Наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Мандарын" у Мінску

  • 8

Будаўніцтва спартыўных аб'ектаў у краіне павінна быць танным і якасным. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада ў час наведвання новага шматфункцыянальнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Мандарын" у Мінску.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб развіцці комплексу фізкультурна-аздараўленчых паслуг для жыхароў Мінска і аб рабоце новага комплексу. Комплекс быў створаны па даручэнні Прэзідэнта. Будаўніцтва аб'екта вялося са студзеня 2013 па кастрычнік 2015 года за кошт бюджэтных сродкаў Мінска з частковым фінансаваннем эксплуатуючай арганізацыяй ДП "Аква-Мінск".

Аляксандру Лукашэнку расказалі, што асноўнымі напрамкамі работы новага комплексу з'яўляюцца паслугі водна-тэрмальнай зоны, навучанне плаванню, фітнес, адзінаборствы. Тут працуюць басейн, тэрмальны комплекс, трэнажорныя залы і залы для заняткаў адзінаборствамі і групавых заняткаў фітнесам. Літаральна з першых дзён работы комплексу назіраецца высокая наведвальнасць, паколькі аб'ект размешчаны недалёка ад жылога масіву і, акрамя таго, тут адсутнічаюць іншыя падобныя аб'екты.

Кіраўнік дзяржавы, азнаёміўшыся з дзейнасцю комплексу і паразмаўляўшы з яго наведвальнікамі, пазітыўна ацаніў створаныя ў комплексе ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне створана дастаткова спартыўных аб'ектаў дзяржаўных форм уласнасці. "Такія палацы каштуюць дорага, і, адпаведна, паслугі - дарагія, што людзі павінны дакладна разумець", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, цяпер трэба будаваць звычайныя, абсалютна танныя басейны і спартыўныя аб'екты. Ён даручыў у бліжэйшы час падрыхтаваць тыповыя праекты недарагіх басейнаў і спартыўных комплексаў. "Усё павінна быць проста, танна, прыгожа і якасна", - перакананы Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён заўважыў, што якасць, несумненна, застаецца самым галоўным фактарам.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу кіраўніцтва Мінспорту і турызму, Мінгарвыканкама на магчымасць прыстасаваць пустуючыя памяшканні пад спартыўныя збудаванні. Паколькі такое выкарыстанне пустуючых памяшканняў не запатрабуе істотных затрат, а значыць, і паслугі тут павінны быць таннымі.
 
Пры гэтым дакладнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі: спартыўныя аб'екты павінны быць поўнасцю загружаны з раніцы да позняга вечара, каб людзі маглі займацца спортам у зручны для іх час.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, як толькі аб'ект створаны, неабходна адразу ж прадумаць яго рацыянальнае выкарыстанне. "Палац пабудавалі - адразу трэба распісаць, каб з 6 раніцы да 24 вечара людзі тут займаліся. Усё павінна быць запоўнена і павінна выкарыстоўвацца", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным, калі спартыўныя аб'екты, у якія ўкладзены немалыя сродкі, выкарыстоўваюцца неэфектыўна, і там няма дастатковай колькасці наведвальнікаў. Кіраўнік дзяржавы здзівіўся, што, напрыклад, не поўнасцю задзейнічаны ў сталіцы велатрэк і корты. "Няўжо няма жадаючых пакруціць веласіпед або пагуляць у тэніс?" - задаўся пытаннем Прэзідэнт. Правёўшы паралель з заходнімі краінамі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што там корты пастаянна задзейнічаны.

Прэзідэнт запатрабаваў ад чыноўнікаў вырашыць праблему загружанасці спартыўных аб'ектаў у Мінску, прыняўшы для гэтага ўсе неабходныя меры. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае і папулярызацыя здаровага ладу жыцця і спорту.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць магчымасць стварэння айчыннага абсталявання для трэнажорных залаў. Пры стварэнні трэнажорных залаў аснашчэнне іх абсталяваннем з'яўляецца даволі дарагім. З улікам далейшага масавага развіцця спорту ў краіне і будаўніцтва спартыўных аб'ектаў трэба нямала сродкаў для набыцця абсталявання, якое ў большасці сваёй з'яўляецца імпартным.  У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў разгледзець пытанне стварэння айчынных трэнажораў. "Трэба рабіць айчынныя, беларускія трэнажоры. Зрабіць і аддаць іх у трэнажорныя залы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Такое імпартазамяшчэнне дасць магчымасць істотна скараціць расходы на спартыўныя аб'екты і, значыць, знізіць цэны паслуг, якія аказваюцца ў іх. Пры гэтым у вытворчасці айчынных трэнажораў будуць задзейнічаны буйныя беларускія прадпрыемствы.

Прэзідэнт лічыць, што ў краіне неабходна яшчэ больш папулярызаваць заняткі фізкультурай і спортам, здаровы лад жыцця. "Спартыўныя аб'екты - гэта сапраўдныя фабрыкі здароўя. Чым больш людзей будзе тут, тым менш у бальніцах і аптэках. І дзяржаве гэта будзе танней", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, у Мінску і ў цэлым у краіне павінна быць больш спартыўных аб'ектаў крокавай даступнасці. Прычым, размова ідзе не толькі аб спартыўных залах, але і аб спартыўных збудаваннях на адкрытых пляцоўках, веладарожках. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу чыноўнікаў на тое, што цэны паслуг у спартыўных аб'ектах не павінны быць завоблачнымі. "Працаваць, зразумела, трэба не на страту, але і задзіраць цэны не трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што для заняткаў фізкультурай і спортам усюды павінны быць створаны неабходныя ўмовы.