па вашых апладысментах я зразумеў, што вы мяне сустракаеце, як земляка, і правільна. Мне было вельмі прыемна праехаць па тых вуліцах, па якіх я прайшоў і праехаў не адну сотню кіламетраў разам са сваімі салдатамі. Мне вельмі прыемна пабываць тут праз шмат часу - тэрыторыя зусім абнавілася, тут не было гэтага мікрараёна, старэйшыя людзі гэта ведаюць. Таму тут шмат асабістага. І я сапраўды ў гэтым плане ваш зямляк", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Адкрываючы новую навучальную ўстанову, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Сёння асаблівы і хвалюючы для ўсіх нас, асабліва для бацькоў і вучняў, дзень. Пачынаецца новы навучальны год - гэта год першы ў гісторыі школы, якую мы сёння ўрачыста адкрываем. Тут усё адбудзецца першы раз - першы званок, першыя ўрокі, першае знаёмства вучняў і педагогаў. Тут пачнецца летапіс школьных будняў на многія дзесяцігоддзі наперад, але ўсе вы назаўсёды застаняцеся ў гэтай гісторыі першымі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што новая школа - падарунак мікрараёну Вялікі Лес, названаму ў гонар герояў, якія адстаялі сваю зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

"Многія з вашых бацькоў, дарагія хлопчыкі і дзяўчаты, прысягнуўшы на вернасць нашай Радзіме, прадаўжаюць іх слаўную гісторыю, але ўжо ў мірным жыцці", - прадоўжыў Прэзідэнт. Ён пажадаў, каб гістарычная памяць, а таксама сучасныя поспехі і дасягненні вучняў і педагогаў новай школы сталі часткай яе спадчыны і дастойным прыкладам, на які будуць арыентавацца наступныя пакаленні навучэнцаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да дзяцей: "Стартуе чарговы навучальны год. Мы, дарослыя, заўсёды шчыра жадаем, каб ён быў для вас цікавым, паспяховым і пазнавальным. І ён абавязкова стане такім, калі кожны з вас усвядоміць каштоўнасць ведаў, якія дае школа". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў і каштоўнасць для вучняў стасункаў з настаўнікамі, чый багаты жыццёвы вопыт і майстэрства дапамогуць адкрыць здольнасці, раскрыць таленты. "А стараннасць кожнага стане залогам паспяховай будучыні", - дадаў ён.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што на працягу школьных гадоў дзеці робяць толькі першыя крокі ў свет ведаў. І перш за ўсё яны маюць патрэбу ў падтрымцы і дружалюбным удзеле сваіх настаўнікаў. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што бацькі і настаўнікі будуць саратнікамі, будуць удумліва, мудра і прафесійна накіроўваць дзяцей на такім складаным і важным для іх шляху.

"Я вельмі хачу, каб гэты новы сучасны будынак стаў для ўсіх сапраўднай школай ведаў, дружбы і жыцця, дзе будуць панаваць узаемная павага і імкненне да поспеху. Я хачу вам пажадаць моцнага здароўя і невычэрпнай энергіі. Вучням - нацэленасці на высокі вынік. Бацькам - веры ў сваіх дзяцей. Настаўнікам - гордасці за поспехі сваіх выхаванцаў", - пажадаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўніку дзяржавы перадалі сімвалічны ключ ад новай школы, які ён у сваю чаргу ўручыў дырэктару СШ № 93 Аксане Цымбаленка. Разам з Кіраўніком дзяржавы стужачку перарэзалі старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак і дырэктар школы.


У час навучання ў школе трэба, не губляючы часу дарма, атрымліваць максімум ведаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка заявіў у час наведвання адукацыйнай установы.

"Калі вы хочаце быць канкурэнтнымі ў жыцці, пры ўсёй складанасці, нежаданні часам вучыцца, цяжкасці адукацыі трэба сябе прымусіць хаця б прыстойна скончыць школу і атрымаць веды", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, без добрай адукацыі і, галоўнае, ведаў стаць паспяховым у далейшым жыцці будзе немагчыма. Патрабаванні да спецыялістаў ва ўсіх сферах дзейнасці настолькі павялічыліся, што без ведаў не ўладкуешся ні на прадпрыемства, ні ў калгас. "Рабочы - гэта ўжо няпроста, гэта новая тэхніка, вельмі складаная. І гэта я асабліва добра бачу ў сельскай гаспадарцы. Калі раней тут мог працаваць той, хто нікому не патрэбны быў у прамысловасці, дзе наогул можна было - вілы, лапату ў рукі і працуй. Сёння такія рабочыя ў сельскай гаспадарцы ўжо не патрэбны", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мая вам парада (не буду гаварыць "вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца"): вазьміце максімум ведаў і вызначыцеся, чым вы будзеце займацца пасля школы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў справе выхавання і адукацыі дзяцей важна роля як настаўнікаў, так і бацькоў. "Калі вы будзеце крыўдаваць на настаўнікаў і думаць, што гэта яны, настаўнікі, павінны даць веды і выхаваць нашых дзяцей у школе, вы памыляецеся. Працэс адукацыі і выхавання - адзіны працэс, у якім удзельнічаюць дзеці, бацькі і настаўнікі", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў пра сваё патрабаванне не перагружаць вучняў дамашнім заданнем. "Настаўнікі павінны даваць асноўныя веды ў школе. Нельга перагружаць вучня, каб ён, адседзеўшы ў школе 5-6 гадзін, яшчэ 5-6 гадзін займаўся дома. Так ніколі не было і не будзе. Гэта самападман", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, аптымальныя суадносіны, калі ў школе вучні атрымліваюць прыкладна 75% інфармацыі, а астатнія 25% набываюць у працэсе самастойнага вывучэння, падрыхтоўкі дамашняга задання.

Прэзідэнт канстатаваў, што дысцыпліна ў школе моцна ўпала, таму Міністру адукацыі, губернатарам і мэру Мінска пастаўлена задача прыняць меры для ўзмацнення парадку і дысцыпліны ў навучальных установах.

"Школа - гэта храм. Туды трэба прыходзіць з чыстымі думкамі - вучыцца, а не пакурваць у туалеце і займацца незразумела чым", - падкрэсліў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што захаванне дысцыпліны павінна быць нацэлена менавіта на тое, каб дзеці ў школе займаліся атрыманнем ведаў, адказныя за гэта перш за ўсё настаўнікі і кіраўніцтва школ.

Арганізуйце такім чынам дзяцей, каб ваша школа была і ў далейшым такой новай і прыгожай", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных. "Гэта датычыцца ўсіх", - дадаў ён.


Наведваючы школу-новабудоўлю ў Мінску, Кіраўнік дзяржавы правёў для старшакласнікаў першы ўрок, тэма якога, як і ў іншых школах краіны, - "Занiмай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад мiж народамi!". Ён быў прысвечаны таму, як вучні бачаць сучаснае і будучае Беларусі, свой удзел у развіцці дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка зайшоў у адзін з класаў і далучыўся да вучэбнага працэсу, выклікаў некалькі вучняў да дошкі, каб абмяняцца думкамі. Размова ішла пра вучобу, выбар будучай прафесіі, заняткі спортам, пытанні экалогіі і шмат іншае.

"Адразу сэрца дрыжыць, калі заходзіш у клас. Некалі я таксама пачынаў так (працаваў настаўнікам у школе. - Заўвага), таму вельмі прыемна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, увайшоўшы ў клас.

Дзеці якраз абмяркоўвалі са сваім настаўнікам, як развіваецца Беларусь, і што зрабіць, каб гэты працэс ішоў сямімільнымі крокамі. "Сямімільнымі складана. Дай бог, я буду рады, калі вы са сваім аптымістам-настаўнікам нададзіце большую дынаміку развіццю Беларусі. Тое, што ён вам задачы такія ставіць, гэта правільна!" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым канстатаваў, што вырабіць у краіне могуць многае, але важна прадаць гэтыя тавары на знешніх рынках. "Канкурэнцыя вельмі моцная. Я буду рады, калі нават пасля мяне, калі я ўжо не буду Прэзідэнтам, наша краіна будзе развівацца сямімільнымі крокамі", - падкрэсліў ён.

Школьнікам было прапанавана задаць Кіраўніку дзяржавы свае пытанні, аднак Аляксандр Лукашэнка выбудаваў дыялог па-іншаму. Ён узяў спіс вучняў класа і сам пачаў выклікаць дзяцей да дошкі для падрабязнай гутаркі.

Першы выбар прыпаў на вучаніцу па імені Ганна. Яна расказала, што ёй хацелася б, каб больш людзей займаліся спортам, мелі менш шкодных звычак, каб больш развівалася ІТ-сфера.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на практычны аспект: спортам можна займацца, асабліва высокатэхналагічным, толькі тады, калі на гэта ёсць грошы. "Для таго каб былі грошы, патрэбна добрая вытворчасць. Нам трэба атрымаць гэтыя веды, перш за ўсё гэта цяжкая праца", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падрабязна на ўласным прыкладзе расказаў аб напружанай вучобе, дзякуючы чаму школу скончыў на выдатна. "У вытворчасці будзе цяжка, калі вы не атрымаеце асноўных ведаў", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што многае ў жыцці залежыць не столькі ад дзяржавы, колькі ад стараннасці і імкнення саміх людзей, і школьныя гады - вельмі важны этап. "Не згубіце гэты дарагі час", - дадаў ён.



Прэзідэнт падкрэсліў, што многае ў жыцці залежыць не столькі ад дзяржавы, колькі ад стараннасці і імкнення саміх людзей, і школьныя гады - вельмі важны этап. "Не згубіце гэты дарагі час", - дадаў ён.

"Што датычыцца ІТ, мы пераціснулі ў грамадстве гэту тэму. Усе хочуць быць айцішнікамі. Але ўсе вы не будзеце айцішнікамі. У гэтай сферы (я яе ствараў з нуля ў Беларусі і добра яе ведаю) не ўсё так добра. Але галоўнае - не ў кожнага да гэтага схільнасці і здольнасці", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што не менш важныя і іншыя напрамкі ў структуры эканомікі краіны і для жыцця людзей у цэлым. "Любы айцішнік пасля работы куды ідзе? У магазін. А там пакуль не ІТ, а селянін, рабочыя (адзенне, абутак, прадукты). ІТ сёння з'яўляецца добрым памочнікам - каб прадукцыйнасць была лепшай, якасны быў тавар, танней. Пакуль гэта як дапаможны (элемент. - Заўвага). Недзе з дапамогай ІТ больш рушылі наперад - у космасе, высокіх тэхналогіях, атамнай энергетыцы. Толькі не стаўце перад сабой мэту: абавязкова ІТ. Вы проста будзеце перад сабой ставіць памылковыя мэты".

Наступнага вучня, які выйшаў да дошкі, - Елісея - Прэзідэнт спытаў, што ён хацеў бы змяніць з таго, што бачыць у краіне, вакол сябе. Вучань адразу адказаў, што было б нядрэнна зрабіць яшчэ больш зручнай сістэму разлікаў за пакупкі - не наяўнымі грашамі або пры дапамозе карткі, а, напрыклад, на падставе адпячатка пальцаў.

"Гэта значыць спрасціць жыццё...", - адзначыў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён успомніў, якія цяжкія былі часы ў яго дзіцячыя гады: "Бедната была страшная. Грошай не хапала. Даводзілася працаваць усё лета, каб зарабіць нейкую капейку, нармальна адзецца".

Што датычыцца разлікаў па адпячатку пальцаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы да гэтага ідзём".

Яшчэ адна навацыя, якую хацелася б бачыць школьніку, гэта каб прыпынкі грамадскага транспарту былі абсталяваны ўстройствамі для зарадкі смартфонаў. Прэзідэнт адказаў, што гэта не праблема, але параіў быць акуратнымі пры выкарыстанні смартфонаў, думаць пра бяспеку персанальных даных. "У школу, калі вы і прынеслі, яны не павінны вам перашкаджаць. Вы трапляеце ў жорсткую залежнасць ад гэтага прагрэсу нашага грамадства. Не губляйце кантакт з традыцыйным носьбітам ведаў - кнігай. Не забывайце аб гэтым", - заклікаў беларускі лідар.

Прэзідэнт параіў школьнікам апранацца акуратна і з густам. "Не расходуйце лішнія грошы", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Захадзе многія палітыкі і багатыя людзі апранаюцца вельмі проста: "З цягам часу я зразумеў, што яны на гэтым не зацыкліваюцца. Гэта дрэнны стыль, калі ты пачынаеш прыбіраць сябе незразумела як".

Адна з вучаніц папрасіла, каб у Беларусі актыўней развіваўся каршэрынг - арэнда аўтамабіляў, а таксама аналагічныя паслугі па пракаце веласіпедаў, самакатаў і іншага транспарту. "Гэта было б добра для экалогіі", - адзначыла яна.


Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што сам з'яўляецца паклоннікам электратранспарту. "Самы любімы - электраматацыкл. Наш мінскі завод ужо робіць. Добрая штука. Вядома, ён не ляціць на 180 км/гадз, як "Тэсла". Але вельмі прыемна. І цябе ў гэтым падтрымліваю. Мы будзем усё больш пераходзіць на электрамабілі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ёсць шмат людзей, якія хацелі б жыць і працаваць у цэнтры сталіцы, а тэрыторыі ўздоўж кальцавой лічаць не вельмі добрымі з пункту гледжання экалогіі з-за вялікай колькасці машын. Аднак сітуацыя іншая, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "Машына (па МКАД. - Заўвага) перамяшчаецца на вялікай скорасці. Спальваецца ўсё паліва. Няма гэтага бруду, які выкідваецца на праспектах у горадзе. Калі няма ветру, збіраецца шмат неадпрацаваных газаў, і ўвесь гэты бруд, гадасць вывальваецца на цэнтральных праспектах. А ты там працуеш і жывеш. Глупства абсалютнае. Лепш жыць дзе-небудзь далей ад цэнтра з пункту гледжання экалогіі", - сказаў беларускіх лідар.

Ён таксама падкрэсліў важнасць азелянення тэрыторый, чаму ўдзяляецца павышаная ўвага ў тым ліку ў рамках трохгоддзя Года малой радзімы.

Другі вучань прыцягнуў увагу Кіраўніка дзяржавы да пытання развіцця інфраструктуры для заняткаў спортам, асабліва на перыферыі. У адным з населеных пунктаў ён звярнуў увагу, як хлопцы гулялі ў футбол на няроўнай паляне, выкарыстоўваючы замест штанг варот свае партфелі. "Не ўсюды гэта зробіш. Таму што дзеці ёсць дзеці. Яны ідуць, ім захацелася дзесьці пагуляць. Рукзакі паставілі і пачалі. Мне гэта знаёма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ў свой час менавіта на такой пляцоўцы пашкодзіў калена, займаючыся футболам.

Разам з тым ён згадзіўся, што яшчэ ёсць недапрацоўкі і ў плане наяўнасці інфраструктуры: "Ты маеш рацыю, гэта недзе наша недапрацоўка".

Прэзідэнт у якасці станоўчага моманту адзначыў, што, напрыклад, у гэтай школе ёсць магчымасць займацца лыжамі. "Вы навучыцеся бегаць на лыжах. І потым з часам гэта вам спатрэбіцца. Як мне. Я не быў хакеістам, але ў дзяцінстве гулялі зімой. Канькі да валёнкаў прывязвалі. А калі праблема з каленам (узнікла. - Заўвага), я пачаў гуляць у хакей (там мякчэй рухі), я гэта ўспомніў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Ты абсалютна маеш рацыю. Добра, што ты гэта заўважаеш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка школьніку. Пры гэтым дадаў: "Калі ён бачыць гэтыя недахопы, значыць, гаспадар будзе добры".

У Прэзідэнта пацікавіліся, якія, на яго погляд, прафесіі будуць запатрабаваны ў будучыні. "Будуць усе прафесіі запатрабаваны. Вы іх бачыце. Яшчэ раз гавару, не зацыклівайцеся сёння - у IT, або касманаўт вялікі, або даследчык. Спакойна вучыцеся. Вы адчуеце свае здольнасці да чаго-небудзь. У матэматыцы - ідзіце на фізмат. Любыя прафесіі, якія вы ведаеце, будуць запатрабаваны ў будучыні. У рэшце рэшт яшчэ і самі прыдумаеце нейкую прафесію, чым займацца. Але запомніце: у вас павінны быць да гэтага здольнасці. Калі не - можна, але гэта цяжка", - падзяліўся меркаваннем Аляксандр Лукашэнка.

Для яго ж самая лепшая прафесія - гэта настаўнік або кіраўнік нейкага прадпрыемства. "Я прайшоў усе гэтыя прыступкі. Не скажу, што самая лепшая работа - Прэзідэнтам. Мне прыемна было працаваць у сельскай гаспадарцы", - расказаў беларускі лідар.




Што ж датычыцца перыяду работы настаўнікам у школе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без гэтага вопыту, без педадукацыі не быў бы і Прэзідэнтам.

"Трэба вучыцца. Абавязкова!" - заклікаў ён школьнікаў.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў школе неабходна закласці добрую базу ведаў, але без вузкаспецыялізаваных празмернасцей. "Не трэба даваць праз меру дзецям у школе за 11 гадоў усё. Трэба даць базу. Каб чалавек мог вызначыцца, чым займацца далей. Калі ён паступіў у ВНУ на матэматычны факультэт - вось там з раніцы да ночы. Але там лягчэй, чым у школе, таму што ты выбраў свой профіль і па ім рухаешся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Адзін з вучняў падняў праблему распаўсюджвання шкодных звычак сярод моладзі, у тым ліку школьнікаў. "Абсалютна цябе падтрымліваю", - згадзіўся з ім Прэзідэнт.

"Пра наркотыкі проста нават гаварыць не хачу. Нядаўна мы законы прынялі вельмі строгія. Цяпер ужо маці тых, хто трапіў у месцы не такія аддаленыя, просяць змякчыць гэты закон, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта па маёй ініцыятыве былі прыняты адпаведныя законы. Прытым недзе мы, напэўна, перагнулі. Той, хто наркотыкі ўжывае, - хворы чалавек. І я лічыў, што іх трэба выхоўваць працай - у калоніі. Мы іх выхоўваем і перавыхоўваем, але страшная ломка, калі цябе асабліва без медыцыны пачынаюць адвучваць ад гэтага".

"Таму недзе, напэўна, мы павінны больш іх лячыць. Але не дараваць тым, хто ўжывае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Думаю, трэба сустрэцца з гэтымі бацькамі, якія хочуць са мной сустрэцца. Але ім жа трэба нешта сказаць, і адносна гэтага мы думаем, што зрабіць. А тым, хто сюды прывозіць, распаўсюджвае наркотыкі, ніякай літасці не будзе. Чалавек, які ўжывае наркотыкі, здольны на ўсё. Гэта страшныя людзі. Да тых, хто з'яўляецца крыніцай гэтага страшнага зла, мы будзем адпаведным чынам ставіцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ўводзіць абмежаванні і забароны, у тым ліку па курэнні ў грамадскіх месцах, у частцы продажу тытуню, трэба акуратна і паступова. "Па антынаркатычным заканадаўстве мы пераканаліся, што мы вельмі строга гэта зрабілі. Адпусцім, але крыху", - дадаў ён.

Прэзідэнт у цэлым заклікаў да большай дысцыпліны ў сценах школы, арыентаванасці на вучобу і дасягненне выніку. "Школу трэба прыводзіць да прытомнасці. Школа - гэта храм. Ты прыйшоў сюды, табе тут бясплатна даюць адукацыю", - заўважыў ён.


"Не трэба баяцца забараніць лішні раз тэлефоны, розныя гаджэты. Гэта вам перашкаджае. Пацярпіце паўдня ў школе. Трэба ў школе наводзіць належны парадак. Павінна быць дысцыпліна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што, вядома, важна і асоба настаўніка, яго прафесіяналізм, каб зацікавіць вучняў і даць ім веды.

На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы сфатаграфаваўся з вучнямі на памяць.

Прэзідэнт азнаёміўся з магчымасцямі новай школы № 93 у Мінску. У прыватнасці, Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі асартымент страў школьнага харчавання. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што выбар павінен рабіцца на карысць беларускай кухні і айчынных прадуктаў. Пры гэтым харчаванне ўсіх дзяцей павінна быць арганізавана на належным узроўні і аднолькавых умовах.

Кошт харчавання дзяцей у школах аплачваюць бацькі. Аднак для некаторых катэгорый вучняў, у тым ліку дзяцей са шматдзетных сем'яў, расходы на харчаванне кампенсуе дзяржава, гэта значыць для сем'яў яно бясплатнае. Абмежаванне ў кошце такога харчавання вядзе да розніцы ў выбары страў і рацыёну, і дзеці атрымліваюць іншае харчаванне, чым іх аднакласнікі.

 "Дзеці павінны быць усе ў роўных умовах. Не выстаўляйце сябе на ганьбу. Гэта дурасць, якую я чую ў першы раз. Абавязкова ў роўных умовах!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы карміце дзяцей як належыць, традыцыйна. Харчавацца трэба тым, што ў нас вырошчваецца. І не забывайце: тое, як вы карміць дзяцей будзеце ў дзяцінстве, тое яны будуць потым любіць і з задавальненнем есці. Я гэта ведаю па сабе. Мне могуць любую страву згатаваць, але я харчуюся вельмі проста, - адзначыў Прэзідэнт. - Грошы трэба лічыць, але так, каб смачна было дзецям, і са сваіх прадуктаў".

У школе Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў блок працоўнага навучання - майстэрні па апрацоўцы тканін і драўніны, агледзеў памяшканні для заняткаў спортам, дзе якраз праходзілі заняткі з дзяўчатамі па баскетболе, а з юнакамі - па гандболе. На памяць дзецям застаўся мяч з аўтографам Кіраўніка дзяржавы.

На заканчэнне Прэзідэнту падарылі зробленыя школьнікамі сувеніры - лялькі ў вобразах першакласніка і першакласніцы. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў майстэрства і даручыў размясціць гэтыя падарункі ў музеі ў Палацы Незалежнасці, дзе захоўваюцца іншыя сувеніры ад замежных лідараў і не толькі.

Кіраўнік дзяржавы таксама пакінуў запіс у школьнай Кнізе ганаровых гасцей з пажаданнем, каб новая школа стала ўтульным домам для многіх пакаленняў вучняў і педагогаў: "Няхай тут заўсёды пануе атмасфера дружбы і ўзаемнай павагі, а кожны новы дзень дорыць усім радасць цікавых адкрыццяў і асабістых дасягненняў".