Наведванне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз

  • 8
У Беларусі кожны чалавек можа разлічваць на поўную аб'ектыўнасць і незалежнасць дзяржорганаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 снежня, наведваючы Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рашэнне аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз было правільным. "Аб'ектыўнасць, незалежнасць працэсаў у нас набылі сусветны ўзровень. Сумленнасць, аб'ектыўнасць - вышэйшыя, чым у любой краіне, я гарантую. І я за гэтым пільна сачу", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі вылучылі Следчы камітэт і зрабілі яго незалежным, з'явілася здаровая канкурэнцыя. "Ты выявіў правапарушэнне, сабраў доказы, правёў першаснае расследаванне і перадаеш гэта, калі лічыш патрэбным, следчаму. Ён глядзіць, наколькі аб'ектыўна, непрадузята і ўсёабдымна ты гэта зрабіў. Калі не - забірай дакументы і ідзі дапрацоўвай. Інакш кажучы, з'явілася не толькі аб'ектыўнасць, з'явілася незалежнасць у гэтым працэсе", - сказаў Прэзідэнт.

"Ніхто ж, нават з нашай апазіцыі, так званай, нават пятай калоны, нідзе ніхто мяне не папракнуў, што ў нас тэлефоннае права: зняў трубку, пазваніў - асудзілі некага. Не дазволена нікому! Я імгненна буду праінфармаваны па гэтым пытанні. І мала не падасца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ўмешваецца ў гэты працэс толькі ў плане ўзмацнення адказнасці нягоднікаў.

"Мы стварылі добрую сістэму, - рэзюмаваў Прэзідэнт. - Я вельмі рады, што ў свой час прынятае рашэнне ў Беларусі рэалізавана. Нашы суседзі паспрабавалі і вярнуліся на кругі свая або нешта недарабілі. Мы як узялі гэты курс, так і пайшлі. Чаму? Таму што ў нас у краіне няма алігархічных і іншых кланаў, каб неяк скрытна вяршыць гэтыя справы. Таму ў нас атрымалася".

"Прэзідэнт азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай камітэта і ўмовамі работы, агледзеў лабараторыі экспертыз наркатычных сродкаў, лакафарбавых і палімерных матэрыялаў, нафтапрадуктаў і гаруча-змазачных матэрыялаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што за кошт канцэнтрацыі рэсурсаў і іх пераразмеркавання ўдалося значна павысіць аператыўнасць і якасць праводзімых экспертыз. Пашырэнне сферы аказання паслуг на платнай аснове прыцягнула дадатковыя сродкі, якія могуць быць накіраваны на мадэрнізацыю крыміналістычнай тэхнікі, закупку новага, сучаснага абсталявання.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важную ролю камітэта ў барацьбе з незаконным распаўсюджваннем наркотыкаў. Перад супрацоўнікамі стаіць задача працаваць на папярэджанне, выяўляць і ініцыіраваць пастаноўку на кантроль новых відаў наркотыкаў.

"Нас усе папракаюць у нейкай дыктатуры. Так, у нас ёсць строгая дыктатура праўды", - сказаў Прэзідэнт. "Вы сталі самастойнай структурай, таксама, як Следчы камітэт. У следчым працэсе сёння кожны адыгрывае сваю ролю. У гэтым ёсць сутнасць правоў чалавека ў такім складаным працэсе. Кожны чалавек у краіне можа разлічваць на поўную аб'ектыўнасць і незалежнасць таго ці іншага органа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"І ў адрозненне ад іншых дзяржаў у Беларусі не будзе адступлення, таму што мы не вырашаем чые-небудзь вузкакарыслівыя, карпаратыўныя або кланавыя інтарэсы. Мы будзем дзейнічаць толькі ў інтарэсах нашага народа, дзяржавы, зыходзячы з сумленнасці, праўды і справядлівасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэя Шведа, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што камітэт павінен зрабіць арыентацыю на эканомію сродкаў, пры гэтым усё сэканомленае застанецца ўнутры і пойдзе на павышэнне заработных плат супрацоўнікаў. "Чакаць дадатковых сродкаў з бюджэту, асабліва ў будучы год, ні ў якім разе не трэба", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Галоўным напрамкам нашай работы з пачатку новага года і ў далейшым будзе строгая эканомія. Мы вельмі расхлябана паводзім сябе пры ўсёй нашай ашчадлівасці адносна фінансаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Эканомія - пытанне нумар адзін наступнага года. Гэта датычыцца ўсіх", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо даў распараджэнне ўсім дзяржаўным органам і структурам па скарачэнні матэрыяльнага забеспячэння ў два разы. Пры гэтым ён падкрэсліў, то гэта не датычыцца заработных плат. "Мы ўжо дайшлі да таго, што ў нас усе, хто можа, павінен і не павінен, ездзяць на персанальных аўтамабілях. А бензін сёння каштуе нятанна. Вось, здавалася б, дробязь, а ўсе хочуць мець дастойную зарплату і танныя крэдыты на жыллё як мінімум, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта правільна. Таму заработную плату і жыллё мы будзем падтрымліваць, а дзе можна скараціцца - там трэба абавязкова скарачацца, аптымізавацца".

"Колькі б у нас грошай ні было, мы будзем эканоміць, дзе толькі можна. Чаму? Хопіць ужо куляцца з гэтымі валютамі. Трэба зразумець адно: калі мы хочам стабільнасці на валютным рынку, то, пачынаючы ад простага грамадзяніна, нас з вамі, і завяршаючы юрыдычнымі асобамі, кожны павінен хоць па капеечцы ўносіць у рэзерв дзяржавы. Калі гэта будзе - будзе стабільнасць. А калі будзе, што адны прыносяць у краіну валюту і грошы, а другія проста прыходзяць у абменнікі, іх скупляюць і трацяць або кладуць у панчоху, тады і краіна будзе так куляцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў сцяг Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і грамату Прэзідэнта Беларусі старшыні камітэта.

У гэты ж дзень Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў.

Каменціруючы сітуацыю на валютным рынку, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі дастаткова сіл, каб прайсці цяперашні перыяд спакойна.

"Вы не перажывайце: што б ні здарылася ў нашай краіне, нават калі горшы сцэнарый будзе, мы ўсё роўна за паўгода стабілізуемся дзякуючы той сістэме, якая ў нас у Беларусі створана, - строгай сістэме вертыкалі ўлады, строгіх патрабаванняў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што апошнім часам было прынята шмат рашэнняў, у тым ліку па ўзмацненні адказнасці кіраўнікоў, працоўных калектываў, па кантролі за цэнаўтварэннем.

"І калі, не дай бог, сітуацыя недзе захістаецца, мы ўключым усе гэтыя рычагі, імгненна ўключым, і стабілізуемся, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы ўсё роўна з любой сітуацыі выкарабкаемся, таму што мы ўжо не тыя, што былі дзясятак, а, можа, і два дзясяткі гадоў таму".

"Калі нехта ўнутры і за межамі нашай краіны, а ствараецца гэты ажыятаж у нас выключна пад націскам знешніх абставін, хоча нас дэстабілізаваць - не атрымаецца!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму не трэба ахаць, вохкаць, трэба рыхтавацца да Новага года і Каляд", - дадаў Прэзідэнт.

"Як я ўжо сказаў, кіраўніцтва Нацыянальнага банка, урад, ды і я не зацікаўлены ў тым, каб бегчы следам за Расіяй і Украінай. Мы не хочам капіраваць тое, што адбываецца ў нашых суседзяў, у нашых братоў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы з усіх сіл, не маючы такіх вялікіх рэзерваў, дапусцім, як Расійская Федэрацыя, сцяўшы зубы, трымаемся".

"І я нездарма сказаў, што ў гэтым выпадку, сітуацыя вельмі сур'ёзная, усё залежыць ад нашых людзей: будзе дэвальвацыя - не будзе, абрушым - не абрушым, абвалім - не абвалім. Гэта нашы людзі, я ў свой час аб гэтым ужо гаварыў: не бегайце як апантаныя з гэтым рублём па абменніках і не абменьвайце на валюту, не таргуйце, таму што гэта будзе мець наступствы", - сказаў Прэзідэнт.

"Вядома, людзі не дурні, яны разумеюць, што Расія абвалілася, ва Украіне вы бачыце, якая сітуацыя. А гэта нашы асноўныя рынкі, куды мы прадавалі сваю прадукцыю і адкуль атрымлівалі валюту. Зразумела, пры такіх абвалах мы не маем тых аб'ёмаў валюты, якія былі ўчора. І яны пачынаюць неяк страхавацца. Людзі ж не разумеюць, а можа, не хочуць разумець, што ў гэтага працэсу ёсць адваротны канец, які ўдарыць іх і нас па галаве - гэта павелічэнне попыту на валюту. А калі попыт павялічыўся, значыць, павялічваецца цана валюты", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Могуць мне сказаць: слухайце, а навошта нам гэты попыт і прапанаванне, давайце неяк валюту рэгуляваць адміністрацыйна. Можна адміністрацыйна. Але ўсе ж людзі хочуць, каб была свабода: ёсць у мяне лішнія рублі - я пайшоў і купіў валюту, або мне патрэбна валюта - я яе купіў, ёсць у мяне валюта - пайду прадам і куплю рублі", - прадоўжыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, пры свабодным рыначным працэсе абмену валюты і ў іншых сектарах таксама павінна быць свабода. "Мы не можам рэгуляваць тут, а там адпускаць, даваць поўную свабоду. Мы не можам тут куплю-продаж зрабіць свабоднымі, а недзе нешта стрымліваць. Калі свабодна - значыць свабодна", - сказаў Прэзідэнт. "Але бываюць пікі. Вось Нацыянальны банк павінен за кошт гандлю рэзервамі гэтыя пікі згладжваць. Што мы і робім да гэтага часу. Але калі людзі вырашылі перавесці частку сваіх сродкаў у валюту і павышаюць попыт на яе, валюта будзе даражэць. Што ў нас так плаўна і адбывалася, без усялякіх абвалаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Для нас цяпер галоўнае - не дапусціць абвалаў, не кінуцца ў вір за Расіяй, таму што мы не ведаем, які там будзе рубель і г.д. Мы ведаем адно - што мы нясём вялікія страты ў сувязі з абвалам расійскага рубля, таму што гэта наш асноўны рынак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што на Расію прыпадае 42% беларускага экспарту і амаль 15-20% - на Украіну.

"Сітуацыя няпростая. І, сказаўшы людзям аб тым, што мы не хочам, каб у нас абвалілася рэзка нацыянальная валюта, нам хацелася б прайсці гэты перыяд вось такім чынам спакойна. Пакуль у нас сіл для гэтага хапае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні на нарадзе даручыў Нацбанку і ўраду прадугледзець шэраг мер спакойнага характару па захаванні ЗВР. "Учора я даручыў прадугледзець шэраг мер спакойнага характару, якія мы можам прыняць, каб не спальваць залішне нашы рэзервы", - сказаў Прэзідэнт.

"Я думаю, што Нацбанк і ўрад у бліжэйшы час будуць пастаянна інфармаваць насельніцтва, суб'екты гаспадарання аб прымаемых мерах", - дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Нацыянальнага банка ёсць рычагі і яны агульнавядомы. "І мы будзем дзейнічаць у залежнасці ад абставін, - падкрэсліў ён. - Вы пабеглі ў абменнікі, попыт на валюту павялічыўся - цана валюты павялічылася. Ад абменнікаў адышлі або пачалі прадаваць валюту, а не купляць - значыць, курс будзе зніжаны".

Адказваючы на пытанне адносна ўкраінскай тэматыкі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што 21 снежня адбудзецца яго сустрэча з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

"У нядзелю, хутчэй за ўсё, мы сустрэнемся з Прэзідэнтам Украіны. Ён учора пазваніў мне і папрасіў, каб мы неяк сустрэліся, перагаварылі па некаторых пытаннях, ды і я выказваў жаданне, таму што нам ёсць аб чым пагаварыць у гэтай сітуацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Зыходзячы з гэтай размовы, я зразумеў, што ўкраінскае кіраўніцтва, у прыватнасці Прэзідэнт Украіны, абсалютна не з'яўляецца перашкодай да пачатку новага раўнда перагавораў у Мінску", - адзначыў беларускі лідар. "Як ён сказаў, ён чакае цяпер рэакцыі з боку кіраўнікоў Луганскай і Данецкай рэспублік. Калі там дамоўленасці будуць, то ў бліжэйшы час яны могуць сабрацца зноў у Мінску, каб прадоўжыць дыялог і падумаць, у якім напрамку яны будуць рухацца", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самае галоўнае - гэта дыялог. "Як бы ні было складана, я разумею і Прэзідэнта Украіны, але іншага шляху, як садзіцца за стол перагавораў і весці дыялог, ні ў яго, ні ў кіраўнікоў Данецка і Луганска няма. Трэба размаўляць. Усё роўна некалі будзе мір. Але нельга далей ісці шляхам эскалацыі і гібелі ні ў чым не вінаватых людзей", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Журналісты папрасілі пракаменціраваць сітуацыю з абмежаваннем паставак беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію.

Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта вынікам палітыкі. "Няўжо можна змагацца сёння з ростам цэн і забараняць пастаўкі гэтай жа прадукцыі на ўласны рынак? Чым больш прадукцыі, тым ніжэйшыя цэны. Навошта забараняць? - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Абсалютная палітыка, прытым неразумная і бязглуздая".

Прэзідэнт нагадаў, што на беларускія прадпрыемствы былі запрошаны прадстаўнікі расійскіх ветэрынарных і санітарных службаў. "Нас папракаюць у чым? Дзесьці з нейкага прадпрыемства ўзялі пробу, даследавалі яе - непрыдатная. Па-першае, даследаваць можна тавар пры вытворчасці і пагрузцы. Калі ласка, прыходзьце, вось вытворчасць - даследуйце, прад'яўляйце прэтэнзіі. Гэтага не было. Пагрузка, вазьміце любую партыю, калі яна ідзе на Расію, даследуйце, прад'явіце прэтэнзіі. Дзе даследавалі, як даследавалі - не зразумела. Таму мы прад'явілі прэтэнзіі: так быць не павінна", - сказаў беларускі лідар.

Ён дадаў, што ведае пазіцыю расійскіх спецыялістаў. "Падвёўшы рысу пад іх заключэннямі, можна сказаць: чаго ад беларусаў хочам? Дай бог, каб у Расіі было на такім узроўні, як у іх. Гэта вельмі высокі сусветны ўзровень, - адзначыў Прэзідэнт. - Калі трэба, я магу гэтыя факты пакласці на стол. Тыя спецыялісты, якія прыехалі ад гэтага самага Данкверта, былі ўражаны, кажуць, не могуць беларусам прад'явіць прэтэнзіі. Так, ёсць рабочыя моманты, недапрацоўкі, як і ў іншых прадпрыемстваў. Вось было іх заключэнне. І на наступны дзень практычна ўсе прадпрыемствы атрымалі доступ на расійскі рынак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, адным з фактараў з'яўляецца лабізм. "Лабізм, непрыстойны з боку асобных структур. Тых, хто малако перапрацоўвае, мяса, каб на гэтым зарабіць, асабліва напярэдадні Новага года. Але паколькі тыя, хто лабіруе, практычна звязаны з кімсьці наверсе, гэта мае месца", - сказаў беларускі лідар.

"Плюс палітыка. Абсалютна перакананы, што гэта і ёсць палітыка. Вось мы ўвялі санкцыі, а тут вось беларусы да іх не далучыліся. Дык мы і не абяцалі, што далучымся. Што ж мы - далучымся да санкцый, калі сёння ад абвалу на расійскім рынку іх рубля каля мільярда долараў страцілі. Літаральна за гэты прамежак часу. Калі б мы не страцілі гэту валюту, нам сёння было б значна лягчэй", - адзначыў Прэзідэнт.

"Калі мы ўвядзём санкцыі, як Расія, мы наогул голымі застанёмся. І потым нас ніхто не прасіў па-чалавечы: слухайце, давайце вы далучыцеся да санкцый, а мы вам дапаможам, калі вы штосьці страціце. Такой размовы не было. Вось узялі і ўвялі, такім чынам, на шкоду сабе і на шкоду нам гэтыя абмежаванні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сувязі з гэтым ён павінен задаць прамое пытанне Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну: чаго кіраўніцтва Расіі хоча ад Беларусі, чаму такія крокі прымаюцца, што стаіць за гэтымі крокамі? "Тое, што я сказаў, - гэта я мяркую, і мяне цяжка ў гэтым пераканаць, але, можа, у Прэзідэнта і прэм'ера, кіраўніцтва Расіі ёсць нейкія іншыя тайныя прычыны. Я чалавек адкрыты і разумею, калі пытанне ставяць адкрыта. Мы ж свае людзі, мы ж браты, чаго скрываць адзін ад аднаго! Калі штосьці трэба, ты скажы прама. Як гэта я заўсёды раблю. Мне цяжка - я кажу: слухай, трэба вось тут падтрымаць, калі можаш, дапамажы. У нас недзе добра - давай падзелімся. Я вось такую палітыку прымаю - сумленную, адкрытую, не брудную", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ў гэтым ключы хацеў бы пагаварыць з прэзідэнтамі Расіі і Казахстана. "У нас адбудзецца, я лічу, вельмі сур'ёзны ў гэтым плане дыялог. Мы не павінны загубіць тое ўтварэнне, якому мы прысвяцілі нямала гадоў. Таму што мы ўтраіх выпакутавалі гэты саюз, які пачынае працаваць з 1 студзеня, і будзе ганьба нам, калі мы ўласнымі рукамі яго загубім. Праціўнікаў, нават па гэтых вось забаронах, у нашага саюза вельмі шмат. Асабліва ў Расіі. Будзем спадзявацца на лепшае", - падкрэсліў Прэзідэнт.