Наведванне Міністэрства абароны

  • 6
Беларуская армія павінна адэкватна рэагаваць на цяперашнія выклікі і пагрозы. Аб гэтым заявіў 19 лютага Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пры наведванні Міністэрства абароны.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніцтву Міністэрства абмеркаваць напрамкі будаўніцтва Узброеных Сіл у сучасных умовах. "Мы пастаянна звяртаемся да гэтага пытання і нават не таму, што рэзка змяніліся ўмовы вакол нашай краіны, вельмі напружана сітуацыя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Пытанне ў тым, каб мы змаглі прыстасаваць свае Узброеныя Сілы, перш за ўсё нашу армію да рэагавання на тую сітуацыю, якая, не дай бог, складзецца заўтра, паслязаўтра і г.д.".

"Умовы змяняюцца, няхай не кардынальна, але мы бачым, што адбываецца на так званым тэатры ваенных дзеянняў у сувязі з канфліктамі, іх хапае. Мы вывучаем іх і, зразумела, не можам не рэагаваць, улічваючы сітуацыю. Даводзіцца недзе прыстасоўвацца да сітуацыі, змяняць метады ўзброенай барацьбы, калі трэба будзе абараняць краіну", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры назначэнні на пасаду міністру абароны была пастаўлена задача - падрыхтаваць бачанне перспектыў стварэння мабільнай адэкватнай арміі, Узброеных Сіл у цэлым. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта задача вырашана.

"Наша армія павінна адэкватна рэагаваць на цяперашнія выклікі і пагрозы. Аднак і сродкі ў яе мы павінны ўкладваць, зыходзячы з рэалій сённяшняга дня. Таму далейшыя крокі па развіцці арміі павінны быць ўсебакова ўзважаны і падлічаны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў даў ацэнку стану беларускіх Узброеных Сіл і акрэсліў шляхі іх далейшага развіцця. Кіраўнік дзяржавы таксама цікавіўся запасамі узбраення і ваеннай тэхнікі, іх падтрымання ў боегатоўным стане, што актуальна як з эканамічнага, так і арганізацыйнага пункту гледжання.

Начальнік Генеральнага штаба далажыў аб задуме спецыяльных дзеянняў, а таксама аб тым, наколькі Узброеныя Сілы гатовы абараняць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краіны, каб ніхто не думаў размаўляць з Беларуссю з пазіцыі ваеннай сілы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што поўнасцю падтрымлівае прапановы міністра абароны аб напрамках мадэрнізацыі арміі, Узброеных Сіл, ваеннай тэхнікі, закупках новых узбраенняў. "Мы абавязкова знойдзем тыя сродкі, якія запрошвае Міністэрства абароны. І калі мы ажыццявім тое, што намецілі, а план да 2020 года, то мы да 2035-2040-х гадоў будзем мець добрую армію, на якую не трэба будзе траціць такія сродкі, як мы трацім сёння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Да 2020 года мы ажыццявім асноўныя мерапрыемствы па мадэрнізацыі нашай арміі, зробім усё, каб армія была эфектыўнай і адпавядала сённяшнім рэаліям", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Затым Аляксандр Лукашэнка выступіў перад камандным складам Узброеных Сіл.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь з-за свайго геаграфічнага становішча і адкрытасці ў поўнай меры зведвае ўздзеянне большасці геапалітычных працэсаў, што адбываюцца ў свеце.

"Абстаноўка ў свеце і вакол Беларусі, на жаль, няўстойлівая. Нарастаюць геапалітычныя супярэчнасці паміж Расіяй і дзяржавамі - членамі блока НАТА. Прадаўжаецца ваеннае процістаянне на паўднёвым усходзе брацкай нам Украіны. Спад сусветных цэн на нафту балюча ўдарыў па нашых бліжэйшых саюзніках, - канстатаваў Прэзідэнт. - Напружанай застаецца абстаноўка ў такіх крызісных рэгіёнах свету, як Блізкі Усход, Паўночная і Цэнтральная Афрыка. Дзейнасць так званай Ісламскай дзяржавы, падзеі ў Францыі і шэрагу іншых еўрапейскіх краін прывялі да чарговага ўсплёску міжнароднага тэрарызму. Адзначаецца рост сепаратысцкіх настрояў як мінімум у 16 рэгіёнах Еўропы і постсавецкай прасторы".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ЗША і іх заходнееўрапейскія саюзнікі па-ранейшаму праводзяць планамерную дзейнасць па замацаванні сваіх лідзіруючых пазіцый у ваеннай, палітычнай і эканамічнай сферах. Прадаўжаецца актыўная работа над дагаворам аб Трансатлантычным партнёрстве, паралельна ажыццяўляецца паступальнае ўмацаванне ваеннага складніка блока НАТА. "У непасрэднай блізкасці ад нашых граніц ідзе няспынная чарада вучэнняў альянсу, павялічваецца склад яго сіл хуткага рэагавання ў Прыбалтыцы і Польшчы", - сказаў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што сёння назіраецца зніжэнне эфектыўнасці сістэмы міжнароднай бяспекі.

"Такія арганізацыі, як ААН, АБСЕ, знаходзяцца пад відавочным уплывам адпаведных дзяржаў. І, калі прама казаць, ніякія функцыі па міжнароднай бяспецы яны ўжо не здольны ажыццяўляць. Яны дэманструюць няздольнасць эфектыўна падтрымліваць бяспеку ў свеце, вырашаць глабальныя праблемы і актуальныя задачы сучаснасці", - адзначыў Прэзідэнт.

"Для прымянення сілы адносна той ці іншай суверэннай дзяржавы ўжо не патрэбна санкцыя Савета Бяспекі ААН. Каб нанесці ўдар па Дамаску, Трыпалі або якой-небудзь іншай сталіцы, членам ваенна-палітычнага блока або стыхійна складзенай кааліцыі краін дастаткова дасягнуць дамоўленасці паміж сабой. І гэта ўжо лічыцца нормай у рамках новага светапарадку", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што разам з адкрытым ваенным уварваннем асаблівае месца ў інструментарыі ўладных людзей занялі каляровыя рэвалюцыі. "У іх аснове ляжыць глыбокая трансфармацыя свядомасці людзей. Па сутнасці, яе разбурэнне, падмена фундаментальных каштоўнасцей іх сурагатамі і памылковымі ідэямі, сэнсамі", - лічыць беларускі лідар.

“У гэтым стагоддзі прасочваецца тэндэнцыя сцірання адрозненняў паміж станам вайны і міру. Войны ўжо не аб'яўляюцца, а, пачаўшыся, ідуць не па прывычным шаблоне. Вопыт сучасных ваенных канфліктаў паказвае, што паспяховая дзяржава за лічаныя месяцы і нават дні можа ператварыцца ў арэну бязлітаснага ўзброенага змагання, стаць ахвярай замежнай інтэрвенцыі, апусціцца ў вір хаосу, гуманітарнай катастрофы і грамадзянскай вайны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што супраць Беларусі прымяняюцца эканамічныя санкцыі і дыскрымінацыйныя меры палітычнага характару. "Прадаўжаюцца спробы адкрыта дыктаваць нам умовы ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Актывізуецца ваенная дзейнасць непасрэдна паблізу нашых граніц", - адзначыў Прэзідэнт. На яго думку, гэтыя і іншыя знешнія фактары аказваюць негатыўны ўплыў на стан нацыянальнай бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нават у такіх няпростых знешніх умовах Беларусь не адступіць ад рэалізацыі міралюбівай знешняй палітыкі, будзе і ў далейшым абараняць свае інтарэсы.

"Вядома, мы хацелі б і ў далейшым апірацца на моц брацкай Расіі пры натуральным уліку нашых інтарэсаў у сферы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь таксама разглядае супрацоўніцтва ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы як гарант бяспекі краіны і забеспячэння стабільнасці на Еўразійскім кантыненце.

Аднак, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта не значыць, што Беларусь адмаўляецца ад узаемадзеяння з іншымі краінамі і ваенна-палітычнымі арганізацыямі.

"Як суверэнная дзяржава мы адкрыты ў тым ліку да канструктыўнага дыялогу з НАТА на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. У нас ёсць шмат агульных пытанняў, сумесная работа над якімі ў поўнай меры адпавядае інтарэсам Беларусі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ва ўмовах няпростай міжнароднай абстаноўкі і існуючых эканамічных цяжкасцей унутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі застаецца стабільнай. "Скажу вам шчыра: наш народ цэніць гэта. У грамадстве вельмі ўзрасла значнасць такіх паняццяў, як бяспека і клопат дзяржавы аб чалавеку. Ёсць усе падставы меркаваць, што дасягненні дзеючай улады будуць па заслугах ацэнены беларусамі", - адзначыў Прэзідэнт.

У той жа час, паводле яго слоў, гэта не значыць, што можна сабе дазволіць расслабіцца. "Ніхто не можа сёння думаць, што ўсё добра, што, вось, мы тут вялікія міратворцы, пасрэднікі і за гэта нам хтосьці будзе плаціць і ў нас будзе мір і спакой далей. Не падманвайцеся. Яшчэ раз падкрэсліваю: ніхто нам спакойнага жыцця не гарантуе. Мы будзем рабіць усё, каб гэта жыццё было спакойным, але мы павінны мець баяздольную армію, ды і ўсе Узброеныя Сілы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы, калі трэба, павінны ўмець абараніць незалежнасць, суверэнітэт нашай краіны, але ніколі не будзем увязвацца ў неразумныя, бязглуздыя процістаянні з кім бы там ні было. Мы будзем праводзіць разумную, стрыманую палітыку: нам чужога не трэба, свайго нікому не аддадзім. Гэта сутнасць нашай палітыкі. І калі трэба за гэта памерці, мы будзем паміраць за гэта", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі раней некаторыя гаварылі, што Лукашэнка нагнятае абстаноўку, гадоў пяць-сем таму гучалі такія словы, што мы трацім невядома на што грошы, укладваючы ў мадэрнізацыю ўзбраенняў і ўдасканаленне нашай арміі, то сёння, асабліва пасля падзей ва Украіне, усе зразумелі, што трэба карміць сваіх салдат і армію трэба мець дастатковую для таго, каб забяспечыць уласныя інтарэсы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Беларусы - мірныя людзі. Не выпадкова аб гэтым гаворыцца ў першым жа радку нашага Дзяржаўнага гімна. Аднак, гледзячы на падзеі, што адбываюцца ў краінах блізкага і далёкага замежжа, дарэчы ўспомніць прапісную ісціну аб неабходнасці трымаць порах сухім", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што важныя грамадска-палітычныя працэсы ў Беларусі традыцыйна суправаджаюцца актывізацыяй спроб і пятай калоны, і яе замежных апекуноў расхістаць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. "Чакаць, што іх актыўнасць пойдзе на спад у год прэзідэнцкіх выбараў, таксама не даводзіцца. У гэтых "дзеячаў" спецыфічнае разуменне палітыкі - замест прапановы канструктыўнай альтэрнатывы, сумленнай і адкрытай барацьбы за сімпатыі выбаршчыкаў, яны займаюцца правакацыямі і ўсімі тымі справамі, якія нам вядомыя, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы гэта ўсё праходзілі. У нас ёсць дзейсныя інструменты адэкватнага рэагавання. Але выключна ў прававым полі. І ўсе павінны разумець: мы ні з кім гуляцца не будзем і ў нас не заржавее, калі камусьці захочацца якога-небудзь тут майдана або яшчэ чаго-небудзь горшага".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: сур’ёзная работа чакаецца ў эканоміцы, што ўплывае на стан усіх сфер жыццядзейнасці дзяржавы.

"Любыя ўзрушэнні тут - гэта выклікі і пагрозы для нацыянальнай бяспекі, - адзначыў Прэзідэнт. - Будзе ў нас нармальна ў эканоміцы - ніякія ўзрушэнні нам не страшныя". Ён падкрэсліў, што ў краіне прыняты ўсе неабходныя рашэнні, у тым ліку кадравыя, каб эканоміка магла функцыянаваць. "Я нядаўна сказаў і прэм'еру, і новаму складу ўрада: вам ніхто не перашкаджае - дзейнічайце! Але пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы быць не павінна. Вытрымаем гэты трэнд, не абавязкова ўжо занадта дабавіць у гэтым годзе, захаваем тое, што ёсць у гэты крызісны цяжкі час, звязаны са знешнім уздзеяннем на нашу эканоміку, - значыць, у нас будзе мір і спакой, і ніякія каляровыя рэвалюцыі нас з ног на галаву не паставяць", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з улікам негатыўнага ўплыву знешніх фактараў у краіне прыняты меры па стабілізацыі абстаноўкі як у эканоміцы, так і на валютным рынку. "Сёння асабліва беражлівы падыход патрабуецца да расходаў бюджэтных сродкаў, якія неабходна выкарыстоўваць строга па прызначэнні, - сказаў Прэзідэнт. - Эканомія і беражлівасць павінны стаць прыярытэтам для кожнай службовай асобы".

"Як бы цяжка гэта нам не давалася, Беларусь ні на ёту не адступіць ад выканання сваіх сацыяльных абавязацельстваў. Больш таго, у бягучым годзе мы пачалі рэалізацыю шэрага амбіцыйных праектаў, накіраваных на сацыяльную падтрымку сем'яў і забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў няпростых сучасных умовах рэалізацыя мерапрыемстваў па далейшым павышэнні абараназдольнасці краіны набывае асаблівую значнасць.

"Можна адзначыць, што дзейнасць у гэтай сферы Мінабароны ў цэлым заслугоўвае станоўчай ацэнкі. Аб гэтым сведчыць аналіз рэалізацыі ў 2011-2014 гадах мерапрыемстваў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл. За гэты перыяд забяспечана падтрыманне пэўнага ўзроўню маральнага духу ваеннаслужачых, а таксама неабходнага ўзроўню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці. Нам у гэтай частцы пазбавіцца б ад фармалізму, які яшчэ застаецца, і было б усё амаль ідэальна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Нават нашы нядобразычліўцы прызнаюць - беларуская армія застаецца адной з самых баяздольных у рэгіёне Усходняй Еўропы і Азіі. Тым не менш, спачываць на лаўрах не трэба. Як паказала праведзеная ў мінулым годзе праверка Узброеных Сіл, недахопаў у войсках яшчэ нямала. Адпаведныя рашэнні былі мной прыняты. Цяпер ідзе работа па нейтралізацыі гэтых недахопаў і робіцца ўсё, каб такога ў будучым не было. Спакойнага жыцця ў плане праверак, раптоўных праверак я вам абяцаць не магу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Міністэрствам абароны падрыхтаваны важны дакумент ваеннага планавання дзяржавы - План абароны Беларусі. На высокім узроўні праведзены мерапрыемствы дзяржаўнага значэння. Выкананы значны аб'ём работ па добраўпарадкаванні ваенных гарадкоў, паляпшэнні ўмоў захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі. "Словам, зроблена нямала, зрухі пазітыўныя ёсць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

"Сёння міністр абароны і начальнік Генштаба прадставілі напрамкі будаўніцтва Узброеных Сіл на бліжэйшыя гады. Асноўнай задачай з'яўляецца ўдасканаленне і паслядоўнае павышэнне ваеннага патэнцыялу. Развіццё арміі будзе ажыццяўляцца за кошт як вызвалення ад залішніх запасаў узбраення і ваеннай тэхнікі, так і дадатковага фінансавання з бюджэту. Мы будзем мадэрнізаваць нашу тэхніку і разумна аптымізаваць колькасны і баявы склад нашай арміі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - У асноўным гэтыя мерапрыемствы, асабліва па аптымізацыі, праведзены ўжо. Засталося толькі адшліфаваць гэтыя напрамкі. Мной у цэлым падтрыманы прапановы міністра абароны".

Звяртаючыся да каманднага складу Узброеных Сіл, Прэзідэнт асабліва падкрэсліў яго адказнасць у працэсе ўдасканалення механізма забеспячэння ваеннай бяспекі: "Сёння ніводная краіна не абаронена ў поўнай меры ад знешніх і ўнутраных пагроз. І яны, як вы ведаеце, пачынаюцца з дэстабілізацыі абстаноўкі ўнутры дзяржавы. Па падобным сцэнарыі развязваюцца многія ўзброеныя канфлікты. Нашы суседзі на ўсходзе і захадзе актыўна пераглядаюць падыходы да прымянення арміі як у ваенны, так і мірны час".

"Нам трэба і далей уважліва вывучаць варыянты сілавога рэагавання на сучасныя пагрозы. Гэта сур'ёзная задача, якая патрабуе прапрацоўкі. Вывучаючы гэтыя варыянты, сёння трэба ўкараняць іх у жыццё. Вывучаючы вопыт барацьбы і канфліктаў, у тым ліку ўкраінскага канфлікту, мы павінны бачыць, якая нам патрэбна армія, і неадкладна рэагаваць на такія рэчы. Чакаю ад Міністэрства абароны канкрэтных, узважаных прапаноў, сфармуляваных у новай рэдакцыі Ваеннай дактрыны", - заявіў беларускі лідар.

"Памятаючы гістарычную ісціну аб тым, што арміі выйграюць бітвы, а перамогі ў войнах атрымліваюцца народамі, неабходна і надалей развіваць тэрытарыяльную абарону. Мы вызначылі ролю і месца тэрытарыяльных войскаў у забеспячэнні ваеннай бяспекі дзяржавы і ўжо не першы год займаемся ўдасканаленнем гэтай сістэмы. У нашых умовах гэта сфера дзейнасці не толькі Узброеных Сіл, але і іншых дзяржаўных інстытутаў. У тым ліку органаў мясцовага кіравання. Аднак вядучая роля ў гэтай рабоце належыць Міністэрству абароны, а дзяржаўнаму сакратарыяту Савета бяспекі неабходна і ў далейшым прадоўжыць кантроль па гэтым напрамку", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"У момант ваенных дзеянняў (не дай бог) нам давядзецца прызваць у тэрытарыяльныя войскі звыш 100 тыс. насельніцтва. Трэба займацца абучэннем гэтых людзей. Трэба пастаянна трымаць на кантролі колькасны спісачны склад канкрэтных падраздзяленняў, прызываць іх і адпрацоўваць на працягу 2-3 дзён або тыдня асноўныя функцыі, якімі яны будуць займацца ў ваенны час. Але самае галоўнае - трэба з кожным годам удасканальваць задачы, што стаяць перад тэрытарыяльнай абаронай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, самую пільную ўвагу трэба ўдзяліць практычнаму абучэнню Узброеных Сіл сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы, чаму павінна садзейнічаць сумеснае беларуска-расійскае вучэнне "Шчыт Саюза-2015". Разам з тым, Кіраўнік дзяржавы лічыць, што неабходна больш увагі ўдзяляць і правядзенню ўласных вучэнняў без прывязкі да Расіі. "Спадзявацца на самых блізкіх, родных нам братоў мы будзем. Гэта добра. Але заўсёды трэба разлічваць на сябе. Калі нам нехта плячо падставіць - гэта будзе ў плюс. Таму нам трэба спланаваць нашы вучэнні такім чынам, каб мы згодна з канцэпцыяй, якую сёння чарговы раз пацвердзілі і зацвердзілі, маглі праводзіць мабільныя невялікія вучэнні", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што сучасныя ўмовы вядзення вайны значна змяніліся ў параўнанні з тым, што было яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. "Ніхто сёння не падставіцца на плошчы пад "Грады" або "Смерчы". Калі нехта супраць нас будзе ваяваць - гэта будуць разгрупаваныя ўзброеныя сілы, мабільныя групы. Мы тым жа павінны адказваць, наносячы непрымальны ўрон агрэсару. Дык давайце будзем праводзіць такія вучэнні, каб нашы ваеннаслужачыя ўмелі дзейнічаць у гэтай сітуацыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ваеннай навуцы і адукацыі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна сканцэнтраваць намаганні на вызначэнні і практычным асваенні найбольш мэтазгодных і аптымальных метадаў падтрымання баявой гатоўнасці. А таксама прапрацоўцы і ўкараненні сучасных спосабаў вядзення ваенных дзеянняў, асабліва ва ўмовах гібрыдных войнаў.

"У гэтай аўдыторыі лічу неабходным сказаць пра бяспеку палётаў авіяцыі. Прадстаўлены аналіз па гэтым пытанні выклікае пэўную занепакоенасць. Існуючы высокі ўзровень аварыйнасці ваенных самалётаў і верталётаў сведчыць аб тым, што меры, якія прымаюцца Міністэрствам абароны, недастатковыя, а часам неэфектыўныя", - сказаў Прэзідэнт.

"Таму прапановы міжведамаснай камісіі, накіраваныя на павышэнне бяспекі палётаў, мною былі падтрыманы, дадзены адпаведныя даручэнні. Становішча ў гэтай сферы павінна быць выпраўлена ў самыя кароткія тэрміны. Мала не падасца, калі я яшчэ раз пачую аб нейкай аварыі ВПС", падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на пытанні забеспячэння арміі ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай: "Наша армія з'яўляецца наследніцай некалі магутнай, перадавой Беларускай ваеннай акругі. Таму асноўныя ўзбраенні нам дасталіся яшчэ з савецкіх часоў. Цяпер неабходна сістэмнае абнаўленне арсенала. Мы сёння прынялі і рашэнні па аб'ёмах, і планы мадэрнізацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі".

"Пераўзбраенне - працэс дарагі, асабліва адносна авіяцыі і сродкаў ППА. Але, разумеючы іх асаблівую значнасць, мы накіравалі ў рамонт у мінулым годзе партыю знішчальнікаў і штурмавікоў, а таксама прынялі рашэнне аб закупцы новых вучэбна-баявых самалётаў Як-130", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, з улікам цяперашніх рэалій у аснову павінна быць пастаўлена рацыянальнае расходаванне ўсіх выдзеленых дзяржавай рэсурсаў. "Я падтрымаў расходы, якія былі сёння прапанаваны. Але я запатрабаваў ад урада, каб расходаванне кожнага рубля, еўра і долара было праверана. Ніякай карупцыі, расхлябанасці, ніякага перарасходу грашовых сродкаў не павінна быць. Вы ведаеце, у якой сітуацыі сёння знаходзіцца свет і мы ў сувязі з тым, што адбываецца ў Расіі, на асноўных нашых рынках. Лішніх грошай ніколі не было, і цяпер тым больш", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Сэканомленыя сродкі ў выніку аптымізацыі баявога складу і колькасці арміі таксама павінны накіроўвацца выключна на пераўзбраенне войскаў, можа, яшчэ на жыллё, а таксама крытычна важныя мерапрыемствы развіцця Узброеных Сіл", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што стаіць задача максімальна падтрымаць існуючы баявы патэнцыял беларускай арміі. "Запас трываласці ў ваеннай тэхнікі яшчэ далёка не вычарпаны, за выключэннем асобных відаў узбраенняў, - лічыць Прэзідэнт. - У пытанні захаванасці тэхнікі і ўзбраення трэба ісці ў нагу з часам і больш актыўна задзейнічаць патэнцыял нашых абаронных прадпрыемстваў. А ад тэхнікі і маёмасці, што выслужылі ўстаноўленыя тэрміны службы, пазбаўляцца па-гаспадарску, атрымліваючы максімальную аддачу. Пры гэтым не спяшайцеся ўсё спісваць і выкідваць".

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ўзровень сацыяльнай абароненасці ваеннаслужачых і членаў іх сем'яў у Беларусі будзе захаваны, нягледзячы на існуючыя эканамічныя цяжкасці.

"Пры ўсіх складанасцях і цяжкасцях жыллё для ваеннаслужачых і шматдзетных сем'яў - гэта галоўны клопат нашай дзяржавы. Ваеннаслужачы павінен, наколькі гэта магчыма, не хвалявацца за тыл", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі ёсць каля 7-9 тыс. ваеннаслужачых з сем'ямі, якія не маюць жылля. "Гэта няшмат. І трэба паставіць мэту, каб гэта жыллё пабудаваць", - сказаў беларускі лідар.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па большасці пазіцый ваеннаслужачыя матэрыяльна забяспечваюцца не горш і нават лепш за іншых работнікаў бюджэтнай сферы. "Паверце: будзе ў нас хоць самая малая магчымасць зрабіць тут рух, мы зробім", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўпамянуў аб неабходнасці прадаўжэння работы па навядзенню парадку ў гарнізонах і воінскіх часцях, стварэнню ўсіх неабходных умоў для жыцця ў ваенных гарадках. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб у гэтым плане ўсё рабілася як мае быць, але без празмернасцяў.

“Таксама не трэба забываць пра аб’екты, што выслабаняюцца і падлягаюць перадачы мясцовым органам улады”, - дадаў Прэзідэнт, зрабіўшы ў сувязі з гэтым неабходныя даручэнні.

Першарадную ўвагу ў беларускай арміі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ўдзяліць забеспячэнню лідзіруючай ролі афіцэрскага складу, умацаванню яго прафесійнай падрыхтоўкі, павышэнню кіраўніцкай, прававой і педагагічнай культуры.

"Трэба разумець, што калі мы захаваем афіцэрскі корпус як добра падрыхтаваную частку арміі - мы будзем мець баяздольныя Узброеныя Сілы. А проста горы зброі, няхай нават самай сучаснай, без сапраўдных ваенных прафесіяналаў нікому не патрэбны”, - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна ў Беларусі былі прыняты рашучыя меры па ўмацаванні ў працоўных калектывах вытворча-тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны. На гэта накіраваны нормы дэкрэта № 5. "Усё гэта трэба перанесці на жыццё афіцэрскае, армейскае. Выкананне, жалезная дысцыпліна - пытанне нумар адзін для арміі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць няўхільнага выканання ў арміі законнасці і дысцыпліны, захавання жыцця і здароўя ваеннаслужачых.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Міністэрства абароны ўдзяляць першарадную ўвагу фарміраванню і падтрыманню высокага маральна-псіхалагічнага стану ваеннаслужачых. "Трэба і далей умацоўваць дысцыпліну і правапарадак у арміі. Дзякуй богу, для нас гэта праблема ўжо не з'яўляецца вялікай. Ключавой задачай для ўсяго афіцэрскага складу з'яўляецца непасрэдны ўдзел у выхаванні ў грамадзян нашай краіны пачуцця адказнасці за абарону Айчыны. І тут неабходны асабісты прыклад афіцэраў", - адзначыў Прэзідэнт.

"Асаблівая прычына неспакою - гэта пранікненне ў сілавыя структуры такіх небяспечных з'яў, як карупцыя, службовыя злачынствы, асабліва недапушчальна здрада інтарэсам службы. Менавіта гэта стала прычынай зацяжнога крызісу ва Украіне. Пэўную заклапочанасць выклікае не толькі барацьба са злачыннасцю ў арміі, але і стан воінскай дысцыпліны. Гэтыя пытанні знаходзяцца ў мяне на асаблівым кантролі. І патрабаванне за дысцыпліну будзе самым строгім", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што ў гэтым годзе будзе адзначацца 70-я гадавіна Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Да гэтай даты будуць прымеркаваны святочныя мерапрыемствы, у тым ліку ваенны парад 9 Мая. "Прашу, каб не толькі гэта мерапрыемства, але і ўшаноўванне ветэранаў, якіх ужо засталося няшмат, на ўзроўні воінскіх часцей прайшло дастойна. Выкарыстоўвайце гэту падзею для ваенна-патрыятычнага выхавання ў маладзёжным асяроддзі. Не дай бог мы сутыкнёмся з тымі працэсамі, з якімі сутыкнулася Украіна, калі людзі бягуць ад арміі, не хочуць абараняць сваю зямлю", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што як Прэзідэнт і Галоўнакамандуючы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй нясе адказнасць за стан беларускай арміі. "Гэта важнейшая мая задача. Я вам не абяцаю залатых гор, чагосьці празмернага, але, калі будзе хоць самая малая магчымасць падтрымаць армію дадаткова, мы гэта зробім", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

"І гэта не абумоўлена нейкімі палітычнымі падзеямі. Гэта абумоўлена толькі адным: армія не павінна вылучацца з грамадства, але яна павінна жыць дастойна", - адзначыў  Прэзідэнт.

Міністр абароны паднёс у падарунак Аляксандру Лукашэнку аўтамат Калашнікава ў спецыяльным футляры.

Андрэй Раўкоў адзначыў, што на працягу ўжо некалькіх дзясяткаў гадоў гэта надзейная правераная зброя запатрабавана ў арміях многіх краін свету.

"Вы павінны ведаць: у неабдуманыя, непатрэбныя для краіны авантуры я вас ніколі не ўцягну. Але, калі давядзецца абараняць сваю зямлю і стаяць плячо ў плячо, вы можаце быць упэўнены, што мяне вы там убачыце ў першых радах", - падкрэсліў беларускі лідар.