Наведванне фіналу 10-га нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2016"

  • 1
Пераможца конкурсу "Міс Беларусь" будзе вызначаць імідж краіны ў свеце нараўне са спартсменамі і дзеячамі культуры. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня ў сваім выступленні перад стартам фіналу нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2016".

"Сёння мы разам вызначаем, хто з нашых найпрыгажэйшых дзяўчат стане тварам нашай краіны, будзе вызначаць яе імідж у свеце нараўне са спартсменамі і дзеячамі культуры. Не буду ўтойваць, я прыйшоў сюды, каб аддаць даніну павагі нашым цудоўным жанчынам. Ды што ўжо тут гаварыць - каб усім вам прызнацца ў каханні. Паколькі нашы жанчыны - гэта жамчужыны ў каралях беларускага народа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што не мог пакінуць без увагі юбілейны, дзясяты конкурс прыгажосці "Міс Беларусь" і таму, што ён праходзіць у Год культуры. "Пакланенне перад прыгожым, перад гармоніяй і дасканаласцю складае аснову культуры, тым больш нашай душэўнай беларускай культуры. Жаночая прыгажосць - адно з самых дзіўных і цудоўных тварэнняў маці-прыроды", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у беларускай, славянскай культуры вобраз жанчыны са старажытных часоў акружаны арэолам асаблівай павагі і захаплення прыгажосцю і мудрасцю. Высакародныя дамы былі не толькі музамі і спадарожніцамі, але і самі вяршылі гісторыю. Прэзідэнт прывёў прыклад Ефрасінні Полацкай, Настассі і Сафіі Слуцкіх, Алаізы Пашкевіч, Ларысы Александроўскай і іншых вядомых суайчынніц. "Ім не ўступаюць выдатныя гераіні нашага часу, якія праслаўляюць Беларусь сваімі спартыўнымі подзвігамі, выдатнымі дасягненнямі ў мастацтве, навуцы, медыцыне і іншых сферах дзейнасці. Думаю, важна і тое, што конкурс дае нашым дзяўчатам унікальную магчымасць праявіць сябе, раскрыць новыя грані сваіх талентаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Цяперашнія фіналісткі конкурсу "Міс Беларусь" увасабляюць у сабе лепшыя рысы маладога пакалення беларусаў, гарманічна спалучаючы знешнюю прывабнасць з унутранай, душэўнай прыгажосцю. Хочацца верыць, што ўдзел у ім стане для кожнай сапраўдным зорным стартам да жыццёвага поспеху, а грацыя і таленты фіналістак будуць запатрабаваны на тэлебачанні, у мастацтве і іншых сферах дзейнасці", - дадаў Прэзідэнт.