Наведванне кампаній ТАА "Бануба Дэвелапмент" і ТАА "І-Экс-Пі Кэпітал"

  • 6

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абяцае далейшую падтрымку развіццю ў краіне IT-сферы. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 13 сакавіка, наведваючы ў Мінску кампаніі, якія працуюць у сферы высокіх тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што з боку дзяржавы і ў далейшым будзе аказвацца садзейнічанне, у тым ліку ў частцы прыняцця неабходных нарматыўных прававых актаў, якія вызначаюць умовы работы арганізацый у гэтым сектары эканомікі. Разам з тым ён падкрэсліў, што адным з асноўных патрабаванняў з'яўляецца празрыстасць і законнасць працэсаў з пункту гледжання вядзення бізнесу, пытанняў падаткаабкладання. "Жывучы ў Беларусі, трэба будаваць будучую прыгожую краіну, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Так, будучыня - добра. Але павінна быць сумленная і прыстойная сучаснасць. І вы атрымаеце ўсё, аб чым мы дамовімся, па заканадаўстве".

"Я гатовы вас падтрымліваць там, дзе трэба, нешта спрасціць. Але трэба, каб гэты працэс быў празрыстым", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Інвестары Віктар Пракапеня і Міхаіл Гуцарыеў расказалі Кіраўніку дзяржавы аб рабоце кампаній і іх перспектыўных распрацоўках. Гэта, у прыватнасці, праекты ў галіне дапоўненай рэальнасці і штучнага інтэлекту.

Цяпер беларускія ІТ-спецыялісты ў асноўным працуюць па схеме аўтсорсінгу, выконваючы заказы для замежных кампаній, атрымліваючы толькі малую долю прыбытку ў параўнанні з выгадай ад прадуктовай мадэлі бізнесу і камерцыялізацыі канечнага прадукту. Таму стаіць задача нараўне з цяперашняй мадэллю развіваць і новыя перспектыўныя напрамкі, якія дадаткова будуць садзейнічаць прытоку ў краіну інвестыцый і стварэнню высокаэфектыўных рабочых месц.

Што датычыцца жаданых заканадаўчых змяненняў, то ў якасці аднаго з прыкладаў прагучала пытанне рэкламы ІТ-прадукцыі на сусветна вядомых замежных пляцоўках. Цяпер для правядзення адпаведных разлікаў патрабуецца выканаць шэраг бюракратычных працэдур, што часта стопарыць працэс.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў знайсці рашэнне гэтага і іншых праблем: "Не пытанне. Гэта нам нават у плюс будзе. Мы дзякуючы вам прымусім іншых адысці ад гэтай паператворчасці. Гэта толькі вітаецца, і мы вам будзем за гэта дзякаваць. Гэта справа Урада, якую разам з Нацыянальным банкам павінны спрашчаць, што мы, дарэчы, цяпер і робім".

Прэзідэнт выказаўся і на тэму падрыхтоўкі профільных спецыялістаў для патрэб ІТ-сферы. Тут можа быць запатрабаваны розны замежных вопыт, уключаючы курсы і стажыроўкі. Аднак у канчатковым выніку гэта ўсё павінна быць на карысць развіцця айчыннай школы. "Вы павінны сказаць, што вам трэба. А я павінен сказаць "так" ці "не". Я скажу "так". Таму што без адукацыі нічога не будзе. І калі ў рамках адукацыйнага працэсу ў БДУІР, БДУ або недзе яшчэ (база будзе ўсё роўна тут) вы скажаце, што навучэнцам трэба пабываць у Крэмніевай даліне, "Сколкава", у ІТ-кампаніях Індыі або ў Кітаі, я нават вам гэта арганізую. Але галоўнае, каб вы адукацыю (базу) атрымалі тут", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заклікаў ІТ-сектар ісці наперад і не спыняцца ў сваім развіцці, падкрэсліўшы значны сінергетычны эфект, паколькі ў канчатковым выніку выгаду ад гэтага атрымае і бюджэт краіны. "Вы тут жывяце, траціце грошы, арандуеце памяшканне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт упамянуў аб тэме барацьбы з сацыяльным утрыманствам, якая абмяркоўваецца апошнім часам. "Справа не ў дармаедах, а ў тым, каб вывесці з ценю людзей. Ценявая эканоміка - гэта будучая крымінальная эканоміка", - заявіў ён.

Па выніках наведвання кампаній і дэталёвага абмеркавання праблемных пытанняў Кіраўнік дзяржавы даручыў стварыць у Беларусі савет па развіцці ІТ-тэхналогій, у склад якога ўвойдзе шырокае кола прадстаўнікоў гэтай сферы. Прэзідэнт таксама падтрымаў ідэю стварэння ўмоў для выкарыстання ў Беларусі беспілотных аўтамабіляў.

У бліжэйшы час на разгляд Кіраўніка дзяржавы будуць прадстаўлены прапановы па ўдасканаленні заканадаўства для развіцця новых напрамкаў у ІТ-сферы.