Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Наведванне гала-паказу чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні

27 студзеня 2019 года

Беларусь заслужыла прыняць чэмпіянат свету па фігурным катанні і даказала, што можа гэта зрабіць на высокім узроўні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 студзеня, наведваючы гала-паказ чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні ў "Мінск-Арэне".

Кіраўнік дзяржавы выйшаў на лёд пасля выступленняў знакамітых фігурыстаў і пераможцаў турніру, калі ўсе яны сабраліся на арэне, каб развітацца з гледачамі. Прычым Прэзідэнт таксама стаў на канькі.

"Выходзячы на лёд "Мінск-Арэны", я перш за ўсё падумаў пра мужнасць. Усё жыццё прастаяўшы на лёдзе на каньках і робячы першыя крокі вось так вось, неабароненым, я адчуў нейкі страх і падумаў: а як яны, распранутыя, напаўголыя, скачуць, верцяцца, круцяцца, такія выпісваюць фігуры? Не хакеісты самыя мужныя людзі, а яны!" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ўдзельнікі чэмпіянату падарылі цудоўнае свята не толькі беларускім гледачам, але ўсёй Еўропе і свету. Паводле яго слоў, аматары спорту, назіраючы за выступленнем фігурыстаў у Мінску, нават забылі аб іншых буйных спаборніцтвах: турніры "Вялікага шлема" ў Аўстраліі, этапе Кубка свету па біятлоне ў Італіі, чэмпіянаце свету па хакеі з мячом у Швецыі.

"Мы забылі пра ўсё! І што цяпер, калі вы паедзеце? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Я думаю, вы, асабліва беларусы, зразумелі, да чаго я вяду. Тая атмасфера, якая была ў "Мінск-Арэне", той стан нашага беларускага грамадства на гэтым тыдні. Мы заслужылі (я звяртаюся да арганізатараў), мы даказалі, што можам прыняць чэмпіянат свету.

Ад імя беларусаў і гасцей сталіцы Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Міжнароднай федэрацыі канькабежнага спорту за тое, што даверыла Беларусі ўпершыню ў яе суверэннай гісторыі правесці чэмпіянат Еўропы. "Я чую ацэнкі: яны станоўчыя. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што мы здольныя да большага. І калі вы вырашыце прыехаць сюды з большым, я абяцаю, што вы не пашкадуеце", - запэўніў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама звярнуўся да суддзяў, падкрэсліўшы іх прафесіяналізм. "Я ўпершыню хвалю суддзяў, якія судзяць суб'ектыўныя віды спорту. Фігурнае катанне, як бы мы яго ні рэфармавалі, - гэта ўсё ж такі адзін з суб'ектыўных відаў спорту, - канстатаваў ён. - Дзякую суддзям не за тое, што ацэнкі правільныя выстаўлялі. Памылкі бываюць ва ўсіх: плюс-мінус паўбала, дзясятая доля бала - усякае бывае. Вы не знішчылі ўнутраны нерв гэтага спаборніцтва. Мы бачылі тыя перажыванні, трагедыі, узнясенні вялікіх спартсменаў, якія прысвяцілі сваё жыццё гэтаму віду спорту. Гэта дарагога каштуе!"

Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка таксама адрасаваў трэнерам і іншым спецыялістам у гэтым відзе спорту. "Без іх не было б гэтай прыгажосці. Тварыце і прыязджайце часцей у Беларусь! Лепш на працу - мы хочам выступаць на такім жа ўзроўні", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз цёпла прывітаў і паразмаўляў са спартсменамі, зрабіўшы з імі некалькі памятных фатаграфій. У падарунак ад Прэзідэнта пераможцам і прызёрам чэмпіянату перадалі па ўпакоўцы прысмакаў.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь