Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска

25 снежня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 25 снежня Гарадскую дзіцячую інфекцыйную клінічную бальніцу Мінска.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай медыцынскай установы, арганізацыяй стацыянарнага лячэння пацыентаў з інфекцыяй COVID-19, а таксама з магчымасцямі клінікі па аказанні меддапамогі дзецям ва ўмовах аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся функцыянальнасцю бальніцы, наколькі яна адпавядае сучасным падыходам, у тым ліку ў плане архітэктурнага выканання. Ён растмулачыў, чаму закрануў гэта пытанне. "Мы задумалі будаўніцтва новай бальніцы ў Мінску ў раёне Навінак. Але нам трэба жалезабетонна вызначыцца. Я маю на ўвазе функцыянальнасць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - З пункту гледжання камфортнасці. Аднамесныя палаты, двухмесныя максімум, асабліва калі з дзецьмі. Да гэтага трэба імкнуцца, гэта трэба рабіць. І не таму, што трэба сэканоміць. А таму, што вылечыць чалавека - гэта не толькі медыкаментозна, скальпель і шпрыц, а гэта яшчэ і псіхалогія, камфорт, зручнасць. Каб чалавек сябе добра адчуваў, каб у яго быў добры настрой. Гэта добры фон для выздараўлення".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ў бальніцу прыязджаюць не адпачываць, а лячыцца. "І навучыцца нам трэба лячыць людзей у бальніцы столькі, колькі трэба, - сказаў ён. - Не тое, што эканоміць, а па-гаспадарску. Трэба і будаваць бальніцы правільна, і аснашчаць іх рацыянальна".

Галоўны ўрач бальніцы Марына Сакалова падрабязна расказала Прэзідэнту, як арганізаваны прыём і лячэнне пацыентаў, далажыла аб наяўных магчымасцях і перавагах пры рабоце ў бальніцы інфекцыйнага профілю. Клініка прымае пацыентаў, маючых патрэбу ў спецыялізаванай дапамозе, не толькі са сталіцы, але і з усёй краіны.

Адказваючы на пытанне Кіраўніка дзяржавы, чаго яшчэ не хапае ў лячэнні дзяцей, галоўурач сказала, што для гэтага ўсё ёсць - неабходная колькасць ложкаў, памяшканні, абсталяванне.

Паводле слоў Марыны Сакаловай, калі ў будучым укладаць грошы, то ў самае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. "Не трэба вялікія холы, канапы. Павінна быць абсталяваная палата. Вось гэта самае важнае", - сказала галоўны ўрач.

Прэзідэнт запатрабаваў тлумачэння прычын, якія прывялі да смерці дзіцяці 16 снежня ў Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска.

"Таго, каго трэба лячыць, таго трэба лячыць і ратаваць. Каб не было вось так, як у вас атрымалася (можа, не столькі ў вас) з гэтым 13-гадовым хлапчуком. Я не абвінавачваю пакуль нікога. Усякае можа быць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Было адзначана, што ў бальніцы падлетак правёў менш за суткі. "А чым займалася паліклінічнае звяно? Не павінна гэтага быць. Вы бацькам не растлумачыце. Вы ж сама маці (звяртаючыся да галоўнага ўрача бальніцы Марыны Сакаловай. - Заўвага). Я бацька. Разумееце, для мяне дзіця - гэта больш чым святое, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы павінны былі прыняць усякія меры для таго, каб выратаваць дзіця. Калі памірае дзіця - гэта катастрофа. Таму мы павінны ў гэтых адносінах працаваць вельмі зладжана".

"Яшчэ раз кажу: я ад вас патрабую тлумачэння наконт гэтага. Каб гэта не здарылася зноў. Не павінна быць "можа быць не вывучана".Вы мне далажыце, у чым прычына. Калі нашы ўрачы не ўмеюць з нейкімі відамі хвароб змагацца, калі яны наогул не разумеюць, што гэта такое, ну дык мы будзем іх вучыць. Гэта ж зразумела, яны ж не богі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што трэба своечасова і аператыўна рэагаваць на хваробу, асабліва ў дзяцей: "Бачыце - дзіця, тэмпература за 40. Няхай яно толькі захварэла. Неадкладна ёй званок (галоўнаму ўрачу бальніцы. - Заўвага): дапамажыце, ратуйце! Тады трэба кансіліумы праводзіць, а не тады, калі на ШВЛ дзіця знаходзіцца. Кансіліум трэба праводзіць у пачатку. Нельга лячыць дома, калі небяспека".

"Я разумею, што да вас прывезлі, тут самае сучаснае абсталяванне. Вядома, вы рабілі ўсё, што маглі. Але калі ўжо неабарачальныя працэсы пачаліся, што зможаш... Вось тут мы павінны працаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя абмеркавання важных дзяржаўных тэм і пытанняў, наведванне Кіраўніком дзяржавы дзіцячай інфекцыйнай бальніцы было напоўнена цёплай сустрэчай з маленькімі пацыентамі, якія ў гэтыя святочныя дні апынуліся ў клініцы. Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзецям падарункі, якім малышы былі вельмі рады. "Гэта вельмі важна, калі ты заходзіш у рэанімацыйны блок або ў палату і бачыш, якія там светлыя вочы, у іх узнікае нейкая надзея... Нават калі я дапамагу стварыць настрой аднаму-двум, гэта ўжо плюс", - упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што да Новага года збіраецца пабываць яшчэ ў адной клініцы - РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах. "Гэта дзеці, яны хочуць, каб на Новы год у іх было свята", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пагутарыў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву бальніцы. Ён растлумачыў, у сувязі з чым апошнім часам наведвае шэраг медыцынскіх устаноў, дзе аказваюць дапамогу пацыентам з каранавірусам.

"Гэта стыль маёй работы на працягу чвэрці стагоддзя. Уборачная, пасяўная кампанія - і я ў сялян. Ёсць праблемы ў зоне прамысловасці - я туды. Трэба нешта прадаць - я за мяжу. І гэтак далей. Сёння самая вялікая праблема для нашага грамадства (назавём гэта праблемай) - гэта хвароба нашых людзей, як і ва ўсім свеце. Дзякуй богу, і я не перастану гэта паўтараць, нас яна яшчэ крыху пашкадавала і шкадуе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле даных, якія агучыў Прэзідэнт, у Беларусі знізілася колькасць шпіталізаваных з пнеўманіямі. Калі раней іх было каля 22 тыс. чалавек, то на сённяшні дзень - 20 тыс., пры гэтым колькасць тых, хто знаходзіцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ), застаецца прыкладна на адным ўзроўні - каля 500 чалавек.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена некалькі пытанняў, адно з якіх датычылася вакцынацыі ад каранавіруса. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўным прынцыпам будучай вакцынацыі ў Беларусі будзе добраахвотнасць. Ён растлумачыў, што ў краіне плануецца выкарыстоўваць для вакцынацыі некалькі прэпаратаў розных вытворцаў. "Мы плануем (прышчапіць. - Заўвага) 1,2 млн. А колькі будзе, залежыць ад вас. Можа, і два мільёны. Залежыць ад таго, як людзі пойдуць на гэта. Хочуць вакцынавацца - калі ласка, мы прадаставім магчымасць. Прытым плануем выбар вакцын", - сказаў Прэзідэнт.

Раней за ўсё пачнуць прышчэпліваць расійскай вакцынай, якую Беларусь плануе закупіць, а таксама вырабляць на айчынных прадпрыемствах. Будзе прадастаўлена і магчымасць зрабіць прышчэпку вакцынамі іншых краін і вытворцаў. Гэта дапаможа вызначыцца з тым, якая з вакцын найбольш эфектыўная. "Каб не было крытыкі з вашага боку, - заўважыў беларускі лідар. - І ніхто ж не ведае, якая лепшая на сёння вакцына. Мы плануем 5-6 вакцын. У залежнасці ад таго, як дамовімся. Цяпер гэта вялікі дэфіцыт".

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ён асабіста адносіцца да катэгорыі скептыкаў, якія лічаць, што пры нармальным ладзе жыцця чалавек мае ў прынцыпе дастатковы імунітэт для супрацьстаяння многім захворванням. Аднак для тых, хто хоча абараніць сябе вакцынай, такая магчымасць будзе прадастаўлена. "Вакцынацыя будзе. Захочаце - вакцынуйцеся, не захочаце - нікога прымушаць не будзем. Вырашайце самі", - заявіў Прэзідэнт.

Яшчэ адно пытанне датычылася малой радзімы. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за мінулыя тры гады праведзены значны аб'ём работы, прыкметна змяніліся многія невялікія населеныя пункты. Аднак гэта работа не павінна завяршацца разам з заканчэннем трохгодкі "Малой радзімы". "Не забывайце пра малую радзіму, гэта вельмі важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запэўніў, што і ў далейшым добраўпарадкаванне малых населеных пунктаў у Беларусі будзе прадоўжана. "Вялікія вёскі не кінулі, і нават маленькія неперспектыўныя хутары не думаем закідаць, - сказаў ён. - Прынамсі, ад Мінска да аграгарадкоў мы дайшлі. Цяпер трэба скончыць рамонт дарог да аграгарадкоў. Гэта мы за пяцігодку дакладна зробім, каб двухпалосныя нармальныя дарогі былі".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што і раней неаднаразова ўздымаў тэму каштоўнасці зямлі, зямельных участкаў за межамі вялікіх гарадоў і агітаваў усіх жыхароў краіны набываць такія надзелы, пустуючыя дамы. "Каб вы ў суботу, нядзелю з дзецьмі проста пахадзілі па зямлі, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Многія гавораць: басанож пахадзі па зямлі, па траве - і ўся дрэнная энергія выходзіць у зямлю".

Прэзідэнт таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі ў свой час было прынята правільнае рашэнне не распрадаваць зямлю ў прыватную ўласнасць. "А калісьці ж і мяне крытыкавалі за тое, што я не дазваляю гандляваць зямлёй, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вось калі б мы яе раздалі, то ў гэтым годзе галадалі б. А так, у нас самы ўраджайны год, і беларускімі прадуктамі мы будзем забяспечаны поўнасцю".

"Не трэба губіць нашу сістэму. Мы яе выпакутавалі, выпрацавалі за чвэрць стагоддзя - добрую, нармальную сістэму, і яна будзе запатрабавана ва ўсім свеце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пытанне аднаго з журналістаў датычылася нядаўняй сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са спецпасланнікам Папы Рымскага Францыска Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі архібіскупам Клаўдзіа Гуджэроці і далейшага вяртання ў краіну Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

"Вы ведаеце мой недахоп як палітыка. Мяне часта нават звычайныя людзі папракаюць: "Аляксандр Рыгоравіч, ну навошта вы вось гэта гаворыце, навошта вы душу раскрываеце? Яны ж плюнуць вам тут..." Я прыхільнік шчырай, сумленнай і адкрытай палітыкі. Хоць у палітыцы няма такога, быць не павінна. Але раскажу вам сумленна і шчыра, як гэта было. Галоўнае. Там шмат было пытанняў", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён расказаў, што Клаўдзіа Гуджэроці перадаў яму ад пантыфіка пісьмо. "Вы ведаеце мае адносіны з Папам Францыскам. Я яго вельмі паважаю. Гэта такі наш чалавек. Ён не гуляецца ў палітыку, хоць ён жа кіраўнік дзяржавы. Я яго пісьмо прачытаў адразу пры Гуджэроці. Дробным шрыфтам на двух лістах. Вельмі шмат добрых слоў у адрас дзяржавы, у адрас людзей. Добры чалавек. І адно з пытанняў - вярнуць на Каляды Кандрусевіча", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я ж разумею, гэта таксама палітыка. Кожны хоча захаваць аблічча, яшчэ нечага. У мяне на той час, хоць я меркаваў, што гэта пытанне будзе ад Гуджэроці, (мы таксама даўно знаёмы, ён у нас працаваў, талковы таксама чалавек, вельмі любіць беларускі народ і заўсёды шчыра і сумленна выказваўся ў падтрымку нашага народа. Таму яго і выбралі, хоць ён у Вялікабрытаніі ўжо служыць нунцыем.), не было рашэння, калі ён мне сказаў пра Кандрусевіча. Я шчыра яму прызнаўся пры Міністры", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, улічваючы прачытанае пісьмо і просьбу Папы Рымскага, паабяцаў, што да вечара дня сустрэчы будзе дадзены адказ. "Вы калі вылятаеце назад? - Заўтра раніцай. - Да вечара мы дадзім вам адказ. Інакш кажучы, у мяне не было гатовага рашэння. Гэта не гульня ў палітыку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тады даручыў Ураду, МЗС і іншым выпрацаваць сваю пазіцыю па гэтым пытанні і далажыць яму. "Пазіцыя была такая, што трэба, каб ён (Тадэвуш Кандрусевіч. - Заўвага) вярнуўся на гэтыя каталіцкія святы ў Беларусь, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўжо падумаў пра людзей. Ведаеце, католікі людзі асаблівыя, але яны ж ніколі нам ніякіх праблем не стваралі. Я расказваў, што ў жыцці наогул з імі сутыкаўся, напэўна, з дзяцінства, хоць і на ўсходзе нарадзіўся. І падумаў, што, напэўна, гэта будзе нейкі невялікі плюс для гэтых католікаў, і яны нармальна гэта ацэняць. Ну а ён (Тадэвуш Кандрусевіч. - Заўвага), ну ў чым ён цяпер для нас небяспечны? Ніякай небяспекі не ўяўляе. Гэта была мая пазіцыя. І калі мне пасля абмеркавання ва Урадзе далажылі пазіцыю, яны супалі. І было прынята рашэнне аб тым, што няхай прыязджае".

"І не верце таму, што тут, ведаеце, Лукашэнка некага перайграў, Папа Рымскі цяпер здаецца ці не за Беларусь будзе. Я гэтымі катэгорыямі не разважаў, разумеючы і тое, што Папа Рымскі і так сумленны, прыстойны чалавек. Але палітычных гульняў не было. Я клянуся", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт у час сустрэчы з калектывам дзіцячай інфекцыйнай бальніцы таксама прыгадаў аб нядаўнім затрыманні тэрарыстычнай групы Мікалая Аўтуховіча і адзначыў паспяховую работу спецслужбаў у спыненні адпаведнай супрацьпраўнай дзейнасці.

"Нядаўна мы затрымалі групу Аўтуховіча. Цяпер мы іх усе каналы выкрылі. Яны везлі тонамі зброю праз Украіну, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - І калі б хлопцы нашы (я ўсіх загадаў да дзяржаўных узнагарод неадкладна прадставіць) іх не накрылі, ох нам бы Новы год быў... Я яго (Аўтуховіча. - Заўвага), шчыра кажучы, недаацэньваў. Мне дакладваў Камітэт дзяржбяспекі. Ну, трэба, разбірайцеся з ім... Недаацэньваў. А вось калі вывернулі навыварат..."

"Рыхтавалі тэракты па ўсёй краіне, і пачалі ўжо ажыццяўляць. На тым і пагарэлі. Чэкісты з міліцыяй праводзілі гэту аперацыю. Ну проста малайцы! Дзякуй богу, што затрымалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пытанне спынення такой супрацьпраўнай дзейнасці трымаецца на строгім кантролі. "Ёсць некалькі груповачак яшчэ. Сваіх два-тры (чалавекі ў гэтых групоўках. - Заўвага) ёсць, адтуль (з-за мяжы. - Заўвага) прысылаюць нам. Праз Украіну. Праз Польшчу, Літву цяпер вельмі складана - граніцу закрылі наглуха. І з Украінай цяпер закрылі ўжо, мыш не прапаўзе. Праз Расію іншым разам пранікаюць, у нас граніцы няма. Але ўжо не тое. Мы гэта пытанне трымаем строга на кантролі".


Тэгі: Паездкі
© 2021, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь