Наведванне Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа

  • 13
  • 3:34

Беларуская адукацыя павінна арыентавацца на патрэбнасці эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 верасня ў час наведвання Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага.

У навучальнай установе Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у свяце, прысвечаным Дню ведаў. "Пачатак новага навучальнага года - гэта заўсёды новыя надзеі, магчымасці, адкрыцці. Асабліва важны сённяшні дзень для першакурснікаў. Наперадзе ў вас яркі, цікавы і разам з тым адказны перыяд. Вы ўжо зрабілі свой першы сур'ёзны крок у жыцці - выбралі прафесію - сапраўдную, рабочую", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да навучэнцаў.

Прэзідэнт адзначыў, што галоўны рэсурс любога прадпрыемства - гэта не абсталяванне, якім бы сучасным і высокатэхналагічным яно ні было, а людзі. "Рабочы-прафесіянал ніколі не застанецца без справы. Ён будзе запатрабаваны заўсёды. І попыт на такіх спецыялістаў пастаянна расце, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Усё больш маладых людзей усведамляюць, што прафесійная адукацыя - гэта прэстыжна і, самае галоўнае, вельмі перспектыўна. Штогод больш за трэць выпускнікоў школ выбіраюць ліцэі і каледжы ў якасці першай ступені прафесійнага, кар'ернага росту. Усе неабходныя ўмовы для гэтага створаны".

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж. Ва ўстанове ёсць найноўшыя лабараторыі, аўтадром, станцыя тэхнічнага абслугоўвання. За гады работы са сцен каледжа выйшлі 24 тыс. спецыялістаў. "Удумайцеся толькі - 24 тысячы! Многія былыя выпускнікі сталі кіраўнікамі вытворчасцей, вучонымі, вялікімі спецыялістамі ў галіне машынабудавання і вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на Рэспубліканскім педагагічным савеце было прынята рашэнне пры наборы ва ўніверсітэты аддаваць прыярытэт выпускнікам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі - тым, хто паспрабаваў на зуб будучую прафесію. "Прайдзіце гэту ступень сваёй адукацыі дастойна. Калі вы захочаце навучацца ў ВНУ, у вас будзе такая перавага", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка дапусціў, што ў грамадстве, магчыма, прыніжаецца роля рабочага чалавека, а прафтэхвучылішчы і тэхнікумы лічацца менш прэстыжнымі навучальнымі ўстановамі ў параўнанні з ВНУ. "Вы слухайце і ў душы захоўвайце спакой. Каб асвоіць рабочыя спецыяльнасці, трэба мець добрыя мазгі, талент. Помніце: іншага такога перыяду ў вашым жыцці не будзе. Калі вы, выбраўшы гэту высакародную прафесію, справу, не зробіце тое, што павінны, заўтра будзе позна. Лічыце, што вы ўпустую патрацілі час. Калі прыйшлі атрымаць вялікае імя рабочага чалавека, імкніцеся да гэтага кожны дзень, кожную гадзіну і трымайце галаву горда і высока, таму што вы - сапраўдныя рабочыя людзі, якія робяць карысць для нашай краіны", - заклікаў Прэзідэнт выхаванцаў каледжа.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адукацыя павінна арыентавацца на патрэбнасці эканомікі. Трэба рыхтаваць тых спецыялістаў, якія сёння запатрабаваны ў нашым жыцці. "Дасягнуць поспеху ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі наша краіна зможа толькі сканцэнтраваўшы ўвесь інтэлектуальны рэсурс на стварэнні высокатэхналагічных, навукаёмістых прадпрыемстваў і інавацыйных галін", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, жыццёва неабходна забяспечыць кваліфікаванымі работнікамі такія сферы, як будаўніцтва, перапрацоўчая прамысловасць і машынабудаванне. "Гэта перспектыўныя галіны, і мы будзем іх развіваць, а значыць, і вы будзеце запатрабаваныя. Прычым нам патрэбны не проста рабочыя рукі, нам патрэбны майстры сваёй справы, якія сваімі рукамі будуць ствараць дэталі, вузлы, механізмы - канкурэнтаздольныя тавары заўтрашняга дня", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што нядаўна пазнаёміўся з новым камбайнам "Палессе". "Добрая тэхніка, нічым не ўступае імпартным аналагам. Але нам трэба, каб яна не проста не ўступала, а пераўзыходзіла тэхніку нашых канкурэнтаў. Суперкамбайн! А таксама супергрузавік, трактар, электрамабіль, пры тым самыя сучасныя. Ідэі і напрацоўкі ў нашых канструктараў ёсць, але, каб яны набылі рэальныя абрысы, патрэбны дасведчаныя рабочыя, людзі, адданыя сваёй справе", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У падрыхтоўцы такіх кадраў вядучая роля адводзіцца прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. "Мы разглядаем яе як школу фарміравання прафесіянала, грамадзяніна, патрыёта. Бо рабочы чалавек, як ніхто іншы, цэніць дасягненні свайго калектыву, прадпрыемства, сваёй краіны. Цэніць мір і дабрабыт. Таму што гэта рабочы чалавек, ён не бандыт, і яму патрэбны мір і спакой для таго, каб працаваць. Ён кожны дзень укладае майстэрства, талент і душу ў стварэнне нацыянальнага багацця. Упэўнены, што і вашы здольнасці, упартасць і мэтанакіраванасць будуць накіраваны на стварэнне", - заявіў Прэзідэнт.

Пры гэтым задача выкладчыкаў не толькі ў падрыхтоўцы спецыялістаў, але і ў выхаванні гарманічнай асобы, сапраўднага рабочага чалавека, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Гэта высакародная місія і разам з тым вялікая праца і вялікая адказнасць. Навучаючы моладзь, вы закладваеце асновы будучыні нашай краіны. Лепшае прызнанне майстэрства настаўніка - поспехі яго вучняў. Упэўнены, што ваш опыт, энтузіязм і імкненне да самаўдасканалення паслужаць дастойным прыкладам для падрастаючага пакалення", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў выхаванцам каледжа плённага і насычанага навучальнага года, а выкладчыкам - як мага больш падстаў для гонару за дасягненні іх падапечных.

Прэзідэнт таксама азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў каледжы, наведаў рэсурсны цэнтр падрыхтоўкі кадраў для абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў.

Яму далажылі, што цяпер у Беларусі ідзе аптымізацыя сеткі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў. На сённяшні дзень атрымаць адпаведную адукацыю можна ў розных установах: каледжах, каледжах пры ВНУ, прафесійных ліцэях і іншых. Прадугледжваецца, што ў гэтай сістэме з'явіцца адзін від установы - прафесійны каледж. Такая работа вядзецца сістэмна і паслядоўна. "Давайце гэта зробім, каб было дакладна і зразумела, а то нейкі разнабой", - падтрымаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што пры падрыхтоўцы спецыялістаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі неабходна ўзмацніць практыкаарыентаванасць навучання. "Няхай навучэнцы бачаць, дзе яны будуць працаваць, з кім яны будуць працаваць", - сказаў ён.

Асобна была закранута тэма ўдзелу беларускіх спецыялістаў у чэмпіянатах WorldSkills, што дае магчымасць вывучаць новыя тэхналогіі, укараняць іх у адукацыйны працэс і вытворчасць. Цяпер каманда рэспублікі рыхтуецца да выступлення на 44-м міжнародным чэмпіянаце, які пройдзе ў кастрычніку ў Абу-Дабі. Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь на такіх спаборніцтвах станавілася пераможцай, аднак хацелася б бачыць часцей такія вынікі, паколькі рабочыя спецыяльнасці ў краіне развіваюць даўно. "Я думаў, што мы там усіх "б'ём" уздоўж і ўпоперак, а, аказваецца, не зусім так", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Наведваючы лабараторыю дыягностыкі, дзе навучэнцы вывучаюць электрааўтамабілі папулярных марак, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў выкладчыкаў каледжа, ці перспектыўна развіваць у краіне гэту галіну, на што атрымаў станоўчы адказ. Аляксандр Лукашэнка падрабязна абмеркаваў з педагогамі прынцып работы электракараў, іх тэхнічныя характарыстыкі, магчымасці і перавагі, пасля чаго даручыў прыцягнуць лепшых спецыялістаў каледжа да распрацоўкі беларускай мадэлі. "Для мяне галоўнае, каб яна была надзейнай, бяспечнай і даўгавечнай, каб не трэба было яе кожны год рамантаваць, - расказаў аб сваіх патрабаваннях Прэзідэнт. - Вы мяне пераканалі ў тым, што мы павінны вырабіць добры электрамабіль. Для людзей, каб яны маглі па горадзе праехаць, на дачу з'ездзіць".

Кіраўнікам профільных ведамстваў было даручана больш актыўна займацца распрацоўкай гэтага віду транспарту. "Да запуску атамнай станцыі мы павінны мець спажыўца і абавязкова інфраструктуру", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.