Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне касметычнай вытворчасці ЗАТ "Вітэкс"

27 верасня 2019 года
Наведванне касметычнай вытворчасці ЗАТ "Вітэкс"
глядзіце таксама: відэа
27 верасня 2019 года
Наведванне касметычнай вытворчасці ЗАТ "Вітэкс"
Наведванне касметычнай вытворчасці ЗАТ "Вітэкс"
глядзіце таксама: фота
27 верасня 2019 года
Наведванне касметычнай вытворчасці ЗАТ "Вітэкс"
9 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 27 верасня ў Мінску касметычную вытворчасць ЗАТ "Вітэкс" і даў высокую ацэнку развіццю кампаніі, якая акрамя асноўнай дзейнасці паспяхова займаецца яшчэ і сельгасвытворчасцю.

Аляксандру Лукашэнку падрабязна далажылі аб вытворчай дзейнасці і перспектывах развіцця ЗАТ "Вітэкс" і СП "Беліта" ТАА. Прэзідэнт азнаёміўся з працэсам вытворчасці касметычнай прадукцыі.

"Гэта ўзор таго бізнесу, які трэба мець у Беларусі. У яго на зямлі (сельгасвытворчасць. - Заўвага), у яго асноўная вытворчасць. У Беларусі менавіта такім чынам і трэба дзейнічаць. Трэба шматпрофільную мець вытворчасць. Тым больш у нас гэта можна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паказчыкі работы прадпрыемства заслугоўваюць высокай ацэнкі. Сярэдняя заработная плата работнікаў на асноўнай вытворчасці ў Мінску перавышае Br1,9 тыс., а на аграрнай вытворчасці ў вёсцы Цеплень яна складае Br940. На экспарт у мінулым годзе было пастаўлена прадукцыі на суму $45 млн. Штогод узрастаюць аб'ёмы вытворчасці, у мінулым годзе - на 7%, пашыраюцца вытворчыя магутнасці. На прадпрыемстве ў Мінску працуюць 830 чалавек, у філіяле ва Уздзенскім раёне - 220, але ў наступным годзе будуць дадаткова створаны рабочыя месцы - колькасць работнікаў павялічыцца да 500, у аграрным сектары заняты больш за 100 чалавек.

Сельгаспрадпрыемства ў вёсцы Цеплень, якое ў свой час з'яўлялася стратным і было перададзена ЗАТ "Вітэкс", пад умелым кіраваннем заняло лідзіруючыя пазіцыі ў рэгіёне. Напрыклад, па надоях малака паказчыкі ў яго на ўзроўні лепшых ферм краіны - больш як 10 т на адну карову. Закладзены яблычны сад, з ураджаю якога вырабляюць сокі і чыпсы. Наладжана вытворчасць экстрактаў траў, ёсць пчальнік. Разам з вытворчасцю ў пасёлку развіваецца і сацыяльная сфера. Пабудавана жыллё для работнікаў, аб'екты інфраструктуры.

"Малайцы, прадпрыемства адно з лепшых у вас, - пахваліў Прэзідэнт. - Вы ўжо на моцным фундаменце. Ведаеце, што і як рабіць".

"Патрэбны вынік. Узяў стратную гаспадарку - сёння сам радуецца", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Як растлумачыў генеральны дырэктар ЗАТ "Вітэкс" Віктар Цярэшчанка, наладзіць стабільную работу сельскагаспадарчага прадпрыемства дапамог у тым ліку вопыт Ізраіля, дзе пабываў кіраўнік і пераняў некаторыя тэхналогіі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнне аб перадачы адстаючых гаспадарак пад кіраўніцтва прыватнага бізнесу, прынятае 15 гадоў таму, было правільным і цяпер гэта відавочны факт. "З тых гаспадарак, якія мы некалі замацавалі (хваля была), толькі чатыры забралі назад. А так прыватнікі добра распарадзіліся гэтымі гаспадаркамі", - сказаў ён. Такіх гаспадарак пад кіраўніцтвам сталічных прыватных структур налічваецца каля 30. Прэзідэнт лічыць, што паспяховы вопыт развіцця аргарнай вытворчасці ЗАТ "Вітэкс" трэба пераймаць і іншым арганізацыям, якія маюць падшэфныя гаспадаркі. "Вазьмі за прыклад, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама. - І прымусіць усіх так працаваць, як у яго".

Прэзідэнт таксама запатрабаваў у бліжэйшы час вырашыць пытанне з аператыўным адвядзеннем зямель для гаспадарак, якія развіваюцца. Паводле слоў кіраўніка ЗАТ "Вітэкс", гэта працэдура цяпер вельмі доўгая. "Надакучыла ўжо слухаць гэтыя прэтэнзіі, - адказаў на гэта Кіраўнік дзяржавы. - Кіруемая краіна, а мы не можам вырашыць гэта пытанне. Калі зямля не сельгаспрызначэння, дык чаго цялёпкацца?"


Ён даручыў разабрацца ў сітуацыі і паставіць аблвыканкамы ў такія рамкі, каб яны не маглі зацягваць працэс адвядзення на тэрмін большы за адзін месяц. "Трэба зняць гэтыя бар'еры. Ну што такое - узгадняць месяцамі адвядзенне зямель. Па краіне разбярыцеся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Размова ішла і аб тым, каб забяспечыць магчымасць прадаваць на адной пляцоўцы прадукты харчавання і касметычныя сродкі, калі яны ў закрытай упакоўцы. Напрыклад, у магазінах сеткі "Вітэкс" кантралюючыя органы робяць заўвагі з-за наяўнасці на прылаўках касметыкі і сокаў уласнай вытворчасці. "Гэта бардак поўны. Мы ўжо аб гэтым гаварылі, наводзячы парадак на вытворчасці. Чым цюбік з пастай адрозніваецца ад шкляной або іншай тары?" - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі шырокі спектр выпускаемай на прадпрыемстве прадукцыі. Ён даў станоўчую ацэнку ўбачанаму і паабяцаў поўнасцю перайсці на касметычныя сродкі айчыннай вытворчасці. "Усю імпартную (прадукцыю. - Заўвага) павыкідвайце і пастаўце, што мне патрэбна. Абяцаю, што ніколі (не буду карыстацца імпартнымі сродкамі. - Заўвага). Нават калі нехта падорыць, я тады перадару. Сваё трэба выкарыстоўваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама папрасіў перадаць кожнай з жанчын, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, які-небудзь з прадстаўленых узораў прадукцыі. Ён падкрэсліў, што сувеніры аплаціць з уласных сродкаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што замежная касметычная прадукцыя ў цэлым не лепшая за айчынную. "Усё яно прыкладна аднолькавае. Але гэта - з мясцовай сыравіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён даручыў максімальна садзейнічаць продажам айчыннай касметычнай прадукцыі як за мяжу, так і не забываць аб патэнцыяльных нішах на ўнутраным рынку. Напрыклад, шырэй выкарыстоўваць яе ў гасцінічнай сферы, каб адпаведная прадукцыя была больш прадстаўлена ў рознічным продажы. "Ёсць праблемы. Вазьміце на кантроль і займіцеся гэтым. Каб у любым магазіне, дзе ён захоча, прадавалі. Сваё трэба прадаваць. У яго (ЗАТ "Вітэкс". - Заўвага) менш праблем - экспарт вялікі. Але ў нас жа ёсць прадпрыемствы, якія на свой рынак не могуць прабіцца і паставіць. Гэта сур'ёзнае пытанне. Хацелася б, каб мы да яго больш не вярталіся", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыехаў спецыяльна для таго, каб паглядзець вытворчасць і зрабіць для сябе пэўныя вывады. "Я цябе ў прыклад заўсёды стаўлю як добрага бізнесмена. Малайчына. Людзі ў цябе вельмі задаволеныя, асабліва стаўленнем", - сказаў ён, звяртаючыся да Віктара Цярэшчанкі.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым асабліва падкрэсліў ролю кіраўніка і важнасць вырашэння кадравых пытанняў на перспектыву. "Я вось на яго (кіраўніка прадпрыемства. - Заўвага) гляджу - цяпер усе крычаць: "рэформа, давай, разганяй, дзялі...". Вось, вобразна кажучы, яго не будзе, хто заменіць, каб было так добра? Не трэба крычаць, што вось цяпер мы тут усё падзелім, зламаем і правядзём радыкальную рэформу", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання прадпрыемства таксама нагадаў кіраўніцтву Мінска аб задачах па азеляненні і добраўпарадкаванні. "Я прымушаю ўздоўж дарог дрэвы высаджваць, а ў яго (у Мінску. - Заўвага) - я спецыяльна праехаў па горадзе - гэтыя адкосы - яны голыя. Людзі ходзяць і на такім адкосе абкошваюць траву тры разы ў год. Гэта затраты. Пасадзіце там кусты (раз у 3-5 гадоў падрэзаў, сфарміраваў, каб прыгожы быў, і Мінск набудзе іншае аблічча). Гэта ж вітрына. Пасадзіце хаця б елачкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што некаторыя работы ў гэтым напрамку трэба правесці на працягу восені, а за зіму спланаваць у цэлым. "Кожнаму кіраўніку адміністрацыі (сталічных раёнаў. - Заўвага) даручыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт таксама нагадаў, што прадпрыемствам і арганізацыям трэба ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні і азеляненні прылеглых тэрыторый.

Тэгі: Паездкі
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь