Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне Мінскага трактарнага завода

29 мая 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 29 мая Мінскі трактарны завод, дзе знаёміўся з развіццём як непасрэдна гэтага прадпрыемства, так і холдынга ў цэлым.

У час наведвання прадпрыемства Кіраўнік дзяржавы адзначыў правільнасць прынятага ў Беларусі рашэння не спыняць у цяперашняй сітуацыі вытворчасці. "На багатым Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, людзі каструлямі грымяць. Дзякуй богу, што мы гэтага пазбеглі, не закрыліся", - сказаў беларускі лідар.

Было адзначана, што цяпер МТЗ працуе ўстойліва, ёсць нават вакансіі. "Тое, што я гаварыў. Нам не трэба спяшацца, з верталёта грошы раскідваць. Ёсць рабочыя месцы", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце як галаўнога прадпрыемства, так і іншых, што ўваходзяць у холдынг, планах па развіцці вытворчасці, распрацоўках, якія вядуцца, у тым ліку ў сферы дакладнага земляробства. Як расказаў генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк, на прадпрыемстве вядуцца распрацоўкі, якія дадуць магчымасць выйсці на асваенне беспілотнага трактара да 2030 года.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што важна не толькі вырабляць прадукцыю, але і рабіць гэта якасна, тады не ўзнікне праблем і са збытам. Размова ішла і аб развіцці вытворчасцей за мяжой.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ўзоры вырабляемай тэхнікі. У прыватнасці, былі прадстаўлены новыя рухавікі з сістэмай ачысткі адпрацаваных газаў, вырабленыя для МТЗ на Мінскім маторным заводзе, энерганасычаныя і звышмагутныя трактары. Асобную ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на снегаўшчыльняльную і лёдазалівачную машыны. "Настане зіма, пакажаце, паглядзім", - сказаў ён.

Прэзідэнт наведаў таксама корпус зборкі трактароў, дзе яму далажылі аб вытворчасці розных камплектуючых, якія вырабляюцца для МТЗ на іншых прадпрыемствах па праграме імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць максімальна сканцэнтраваць на тэрыторыі краіны вытворчасць камплектуючых для МТЗ і скараціць пастаўкі па імпарце. Пры гэтым абавязкова забяспечыць высокую якасць прадукцыі.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся станам спраў на асобных прадпрыемствах. Размова ішла аб забеспячэнні стабільнасці работы, наяўнасці рынкаў збыту, пытаннях аплаты працы. "Людзі павінны бачыць святло ў канцы тунэля. Калі яны гэта бачаць, будуць старацца", - адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, ён нагадаў пра важнасць планавання работы прадпрыемстваў, выбудоўвання стратэгіі развіцця, заснаванай на рэальных разліках. "Трэба арыентавацца на тое, што ў цябе ёсць на самай справе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта правільны падыход, паколькі інакш час страціш, а тое, на што замахнешся, не атрымаеш".



Пасля гэтага Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву. Прэзідэнт падкрэсліў значэнне Мінскага трактарнага завода, які з'яўляецца брэндам краіны. "Я перш за ўсё хачу вас усіх павіншаваць з днём нараджэння (прадпрыемства. - Заўвага). Гэта цудоўны завод, твар нашай краіны, гэта брэнд", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што галоўнае ў вытворчасці - забеспячэнне высокай якасці прадукцыі. І ў гэтым залог далейшага развіцця і дабрабыту як самога завода, так і яго работнікаў. "Канкурэнцыя па вашай прадукцыі каласальная. Задача адна - якасць. Гэта галоўнае пытанне нашай машынабудаўнічай краіны і перш за ўсё МТЗ. Вось адзіная мая просьба і жорсткае патрабаванне да вас усіх", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды лепш у сябе на радзіме, менавіта тут грамадзяне і іх праца заўсёды будуць запатрабаваныя. "Беражыце сваё прадпрыемства. Мы будзем рабіць усё для таго, каб вы працавалі. Будзем глядзець, як у вас будуць ісці справы. Былы міністр, цяпер кіраўнік вашага завода (Віталь Воўк. - Заўвага), ён жа цудоўна ведае, што ёсць у нас яшчэ і БелАЗ. У свой час кіраваў ім Герой Беларусі Марыеў (Павел Марыеў. - Заўвага). Не ў тым справа, што на вашым заводзе дырэктар не Герой Беларусі. Але для таго, каб стаць героем, ён павінен рэалізаваць тую амбіцыйную праграму", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму жывіце. Не перажывайце. Ваша справа - працаваць. А ўлада, члены Урада, кіраўніцтва прадпрыемства павінны зрабіць так, каб у вас былі ўмовы для работы", - падкрэсліў беларускі лідар.

У час сустрэчы з работнікамі прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хвароба ў пандэміі каранавіруса займае палову, астатняе - палітыка. "Я па-ранейшаму прытрымліваюся аднаго прынцыпу: гэта больш, чым хвароба. Хвароба ў гэтай пандэміі займае, можа, палову, а тое і менш. Усё астатняе - гэта палітыка. І вы хутка ў гэтым пераканаецеся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што пазіцыю Беларусі, якая не стала спыняць вытворчасці ў гэты перыяд, прынялі не ўсе краіны. А некаторыя нават падштурхоўвалі да гэтага. "Мы спынімся. Потым, для таго каб раскруціцца, разгарнуцца, патрэбны грошы. А ў каго грошы? У Амерыкі, Кітая, крыху ў Расіі і ў іншых. Яны разгорнуцца, прынясуць вам рубель і скажуць: даём рубель, але заводзік - туды. Вось у чым быў палітычны сэнс усяго гэтага. І мы яшчэ многае не бачым з таго, што адбываецца ў свеце, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Хай сабе вытворчасці, але што адбудзецца з пункту гледжання існавання той ці іншай дзяржавы? І я не дарэмна сказаў: калі табе дадуць рубель, то запатрабуюць адпаведнай аддачы".

Гаворачы пра бягучую сітуацыю з каранавірусам у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што некаторыя бальніцы пачынаюць ужо вяртацца да звычайнага рэжыму работы па сваёй спецыялізацыі. "У Віцебску, па-мойму, ужо тры бальніцы вымылі з тых, якія мы выкарыстоўвалі, каб лячыць людзей з вірусам. Гэта сведчыць аб тым, што мы пакрыху выпаўзаем", - сказаў ён.

Паводле яго слоў, метады барацьбы з пандэміяй у Беларусі крытыкавалі замежныя дыпламаты, нехта з іх, магчыма, і цяпер не згодны з беларускімі падыходамі. "Пытаюся ў Міністра замежных спраў: а яны вывезлі свае сем'і? Кажа, што не. Калі іх клікалі дадому, адмаўляліся вяртацца і гаварылі: калі раптам давядзецца паехаць, то дзяцей і жонак пакінем тут. Гэта шмат аб чым сведчыць, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер год вялікай палітыкі, усё палітызавана, людзі адурманены. І вельмі цяжка звычайным людзям, а часам нават слугам урада разабрацца, што адбываецца. У гэтым асаблівасць і складанасць цяперашняга моманту".

У той жа час Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер у свеце ўжо ўсё больш і больш гавораць пра другую хвалю каранавіруса - успышка прагназуецца на восень. Аднак, лічыць Кіраўнік дзяржавы, да гэтага часу многія ў Беларусі перанясуць гэту інфекцыю і выпрацуюць да яе імунітэт. 90% тых, хто захварэў, пераносяць гэта захворванне бессімптомна, адзначыў ён. "Калі мы перахварэлі, нам не трэба баяцца другой хвалі. Але, тым не менш, мы рыхтуемся да ўсяго. Цяпер трацім немалыя грошы. Банк рэканструкцыі, або Сусветны банк, нам ужо выдзеліў $90 млн. Мы іх накіруем на ахову здароўя, каб яшчэ вышэй падцягнуць сістэму і лячыць людзей. Але ўсё толькі дзякуючы таму, што мы з вамі апошнія гады ўкладвалі немалыя грошы ў сістэму аховы здароўя і падрыхтоўку ўрачоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

З іншага боку, дадаў Прэзідэнт, пандэмія выявіла і недахопы ў беларускай ахове здароўя. "Мы пра іх пагаворым, калі гэта ўсё скончыцца. Але гэтыя недахопы мы бачым і будзем прымаць адпаведныя меры: пачынаючы ад кадраў і заканчваючы аснашчэннем бальніцы", - падагульніў ён.



Гаворачы пра дзяржпадтрымку, Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што выдзяленне сродкаў тым ці іншым прадпрыемствам магчыма толькі пад канкрэтныя выгадныя праекты і кантракты і на невялікі тэрмін.

"Улада, члены Урада, кіраўніцтва прадпрыемства павінны зрабіць так, каб у вас былі ўмовы для працы. Я не гавару, як некаторыя: перадвыбарная кампанія пачалася ўжо, дык заяўляюць, што з верталёта будуць грошы раскідваць. У нас гэта не праходзіць, у нас людзі разумныя, разумеюць, што з верталёта толькі лістоўкі можна раскідваць. Я вам гэтага не абяцаю, як бы гэта папулярна ні гучала. Ні ў якім разе", - сказаў Прэзідэнт.

У час наведвання МТЗ Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў і з дырэктарамі прадпрыемстваў, якія пастаўляюць сваю прадукцыю для патрэб трактарнага завода. "Мы размаўлялі з кіраўніком БАТЭ: ім пад абаротныя сродкі патрэбны грошы. Я сказаў: калі ласка, мы пазычым на тры-пяць месяцаў, калі ў вас ёсць тавар, які вы можаце заўтра прадаць. Мы дадзім грошы, каб вы вырабілі яго і заўтра па кантракце прадалі. Проста раскідваць грошы ніхто не будзе, - падкрэсліў беларускі лідар. - Тое ж самае магу сказаць і вам, рабочым людзям".

Ён адзначыў важнасць таго, каб у цяперашніх умовах прадпрыемствы прадаўжалі працаваць, а гэта, адпаведна, і зарплаты ў рабочых калектывах.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў аб сваёй пазіцыі адносна продажу дзяржаўнай уласнасці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя людзі цяпер прапануюць распрадаць дзяржаўныя прадпрыемствы, а атрыманыя грошы накіраваць на рэформы. "Прыгожа гучыць. Але вы разумееце, што я сказаў? Не ўсе. Гэта значыць, што дзяржуласнасць, якая ў нас ёсць, у тым ліку гэты завод (ён жа дзяржаўны), заўтра прададуць і гэтыя грошы накіруюць на нейкія рэформы. Думаю (я ж не першы год Прэзідэнт ужо): напэўна, прададуць, але грошы не пойдуць на рэформы. Мы гэта ўжо бачылі ў Расіі. Грошы раскладуць па кішэнях, будзьце ўпэўнены", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што павальная прыватызацыя - не яго палітыка, хоць сам ён і не супраць продажу дзяржаўнай уласнасці. "Але спачатку скажыце, колькі вы заплаціце. А я падумаю, ці варта і ці патрэбна прадаваць гэта прадпрыемства", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я часта ўспамінаю сваю маці, якая мяне з дзяцінства вучыла. Я Прэзідэнтам ужо стаў, а яна мяне ўсё вучыць. Яна мне заўсёды з дзяцінства гаварыла: не чапай чужое. Гэта закон майго жыцця: усё павінна быць справядліва і чужое чапаць нельга", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што не можа проста так распрадаваць дзяржаўную ўласнасць: заводы ж ствараліся калектывамі людзей, папярэднімі пакаленнямі.

"Тут укладзена праца тых, каго з намі ўжо няма. Як мы можам узяць гэта і прадаваць? У імя чаго, навошта? - спытаў Прэзідэнт. - Давайце паспрабуем самі папрацаваць, каб той тавар, які вы вырабляеце, быў патрэбны людзям. Адзінае да вас патрабаванне: будзеце працаваць няякасна - будзеце хадзіць бедныя. Таму што канкурэнцыя па вашай прадукцыі каласальная, вы гэта ведаеце".

Адказваючы на адно з пытанняў, Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў намер да выбараў сфарміраваць новы склад Урада. "Я аб гэтым гаварыў і гэта зраблю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт растлумачыў, што гэта яго звычайная практыка, каб людзі бачылі і разумелі, хто будзе працаваць на ключавых пасадах.

Работнік завода пацікавіўся, ці праўда, што аднаму з альтэрнатыўных удзельнікаў выбарчай кампаніі яшчэ да яе пачатку прапаноўвалася пасада Прэм'ер-міністра.

"Я разумею, што гэта банкір недзе зрабіў, - бачыў у інтэрнэце заяву, што яму нібыта да выбараў нешта прапаноўвалі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэтаму банкіру пара падумаць, дзе ён будзе працаваць пасля выбараў. І наогул са школы і вас, і мяне вучылі: не хлусь. У Беларусі толькі адзін чалавек па Канстытуцыі мае права прапанаваць пасаду Прэм'ер-міністра і ўнесці кандыдатуру у парламент для зацвярджэння. Я нікому нічога не прапаноўваў. Тым больш яму. Які вопыт у яго, каб быць Прэм'ер-міністрам".

"Таму я ніяк не мог прапаноўваць і не прапаноўваў нікому на сённяшні дзень гэту пасаду. У бліжэйшы час вы ўбачыце. Я назначу выконваючага абавязкі ў гэтым Урадзе, і пасля выбараў, калі ён будзе добра працаваць, мы яго зацвердзім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.



"Магчыма, гэтаму чалавеку (банкіру. - Заўвага) прапаноўвалі пасаду Прэм'ер-міністра ў іншай краіне. Але я так прыкінуў, думаю: у адной нядаўна назначылі Мішусціна. Там маглі яму прапанаваць. Вы ведаеце, на чые грошы ён балаціруецца. Ва Украіне Уладзімір Зяленскі нядаўна наогул змяніў Прэм'ер-міністра. Таму, па-мойму, гэта блеф. Такі нікчэмны блеф і падман", - дадаў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне аб сваіх магчымых сімпатыях да патэнцыяльных кандыдатаў на выбарах, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым пакуль мала ведае людзей, якія вылучыліся. "За выключэннем свайго былога памочніка. Ён, праўда, хітры. Не кажа, чаму яго Прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце - чаму я яго звольніў. Няхай сумленна раскажа. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён сумленна не скажа. Трэба - скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў тое, як арганізаваны працэс збору подпісаў у патэнцыяльных кандыдатаў - жанчын: "Яны ціха, спакойна збіраюць гэтыя подпісы. Нядаўна пацікавіўся - гэтыя жанчыны сабралі больш подпісаў, чым усе мужыкі, якія ў інтэрнэце піярацца".

"Мужыкі там шуміху ўзнялі, недзе нехта ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянера абразіў (удзельнік пікета. - Заўвага), калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыязджаюць крутыя, на джыпах усе - па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах...", - заўважыў Прэзідэнт.

"На гэтага хлопца (супрацоўніка міліцыі. - Заўвага) наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, нечае ж дзіця. Што ты на яго накатваеш. І потым, рызыкоўныя людзі, я на іх месцы з міліцыяй асцярожней быў бы. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасць - так адкажа. Мне ўжо нялёгка даводзіцца, стрымліваючы іх. Нарываюцца. Правакацыя - гэта лепшая рэклама. Яны гэта так разумеюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на артыкул у расійскім выданні "Коммерсант". "Гэта, здаецца, незалежная газета ў Расіі. Але мы ведаем, хто яе фінансуе... Нібыта інтэрв'ю бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Мінску больш, ды і ў іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. Мы ведаем, адкуль ён прыехаў, якое ў яго грамадзянства і іншае... Мы ўсё гэта ведаем. Ды я ўжо гляджу, мне даюць інфармацыю, ужо нашы людзі ўбачылі", - адзначыў Прэзідэнт.

"Гляджу на гэты артыкул. І ўжо вушы тарчаць у гэтага чалавека. Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку там стараецца. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Вось я часта гавару: Наталля Іванаўна (Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. - Заўвага), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты ўжо гатовы Прэзідэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не гатова да таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі Прэзідэнт мае вялікую ўладу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У нас Прэзідэнт - не Літва. Там Прэзідэнт, была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхалася, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас - не. Прэзідэнтам будзе мужчына, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены".

"Вось "Коммерсант" выбухнуў артыкулам. Паспяшаліся, праўда. Паказалі, адкуль вушы тарчаць. Нават цэлыя рогі. Паспяшаліся падтрымаць. Зразумела, накат на Лукашэнку з ухілам на пандэмію (не так лечым)", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт расказаў, якіх жыццёвых прынцыпаў прытрымліваецца. Адзін з іх - заўсёды гаварыць праўду, якой бы яна ні была. "Гаварыце ўсё, што вы думаеце. Але ведайце - дзе, і нікога не зневажайце. Ніколі нікога не зневажайце. Мяне крытыкуйце, іншых. Але не зневажайце асабіста. І другое - не хлусьце. Ні ў якім выпадку", - заклікаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў часы прэзідэнцкай маладосці яму часам хтосьці прапаноўваў: вы скажыце, а там паглядзім. "Я гавару: не, сёння скажаш, заўтра забудзеш, скажаш іншае. І табе зададуць пытанне: дык ты калі праўду гаварыў? Гэта мой самы строгі прынцып - праўда, якая б яна ні была. Таму што панаабяцаеш (выбары пройдуць, напрыклад), а людзі будуць думаць: наабяцаў, а дзе абяцанае... Вось два прынцыпы, якіх я сёння прытрымліваюся", - расказаў Прэзідэнт.

На завяршэнне сустрэчы калектыў Мінскага трактарнага завода падарыў Кіраўніку дзяржавы макет трактара BELARUS-4522.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь