Наведванне дзяржаўнай установы "Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій"

  • 23

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка наведаў дзяржаўную ўстанову "Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій".

Кіраўнік дзяржавы агледзеў экспазіцыю распрацовак вядучых кампаній - рэзідэнтаў ПВТ, дзе азнаёміўся з вынікамі работы рэзідэнтаў парка па развіцці лічбавых тэхналогій для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, фінансаў, транспарту, гандлю, экалогіі, робататэхнікі, лазераў, оптыкі, мікраэлектронікі.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся ў прадстаўнікоў IT-супольнасці не толькі ўжо існуючымі распрацоўкамі, тым, як яны могуць выкарыстоўвацца ў розных сферах, але і перспектыўнымі напрамкамі, напрацоўкамі, якія будуць запатрабаваны ў будучым.

Былі прадстаўлены сродкі візуалізацыі, якія могуць выкарыстоўвацца як у рэкламе, так і, напрыклад, у выставачнай дзейнасці.

Ёсць распрацоўка для сельскай гаспадаркі, якая дае магчымасць значна спрасціць работу аграрыяў і адначасова сэканоміць сродкі за кошт аўтаматызацыі працэсаў. Дадатковыя магчымасці і збіраемая на базе гэтай сістэмы інфармацыя карысная таксама бізнесу і маркетолагам. Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку прадстаўленай рабоце.

Цікавасць Кіраўніка дзяржавы выклікалі і распрацоўкі ў галіне робататэхнікі. Апошнім часам цана ў свеце на такія ўстройствы значна знізілася, і цяпер робаты ўжо могуць быць запатрабаваны ў самых розных галінах, уключаючы прамысловасць, медыцыну, АПК і нават грамадскае харчаванне. Прэзідэнт не выключыў, што прадстаўленая распрацоўка можа быць запатрабавана ў айчынным аўтамабілебудаванні. "Надыходзіць эра робатаў, хацелася б гэта каму-небудзь ці не", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку расказалі пра блокчэйн-тэхналогіі, якія атрымалі сваё развіццё ў Беларусі пасля прыняцця дэкрэта № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі". У студзені была запушчана крыптабіржа, інструменты якой вельмі запатрабаваны. Акрамя гэтага яны значна аблягчаюць працэс прыцягнення інвестыцый. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, падпісваючы адпаведную нарматыўную базу, ён дзейнічаў па прынцыпе, што краіна ад прыняцця гэтых рашэнняў як мінімум нічога не страціць. "Будзем рухацца", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём ЕРАМ Systems - адной з буйнейшых сусветных IT-карпарацый, якая мае беларускія карані. Цяпер яна ўваходзіць у топ-100 сусветных распрацоўшчыкаў заказнога праграмнага забеспячэння. Сусветны аб'ём выручкі кампаніі ў 2018 годзе перасягнуў $1,8 млрд. Яе акцыі каціруюцца на Нью-Ёркскай фондавай біржы. Рыначная капіталізацыя перавышае $9 млрд. Агульны штат кампаніі перасягае 30 тыс. чалавек, пры гэтым ядро ЕРАМ у ПВТ. Аляксандру Лукашэнку падрабязна расказалі аб некаторых унікальных распрацоўках кампаніі, якія ўжо знайшлі прымяненне, напрыклад, у ахове здароўя.

Гаворачы аб далейшых перспектывах развіцця дзейнасці кампаніі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Давайце дамовімся. Вам не трэба шукаць агульныя інтарэсы з дзяржструктурамі. Першы віцэ-прэм'ер, можна сказаць, ваш памочнік. Калі што-небудзь трэба, калі ласка. Не шукайце нават гэтых кантактаў. Калі якія-небудзь перашкоды, вы не саромейцеся, гаварыце".

У цэлым распрацоўкі для патрэб медыцыны былі прадстаўлены даволі шырока. Сярод іх медыцынскі лазер - тэхналогія, запатрабаваная не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, спецыяльнае абсталяванне для патрэб трансплантацыі. "За медыцыну дзякуй!" - асабліва падкрэсліў беларускі лідар.

Ёсць тэхналогіі, якія ўжо шырока выкарыстоўваюцца і ў авіябудаванні. Яшчэ адна патэнцыяльна перспектыўная распрацоўка - канвеерны аналізатар саставу руды, што можа быць запатрабавана ў гарнаруднай прамысловасці.

Цікавасць Прэзідэнта выклікалі таксама тэхналогіі віртуальнай рэальнасці, якія акрамя відэагульняў могуць выкарыстоўвацца, напрыклад, у адукацыйным працэсе, прамысловасці.

Далей адбылася нефармальная сустрэча Кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі ІТ-супольнасцей, дзе былі абмеркаваны актуальныя пытанні развіцця ПВТ і галіны ў цэлым.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае ад ІТ-супольнасці прапаноў па далейшым развіцці гэтай сферы. "Мне вельмі важна пайсці адсюль з якім-небудзь вашым даручэннем, якое будзе рухаць нас наперад", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, нягледзячы на словы ўдзячнасці за прынятыя рашэнні па развіцці гэтай сферы, у тым ліку прыняцце Дэкрэта № 8, шмат у чым гэта заслуга саміх айцішнікаў: "Дэкрэт - не столькі я, колькі вы. Мы ў свой час рызыкнулі і пачалі ствараць гэты Парк. Тады быў больш гераічны крок, чым той дэкрэт, пра які вы сёння гаварылі".

"Хацеў бы, каб вы ў свабодным рэжыме сказалі, што трэба для таго, каб вы як мінімум рухаліся тымі ж тэмпамі, што і апошнія два гады. Я гатовы выслухаць вашы прапановы, калі яны ёсць. А калі вы іх не сфармулявалі на сённяшні дзень, ведайце, што я вас заўсёды пачую максімум на працягу сутак", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час, прымаючы рашэнне аб стварэнні ў Беларусі Парка высокіх тэхналогій, ён перш за ўсё арыентаваўся на перспектыву. "Свет пачаў у гэтым напрамку рухацца. Усе зразумелі, што без ІТ нельга. Мы краіна, не збалаваная вуглевадародамі. Я гэта разумеў, і трэба было развіваць дзяржаву, ісці ў нейкую сферу, каб забяспечыць незалежнасць краіне, якая жыве ў цудоўным, але вельмі небяспечным месцы - геаграфічным цэнтры Еўропы, - сказаў Прэзідэнт. - Таму трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі ў сваіх учынках, палітыцы, асабліва калі адказваеш за мільёны людзей".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на прыняцце адпаведнага рашэння яго ў тым ліку падштурхнула размова з кіраўніком адной з амерыканскіх кампаній, што працуюць у ІТ-сектары, які вельмі высока ацаніў магчымасці і патэнцыял беларускіх праграмістаў: "Я тады задумаўся. Напэўна, у гэтым нешта ёсць, раз мільярдэры, магнаты так гэта ацэньваюць. Пакрыху мы рухаліся да гэтага. А потым вы настойліва сталі патрабаваць ад мяне, ад дзяржавы канкрэтных крокаў па развіцці Парка высокіх тэхналогій і ІТ-сферы".

Прэзідэнт расказаў аб логіцы, якой ён кіраваўся, падпісваючы дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі: "Думаю: "Мы нічога не страцім. Ну, праляцім недзе, не атрымаецца - перажывём. А калі атрымаецца, то будзем нешта мець". Вось такая логіка была. Я падпісаў дакументы, якія вы выпрацавалі разам са спецыялістамі".

Аляксандр Лукашэнка прывёў некалькі прыкладаў, як у Беларусі ў гады незалежнасці захавалі традыцыйныя галіны і прадпрыемствы, прадукцыя якіх запатрабавана далёка за мяжой. Аднак цяпер рэальнаму сектару эканомікі патрэбны ІТ-распрацоўкі. "Усюды сёння патрэбны вашы мазгі і распрацоўкі. Яны нам дапамагаюць у рэальным сектары эканомікі. Без гэтага рэальнага сектара нам у гэтай не то рэальнай, не то віртуальнай рэчаіснасці пражыць будзе вельмі складана. Гэта трэба разумець", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы дырэктар Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі падрабязна расказаў аб выніках работы і перспектывах развіцця Парка. Ён адзначыў, што курс на пабудову ІТ-краіны прыносіць Беларусі прамы эканамічны эфект. Агульная выручка рэзідэнтаў ПВТ у мінулым годзе дасягнула Br3,2 млрд, павялічыўшыся амаль на 50% у параўнанні з 2017 годам. Экспарт паслуг і прадуктаў ахоплівае 127 краін свету. Сярод лідараў - ЗША і Еўрасаюз.

Беларусь фактычна становіцца цэнтрам кампетэнцыі ва Усходняй Еўропе ў сферы штучнага інтэлекту. Гэта цяпер адзін з базавых і прарыўных напрамкаў у ІТ-сферы. Больш таго, практычна ва ўсіх напрамках ёсць па некалькі кампаній, якія валодаюць сусветнымі кампетэнцыямі, прадаючы свае прадукты і рашэнні па ўсім свеце. "У лічбавізацыі краіна можа поўнасцю ў любой сферы абаперціся на Парк высокіх тэхналогій", - заявіў дырэктар Адміністрацыі ПВТ.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду вярнуцца да пытання аб стварэнні Міністэрства лічбавай эканомікі і прыняць у другім квартале бягучага года рашэнне, ці патрэбна ў краіне гэта структура.

Тэму стварэння ў Беларусі Міністэрства лічбавай эканомікі ўзняў прадпрымальнік, заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня. На яго думку, такое Міністэрства магло б стаць своеасаблівым цэнтральным штабам і як дзяржаўны орган замкнуць на сабе ўсе працэсы інфарматызацыі ў краіне. Цяпер, паводле слоў Віктара Пракапені, гэтыя функцыі выконвае Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, аднак гэта не зусім правільна, паколькі ў ПВТ працуюць прыватныя структуры.

Прэзідэнт у цэлым станоўча адазваўся наконт гэтай ініцыятывы і звярнуў увагу, што гэта прапанова не новая і ўжо абмяркоўвалася. "Што датычыцца Міністэрства лічбавай эканомікі, трэба разам падумаць, паглядзець на структуру Урада, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі атрымаецца, не ламаючы структуру Урада, уманціраваць Міністэрства лічбавай эканомікі як пласт для развіцця дзяржавы, мы гэта зробім".

На сустрэчы была ўзнята тэма школьнай адукацыі. Удзельнікі падзяліліся меркаваннем, як павінна будавацца сістэма і чаго цяпер не хапае ў вучэбным працэсе. Быў выказаны шэраг заўваг у адрас сферы адукацыі і прапановы па яе развіцці. У прыватнасці, было выказана меркаванне, што ў сферы адукацыі захоўваецца залішняя бюракратычная нагрузка на педагогаў, не хапае індывідуальнага падыходу да кожнага навучэнца.

Віктар Пракапеня звярнуўся з просьбай змяніць статус Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій з тым, каб у ПВТ з'явілася магчымасць аказваць больш значную дапамогу ўстановам адукацыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гатовы садзейнічаць больш актыўнаму ўдзелу Парка высокіх тэхналогій у фінансаванні і развіцці адукацыйнай дзейнасці, але адзначыў, што гэта пытанне можна вырашыць значна прасцей. "Справа не ў статусе. Справа ў праблеме. Якую трэба вырашыць праблему: шмат грошай у ПВТ, але вы не можаце па нейкіх там законах гэтыя грошы кудысьці накіраваць. Дык гэта на працягу сутак вырашаецца, не трэба статус мяняць. Напішы адно пісьмо. Я нават не буду на экспертызу накіроўваць, калі ты мне распішаш, куды і навошта, я падпішу на працягу сутак, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзеля чаго мы статус мяняем... Дзеля таго, каб вы свае кроўна заробленыя грошы маглі падарыць выкладчыку, вучню або студэнту... Ды Гасподзь з вамі. Я гатовы. Хоць сёння скажыце, колькі грошай і куды накіраваць. Я неадкладна прыму рашэнне пакуль без подпісу. Вусна дам каманду".

Гаворачы аб узнятых пытаннях у сферы адукацыі, Прэзідэнт адзначыў неабходнасць зыходзіць з рэальнага стану спраў, дзейнічаць паступова, без рэвалюцыйных пераўтварэнняў, якія могуць нашкодзіць.

"Мы цяпер адукацыяй сур'ёзна займаемся. Я незадаволены выкладаннем у школе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Бачу і падручнікі, чытаю усе новыя, якія выдаюцца. Падручнік па матэматыцы зрабілі, што вучні баяцца ў рукі ўзяць. А калі ён баіцца гэтага падручніка, то ніколі не асвоіць матэматыку. Пабудаваны курс так, што, калі ўрок прапусціў, усё - ты ўжо нічога не ведаеш, махнеш на гэта рукой і далей вучыцца не будзеш. Хапае праблем тут, таму што акадэміку робяць падручнікі".

На думку Прэзідэнта, галоўная праблема ў сістэме школьнай адукацыі - гэта кадры. Не ўсе настаўнікі, адзначыў ён, могуць зацікавіць дзіця сваім прадметам і матываваць да вучобы. "Самы галоўны наш дэфіцыт - гэта кадры, гэта імкненне, жаданне і гэтак далей, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Так, свет змяніўся. Але калі настаўнік не будзе ведаць свайго вучня, ён не настаўнік. Ты павінен ведаць, каго ты навучаеш".

Многае залежыць і ад сям'і, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Бацькі таксама павінны арыентаваць дзяцей на вучобу. "Без сям'і не атрымаецца сядзець і лекцыю на камп'ютары глядзець. У танкі будзе гуляць, але не лекцыі чытаць", - перакананы Прэзідэнт.

"Калі вы лічаце патрэбным, я гэта абсалютна падтрымліваю, нам было б нядрэнна падцягнуць сюды адукаваных людзей, якія ўжо нешта ўмеюць, хочуць. У ПВТ і не толькі. Проста ў краіну. Гэта я гатовы сёння зрабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Закранаючы пытанне бюракратычнай нагрузкі на педагогаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо даваў дакладныя даручэнні наконт гэтага. "Мне аб гэтым ужо сказалі настаўнікі. І я катэгарычна забараніў, каб настаўнікі пісалі нейкія даведкі, матэрыялы, дакументы і іншае. Напэўна, гэта ўжо не такая вострая праблема, як некалі была. Калі толькі я даведаюся, што не выканана маё распараджэнне наконт таго, што яны зноў гэтыя паперы лішнія пішуць, мала не падасца. Я да гэтага пытання на сваім узроўні падыходзіў, прыняў рашэнне, што ні ў якім разе, ніякіх дакументаў, ніхто не павінен перагружаць настаўніка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя стратэгічных пытанняў, ён закрануў і больш штодзённыя праблемы. "Сёння чытаю ў нейкім СМІ (я разбіраўся з Урадам): Міністр адукацыі нейкае распараджэнне выдаў, што настаўнік павінен прыходзіць у школу не раней як за 30 хвілін да пачатку ўрокаў і выходзіць не пазней як за 30 хвілін пасля заканчэння ўрокаў, увесці намесніка дырэктара па бяспецы і шмат ахоўнікаў у школе. Паўстае пытанне, хто самыя галоўныя ахоўнікі ў школе? Настаўнікі. Так было ў нас заўсёды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што кіраўніцтва школы і педагогі павінны займацца ў тым ліку гэтымі пытаннямі. Аднак некаторыя настаўнікі, на думку Прэзідэнта, нават не выходзяць са сваіх кабінетаў у калідор. "Акрамя адукацыі, яшчэ і выхоўваць трэба. Выхаванне і адукацыя - адзіныя працэсы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"А Міністр жа наогул яму (настаўніку. - Заўвага) гаворыць: не раней як за 30 хвілін прыходзь і не пазней выходзь. Гэта дзікасць страшэння. Раней настаўнікаў стараліся ў школе затрымаць, каб больш з дзецьмі пабылі: спортам пазаймаліся, усе настаўнікі - практычна класныя кіраўнікі... Гэтым трэба займацца. А тут такія ўказанні", - заўважыў беларускі лідар.

Падагульняючы сустрэчу, Прэзідэнт паабяцаў ІТ-сектару аказваць далейшую падтрымку. "Мы ўзялі з вамі гэты курс, і мы ўлева-ўправа наўмысна "хістацца" не будзем. Мы будзем ісці прама. Калі трэба недзе вострыя вуглы абысці, якія нам сёння не патрэбны, мы іх абыдзем, але я вас падтрымліваў і буду падтрымліваць. Таму што, па вялікім рахунку, вы мае дзеці (размова аб тым, што ў свой час Прэзідэнт Беларусі прымаў рашэнне аб стварэнні Парка высокіх тэхналогій. - Заўвага). Я сваімі рукамі, як умеў, вас ствараў, а потым вы выраслі, пачалі прапаноўваць, як ісці. Мы будзем рухацца ў гэтым напрамку настолькі эфектыўна, наколькі вы гэтага захочаце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Захацелі вы крыптавалюту, крыптабіржу, майнінг і іншае, фермы стварыць... Разам будзем ісці гэтым шляхам", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Адначасова Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў аснове ўсяго павінна быць сумленнасць і прыстойнасць: "Калі нешта патрэбна (толькі не мышкаваць), прыйдзіце, скажыце, і мы вырашым любое пытанне".

Прэзідэнт яшчэ раз запэўніў, што дзяржава забяспечыць падтрымку гэтаму напрамку. "Мы гэта будзем рабіць, гэта мая функцыя. У крыўду я ніколі вас не дам. Буду толькі падтрымліваць і дапамагаць, наколькі гэта магчыма", - сказаў беларускі лідар.