Наведванне Інстытута раслінаводства "Парумбень"

  • 35

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон 19 красавіка наведалі Інстытут раслінаводства "Парумбень", дзе прынялі ўдзел у цырымоніі "Дзень поля", прысвечанай пачатку пасяўной кампаніі.

Прэзідэнты наведалі выстаўку сучаснай беларускай сельгастэхнікі, абмеркавалі з кіраўніцтвам інстытута развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы раслінаводства, а затым на трактарах пасадзілі новы ўраджай кукурузы.

Прэзідэнт Малдовы выказаў упэўненасць, што ўраджай будзе добрым. Ён паабяцаў інфармаваць беларускі бок аб тым, як расце гэта кукуруза, а восенню адправіць яе ў Беларусь. Ён выказаў удзячнасць за бязвыплатна пастаўленыя ў Малдову беларускія трактары. "У кожнай вёсцы Малдовы, у кожным населеным пункце ёсць беларускі трактар. Ён самы надзейны, і наш народ да яго прывык. Яго ахвотна купляюць", - адзначыў малдаўскі лідар.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Малдова будуць развіваць узаемадзеянне ў селекцыі насення кукурузы і іншых сельгаскультур. "Мы бачым новыя напрамкі для супрацоўніцтва, у прыватнасці гэтага цэнтра вучоных Малдовы і беларускіх вучоных, і гэта мяне радуе", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, беларускі бок таксама прадоўжыць пастаўляць у Малдову сельскагаспадарчую тэхніку і развіваць сумесныя вытворчасці.

"Замыкацца на адных гандлёвых аперацыях нельга, трэба ўдасканальваць адносіны, ствараць сумесныя прадпрыемствы - і гэта яшчэ палова справы. Мы дамовіліся з прэзідэнтам аб тым, што мы будзем рыхтаваць кадры ў Малдове для вытворчасці такой тэхнікі: трактарнай, аўтамабільнай, збожжаўборачнай", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Наведваючы Інстытут раслінаводства "Парумбень", Ігар Дадон адзначыў, што большая частка вінаробнай прадукцыі з Малдовы пастаўляецца ў Беларусь. Улічваючы высокую папулярнасць малдаўскага віна, ён паабяцаў навучыць Аляксандра Лукашэнку вырошчваць вінаград.

"Я запрашаю вас у маю родную вёску ў канцы верасня-пачатку кастрычніка, каб мы сабралі вінаград і разам прыгатавалі віно, каб вы пазнаёміліся бліжэй і з гэтым сегментам. Думаю, будзе вельмі цікава. І я з задавальненнем пакажу вам родны дом, дзе нарадзіўся, сваю родную вёску", - сказаў Ігар Дадон.

Аляксандр Лукашэнка прыняў запрашэнне і паабяцаў наведаць родную вёску малдаўскага лідара, калі гэта будзе атрымлівацца па графіку. "Вінаград у нас вырошчваюць і вельмі шмат, але ён не такі як у Малдове, таму я вельмі спадзяюся, што мой сябар і калега навучыць мяне вырошчваць сапраўдны вінаград. Калі атрымаецца, я з задавальненнем па запрашэнні Ігара Дадона пабываю ў яго роднай вёсцы, калі не ў гэтым годзе, то ў наступным дакладна атрымаецца. І мы паспрабуем прыгатаваць сок, а потым віно з вырашчанага вінаграду", - сказаў беларускі лідар.